Душэўны аповед пра тое, як баба Каця з аграгарадка Краснае разам з журналістам «Полымя» выпякала велікодныя булкі. 21.by

Душэўны аповед пра тое, як баба Каця з аграгарадка Краснае разам з журналістам «Полымя» выпякала велікодныя булкі

19.04.2020 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яшчэ толькі займаецца дзень на Чысты чацвер, а ў аграгарадку Краснае на ціхай вуліцы Прыдаткі ў хаце Кацярыны Аркадзьеўны Касцюк, якую ўсе звыкла клічуць бабай Кацяй, ужо ва ўсіх вокнах гарыць святло. Праца так і кіпіць у руплівай гаспадыні: паліцца печ, а на ёй падыходзіць цеста для булак. У гасцінны дом бабы Каці мы і зазірнулі за традыцыйнымі вясковымі рэцэптамі, душэўнымі размовамі ды непаўторным велікодным настроем.



– Трэба пячы булкі ці не, але я звыкла ўставаць рана, – падчас знаёмства распавядае пра свой уклад жыцця баба Каця. – Так і сёння паднялася каля шасці. Падпаліла печ. Чым? Галоўнае, не бярозай, бо надта жар дае. Дык я і брыкет кідаю, і сасну з ёлкай, і нават галінкі вярбы. Што далей рабіла? Курачак сваіх выпусціла, зварыла для іх у печы два чыгункі бульбы, пакарміла. А пасля ўзялася за цеста. Яго-то правільна звечара расчыніць, каб добра паднялося. Я так раней і рабіла, але апошнія гады бяруся за цеста зранку. Можа, узрост не той, усё-такі 75 гадоў сёлета споўнілася.

Так, за гутаркай, высвятляецца, што 11 лютага баба Каця адзначыла юбілей. Хата гула ад гасцей і віншаванняў. Прыехаў сын з сям’ёй, унукі і праўнукі ды ўладкавалі бабе Каці вялікае свята.

– Яны ў мяне малайцы, не забываюць, – з пяшчотай у голасе дзеліцца баба Каця. – І патэлефануюць, і прыедуць, і рамонт зробяць. Шануюць і ва ўсім дапамагаюць. Не ведаю, як бы спраўлялася без іх. Бо мужа даўно не стала, сама дзяцей падымала на ногі ды яшчэ ў калгасе з ранку да вечара працавала – на брыгаду хадзіла, кароў даіла, потым на свінакомплекс перайшла.

Так, у ранішняй цішыні, пакуль у печы падрумяньваюцца булкі, баба Каця шчыра расказвае пра перажытае і патаемнае. У гэты момант думаецца пра тое, што, калі вочы – люстэрка душы чалавека, то яго рукі – жыцця. А яны ў бабы Каці зграбныя ды спрацаваныя. Бачна, што жанчыне выпала доля няпростая, але яна не скарылася цяжкасцям і ўсё адолела.

– Я і не думала, што буду жыць у вёсцы, – кажа баба Каця. – Нарадзілася і вырасла ў Карэлічах. Там працавала на маслазаводзе, затым у пякарні, якую жыхары райцэнтра любілі за смачныя сайкі, батоны, баранкі і хлеб. А як пазнаёмілася са сваім Анатоліем, выйшла замуж і змяніла Карэлічы на Краснае. Пераехалі ў гэтую хату. Пабудавалі яе яшчэ мужавы родзічы ў 1953 годзе. Так што печы, дзе зараз падыходзяць булкі, ужо сёмы дзясятак ідзе. Дарэчы, трэба праверыць, як яны там…

Гаспадыня падхопліваецца, адсоўвае засланку, аглядае булкі і заўважае: “О не, заняліся, але слаба, яшчэ бледна-ружовыя, а павінны пачырванець”. Значыць, у нас ёсць яшчэ багата часу пагаварыць. Але гутарым ужо больш не пра жыццё, а пра рэцэпты і традыцыі.


– У Карэлічах наша сям’я жыла ў сваёй хаце з печчу. І, вядома, на Вялікдзень, як толькі мы з сястрой падраслі, дапамагалі маці з булкамі, – узгадвае баба Каця і заўважае. – Атрымоўваецца, ужо больш 60 гадоў я іх пяку. І калі налаўчыцца, то справа гэта няхітрая. Пачнём з цеста. Яно простае: мука, малако, яйкі, цукар, соль па смаку, алей ці маргарын, дрожджы. Яшчэ я дадаю крыху разынак, тварагу альбо ванільнага цукру. Наконт формаў для цеста, то я так і не звыкла да магазінных. Мне зручней выпякаць у звычайных каструлях, тазіках ды глыбокіх місках. Іх і стаўлю на печ (бо месца мусіць быць цёмнае і цёплае), каб цеста ажыло і паднялося. І, вядома, яго трэба вельмі добра памясіць рукамі – гадзіну, а то і больш. Калі ўрэшце цеста паднялося, а ў печы ўсё перагарэла, настае час брацца за вілкі, ставіць у печ формы ды чакаць, як мы зараз, булак. А яны, напэўна, ужо гатовыя. Праверым з дапамогай запалкі: калі цеста на ёй не застанецца, то ўсё, булкі можна вымаць з печы.

Так баба Каця і робіць. Далей засцілае стол газеткамі, кладзе туды булкі, зверху змазвае іх вадзічкай з цукрам і, нарэшце, накрывае ручніком, “каб скарыначка стала мяккая”.





– Гэтую булку, самую маленькую, трэба будзе асвяціць у Свята-Георгіеўскім храме ў Заполлі, – дадае баба Каця. – Вядома, далекавата ісці. Але добрыя людзі не пакідаюць на дарозе. Вось старшыня Красненскага сельсавета Тамара Лейка заўжды спыніцца ды падвязе ў храм. Хаця сёлета яшчэ не ведаю, ці пайду туды на Вялікдзень. Залежыць ад таго, як буду сябе адчуваць. Але на ўсякі выпадак маску падрыхтавала, бо па тэлевізары казалі, што яе варта зараз насіць, калі вакол шмат людзей. Пытаеце, што ў велікодны кошык пакладу? Булку ды яйка. Раней, калі была вялікая гаспадарка, яшчэ брала соль. Бо ў народзе даўней верылі, што, асвячоная, яна дапамагае пры хваробах хатняй скацінкі. А цяпер у мяне адны куры засталіся. Дарэчы, яны ў мяне і так чырвоныя яйкі нясуць, можна і не фарбаваць на Вялікдзень. Хаця я ўсё роўна буду – традыцыйна, у адвары з цыбульнага шалупіння. Яшчэ халоднае, у сэнсе – халадзец, абавязкова прыгатую, бо без яго велікодны стол зусім не той.


Калі баба Каця пра ўсё гэта распавядае, яе вочы ззяюць. Бо, хоць клопатаў у гаспадыні на Вялікдзень шмат, усе яны прыемныя. Гэтае свята напаўняе нас светлай радасцю, а бабу Кацю вяртае ў мінулае. Яна ўзгадвае, як хораша было на Усяночнай у царкве ў Карэлічах, як у маленстве яна разам з іншымі дзецьмі ўсю велікодную нядзелю гуляла ў біткі яйкамі, як у грамадзе з валачобнікамі хадзіла па хатах, спявала песні, а гаспадары частавалі іх прысмакамі.

– Таму пакуль у сілах, то буду, як сёння, рана ўставаць, пячы ў печы булкі, фарбаваць яйкі, варыць халоднае ды святкаваць Вялікдзень. А там – як Бог дасць, – на развітанне кажа баба Каця і дадае. – Галоўнае верыць, што дасць Ён нам толькі добрае.


Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

P.S. Сардэчная падзяка намесніку старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Маяк-Заполле” Вользе Грыгаровіч за цудоўную гераіню і старшыні Красненскага сельсавета Тамары Лейка — за тое, што не дала заблукаць і падказала дарогу да бабы Каці❤.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ толькі займаецца дзень на Чысты чацвер, а ў аграгарадку Краснае на ціхай вуліцы Прыдаткі ў хаце Кацярыны Аркадзьеўны Касцюк,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика