Мы – маладыя: Я проста паверыла ў сябе. 21.by

Мы – маладыя: Я проста паверыла ў сябе

13.09.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ірына ХмельніцкаяКожны спартсмен прыходзіць у спорт па-рознаму.

У аднаго было асабістае жаданне, другому параіў трэнер, іншага прывялі бацькі. А ў Ірыны Хмяльніцкай з аграгарадка Рамель усе гэтыя абставіны зліліся ў адно. Маючы спартыўныя задаткі, з дзяцінства займалася ў секцыі лёгкай атлетыкі Давыд-Гарадоцкай ДЮСШ пад кіраўніцтвам трэнера Аляксея Дзямко. Менавіта Аляксей Іванавіч вопытным вокам адразу разгледзеў у сваёй падапечнай вялікі патэнцыял, таму прапанаваў дзяўчыне працягнуць займацца спортам на прафесійным узроўні. Маці падтрымала рашэнне дачкі і трэнера і павезла яе ў Мазырскі філіял Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву на аддзяленне веславання на байдарках і каноэ.
Трэба дадаць, што гэтае вучылішча з’яўляецца адным з лепшых не толькі ў нашай краіне, але і на ўсёй постсавецкай прасторы. Высокі ўзровень спартсменаў гаворыць сам за сябе. Тры апошнія Алімпіяды не прайшлі без удзелу выхаванцаў вучылішча.
Гэтыя дасягненні сталі магчымы дзякуючы карпатлівай рабоце трэнераў. У вучылішчы працуе 15 трэнераў-выкладчыкаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Трое з іх маюць ганаровыя званні: трэнер-выкладчык па веславанні на байдарках і каноэ, заслужаны трэнер БССР Сяргей Збароўскі, трэнер-выкладчык па веласіпедным спорце, заслужаны трэнер РСФСР Аляксей Аўчарэнка і трэнер-выкладчык па веславанні на байдарках і каноэ, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Міхаіл Аземша.
Дарэчы, Міхаіл Канстанцінавіч быў у складзе камісіі, якая вырашала спартыўны лёс Ірыны Хмяльніцкай. Вердыкт быў аднагалосным: рыхтуйце дакументы да паступлення. Але, акрамя дакументаў, Ірыне трэба было прайсці вельмі дасканалы медыцынскі агляд. Толькі ўльтрагукавых даследаванняў было чатыры. Правяралі кожны орган, каб ведаць, якую нагрузку здольны вытрымаць арганізм. Ірына аказалася цалкам здаровай і атрымала допуск да збораў, якія пачаліся яшчэ ў ліпені і працягваліся да 20 жніўня.
– Ірына, у тваім узросце не кожны можа зрабіць такі сур’ёзны крок і змяніць свой звыйчайны ўклад жыцця. Што паўплывала на тваё канчатковае рашэнне?
– Я проста паверыла ў сябе, – адказвае дзяўчына. – Падумала, чаму б не выкарыстаць шанс, які мне падарыла прырода. Не хаваю, што многа патрэбных слоў сказаў трэнер. Ён мяне ўпэўніў у тым, што ўсё атрымаецца, што трэба абавязкова спрабаваць, каб потым не шкадаваць аб страчаных магчымасцях.
– Ты апынулася ў другім горадзе, вакол незнаёмыя дагэтуль людзі. Доўга прывыкала?
– Наадварот – вельмі хутка. Там было многа маіх равеснікаў, таму агульныя тэмы мы знайшлі адразу. Прыемна было адчуваць клопат выкладчыкаў і трэнераў, якія ўважліва ставіліся да кожнага з нас. Я б сказала, што трапіла ў вялікую спартыўную сям’ю.
– Ты раней не займалася веславаннем. Што адчула, калі ўпершыню села ў лодку?
– Хваляванне і разам з тым цікаўнасць. Для ўсіх навічкоў да лодкі чапляюцца спецыяльныя паплаўкі, а побач абавязкова страхуе трэнер. Зараз я ўжо не пераварачваюся і мне далі спартыўную лодку, на якой трэнірую тэхніку і хуткасць. Кожны дзень у нас па дзве трэніроўкі, а паміж імі ўрокі. Скажу, што тут вучыцца складаней, але я імкнуся не адставаць ад сваіх аднакласнікаў. Што тычыцца тэлефонаў і іншых гаджэтаў, то тут імі забараняецца карыстацца толькі на занятках і трэніроўках. Дарэчы, зараз мы рыхтуемся да спаборніцтваў, на якія прыедуць спартсмены з Малдавіі і Украіны. Для мяне гэта першы спартыўны экзамен, таму самой цікава параўнаць узровень.
– Жадаю табе поспехаў і трымай нас у курсе спраў.
– Абавязкова! – паабяцала Ірына.

Меркаванне трэнера Аляксея Дзямко:
– Ірыне прырода сапраўды падарыла шанс. На кожны від спорту трэба свае мадэльныя характарыстыкі. Яны ў дзяўчыны якраз падыходзяць для веславання. З ростам 175 сантыметраў яна была самая высокая ў сваім 8 класе. У яе вялікія даўжыня і размах рук, якія з’яўляюцца аднымі з самых важных паказчыкаў для гэтага віду спорту. Я нават не сумняваўся, што вопытныя трэнеры адразу зацікавяцца дзяўчынай. А самае галоўнае, яна “загарэлася”, ёй захацелася дасягнуць спартыўных вышынь. У гэтым вучылішчы выкладаюць сапраўдныя прафесіяналы, якія, без сумнення, дапамогуць Ірыне раскрыць свой патэнцыял.
Ганна МЕЛЬНІК

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны спартсмен прыходзіць у спорт па-рознаму. У аднаго было асабістае жаданне, другому параіў трэнер, іншага прывялі бацькі. А ў Ірыны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика