Як вялікая сям'я. 21.by

Як вялікая сям'я

23.04.2013 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На выхадныя ў краіне стартаваў яшчэ адзін футбольны чэмпіянат: у барацьбу ўключыліся каманды першай лігі, якія ўжо восенню назавуць шчасліўчыкаў, імёны будучых удзельнікаў вышэйшага дывізіёна. Лідарамі гэтай футбольнай гонкі спецыялісты называюць "Гарадзею", "Слуцк", "Віцебск". Праўда, футбол і цікавы тым, што ў любы момант можа падкінуць нечаканасць у выглядзе каманды, на якую ніхто не спадзяваўся. Хто ведае, магчыма такім невядомым "конікам" сёлета стане "Іслач" з Мінскага раёна, дэбютант, каманда, якая ўжо летась прыцягнула да сябе ўвагу балельшчыкаў.

Звычайны сталічны настаўнік геаграфіі без асаблівых разважанняў скажа, што Іслач — гэта рака, прыток Заходняй Бярэзіны, дзе, дарэчы, водзіцца рэдкая стронга ручаёвая. А вось дасціпны футбольны балельшчык дадасць, што і ў футбол гуляе каманда з гэткай назвай. І робіць гэта, дарэчы, паспяхова. Мінулы сезон каманда правяла выдатна не толькі ў другой лізе, але і на міжнароднай арэне. Хлопцы Віталя Жукоўскага прабіліся ў фінальную частку рэгіянальнага кубка УЕФА, спаборніцтва сярод аматарскіх каманд. Дасягненне, якім ганарыцца трэба не толькі рэгіёну, але і краіне.

Сустрэчу з трэнерам "Іслачы" мы прызначылі на раніцу панядзелка. У час, калі пэўная частка сталіцы яшчэ толькі спрабуе "ачомацца" пасля бурных выхадных, футбалісты ўжо рэзва гойсалі па полі Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, што на вуліцы Сямашкі, адточвалі трапныя ўдары, вуглавыя і іншыя практыкаванні, якія звычайнаму балельшчыку наўрад ці нешта скажуць. Віталь Жукоўскі, галоўны трэнер "Іслачы" (на фота), увесь у працы. Трымаючы ў руках нататнік, ён актыўна жэстыкулюе, гучна тлумачыць хлопцам свае патрабаванні, а ў пэўны момант сам пракідвае перад сабой мяч, каб паказаць, чаго хоча ад падапечных. На жаль, як футбаліст ён не рэалізаваўся. Падлеткам гуляў у мінскім "Тарпеда-МАЗ", у дублі БАТЭ, юнацкіх зборных Беларусі, але траўма, аперацыі паставілі крыж на кар'еры. Цяпер вучыцца ў нашым фізкультурным універсітэце, мае трэнерскую катэгорыю "B", уласны досвед камандзе перадае і спадзяецца, што нехта з хлопцаў ужо ў наступным годзе трапіць у каманду вышэйшай лігі.

— "Іслач" была створана ў 2007 годзе, — апавядае Віталь. — Спачатку каманда гуляла ў першынствах раёна і вобласці, а летась заявілася ў другую лігу і заняла трэцяе месца. У той час усе хлопцы паралельна з футболам працавалі і трэніраваліся 2-3 разы на тыдзень. А цяпер мы ўжо становімся на прафесійныя рэйкі, займаемся штодня і маем адзіны выхадны. Безумоўна, футбалістам не хапае збораў, аднак, калі пачынаеш з нуля, на гэта асабліва не зважаеш. Галоўнае, што ёсць дзе трэніравацца. Праўда, сёння працавалі толькі на адной палове поля — усё поле цалкам арандаваць не здолелі, але адчуваем сябе камфортна.

— За дэбютны сезон вы здолелі з другой лігі трапіць у першую. Даволі жвавы старт.

— Перад намі не ставілі ніякіх задач. Хацелася проста годна выступіць, змагацца ў кожным матчы за перамогу. Зразумела, напачатку гульцы крыху хваляваліся. Праўда, пакрысе мы нядрэнна ўзмацніліся, і, калі адчулі, што можам прэтэндаваць на прызавое месца, уключыліся ў барацьбу. Шчыра кажучы, мы мэтанакіравана змагаліся за трэці радок, каб атрымаць хоць нейкія медалі, бо для кожнага футбаліста гэта таксама адмысловая матывацыя.

— Новы ўзровень — новыя фінансавыя выдаткі.

— Заробкі ў нашай камандзе, напэўна, самыя маленькія ў першай лізе. І наша перавага ў тым, што мы знаходзімся ў Мінску. Калі б базіраваліся ў іншай частцы Беларусі, з нашым бюджэтам было б амаль нерэальна затрымацца ў другім дывізіёне. Кантракты з футбалістамі падпісалі 1 красавіка. Атрымліваецца, што першы заробак гульцы атрымаюць на пачатку мая. Але перамога клуба ў тым, што за мінулы сезон мы не павінны нікому грошай — з усімі разлічыліся.

А наконт спонсараў глаўкам дадае:

— Ведаеце, сёння людзі навучыліся лічыць грошы. І трэба, каб была ўзаемная зацікаўленасць, а не "дайце нам грошы, мы футбольная каманда!". Нам трохі дапамагае BеlswіssBаnk. Прыемна, што насустрач ідзе і Мінскі раённы выканаўчы камітэт. Нас там заўжды гатовы выслухаць. Што тычыцца мэт на сезон, дык перад намі іх не ставілі. Галоўнае, не вылецець у другую лігу, паказаць годны і прыгожы футбол.

Цікава, а што сёння ўяўляе самабытная каманда "Іслач"? Сярод маладых футбалістаў ёсць і вельмі вопытныя гульцы, за плячыма якіх каманды вышэйшай лігі. Напрыклад, Раман Гаеў выступаў за мінскае "Дынама", а Валерый Цыганенка наогул паспеў пагуляць у Фінляндыі, Літве, Арменіі і нават у Кыргызстане. Але галоўнай знаходкай Віталь Жукоўскі лічыць масажыста Сяргея Пачкоўскага. "Ён раней працаваў у жаночай футбольнай зборнай, нацыянальнай камандзе Бернда Штанге, а цяпер штодня прыязджае да нас са сваім абсталяваннем на электрычцы з Маладзечна".

У пары з Жукоўскім каманду да новых футбольных баталій з нядаўніх часоў рыхтуе добра вядомы Уладзімір Макоўскі, былы гулец мінскага і кіеўскага "Дынама" і зборнай Беларусі. На твары Уладзіміра ўсмешка, ён актыўны ў працы з футбалістамі, адточвае падачы з вуглавых.

— Цудоўна, Міхалыч! — паказвае Макоўскаму вялікі палец варатар Вадзім Аляшкевіч, які ледзь справіўся з "хітрым" мячом. — Ідэальная падача!

— Мы з ім вельмі блізка не кантактавалі, — працягвае спадар Віталь. — Ён неяк патэлефанаваў, спытаў, ці ёсць праца. Я адказаў, што падумаю наконт гэтага, а пасля ўжо дамовіліся. Я люблю прыстойных людзей. А ёсць трэнеры, што адсочваюць, хто п'е, а хто паліць, а пасля дакладваюць галоўнаму трэнеру. Мне гэта не цікава, мне не патрэбны шэрыя кардыналы. А Уладзімір Макоўскі вельмі адкрыты чалавек, між іншым, з вопытам гульні ў зборнай Беларусі, Лізе чэмпіёнаў. Бачу, як хлопцы да яго цягнуцца.


Пагаджаецца з трэнерам і паўабаронца Аляксандр Халадзінскі, адзін са старажылаў каманды. Пра яго можна сказаць прыкладна так: прайшоў з "Іслаччу" праз агонь, ваду і медныя трубы. Аляксандр — выхаванец футбольнай школы МТЗ-РІПА, гадоў 5 таму гуляў на першынстве Мінскага раёна за "Калодзішчы". Ужо потым трапіў у галоўную раённую, перамог з ёй у аматарскім рэгіянальным кубку Беларусі, а пасля трох вікторый над славакамі, французамі і баснійцамі выйшаў з "Іслаччу" ў фінальную частку рэгіянальнага кубка УЕФА (адбудзецца напрыканцы чэрвеня ў Італіі), што лічыць пакуль асноўным дасягненнем у кар'еры.

— "Іслач" — гэта пакуль галоўная частка майго жыцця, — прызнаецца Халадзінскі. — Хочацца з ёй у футболе дасягнуць пэўных высот. Гэта не проста каманда — гэта вялікая сям'я.

— Аляксандр, летась усе гульцы, акрамя футбола, яшчэ працавалі. А ты чым займаўся?

— Фарбаваў аўтамабілі. Але сёння на гэта можна ўжо забыцца. Клуб працуе па-прафесійнаму. У грошах я, безумоўна, нешта згубіў, аднак зараз хачу сябе рэалізаваць менавіта ў футболе.

Так што праявіць сябе Аляксандр Халадзінскі здолеў ужо ў суботу. "Іслач" унічыю згуляла са "Смалявічамі" (0:0). Нядрэнны вынік для дэбютанта.

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На выхадныя ў краіне стартаваў яшчэ адзін футбольны чэмпіянат: у барацьбу ўключыліся каманды першай лігі, якія ўжо восенню назавуць шчасліўчыкаў, імёны будучых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика