Велікоднае віншаванне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкi
12.04.2020
—
Новости Общества
|
>
Дарагія браты і сёстры! «Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!» – гэтым традыцыйным прывітаннем спяшаемся падзяліцца, складаючы пасхальныя віншаванні. Таямніца Уваскрасення Езуса Хрыста цалкам змяніла і надалей змяняе лёсы чалавека і свету. Яна прыносіць упэўненасць у трыумфе сапраўднай любові, якая перамагла смерць і ўсім людзям адкрыла перспектыву новай надзеі. Свята Уваскрасення Пана Езуса для кожнага з нас – гэта час радасці і сустрэчы нашых сэрцаў з жывым Хрыстом, які перамог смерць і грэх. Раздзяляючы з вамі гэтую радасць, жадаю, каб святочныя дні і далейшае ваша жыццё было напоўнена трывалым здароўем і глыбокім духоўным досведам Пасхі і Любові. Няхай уваскрослы Хрыстус будзе для вас крыніцай надзеі, радасці і моцы, якія дапамогуць пераадолець усе цяжкасці штодзённага жыцця. Жадаю, каб гэта вялікая праўда аб Уваскрасенні Езуса Хрыста ніколі не была заслонена нават вялікімі зямнымі крызісамі, катаклізмамі і клопатамі. Радуемся кожнай хвілінай, якую дорыць нам Той, які стварыў неба і зямлю. Няхай радасць расцвіце ў нашых сэрцах як вясеннія галінкі вярбы, каб мы маглі дзяліцца ёю з нашымі блізкімі асобамі. Божае Слова адкрывае перад намі сэнс балючых падзей, якія прывялі да Мукі і Смерці Езуса. Разважанне над таямніцай Хрыстовых мучэнняў за нашы грахі дазваляе нам пераасэнсаваць значэнне цяжкіх выпадкаў і сітуацый як у асабістым жыцці, так і ў жыцці Касцёла і свету. Асабліва цяпер, калі вакол нас такі неспакой, калі свет перажывае свае цяжкасці і хваробы, толькі ў Божым Слове і малітве мы можам адшукаць спакой і зразуменне падзей, якія прывялі да радаснай Пасхальнай раніцы. На сёлетнія, так нечаканыя ў вонкавым перажыванні, Пасхальныя Святы жадаю, каб Змёртвыхпаўсталы Хрыстус, які ў сваёй міласэрнасці захацеў ісці разам з намі і спадарожнічаць нам да Дому Айца, праявіў да нас паўнату сваёй любячай прысутнасці ў тых абставінах, у якіх мы знаходзімся, і ў тым, што нас непакоіць. Няхай кожны з нас знойдзе час на тое, каб углыбіцца ў духоўныя перажыванні і падзяліцца пасхальнай радасцю са сваім акружэннем. Святы Айцец Францішак нагадвае аб тым, што радасць хрысціяніна мае свае вытокі ў слуханні і прыняцці Добрай весткі аб Змёртвыхпаўстанні Езуса Хрыста. Жадаю шырока адкрытага сэрца на Евангелле, якое перамяняе наша жыццё, надае яму сапраўдны сэнс, напаўняе радасцю і вялікай надзеяй. Няхай Добрая Вестка аб смерці і Уваскрасенні Хрыста вызначае напрамак нашага жыцця, працы і адносінаў з людзьмі. Няхай кожны дом будзе домам Божай радасці, сяброўства, дабразычлівасці, дабрыні і святасці, дзе не будуць успамінацца ніякія крыўды, а будзе панаваць любоў, якая ўсё прабачае і перамагае. Благаслаўлёных велікодных святаў! Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! + Антоні Дзям’янка,
|
|