21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Мірная Лясная: Мацi Палтаўскай перамогi — 300 гадоў

26.08.2009 10:35 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мірная Лясная: Мацi Палтаўскай перамогi — 300 гадоў

5 кастрычнiка вёска Лясная на Слаўгарадчыне перажыла сапраўдны турыстычны бум! Адзначыць 300-годдзе знакамiтай бiтвы пад Лясной прыехала шмат гасцей з розных куткоў Беларусi, а таксама Расii i Швецыi.

Вядомы расiйскi палiтык Генадзь Селязнёўупэўнены, што значныя гiстарычныя даты трэба адзначаць урачыста.

— Паўночная вайна прынесла шмат бедаў, гора i разам з тым перамогу рускай армii, — сказаў ён. — Было шмат паражэнняў ад шведаў, але пад Лясной iм паказалi, што такое рускi характар. Пра гэта трэба памятаць.

Генадзь Мiкалаевiч убачыў Лясную першым разам, i яму вельмi спадабаўся мемарыяльны храм, пабудаваны тут сто гадоў таму, калi ў Расii адзначалi 200 гадоў перамогi пад Лясной. А ў гонар 300-годдзя бiтвы ў вёсцы пасадзiлi сiмвалiчны Сад мiру i згоды, дзе цяпер ёсць малады клён i Генадзя Селязнёва.

— Каб не было больш войнаў, трэба, каб рулявымi дзяржавы былi мудрыя людзi, — пракаментаваў расiянiн. — Каб яны разумелi, што кожнае чалавечае жыццё — гэта каштоўнасць. Каб людзi не пераўтваралiся ў мяса на полi бою.

Сёння цяжка сабе ўявiць, што 300 гадоў таму халодным восеньскiм днём на полi плошчай у квадратны кiламетр бiлiся 18 тысяч мужчын. Гiсторыкi гавораць, што гэта была сапраўдная мясарубка — абедзве армii, руская i шведская, панеслi тут незлiчоныя страты. Мясцовае насельнiцтва ад войнаў цярпела разбурэннi, голад i эпiдэмii.

На выставе, якая адкрылася 5 кастрычнiка ў Лясной, прадстаўлены знаходкi пошукавай экспедыцыi Магiлёўскага аддзялення таварыства аховы помнiкаў. Сёлетнiм летам на полi ў Лясной знайшлi кулi i кавалкi ядраў часоў Паўночнай вайны. А таксама i рэчы апошняй вайны — Вялiкай Айчыннай: тут, на Слаўгарадчыне былi жорсткiя баi.

А цяпер ужо цалкам мiрная Лясная адзначыла ў нядзелю юбiлей бiтвы рускiх са шведамi: смуткавала па ахвярах, дэманстравала славутасцi, весялiла гасцей. Атрымаўся адкрыты ўрок гiсторыi i прымiрэння.

Эйнар Лют — шведскi брыгад- ны генерал, цяпер на пенсii. Ён не так даўно быў камандзiрам лейб-грэнадзёрскага палка, а яго далёкi продак Андэрш Венэрстэд 300 гадоў таму ў Лясной камандаваў драгунскiм палком на правым флангу шведскага войска. Гэты чалавек выжыў, трапiў у палон пад Палтавай, быў у Сiбiры i на сконе жыцця здолеў вярнуцца ў родную Швецыю.

Яго нашчадак Эйнар Лют усё жыццё цiкавiцца гiсторыяй Паўночнай вайны. Некалькi гадоў таму ён выпадкова пазнаёмiўся з расiйскiм даследчыкам Паўлам Канавальчуком, якi ўсё сваё жыццё стварае вялiкую дыяраму бiтвы пад Лясной з алавяных салдацiкаў. Расiянiн i швед аб’ядналiся, каб напiсаць кнiгу пра Паўночную вайну.

— Удалося адшукаць сотнi раней невядомых дакументаў пра бiтву пад Лясной, — тлумачыць Павел. — Гэта пратаколы ваенна-палявога суда: у Рызе судзiлi больш за сотню салдатаў i малодшых афiцэраў, якiя згубiлiся i адсталi ад шведскага войска. Яны палiчылi за лепшае вярнуцца, адкуль прыйшлi.

Усе падрабязнасцi пра падзеi пад Лясной, якiя расказалi на судзе шведскiя ваяры, Эйнар i Павел абнародавалi на мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi "Паўночная вайна i гiстарычныя лёсы Еўропы", якая адбылася ў Магiлёве. Дыскусii гiсторыкаў i грамадскiх дзеячаў прайшлi ў Магiлёўскiм дзяржаўным унiверсiтэце.

Праваслаўныя вернiкi Слаўгарадчыны адзначылi важны юбiлей хрэсным ходам ад раённага цэнтра да Лясной: мужчыны неслi харугвы, жанчыны — абразы i свечкi. Пад званы падышлi яны да Свята-Петрапаўлаўскага храма, дзе Епiскап Магiлёўскi i Мсцiслаўскi Сафронiй правёў лiтургiю памяцi воiнаў, якiя загiнулi на палях баёў i мiрных жыхароў, якiя пакутавалi ад войнаў.

На мiтынгу-рэквiеме прамаўлялi пра гiстарычную бiтву. У кожнага прамоўцы — свой урок гiсторыi. Старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Барыс Батура сказаў, што бiтва пад Лясной яшчэ раз пацвердзiла: любая агрэсiя, адкуль бы яна нi сыходзiла, вырачана на правал.

Генерал расiйскай армii i старшыня Цэнтральнага штаба мiжнароднай акцыi-праекта "Мы — нашчадкi Перамогi" Вiктар Ермакоў назваў бiтву пад Лясной гераiчным подзвiгам рускiх ваяроў, якiя разграмiлi шведаў, а таксама i беларусаў, якiя дапамагалi армii Пятра І.

— Але я таксама адчуваю гордасць, — сказаў непакрыўджаны пераможнымi прамовамi расiян швед Эйнар Лют. — Так, мы прайгралi бiтвы пад Лясной i Палтавай, але ў будучынi набылi мiр i пазбеглi такiх страшных бедаў, як нацызм i камунiзм. I я шчаслiвы!

Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Швецыi Стэфан Эрыксан падкрэслiў, што цяпер шведы прыязджаюць на Беларусь толькi з мiрнымi мэтамi.

Яшчэ аднаго генерала, Iгара Зубава, якi прадстаўляе расiйскi фонд садзейнiчання развiццю праваахоўных органаў, найбольш уразiлi парадак i спакой, якiя сёння ёсць у Беларусi.

Мiтынг завяршыўся кан- цэртам духоўнай музыкi, а потым зайгралi-загудзелi падворкi, арганiзаваныя аддзеламi культуры Магiлёўскай вобласцi.

На галоўнай плошчы Лясной, навокал храма гулялi акцёры ў старадаўнiх строях. З гiстарычных персанажаў найбольшай папулярнасцю карыстаўся, натуральна, Пётр I. Аляксандр, культработнiк з Магiлёўскага раёна, на пытаннi пра род заняткаў горда адказваў: "Цар!". Выбралi яго на ролю паводле росту — пад два метры, але ён поўнасцю ўвайшоў у ролю i гучна дэкламаваў цытаты Пятра.

— Мне спякотна ад фотааб’ектываў i камер, — крыкнуў цар з натоўпу жанчын, якiя асаджалi яго з просьбамi сфатаграфавацца на памяць.

Не меней iмпазантна за цара выглядаў кучар, якi часам прадстаўляўся Пятром, каб не расчароўваць публiку. Вiталь, жывёлавод з Лясной, вазiў на фурманцы афiцэра i барышню, а ў вольны час ахвотна пазiраваў для здымкаў.

— Во, працаваў у калгасе — нiхто цябе не ведаў, а цяпер знакамiтасць! — зайздросцiлi землякi.

У старадаўнiя строi не пераапранулi толькi мясцовых медыкаў, якiя стаялi на ганку Ляснянскай амбулаторыi, капiтальна адрамантаванай да юбiлею.

— Паглядзiце на наш дзённы стацыянар — гэта ж пяцiзоркавы гатэль! — дэманстраваў "гламурны" выгляд амбулаторыi яе загадчык Уладзiмiр Маркаў. — Ложкi, тэлевiзар, ДВД-плэер. Адпачывай i iдзi на папраўку!

Урачы i на свяце былi на службе, але без медыцынскай часткi не абышлося. Праўда, не стогны, а смех i жарты даносiлiся з iмправiзаванага лазарэта часоў Паўночнай вайны. Хоць чырвонай фарбы на бiнты арганiзатары не пашкадавалi, сёстры мiласэрнасцi i "параненыя" дэманстравалi выдатны святочны настрой. Лекары ў камзолах i велiчэзных парыках усiм жадалi добрага здароўя.

Увогуле ў Лясной калiсьцi пачыналася расiйская шпiтальная справа. У пачатку ХVIII стагоддзя лячылi з дапамогай народнай медыцыны: да ранаў прыкладалi хлебны мякiш з павуцiннем — лiчылася, што менавiта такая сумесь спыняе кроў i хутка залечвае, а таксама выкарыстоўвалi мядовыя аладкi, печаную цыбулю i прамочвалi бiнты адварам мёду з пiвам.

Пераапранутыя ў сялянаў фар- сiлi лапцямi i рагожай. Гледачы проста паядалi вачыма выстаўленыя на сталах традыцыйныя вясковыя стравы — каўбасы, грыбы, блiны.

Каб найбольш поўна паказаць сялянскi быт часоў Паўночнай вайны i традыцыйнае майстэрства шапавалаў ад пачатку да гатовых вырабаў, з Дрыбiнскага раёна прывезлi ў прычэпе авечак. Парадак на падворку наводзiла сям’я Шаўкуновых — мацi Наталля, дзецi Арцём i Даша. Малыя кармiлi авечак яблыкамi.

— Нам па дарозе сюды распавядалi пра бiтву пад Лясной, — дакладаў 13-гадовы Арцём. — Я зразумеў, што перамог вялiкi чалавек Пётр.

Бялынiцкi раён арганiзаваў прывал. Рускiя салдаты i беларускiя сяляне разам гатавалi ў вялiзных катлах: суп з сякеры альбо, па iншай версii, "юшку" з курыцы.

— Не, рэцэпт за апошнiя 300 гадоў не змянiўся, — запэўнiваў народ. — I гэта зусiм не тайна — хiба толькi ад шведаў. Па-першае, у любой вёсцы трэба злавiць курыцу, а потым кiнуць у кiпень усё, што ёсць — моркву, цыбулю, бульбу. Смачна!

А на падворку Чавускага раёна чынна сядзелi прыгожыя бабулi ў андараках i вышываных кашулях. Гэта — вядомы на Магiлёўшчыне ансамбль "Незабудкi" з вёскi Галавечыцы, якi нядаўна атрымаў статус нематэрыяльнай каштоўнасцi Беларусi.

Калi бабулi зацягвалi старадаўнiя жальбы, на суседнiм падворку Краснапольшчыны кiдалi малацiць авёс. Iншым часам мужык ахвотна вучыў гледачоў, як зэканомiць салярку ў сучаснай гаспадарцы — малацiць старадаўнiм чынам, адмысловымi палкамi.

Увогуле ў Лясной было столькi цiкавых падзей i рэчаў, што вочы разбягалiся. Аднак цэнтрам свята стаў усё ж мемарыяльны храм, адрамантаваны спецыяльна да свята. Усе дзверы прыгожай i светлай царквы былi расчынены для людзей: яны iмкнулiся паставiць свечкi, папрасiць аб здароўi блiзкiх людзей i мiры для сваёй краiны.

— Гасподзь нам даў запаветы, самы важны з якiх — гэта любоў, — нагадаў уладыка Сафронiй. — Любоў не толькi да сяброў, але i да ворагаў. I калi людзi выканаюць гэты запавет, то не будзе нiякiх войнаў, а будзе райскае жыццё на зямлi.

Iлона Iванова.

Слаўгарадскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
5 кастрычнiка вёска Лясная на Слаўгарадчыне перажыла сапраўдны турыстычны бум! Адзначыць 300-годдзе знакамiтай бiтвы пад Лясной прыехала шмат гасцей з
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика