5 июня – День охраны окружающей среды. Как на Кореличчине заботятся об экологии. 21.by

5 июня – День охраны окружающей среды. Как на Кореличчине заботятся об экологии

05.06.2020 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Апошнім часам нябесная канцылярыя прыпадносіць шмат не вельмі прыемных сюрпрызаў: то нетыпічна цёплую зіму, то атыпічна халодны май. І калі нам прыходзіцца толькі здзіўляцца, то навукоўцы даўно разгадалі гэтую загадку і б’юць трывогу: дзейнасць чалавека спрыяе змене клімату, выклікаючы змены канцэнтрацыі ў атмасферы парніковых газаў. Людзі, якія калісьці адносіліся да прыроды, як да храма, цяпер паводзяць сябе тут як у майстэрні. Каб прыцягнуць увагу грамадства да праблем навакольнага асяроддзя і падкрэсліць вострую неабходнасць у змене стаўлення чалавека да прыродных рэсурсаў, штогод 5 чэрвеня святкуецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя. У якім стане знаходзіцца навакольнае асяроддзе на тэрыторыі Карэліцкага раёна і што робіцца для паляпшэння экалогіі, высвятляе карэспандэнт “Полымя”.


“РАЗУМНАЯ” ЭКАНОМІКА РАЎНО ЭКАЛОГІЯ

— У 2016 годзе прыняты Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь, у якім прадугледжана развіццё інфраструктуры электратранспарту і гарадской мабільнасці, рэалізацыя канцэпцыі «разумных» гарадоў, павышэнне патэнцыялу выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі і, вядома ж, забеспячэнне экалагічнай адукацыі і асветы, — расказвае начальнік Карэліцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васілій Ляўковіч. — У Карэліцкім раёне пільна сочаць за станам атмасфернага паветра. Комплексныя дазволы на выкід забруджваючых рэчываў у атмасферу (гэта выкіды ад дзейнасці жывёлаводчых аб’ектаў, кацельных і аўтатранспарту) маюць усе прадпрыемствы раёна, а іх у нас 25. Сярод найбольш буйных — сельскагаспадарчыя вытворчыя прадпрыемствы, ААТ “Карэлічы-Лён”, сельгастэхніка, раён электрычных сетак.

Зніжэнню выкідаў парніковых газаў значна спрыяе працэс газіфікацыі і электрафікацыі ацяплення. Так, з 18 кацельных, што знаходзяцца на балансе мясцовага камунгаса, 8 працуюць на газе, яшчэ 4 на змешаным відзе паліва: газе і шчапе. Ды і людзі, што жывуць у прыватным сектары, сталі актыўней пераходзіць на электраацяпленне сваіх дамоў. Калі ў 2019 годзе толькі 24 карэліччаніна атрымалі ў райвыканкаме дазвол на ацяпленне дома “ад разеткі”, то за няпоўных 5 месяцаў бягучага года ўжо 19 чалавек вырашылі скарыстацца выгаднай прапановай дзяржавы па Указу №127 ад 14.04.2020 г. “Аб пакрыцці расходаў на энергазабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду”. У адпаведнасці з Указам грамадзянам будзе кампенсавацца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў частка выдаткаў на правядзенне электразабеспячэння эксплуатуемага жыллёвага фонду для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы — у памеры 20% ад кошту выкананых работ, але не больш за 40 базавых велічынь.

Створаная ў Карэліцкім раёне сістэма абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі дазваляе здабываць і перапрацоўваць з камунальных адходаў каля 13% другаснай сыравіны. Аднак, па словах Васілія Ляўковіча, гэты паказчык для Карэліччыны даволі нізкі. Для параўнання сярэднеабласная лічба выглядае куды больш выйгрышна — 26,5%. Сітуацыя павінна палепшыцца ў тым выпадку, калі на палігоне ў Беразаўцы з’явіцца новая сартавальная лінія для цвёрдых камунальных адходаў, а ў прыватным сектары — кантэйнеры для паасобнага збору смецця.

За кошт замены трубаправодаў (за апошнія 5 гадоў абноўлена больш за 900 метраў) і планава-папераджальных мерапрыемстваў наш раён дабіўся скарачэння спажывання вады на душу насельніцтва. Сёння кожны карэліччанін у сярэднім за суткі спажывае каля 80 літраў вады, што значна ніжэй сярэдняга еўрапейскага паказчыка ў 130 літраў.


«Міранка» — перспектыўная турыстычная кропка на карце раёна

“МІРАНКА” ЧАКАЕ ТУРЫСТАЎ

Нягледзячы на тое, што Карэліцкі раён спецыялізуецца на развіцці сельскай гаспадаркі, паказчык лясістасці тут добры — 23%, а плошчы неасушаных балот складаюць 2%. Менавіта лясы і балоты звязваюць і выводзяць з атмасферы вуглякіслы газ. Ды і плошча асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый на Карэліччыне значная і складае 8% ад агульнай плошчы раёна. Буйнейшы лясны масіў — Графская пушча — займае плошчу больш за 5 тысяч гектараў. На тэрыторыі раёна таксама размешчаны рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Міранка” плошчай больш за 3 тысячы гектараў. У дадатак да іх яшчэ больш за 13 гектараў Свіцязянскага заказніка.

Гідралагічны заказнік “Міранка” — вельмі перспектыўная кропка на карце раёна для развіцця экалагічнага турызму. Праз яго пралягае папулярны турыстычны маршрут “Навагрудак-Мір-Нясвіж”. У планах раённых спецыялістаў па турызме — стварэнне экалагічнай сцежкі, па якой турысты змогуць падарожнічаць пешшу або на ровары. Зараз раён знаходзіцца ў пошуку інвестараў, каб з’явілася магчымасць абуладкаваць месцы прыпынку і назірання за жывым светам “Міранкі”. А паглядзець тут ёсць на што. Акрамя рэдкіх для рэгіёна і Гродзенскай вобласці масіваў адкрытых балот пераходнага і нізіннага тыпаў, гэта сапраўдны эталон прыроднага комплексу цэнтральнай часткі краіны. Ён з’яўляецца рэзерватарам многіх рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, уключаных у нацыянальную і міжнародную Чырвоныя кнігі. Тут можна сустрэць такія расліны, як ласняк Лёзеля і пуханос альпійскі — уразлівыя рэліктавыя віды, ахоўваемыя ў Беларусі. У Чырвоную кнігу занесены барсук і сем відаў птушак: шэры журавель, драч (коростель), малы пагоныш, вялікі бугай (большая выпь), малы бугай (малая выпь), арлан-белахвост, чорны бусел.

— Менавіта жывёлы і птушкі сваёй колькасцю дэманструюць пазітыўныя змены, дасягнутыя за кошт паляпшэння захоўваемасці буйных балотных масіваў — іх гідралагічнай, асяроддзестваральнай і кліматарэгулюючай ролі ў экасістэме, — падкрэслівае Васілій Ляўковіч.


Ваду на МТК «Райца-1» грэе сонца

СОНЦА І ВЕЦЕР ЗАМЕСТ НАФТЫ І ГАЗА

У апошнія гады краіны свету ўсё больш актыўна выкарыстоўваюць аднаўляльныя крыніцы энергіі замест традыцыйных вуглевадародаў. Сонца і вецер экалагічна бясшкодныя і не расходуюцца ў працэсе выкарыстання. Карэліцкі раён таксама мае намер нарошчваць абароты ў вобласці «зялёнай» энергетыкі. Сельгаскааператыў “Свіцязянка-2003” яшчэ ў 2013 годзе першым у раёне набыў дзве геліянагравальныя ўстаноўкі для нагрэву вады ў сталовай. Спецыяльныя прыстасаванні размешчаны на дахах памяшканняў, проста на зямлі і круглы год назапашваюць сонечную энергію.


У Луках пачалося будаўніцтва ветраэнергетычнай станцыі

— Мы дэтальна вывучылі работу гэтых сонечных воданагравальнікаў і зразумелі, што гэта і выгадна, і экалагічна, — расказвае галоўны энергетык СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Варабей. — Цягам яшчэ пяці гадоў набылі такія геліянагравальныя ўстаноўкі на малочнатаварныя фермы “Літараўшчына”, “Райца-1” і “Райца-2”. Нагрэтая сонцам вада выкарыстоўваецца для прамыўкі даільнага абсталявання і ў душавых пакоях для работнікаў фермаў.

У набыццё сонечных воданагравальнікаў на “Свіцязянцы” ўклалі амаль 90 тысяч рублёў і не пашкадавалі. Пры гадавой прадукцыйнасці ў 17 гігакалорый за 7 гадоў работы сонечнымі ўстаноўкамі выпрацавана больш за 105 тысяч кілават-гадзін энергіі. На прадпрыемстве адзначаюць, што праз 5 гадоў сонечная энергія будзе фактычна бясплатнай і інвестыцыі акупяцца, а для дзяржаўнага аб’екта гэта выгадныя тэрміны. Наколькі даўгавечныя такія ўстаноўкі? На думку спецыялістаў, воданагравальнікі на сонечных батарэях здольныя працаваць мінімум 15 гадоў. Непатрабавальныя яны і ў абслугоўванні: паверхню вакуумных трубак дастаткова памыць некалькі разоў на працягу года, што па сілах нават спецыялістам сельгаспрадпрыемства. Прычым кошт энергіі ў некалькі разоў менш, чым той, якую атрымліваюць з вуглевадароднай сыравіны. У бліжэйшых планах свіцязянцаў — набыццё сонечных установак на МТФ “Міратычы”.

Па інавацыйнаму шляху “Свіцязянкі” пайшлі і ў СВК “Маяк-Заполле”. На малочнатаварнай ферме “Краснае” з 2019 года працуе геліянагравальнік вады магутнасцю 1,5 кВт. Вада ідзе на тэхнічныя патрэбы. Між тым кіраўніцтва сельгаскааператыва, ацаніўшы яўную выгаду, плануе набыць яшчэ дзве сонечныя ўстаноўкі на гэтую ж ферму.

На замену традыцыйным энерганосьбітам часта прыходзіць і энергія ветру. Так, у аграгарадку Лукі пачалося будаўніцтва ветраэнергетычнай станцыі магутнасцю 2,5 МВт. Кошт праекта літоўскага інвестара ААТ “Энвіента” складае 1 млн еўра. Плануецца, што праект акупіцца на працягу 5 гадоў.


У яслях-садзе г.п. Мір другі год жывуць шпакі

“ЗЯЛЁНЫЯ ШКОЛЫ” КАРЭЛІЧЧЫНЫ

Ва ўсім свеце імкліва расце ўсведамленне важнасці пераходу да грамадства, заснаванага на ведах аб экалогіі і беражлівых адносінах да навакольнага свету. Шанаваць прыроду вучаць ужо ў дзіцячым садку. Дзякуючы праграме “Зялёныя школы”, рэалізаванай у рамках праекта Праграмы развіцця ААН «Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз устанаўленне і развіццё «Зялёных школ» у Беларусі» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза, дашкаляты з г.п. Мір ведаюць, як можна берагчы электраэнергію, ваду, правільна выкідваць смецце і што не менш важна — вучаць гэтаму сваіх бацькоў.

— Рэалізоўваць праект “Зялёныя школы” мы пачалі ў 2019 годзе, — расказвае загадчык ясляў-сада г.п. Мір Наталля Купрыенка. — Працуем у некалькіх напрамках. Вывучаем біяразнайстайнасць Беларусі. На тэрыторыі садка ёсць клумба для матылькоў, якіх дзеці ловяць сачкамі, асцярожна вывучаюць і выпускаюць. На дзікім лузе, які не скошваецца, малышы знаёмяцца з раслінамі і насякомымі. Ёсць куткі лесу, саду. Дашкаляты падарожнічаюць па экалагічнай сцежцы, праходзяць праз імправізаваныя поле, сад, агарод, кветнікі, пасеку, вадаём, метэастанцыю, дзе ёсць сапраўдныя сонечны гадзіннік і прыбор для вымярэння ападкаў, млын. Зімой у час моцных маразоў і высокага пласту снегу дзеці кормяць птушак, а вось пры мяккай зіме гэтага рабіць не варта, каб пярнатыя не абленаваліся. Праводзяцца ў нас і конкурсы юных мастакоў, на якіх дзеці малююць птушак, насякомых, якіх яны вывучылі.

Тэрыторыя садка сапраўды далёкая ад стандартнай: тут ёсць нават гарадок для птушак, дзе другі год побач з людзьмі суседнічаюць шпакі і паспяхова выводзяць птушанят. Ёсць і свой агарод, дзе мірскія дашкаляты вырошчваюць агародніну, якая потым адпраўляецца ў іх сталоўку. Дарэчы, пустазелле, якое застаецца пасля праполкі, не выкідваюць, а кладуць у кампостную яму. Так ствараецца экалагічнае ўгнаенне.

У мірскім садку вучаць не проста тэорыі беражлівых адносін да наваколля, а на практыцы спасцігаюць “зялёныя” азы. Напрыклад, мірскія дашкаляты адмовіліся ад выкарыстання пластыкавых пакетаў і ў садок прыходзяць толькі з тканевымі. Ні адна паперка або крышачка ад ПЭТ-бутэлькі не ляціць бяздумна ў смеццевы бак. У дашкольнай установе з дапамогай сем’яў выхаванцаў паперу, шкло і пластык збіраюць асобна, а карэліцкія камунальнікі гэта забіраюць на перапрацоўку. Пальчыкавыя батарэйкі і крышачкі ад ПЭТ-бутэлек бацькі-энтузіясты адвозяць у сталічныя пункты прыёму. Атрыманыя грошы ідуць на дабрачыннасць.

Паспяхова прымяраюць дашкольнікі на сябе ролю эколагаў-асветнікаў. Прыходзяць у працоўныя калектывы пасёлка з буклетамі “Як эканоміць электрычнасць, ваду, паасобна збіраць смецце”.


А ШТО МОЖАМ МЫ?

Як шараговы жыхар Карэліччыны можа зрабіць навакольны свет чысцейшым? На самой справе, мы можам многае і пры невялікіх намаганнях. У першую чаргу трэба эканоміць святло, цяпло і ваду. Для гэтага важна ўстанаўліваць індывідуальныя лічыльнікі, уцяпляць на зіму вокны і дзверы, загружаць пральную машыну поўнасцю, набываць энергазберагальныя лямпачкі асвятлення, не трымаць бытавыя прыборы ўключанымі ў разетку, мыць посуд не пад праточнай вадой, а ў дзвюх ракавінах, напоўненых вадой. Гэта не толькі дапаможа экалогіі, але і станоўча адаб’ецца на нашым кашальку. Вельмі важна збіраць смецце паасобна, набыўшы для гэтага спецыяльнае смеццевае вядро з некалькімі адсекамі, або проста складваць паперу, пластык і ПЭТ-бутэлькі ў асобныя скрынкі. Карысным для здароўя будзе час ад часу змяніць прывычнае аўто на ровар, а на сваім падворку або ў парку пасадзіць дрэва.


Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнім часам нябесная канцылярыя прыпадносіць шмат не вельмі прыемных сюрпрызаў: то нетыпічна цёплую зіму, то атыпічна халодны май. І калі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика