Усе колеры фарбаў і красак увабрала ў сябе сядзіба сям'і Паповых . 21.by

Усе колеры фарбаў і красак увабрала ў сябе сядзіба сям'і Паповых

29.08.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


А дразу заўважу, што Івана Аляксеевіча і Тамару Рыгораўну ведаю ўжо не адзін дзясятак гадоў, і заўсёды захапляюся іх уменню, стараннасці, няўрымслівасці. Гэта ж трэба, адных толькі першацветаў (крокусаў, гіяцынтаў, цюльпанаў, нарцысаў) больш 150 разнавіднасцяў. І можна ўявіць сабе вясну з разнаквеццем такой прыгажосці. А затым расцвітаюць піёны, касачы, калы, флёксы, лілейнікі. Толькі дэкаратыўных кустоў больш 30 відаў – тут і вейгела, спірэя, керыя, тамарыке, 3 віды родадэндронаў, 6 відаў ружаў пляцістых і 115 куставых, клемацісы...

На гэты раз да сямейства Паповых мы завіталі ў апошнія жнівеньскія дні. І хаця гаспадары гаварылі, што кветкі ў сваёй большасці ўжо адцвілі, аднак мы пераканаліся, што гэта не зусім так. Вяргіні, гладыёлусы, ружы, петуніі, хрызантэмы – усё гэта палымнее на іх прысядзібным участку.

На дзесяці сотках – сапраўднае царства расліннай разнастайнасці і прыгажосці. Тут «прапісаліся» кветкі і лекавыя травы, традыцыйныя пладовыя дрэвы і экзатычныя віды. Такія, напрыклад, як актынідыя, бружмель і барбарыс. На ўчастку 6 яблынь, чарэшня, 2 ігрушы, слівы, аронія чарнаплодная... Гэта няпоўны пералік таго багацця, якім валодаюць працавітыя гаспадары. Ініцыятары ўсіх новаўвядзенняў і выкарыстання сучасных метадаў – Тамара Рыгораўна і Іван Аляксеевіч – не проста з захапленнем вывучаюць літаратуру дачнай тэматыкі, але і актыўна прымяняюць набытыя веды на практыцы. Напрыклад, вырошчваюць два ўраджаі бульбы ў год. І неаднойчы даводзілася бачыць, як у Дзень пажылых людзей на сваю асабістую выставу яны прыносілі маладую бульбу.

Заўважым, што на тэрыторыі ўчастка сям’і Паповых няма ніводнага пустога месца, дзе б ні раслі кветка або расліна, у якія б не ўклалі часцінку сваёй душы дбайныя гаспадар і гаспадыня. А любімых месцаў у гэтай сям’і – шмат. Гэта і альтанкі, і проста стол ля веранды, накрыты сурвэткамі з вышытымі надпісамі «Тамара» і «Іван», і, вядома ж, фантаны.

Пра апантанасць і адданасць сваім соткам Тамары і Івана Паповых кожны год гаворыцца падчас конкурсаў на лепшае ветэранскае падвор’е. І сапраўды, нельга не захапляцца энтузіязмам і працавітасцю гэтых людзей. Шчыраваць на зямлі, ствараць сваімі рукамі прыгажосць і хараство – ці не гэта самы просты шлях да гармоніі з навакольным светам, якую мы так даўно шукаем.





Падчас экскурсіі па ўчастку разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Уладзімірам Кушнерам мы проста не маглі не захапляцца ўбачаным. А гаспадыня так і сыпала назвамі гатункаў таматаў, агуркоў, капусты...

– Вёдрамі збіраем памідоры, што растуць у цяпліцы, – працягвала Тамара Рыгораўна. – Бачыце, яшчэ і цяпер яны радуюць нас ураджаем. На градках 5 відаў перцаў, у тым ліку і чорны, 7 відаў капусты розных гатункаў – ранні, сярэдні, позні, брокалі, каляровая, ліловая, чырвонакачанная, савойская. Расце ў нас каранёвы сельдэрэй, пастарнак, чорная морква... А яшчэ – маліна, клубніцы, суніцы, ажына, буякі, агрэст, чорныя, белыя і чырвоныя парэчкі, маліна-клубніца...

І ў непаўторным смаку і арыгінальнасці апошняй мы пераканаліся, пакаштаваўшы яе прама з кустоў. І тут жа дамовіліся, што ўвосень яны адкапаюць гэту цуда-расліну і падзеляцца ёю з намі. Наогул, гаспадары шчодра, ад усёй душы прапаноўвалі ўсё, што яны вырошчваюць. Пад яблыняй і цяпер буяе чарамша. Хаця мы ведаем, што час яе цвіцення – май-чэрвень. Аднак і нашых герояў, і ўсіх жадаючых зрабіць салату чарамша радуе цэлы год.

Гонар Івана Аляксеевіча – фантаны. Менавіта ён канструяваў і майстраваў іх. Падчас размовы гаспадар нагадаў, як для аднаго з фантанаў ён доўга шукаў спецыяльную помпу і ў Мінску, і ў Віцебску, а знайшоў выпадкова... у Крупках на рынку.




Захапленне выклікаюць і фасад дома, і ўваход у яго, бо яны патанаюць у кветках. Тут можна ўбачыць і гіпсафілу, якую дабаўляюць у букеты, і бузульнік – вельмі прыгожую расліну з жоўтымі суквеццямі, уражвае белы дыван з дробных кветачак ясноткі. Сярод гэтай прыгажосці амаль непрыкметнымі застаюцца прыгажуні-калы, якія на зіму гаспадары перасаджваюць у вазоны і забіраюць у дом.

– Кветкі я любіла ўсё жыццё, у мяне дзядуля быў садаводам, і бабуля заўсёды вырошчвала іх. Яны і прывілі любоў да ўсяго жывога з самага дзяцінства, – прызнаецца Тамара Рыгораўна. – А родам я з вёскі Барсукі, што на Крупшчыне. Вельмі люблю лес, прыроду. Люблю займацца садам і агародам і не толькі ў вясенне-летнюю пару. Пагадзіцеся, нават калі прырода знаходзіцца ў стане зімовага спакою, сезон не заканчваецца – гэта час для вывучэння кніг па кветкаводству і каталогаў, каб назапасіцца ведамі на новы сезон. Колькі той зімы, бо ўжо ў сакавіку шмат работы: ад падрыхтоўкі глебы, закладкі газонаў да пасеву насення на кветкавых клумбах. А гэта, дарэчы, і захапляльнае хобі, і свайго роду адпачынак, і, бясспрэчна, стымул да пазнання чагосьці новага.



Нельга не сказаць і пра тое, што на дзесяці сотках Тамары і Івана Паповых растуць лекавыя расліны, якія, па іх словах, дапамагаюць падтрымліваць здароўе і паднімаць жыццёвы тонус. Да месца адзначыць, што асабіста яны дзень пачынаюць з травянога напою. Выходзіць гаспадар раніцай у агарод, зрывае некалькі відаў лекавых траў і заварвае чай, які затым на ўвесь дзень здольны падарыць бадзёрасць і добры настрой. Нам таксама прапанавалі паспрабаваць гэты цудоўны напой і мы, канечне ж, не адмовіліся. А тым часам Тамара Рыгораўна гаварыла, што на ўчастку растуць эхінацэя, лапчатка, рамонкі, хмель і нават вечназялёнае Божае дрэва:

– Калі ўбачыла гэту лекавую расліну ў каталогу, адразу загарэлася жаданнем набыць яе. Яна так і называецца – палын Божае дрэва. Толькі возьмеш у рукі і ўжо адчуваецца пах палыну. Добра дапамагае ад стрэсаў, стомленасці.

Напрыканцы мы яшчэ раз акінулі позіркам усю гэту непаўторную прыгажосць, пажадалі дбайным і ўвішным гаспадарам удачы, натхнення, новых знаходак. А Тамара Рыгораўна прачытала нам паэму «Дыялог з кветкамі», якую напісала сама. У ёй яна нагадвае кожную кветачку, якая радуе яе, развявае думы і трывогі, і, як бачым, натхняе на складанне вершаў. Прывядзем апошнія паэтычныя радкі:

И вот желание мое такое:

Пускай на всей планете

Дружно зацветут сады,

Пускай здоровыми родятся дети,

Пускай у всех сбываются заветные мечты.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А дразу заўважу, што Івана Аляксеевіча і Тамару Рыгораўну ведаю ўжо не адзін дзясятак гадоў, і заўсёды захапляюся іх уменню, стараннасці, няўрымслівасці. Гэта ж...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика