Людзі Смаргоншчыны: Марыя Грывіцкая
01.02.2019
—
Новости Общества
|
На юбілей да Марыі Грывіцкай сабраліся былыя сельсавецкія работнікі. Павіншаваць віноўніцу ўрачыстасці прыехалі старшыня Сінькоўскага сельвыканкама Сяргей Пачыкоўскі і Уладзіслава Аўчыннікава, якая ўзначальвае мясцовую ветэранскую арганізацыю.
Пасля таго, як Сяргей Антонавіч уручыў Марыі Міхайлаўне падарунак і сказаў ёй некалькі цёплых слоў, пра жыццёвы і працоўны шлях гэтай прывабнай, нягледзячы на ўзрост, сціплай і добразычлівай жанчыны, пачала распавядаць Уладзіслава Адольфаўна. Яна адзначыла, што быць карыснай для людзей – сэнс жыцця для Марыі Міхайлаўны, якая ўсё жыццё разам з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе. І чалавечая дабрыня заўсёды вяртаецца да яе. Страта бацькоў, сёстраў, брата, мужа не зламала гэтую стойкую, але на выгляд кволую жанчыну. Побач з ёю заўсёды родныя, добрыя суседзі, сябры. Марыя Грывіцкая родам са Шчучынскага раёна, з вялікай сям’і, дзе было 12 дзяцей.
Сям’я, у якой жыла Марыя, была дружная і складалася з 16 чалавек, бо разам з бацькамі і дзецьмі ў адной хаце жылі бабуля з дзядулем. Яны былі вельмі добрымі. Усе неяк ужываліся, не сварыліся. Не толькі дарослым, але і дзецям хапала работы: рвалі лён, нарыхтоўвалі сена. Траву касілі на балоце, выносілі яе на сухое месца, сушылі. У сям’і Марыіных бацькоў дзеці заўсёды хадзілі чыстыя, акуратныя, дома панавала чысціня. У кожнага дзіцяці былі свае абавязкі. За сабою ніхто нічога не пакідаў. Старэйшыя даглядалі малодшых. Раней нашмат было весялей, чым цяпер, бо дзеці не сядзелі дома, а бавілі час на дварэ. Вясковыя дзяўчаты збіраліся вечарамі разам. Старэйшая сястра Марыі грала на баяне, і да 4 гадзін раніцы разносіліся песні па наваколлі. Хадзілі на танцы.
Пасля заканчэння Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума Марыю Грывіцкую размеркавалі на працу ў Смаргонскі раён, прызначылі загадчыкам вытворчага ўчастка ў Цярэшкі. Мясцовасць для дзяўчыны была непрывычная – гарыстая, а ў Шчучынскім раёне, на яе малой радзіме, раўнінная. Неўзабаве пачалося ўзбуйненне гаспадарак – да калгаса імя Дзяржынскага далучылі “Маяк” і “Барацьбіт за мір”. Марыя Грывіцкая адпрацавала 14 гадоў і потым захварэла, ёй зрабілі аперацыю і сказалі, што нельга мець справу з хіміяй. Жанчыну ўзялі на працу ў сельсавет, адтуль перавялі ў райвыканкам, была землеўпарадкавальнікам, абслугоўвала Залескі і Сінькоўскі сельсаветы. І цяпер памятае, у каго колькі зямлі каля хаты. З будучым мужам Марыя Грывіцкая пазнаёмілася, калі працавала ў гаспадарцы. Ён там быў трактарыстам. Неўзабаве маладыя людзі пажаніліся, крыху пажылі ў мужавых бацькоў, а потым пачалі будаваць сваю хату ў Даўбучках. Была магчымасць атрымаць жыллё ў Сіньках, але гаспадар не захацеў пераязджаць туды. У сям’і нарадзілася трое дзяцей. Яны ўжо дарослыя і маюць свае сем’і. Сын Міша працуе вадзіцелем. Дачка Марына скончыла прыватны фінансавы інстытут. Яна бухгалтар на “Смаргонскіх малочных прадуктах”. Яшчэ ў адной дачкі Наташы за плячыма Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Ёй выпала прадоўжыць маміну справу, стала землеўпарадкавальнікам. Дзеці пастаянна прыязджаюць да маці, прывозяць унукаў. Дом тады напаўняецца рознагалоссем, як у вялікай сям’і. У такой, дзе некалі жыла ў дзяцінстве Марыя Грывіцкая і дзе панавалі адказнасць, шчырасць і ўзаемапавага. Юбілей Марыі Міхайлаўны таксама стаў добрай нагодай, каб у бацькоўскай хаце сабралася маладое пакаленне Грывіцкіх з падарункамі, пажаданнямі здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця жанчыне, якая з’яўляецца для іх цудоўнай маці і клапатлівай бабуляй. Юрый ЯНУШКЕВІЧ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На юбілей да Марыі Грывіцкай сабраліся былыя сельсавецкія работнікі. Павіншаваць віноўніцу ўрачыстасці прыехалі старшыня Сінькоўскага сельвыканкама Сяргей...
|
|