Знаёмыя і незнаёмыя Тышкевічы. 21.by

Знаёмыя і незнаёмыя Тышкевічы

19.01.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Для многіх беларусаў род Тышкевічаў малавядомы. Мы больш знаёмы з прадстаўнікамі роду Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх. Дык хто ж яны, Тышкевічы? Як жылі, чым займаліся, чым знакамітыя? Як гісторыя нашых мясцін звязана з лёсам гэтых людзей? Давайце пагартаем старонкі летапісу магнацкага роду Тышкевічаў, пройдзем па іх жыццёвых сцежках, адчуем атмасферу тых часоў і падзей!

Тышкевiчы – старажытны шляхецкi род герба «Лялiва». У першай палове XV стагоддзя жыў Каленік Мышкавіч, якому князь Вялiкага Княства Лiтоўскага Свiдрыгайла ў 1437 годзе падараваў сёлы i слабоды ва Украiне – у Жытомiрскiм i Оўруцкiм паветах, а таксама маёнтак Чарталесы, на месцы якога пазней быў пабудаваны горад Бярдзiчаў. У Каленіка Мышкавіча было сямёра дзяцей. Яны падзялілі паміж сабой бацькоўскія ўладанні. Ад аднаго з сыноў, якога звалі Тышка, паходзіць прозвішча роду Тышкевічаў.

З цягам часу маёнткі прадстаўнікоў гэтага роду з’явіліся на землях беларускіх і літоўскіх: Лагойск, Астрашыцкі Гарадок, Валожын, Гарадок (паблізу Маладзечна), Свіслач, Паланга, Біржай.

Гісторыя горада Лагойска больш за чатыры стагоддзі звязана з лёсам роду Тышкевічаў. Васіль Тышкевіч, сын Тышкі, у 1517 годзе ажаніўся з Аляксандрай Чартарыйскай і атрымаў Лагойск у якасці пасагу. Ён стаў заснавальнікам малодшай графскай лініі роду Тышкевічаў. Граф Васілій адрадзiў тут замак, збудаваў храм Богаяўлення. Ён быў удзельнiкам бiтвы з крымскiмi татарамi, займаў пасаду ваяводы смаленскага, з’яўляўся старостам краснасельскiм, чаркаскiм, менскiм, ваўкавыскiм, пiнскiм, бабруйскiм, гайнаўскiм. Тытул графа на Лагойску і Бярдзічаве атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста 5 лістапада 1569 года.

Малодшая лінія з цягам часу была падзелена на дзве: беларускую і ўкраінскую. Назва вызначалася ад месца знаходжання ўладанняў.

Старэйшы сын Васілія Тышкевіча – Юрый – з 1550 года атрымаў званне каралеўскага двараніна. У 1558-м быў прызначаны маршалкам гаспадарскім, пасля ваяводам берасцейскім, старастам ваўкавыскім, займаў значныя дыпламатычныя пасады.

Марцін Тышкевіч, другі сын Юрыя, быў войтам мінскім, маршалкам Слонімскага павета. Сын Юзаф і ўнук Мікалай вялікіх пасад не займалі. А вось Эмануэль Уладзіслаў, сын Мікалая, быў павятовым падстоліям брэсцкім, а яго старэйшы брат Міхаіл Ян –  віцебскім ваяводам.

Ад Тэадора, сына Эмануэля, паходзіць украінская лінія Тышкевічаў, да якой адносіцца вядомая польская актрыса Беата Тышкевіч.

Чацвёрты сын Эмануэля Уладзіслава – Міхаіл Ян “з Лагойска”, стараста стшалкоўскі, даў пачатак беларускай лініі графскага роду, якая аддзялілася ад украінскай. У Міхаіла Яна былі чатыры сыны: Феліцыян, Міхаіл Ян, Антоній Казімір і першы ўладальнік Валожына – Юзаф. Усе яны сталі вядомымі людзьмі ВКЛ, займалі высокія ваенныя пасады ў войску літоўскім.

Старэйшы сын Феліцыян (1719-1792) – генерал-маёр войска ВКЛ і стараста стшалкоўскі, меў двух сыноў – Дамініка і Пія. Пій – вядомы літоўскі магнат, ганаровы член Віленскай археалагічнай камісіі, маршалак Барысаўскага ўезда. Шмат намаганняў прыклаў для развіцця гаспадарчай дзейнасці і эканамічнай стабільнасці Лагойскага графства. Яго знакамітыя сыны Канстанцін і Яўстафій – грамадскія дзеячы, гісторыкі, краязнаўцы, заснавальнікі айчыннай навуковай археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і музеязнаўства. Даследаванні іх і сёння ўяўляюць сабой вялікую каштоўнасць у розных сферах навукі і культуры нашай краіны. Іх дзейнасць заслугоўвае высокай адзнакі і падзякі ад сучаснікаў. Але гэта будзе ўжо другая старонка біяграфіі роду Тышкевічаў.

Жыхары Лагойска вельмі ганарацца сваімі знакамітымі ўладальнікамі. У мясцовым краязнаўчым музеі сабрана шмат матэрыялаў пра Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў. Нашаму Юзафу Ігнацыю Тышкевічу яны даводзіліся ўнучатымі пляменнікамі.

Другі сын, Міхаіл Ян (1721-1796) – ваенны і рэлігійны дзеяч ВКЛ, генерал-лейтэнант літоўскіх войск, канонік віленскі. Антоній Казімір (1723-1778) быў трэцім сынам Міхаіла Яна. Вядомы дзяржаўны дзеяч ВКЛ, генерал-лейтэнант літоўскіх войск і староста стшалкоўскі.

Малодшым сынам Міхаіла Яна быў Юзаф Ігнацый Тышкевіч – палкоўнік у войску ВКЛ і староста велятыцкі. Ён набыў маёнтак Валожын за 100 тысяч залатых у Адама Чартарыйскага ў даволі пажылым узросце. На гэты час Юзафу Міхайлавічу было 79 гадоў. 12 гадоў ён валодаў мястэчкам Валожын і пакінуў пра сябе добрую памяць. Мы, валожынцы, удзячны яму за мураваны касцёл, які ўжо больш чым два стагоддзі велічна ўзвышаецца на плошчы нашага горада, за прыгожыя палацы. Калі б сцены гэтых архітэктурных помнікаў маглі гаварыць, то гістарычны летапіс нашага горада папоўніўся б многімі цікавымі звесткамі. У скляпенні касцёла пахаваны шэсць прадстаўнікоў роду Тышкевічаў. Першым тут знайшоў упакаенне сам Юзаф Ігнацый, які паўгода не дажыў да завяршэння будаўніцтва храма. Сапраўдным упрыгожаннем касцёла было ўмураванае ў сцяну надмагілле фундатара: анёл трымае мармуровае табло, у верхняй частцы якога спіць у даспехах чалавек, а ў ніжняй часцы надпіс: “Дом Ясна Вяльможнага Юзафа Ігната Графа на Лагойску і Бярдзічаве, пераемніка на Біржах, Дубінах, Валожыне… Тышкевіча, Старасты Веляцінскага, Палкоўніка Нацыянальнай Кавалерыі, Кавалера Ордэна Белага Арла і Святога Станіслава, Сіндзіка Апостальнага Высокапачытаемых ксянзоў Бернардзінаў Мінскага Канвента”.

У Юзафа Ігната было чацвёра дзяцей: сын Міхаіл і тры дачкі – Клацільда, Юзэфа і Ядвіга.

Міхаіл Тышкевіч быў вельмі здольны, адказны, адукаваны, патрабавальны да сябе чалавек, вядомы ваенны дзеяч ВКЛ, палкоўнік, кавалер ордэна Воінскай доблесці. Сам Напалеон Банапарт прымаў яго ў члены ордэна Ганаровага легіёна, што з’яўляецца найвышэйшым знакам адрознення, пашаны і прызнання асаблівых заслуг у Францыі. Граф удзельнічаў у рабоце сейма 1788-1792 года. Ён не прыняў падзел Рэчы Паспалітай і быў староннікам рашэння польскай эліты ў падтрымцы французскага імператара Напалеона ў вайне супраць Расіі. У ліпені 1812 года Міхаіл Тышкевіч сабраў на свае сродкі 17-ы кавалерыйскі полк і ўзначаліў яго. Полк уваходзіў у склад перадавых часцей напалеонаўскай арміі. Чым былі выкліканы такія паводзіны графа? Адназначна адказаць на гэта пытанне цяжка.

Міхаіл быў першым графам з Тышкевічаў, які заціка-віўся літоўскім прымор’ем. 13 ліпеня 1824 года ён набыў Палангу разам з пасёлкамі Грушлаўке і Дарбеняй і гаспадарыў там з 1824 па 1839 год. Як бачым, пры Міхаілу Тышкевічу былі значна пашыраны графскія ўладанні. Да яго перайшоў Біржанскі маярат Радзівілаў на тэрыторыі сучаснай Літвы. Так Міхаіл Тышкевіч стаў пачынальнікам Біржанскай лініі роду Тышкевічаў.

Міхаіл быў жанаты на баранэсе Іаганне Карп. У яго было чацвёра дзяцей: Ян Канстанцін, Юзаф, Бенядыкт і дачка Іванна.

Старэйшы сын Міхаіла Ян Канстанцін валодаў Валожынам з 1839 па 1862 год. Сваёй сям’і ён не меў. Гэта быў вельмі сціплы, добры чалавек. Ян Канстанцін на працягу ўсяго жыцця займаўся дабрачыннай дзейнасцю. Пры ім пачалося будаўніцтва царквы Роўнаапостальных Канстанціна і Алены ў Валожыне. Свае значныя сродкі граф ахвяраваў на будаўніцтва храма.

Ян Канстанцін быў калекцыянерам. У Біржанскім палацы ён сабраў унікальную калекцыю карцін і партрэтаў, адкрыў хатнюю капліцу, пакой-скарбніцу. Вакол палаца разбіў пейзажны парк, пабудаваў аранжарэю са сферычным купалам. Пасля трагічнай смерці Яна Тышкевіча большая частка яго ўладанняў была перададзена старэйшаму пляменніку Міхаілу, а Валожын перайшоў да другога пляменніка – Яна Вітольда Тышкевіча.

Другі сын Міхаіла Тышкевіча – Юзаф – нарадзіўся ў 1805 годзе. Быў кіраўніком дваран Ашмянскага ўезда. Да 1835 года жыў у Валожыне. Пасля смерці бацькі валодаў Палангай. Жонка Юзафа Тышкевіча Ганна Забела з’яўляецца прапрапрабабкай вядомай польскай актрысе Беаце Тышкевіч. Пасля смерці Юзафа ў 1844 годзе ўсе яго ўладанні перайшлі сынам.

Ніна БОБРЫК,

навуковы супрацоўнік Валожынскагакраязнаўчага музея

(Працяг будзе)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для многіх беларусаў род Тышкевічаў малавядомы. Мы больш знаёмы з прадстаўнікамі роду Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх. Дык хто ж яны, Тышкевічы? Як жылі, чым...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика