Сяргей Карнееў: Скажу шчыра, рыхтавацца да спаборніцтваў нам перашкаджалі
14.10.2011 12:48
—
Новости Спорта
|
Сяргей Карнееў: Скажу шчыра, рыхтавацца да спаборніцтваў нам перашкаджалі Сяргей Карнееў — галоўная і пакуль адзіная надзея беларускага бокса на Алімпіядзе ў Лондане. Па прыездзе з чэмпіянату свету баксёр распавёў пра казусы, з якімі ён сутыкнуўся падчас спаборніцтваў. Аказалася, што важыў ён на шэсць кілаграмаў ніжэй за норму. А асабістаму трэнеру, які адыгрывае для баксёра вялізную ролю, давялося ехаць у Баку за свае грошы.
Даведка "Звязды" Сяргею Карнееву 23 гады. На сваім першым дарослым чэмпіянаце Еўропы ён выступіў у 2008 годзе (спаборніцтвы праходзілі ў Ліверпулі), здабыў "серабро". Пасля гэтага поспеху медалёў не было. Тады Сяргей змяніў трэнерскі штаб, пайшоў займацца да трэнера Канстанціна Маханькова. Новы настаўнік не так даўно з чырвоным дыпломам скончыў універсітэт фізкультуры (БДУФК) і з'яўляецца намеснікам дэкана факультэта, дзе навучаецца Сяргей. Давялося істотна падкарэктаваць тэхніку Карнеева і яго падрыхтоўчы працэс. І вось прагрэсіўныя тэхналогіі трэніровак далі поспехі. З тае прычыны, што Сяргей Карнееў здолеў выйграць медаль і атрымаў алімпійскую ліцэнзію, і яго, і трэнера могуць уганараваць адпаведна званнямі "Заслужаны майстар спорту РБ" і "Заслужаны трэнер РБ". "Звязда" будзе працягваць сачыць за кар'ерай перспектыўнага баксёра. Знешне Сяргей Карнееў не выглядае як баец, які змагаецца ў катэгорыі 91 кг. Многія супернікі Сяргея і вышэйшыя, і шырэйшыя за яго ў плячах. — Калі ў Баку прыходзіў на ўзважванне, азербайджанцы пыталіся пра маю вагавую катэгорыю: "Колькі ты важыш — 81 кг?" І здзіўляліся, калі я казаў, што 91 кг... Першы супернік быў вельмі няпросты — калумбіец. Мала таго, што вышэйшы за мяне на паўгалавы, дык яшчэ і шырэйшы. У цемнаскурых людзей зусім іншы арганізм, трубчатая костка. Калі трэнер яго пабачыў, спытаўся: "Слухай, а што гэта за суперцяж? У плюсах баксіруе?" Я кажу: "Гэта ж мой супернік". — Кажуць, што на чэмпіянаце ты важыў усяго 85 кг, на цэлых шэсць кг менш, чым дазволена. Чаму так атрымалася? Некаторыя твае супернікі маглі зганяць вагу і са 100 кг — не дзіўна, што яны выглядаюць большымі па габарытах. — Вага пайшла ўніз з-за нерваў. Нада мной была адказнасць, стаяла на коне Алімпіяда. Ежа была таксама спецыфічная, вострая. — Калумбійца ты перамог. Як далей складваліся баі? — Пасля першага паядынку мне трэба было чакаць наступнага аж сем(!) дзён. Не разумею, як можна так няроўна фарміраваць турнірную сетку. Таму пасля першага бою трэба было сябе граматна падвесці да наступнага, таму што форма, на якую я выйшаў, магла пайсці на спад. Але ў гэтых пытаннях мой трэнер, Канстанцін Міхайлавіч Маханькоў, — вялікі спецыяліст. Ён пільна сачыў за маім харчаваннем, за трэніроўкамі: "Тут трэба ўзарвацца, а тут — сцішыцца. Сёння мы працуем моцна, заўтра будзе стан вялы, і папрацуем менш". Была вось такая шкала падрыхтоўкі, і форма не была страчана. У другім баі я баксіраваў з палякам. І склалася ўражанне, што суддзі хацелі мяне "зліць". Але ў трэцім раўндзе я пайшоў ва-банк, біў паляка да апошняга. Яму адлічылі накдаўн. І я ў выніку перамог. Трэці бой мне спадабаўся найбольш. Ніякіх лішніх дзеянняў з майго боку, усё дакладна, усё як трэба. Таксама перамог. Чацвёрты бой, з алжырцам, быў самы адказны (за выхад на Алімпіяду), але і самы лёгкі для мяне. Супернік не змог дастаяць да канца — трэнеры яго знялі. Хоць да мяне алжырац перамог некалькіх вядомых баксёраў. Такім чынам, ліцэнзія на Алімпіяду і бронзавы медаль былі заваяваны. А пяты бой быў з украінцам Усікам. І мне трошкі не хапіла. У выніку ўкраінец стаў чэмпіёнам свету, а я атрымаў бронзавы медаль. — Дык і гэта для беларускага бокса сёння — вялікі поспех. Ці ўсе наймацнейшыя баксёры свету ў тваёй катэгорыі прыехалі на чэмпіянат? — Гэта так. Напрыклад, той жа ўкраінец Аляксандр Усік. Быў у нашай вагавай катэгорыі і чэмпіён свету з Расіі Артур Бецірбіеў, які ў выніку застаўся без медаля. Чаго не хапае беларускай зборнай, каб прабіцца на топ-узровень? Вось сумесны фотаздымак Сяргея Карнеева і Аляксандра Усіка. Украінец знешне выглядае значна вышэйшым, з вялізнай, як калода, рукой. Такое ўражанне, што баксёры выступаюць у розных вагавых катэгорыях. Таму цікаўлюся ў Сяргея, чаму ён не выступае ў катэгорыі 81 кг. — Калі зганяў вагу ў 81 кг, былі праблемы са здароўем. У печані павялічваўся білірубін, што адбівалася на працаздольнасці — на працэсах узнаўлення арганізма, на сне. Таму трэнер Канстанцін Маханькоў параіў выступаць у катэгорыі 91 кг: "Будзем больш есці, нармальна працаваць над агульнафізічнай падрыхтоўкай — і ўсё ў нас будзе". І трэнер як у ваду глядзеў: вынік з'явіўся ўжо праз год. — Толькі ты адзін з усёй беларускай зборнай узяў медаль — чаму такі не самы аптымістычны вынік зборнай у цэлым? — Скажу так. Магамед Нурудзінаў (69 кг), які прайграў індусу, насамрэч яго перамог. Суддзі палічылі пункты 10:10 і неаб'ектыўна аддалі перамогу суперніку. Тое самае, на мой погляд, здарылася з Віктарам Зуевым (+91 кг), які саступіў немцу. Ну не залічвалі беларусу чыстыя ўдары! У першым раўндзе ён перамагаў — далі нічыю. У другім — увогуле біў суперніка, але выйграў толькі адзін пункт. У выніку перамогу аддалі суперніку. Можа быць, таму, што гэта застаўся апошні немец, якога з гэтай прычыны вырашылі падцягнуць. Тут свае "цячэнні" — судзейскія. Але я б не сказаў, што асноўная праблема — неаб'ектыўнае стаўленне да беларусаў. Што тычыцца нашай зборнай, сёння ў нас шмат моцных хлопцаў. Вельмі добрыя байцы ў нас ва ўсіх вагавых катэгорыях.
Але ў тых жа ўкраінцаў, якія "разарвалі" гэты чэмпіянат, усе звенні былі ў ланцужку: ад масажыста і фармакалогіі да збораў і правільнага трэніровачнага падыходу. Было відаць, што ва ўкраінцаў падыход да ўсяго быў сістэмны. Калі ў нас будзе такі ж якасны трэніровачны працэс, добры псіхалагічны настрой ва ўсіх "зборнікаў", калі байцы будуць здаровыя, калі судзейства будзе аб'ектыўным і добра сыдуцца зоркі — тады і беларускія байцы сябе праявяць. Адно за адно чапляецца — і атрымліваецца вынік. А ў нас такая сітуацыя: майго трэнера не хацелі браць на чэмпіянат. І калі б Канстанціна Міхайлавіча не было на спаборніцтвах, то Беларусь засталася б на гэтым чэмпіянаце свету без медаля і без алімпійскай ліцэнзіі. "Толькі дзякуючы хітрасці мой трэнер мог прыходзіць і размінаць мяне" — Скажу шчыра, нам з трэнерам рыхтавацца да чэмпіянату перашкаджалі. А падрыхтоўка — гэта асноўнае пытанне, — працягвае рэзаць праўду-матку Сяргей. — Мы працавалі па індывідуальнай праграме. Усе ж спартсмены — людзі розныя. Да кожнага патрэбны індывідуальны падыход. Кожнаму неабходна свая ступень работы над рэакцыяй, хуткасцю, сілай і гэтак далей. Камусьці патрэбна "араць", кагосьці, наадварот, трэба прытрымаць. Бо, здараецца, таленавіты чалавек пачынае залішне "араць" — і ў выніку выдыхаецца, страчвае свой патэнцыял. Дык вось, працаваць па індывідуальным плане нам не давалі. А тут такая справа: адзін дзень выкінеш з плана — і ўсё, будзеш ніякі. Сістэмы трэба прытрымлівацца. А майго трэнера на зборы не бралі — гэтае пытанне нават не разглядалася. Даводзілася трэніравацца ў літаральным сэнсе па тэлефоне. Аднак ужо пасля апошняга чэмпіянату Еўропы я зразумеў, што, калі на першынстве планеты ў Баку побач не будзе Канстанціна Міхайлавіча, медаля не будзе. У выніку трэнер быў вымушаны ехаць разам са мной, але за свой кошт. — ??? — Нам давялося шукаць 2000 еўра, каб трэнер паехаў на чэмпіянат свету. Спадзяёмся, што зараз гэтыя грошы нам кампенсуюць. І гэта не ўсё. Канстанціна Міхайлавіча не ўнеслі ў акрэдытацыйны спіс. Таму на чэмпіянаце ў Баку мой трэнер, уявіце сабе, быў як нелегал. Сказалі: "Не, ты там быць не павінен". І не ўключылі ў спіс. Толькі дзякуючы хітрасці мой трэнер мог прыходзіць і размінаць мяне, а выводзіць у рынг не меў права. Пакуль я выходзіў на бой, трэнер ставіў спрынтарскія рэкорды: выбягаў з будынка, трапляў на трыбуны праз іншы ўваход і крычаў мне з трыбуны, падказваў, як дзейнічаць. Ну як гэта назваць? Мы ж робім добрую справу не для сябе, а для краіны. Як гэта так? Трэнер бярэ медаль і алімпійскую ліцэнзію, а яго не хочуць нават акрэдытоўваць! Спадзяюся, перад Алімпіядай нам перашкаджаць не будуць. Мы робім агульную справу для нашай любімай краіны. Калі ласка, не перашкаджайце нам. — Ці даўно, на тваю думку, у зборнай па боксе ёсць праблемы такога кшталту? — Раней галоўным трэнерам зборнай быў Анатоль Кірылавіч Колчын. Аўтарытэтны спецыяліст, які выхаваў прызёра Алімпіяды Віктара Зуева, адзінага ў гісторыі Беларусі чэмпіёна свету па прафесійным боксе Сяргея Ляховіча. Ён ведаў, як працаваць з байцамі, што каму трэба, быў добрым псіхолагам. Але потым трэнерскі склад зборнай змяніўся. І сёння некаторыя трэнеры не арыентуюцца ў боксе ў дастатковай ступені. Напрыклад, на чэмпіянаце свету Міша Даўгалявец (81 кг) прайграў кубінцу, на што адзін трэнер сказаў: "Прайграў нейкаму "мёртваму" кубінцу!" А той кубінец у выніку стаў чэмпіёнам свету. Дык што, хіба "мёртвы" гэты кубінец? Гэта пра што кажа? Чалавек — у нябёсах, не да канца разумее, на якім ён свеце. "Веру, што гэты медаль — не апошні" — Раней многія крытыкавалі нацыянальную зборную па боксе за тое, што ў ёй было шмат гастарбайтараў. Проста запрашалі гатовых спартсменаў-мусульман з Расійскай Федэрацыі. Зараз за Беларусь зноўку выступаюць, у асноўным, нашы гадаванцы. Ці правільна гэта? — Так, правільна. Інакш губляецца сэнс працы трэнераў. Навошта рыхтаваць маленькіх дзяцей, калі можна ўзяць і прывезці гатовага чалавека? Такім чынам, свой спорт "забіваецца". Я сам у будучыні буду трэнерам. Гэта ж так цікава — выхоўваць дзіця, весці яго за руку! Мяркую, што беларускі бокс будзе развівацца. — Чаму ў нашай краіне баксёрскія залы не карыстаюцца такой папулярнасцю, як, скажам, у ЗША? Там пальчаткі надзяваюць нават губернатары, мэры гарадоў, галівудскія акцёры... — Ды і ва Украіне бокс вельмі папулярны. Бачыў, як там у горадзе бокс транслююць па вадка-крысталічных экранах. У Беларусі пакуль такой папулярнасці няма. Аднойчы ў сталічным Палацы спорту праводзілі турнір. Дык столькі людзей каля ўвахода стаяла! Я думаю: "Ого, колькі на бокс народу прыйшло!" Аказалася, глядзелі хакейны матч. Хоць здавалася, зайдзі бясплатна, прысядзь, падтрымай... — З беларускіх баксёраў-прафесіяналаў набірае хаду Юрый Раманаў, які зараз трэніруецца ў Лос-Анджэлесе, суперцяж Аляксандр Усцінаў набліжаецца да бою за чэмпіёнскі тытул. У цябе ёсць задумкі пакінуць алімпійскі бокс і перайсці ў прафесійны? — Усе мае задумкі — гэта падрыхтоўка да Алімпіяды. Ведаю адно: я буду працягваць выступаць. І веру, што гэты медаль — не апошні. Дзякуй Богу за тое, што ён мне яго даў. За тое, што чуў мяне і бачыў нашы намаганні і руплівасць. Мой бацька, Іван Аляксандравіч, усё жыццё марыў пра гэта. Ён сам быў баксёрам, майстрам спорту. І, дарэчы, мой трэнер, Канстанцін Міхайлавіч, — яго вучань. Мой бацька зараз самы шчаслівы чалавек. Ён нават сказаў: "Тое, дзеля чаго я жыў, ажыццявілася". Гэты мой медаль належыць тром людзям: майму бацьку, Канстанціну Міхайлавічу і таму чалавеку, які даў сродкі на паездку майго трэнера, хоць і раней увесь час нас падтрымліваў. Гэты чалавек не з'яўляецца мне сваяком, але ставіцца да мяне, як да сына. Я яго называю дзядзькам. Дзядзькам Віталем. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Карнееў — галоўная і пакуль адзіная надзея беларускага бокса на Алімпіядзе ў Лондане. Па прыездзе з чэмпіянату свету баксёр распавёў пра казусы, з якімі ён...
|
|