Міхаіл Захараў п'е шампанскае, Андрэй Гусаў — каньяк. 21.by

Міхаіл Захараў п'е шампанскае, Андрэй Гусаў — каньяк

06.04.2010 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Плэй-оф завершаны:

У суботу ў сёмым матчы плэй-оф вызначыўся нарэшце пераможца адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі. У пяты раз ім стала сталічнае "Юнацтва" пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава. Матч прайшоў пры поўным аншлагу на "Мінск-арэне".

За гадзіну да паядынку білеты на 15-тысячнік купіць ужо нерэальна. Нядзіўна, бо толькі з Салігорска па розных звестках, прыбыло ад 50 да 70 аўтобусаў з балельшчыкамі. На прыпынку чакаю гарадскі аўтобус першага маршруту, каб даехаць да "Мінск-арэны". Адчыняюцца дзверы, і я разумею, што ўвайсці амаль нерэальна — аўтобус цалкам запоўнены фанатамі. "Давайце да нас, не пакрыўдзім!" — і сапраўды, такую блізкасць да фанатаў не адчуеш і на фан-сектары. Прыхільнікі "Шахты" чамусьці шыфруюцца: "За каго "хварэць" збіраецеся?" — "Ды нам без розніцы, мы натоўп любім". Так з жартамі аўтобус выгружаецца насупраць "Мінск-арэны".

Выхад "Шахцёра" на гульню суправаджаецца авацыямі, "Юнацтва" — незадаволеным гулам, Міхаіла Захарава — гучным свістам. Скандальныя выказванні трэнера зрабілі сваю справу, праўда, Міхаілу Міхайлавічу з нязменнай паперкай у руках, здаецца, усё роўна. "Мінск-арэна", нягледзячы на тое, што намінальна лічыцца ў матчы хатняй пляцоўкай "Юнацтва", пераважна за "Шахцёр". І юныя фанаты, і людзі ва ўзросце, якія на арэне зусім выпадкова, у адзіным парыве скандзіруюць: "Шахцёр!" "Шахцёр!". Лік, праўда, адкрывае "Юнацтва". У "Шахцёра" ў атацы не ладзіцца, гульцы не могуць выйсці з сярэдняй зоны, і пачынае здавацца, што ў гэтым матчы выйграе той, хто закінуў шайбу першым. Праўда, першы перыяд заканчваецца з лікам 1:1 — "Шахцёр" здолеў адыграцца. Пасля абмену кампліментамі каманды пачынаюць гуляць ад абароны, і да канца асноўнага часу нічыя захоўваецца. "Шахцёр" у канцоўцы трэцяга перыяду меў не адзін шанц скончыць паядынак на сваю карысць, але ні замена варатара шостым гульцом, ні падарунак фартуны ў выглядзе выдалення гульца "Юнацтва" на апошніх хвілінах поспеху не прынеслі. Не забіваеш ты — забіваюць табе. У дадатковы час памылка Антонава, які адкінуў шайбу ад варот у сярэднюю зону проста суперніку, вырашыла лёс залатых медалёў. Вырашальную шайбу на 14-й хвіліне дадатковага часу закінуў Арцём Сянькевіч.

"Юнацтва", якому не займаць характару і волі да перамогі, узяло сваё і на гэты раз. Яшчэ раз можна пераканацца — гэтая каманда ніколі не перастае біцца і расслабляцца з ёй нельга. Пасля забітай вырашальнай шайбы ўся гама эмоцый у хаосе на лёдзе — скінутыя шлемы і абдымкі хакеістаў "Юнацтва", і клюшкі, якія ламалі аб лёд гульцы "Шахцёра". А таксама фінскі варатар салігорскай дружыны Міка Окса, які не аднойчы выручаў каманду падчас матчу, доўга ў адзіноце сядзеў на лёдзе. Паражэнне — яно заўсёды ў адзіноце і цішыні.

"Шахцёр" атрымаў сярэбраныя медалі, і яго трэнер Андрэй Гусаў, здавалася, гэтаму нават рады. На прэс-канферэнцыі ён прызнаўся, што за сваю каманду яму не сорамна. "Я ганаруся сваімі гульцамі. У нас шмат маладых хакеістаў, якія цягнулі на сабе ўсю каманду. Адзіны момант плэй-оф, які хочацца забыць, — паражэнне ад "Юнацтва" 1:7".

"Юнацтва" атрымала залатыя медалі і спецыяльны кубак ад кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка назіраў за матчам на "Мінск-арэне" і пасля цырымоніі ўзнагароджання выйшаў на лёд разам з сынам Мікалаем і асабіста павіншаваў хакеістаў і трэнерскі штаб.

На ўваходзе ў раздзявальню спыняем Міхаіла Захарава:

— Міхаіл Міхайлавіч, якія ўражанні пасля перамогі?

— Добры быў матч. "Шахцёр" — выдатная каманда, якая адметна згуляла на такім высокім узроўні. Нам было цяжкавата. Яны адказалі на пытанне, патрэбна другая каманда ці не патрэбна. Гульцы даказалі, што могуць удзельнічаць у чэмпіянаце. Хацелася б, каб гэтая каманда захавалася... Сёння вы бачылі: дзве каманды магутна выглядалі. Было б выдатна, каб у КХЛ у нас было дзве каманды.

— Але ўжо позна падаваць заяўку ў КХЛ...

— Было б жаданне, а заяўку падаць ніколі не позна.

— Што вырашыла зыход сённяшняга супрацьстаяння?

— Характар. Вы ж бачыце, што мы так проста не аддалі ніводнага матчу. "Шахцёр" падвяло тое, што ўсе прадказвалі яму перамогу 4:0 у плэй-оф. А ім пасля першага матчу ўжо трэба было задумацца.

— Вы былі ўпэўненыя, што плэй-оф завершыцца на карысць "Юнацтва"?

— Мы ўвогуле былі ўпэўненыя, што 4:0 выйграем. Сёння задача нумар адзін была не памыліцца.

— Якая ваша будучыня ў бліжэйшы час? З якімі камандамі вы будзеце працаваць?

— Мне час ісці на пенсію. Уладзімір Уладзіміравіч Навумаў сышоў, і мне пара...

Насуперак традыцыі сёлетняга плэй-оф, Міхаіл Захараў прыйшоў на заключную прэс-канферэнцыю, дзе зноў хваліў "Шахцёр". Але планы раскрыў толькі найбліжэйшыя: "Пайду вып'ю шампанскага". "Тады мне ў самы раз — каньячку", — падзяліўся і сваімі планамі Андрэй Гусаў.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У суботу ў сёмым матчы плэй-оф вызначыўся нарэшце пераможца адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі. У пяты раз ім стала сталічнае "Юнацтва" пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава. Матч прайшоў пры поўным аншлагу на "Мінск-арэне
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика