Каб патрапіць у Акопы, рыхтуйце лыжы!. 21.by

Каб патрапіць у Акопы, рыхтуйце лыжы!

02.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

(Карэспандэнт "Звязды" гэтай зімой стаў, бадай, першым і адзіным наведвальнікам славутай мясціны)

Пабываць у Купалаўскіх Акопах мне даводзілася ва ўсе поры года і самыя розныя станы надвор'я: любаваўся гэтай мясцінай у час першых лясных кветак і яркай восеньскай пазалоты, сустракаў тут летнюю росную раніцу і праводзіць кароткі лістападаўскі дзень. Але зімовых Акопаў бачыць яшчэ не даводзілася. І вось нарэшце прычакаў, пакуль усталюецца адпаведнае надвор'е. Добра, што гэтая славутая мясцінка знаходзіцца не надта далёка ад сталіцы: прыблізна 25 кіламетраў да павароту на Харужанцы (дарога № 58 Мінск—Мядзел) і яшчэ кіламетраў 5-6 праз Карпілаўку і Харужанцы. Маляўнічы куточак, ведаю, вабіць многіх сталічных жыхароў: як-ніяк гэта ж цэнтр Беларускай Швейцарыі! Шмат разоў бачыў наведвальнікаў каля падмуркаў колішняга хутара. Тут спакой, спеў птушак, дыхаецца вольна. Прастора для вачэй, пагляд лашчаць магутныя дубы на паляне за агароджай і загадкавы лес на схілах Сухой гары. Камень-валун за драўлянай кладкай, на якім прымацавана мармуровая шыльда, здаецца, пасівеў ад сваёй даўніны. Тым, хто цікавяцца творчасцю Янкі Купалы, абавязкова трэба наведаць Акопы — месца найбольшага літаратурнага плёну песняра. На Лагойшчыне шмат прыгожых Купалавых мясцін, але гэты куток паэт любіў больш за іншыя. Можа таму і творчы акопаўскі вынік гэткі значны. Менавіта ў Акопах была завершана вясёлая п'еса "Паўлінка". Тут створаны і іншыя знакавыя п'есы — "Тутэйшыя", "Прымакі", "Раскіданае гняздо"; паэмы "Бандароўна", "Магіла льва", "Яна і я", дзясяткі вершаў, пераклады. У Акопах з 1909 па 1926 гады жылі маці і сёстры паэта. Купала прыязджаў да іх на адпачынак з Вільні і Пецярбурга, нават атрымліваў па пошце газету "Наша ніва", вёў перапіску. На жаль, у савецкія часы Акопы ў Купалавай біяграфіі ніяк не згадваліся. Сам жа колішні фальварак знік і стаў часткаю лесу.

Марозная раніца, шэрань, лагоднае сонейка — найлепшая падстава для вандровак і экскурсій. Але дабрацца да Акопаў аказалася справай не з простых. Дарогу ад вёскі Харужанцы, у якой знаходзіцца філіял літаратурнага музея, да Акопаў зімою ніхто не даглядае, не чысціць (усяго два кіламетры, як сведчыць дарожны ўказальнік). Толькі дзякуючы леснікам, якія недалёка ад урочышча рэжуць лес і прабілі свае каляіны, пераадолеў палову шляху. Другую, па бездаражы, правальваючыся па калені, рызыкнуў прайсці пешкі. Прайшоў метраў з трыста і ўжо пашкадаваў, што не прыхапіў лыжы — яны былі б вельмі дарэчы. Напэўна, шмат хто яшчэ жадаў наведаць зімовыя Акопы, але не адважыліся прабівацца па цаліне: адкуль ім ведаць пра адсутнасць дарогі ці нават якой-небудзь сцежкі. Хоць я і адчуваў сябе ў нейкай ступені першапраходцам, але хутка ўзмакрэлы ад напружанай хады, цёплага зімовага адзення і важкай фотаапаратуры, вялікай радасці не выпрабоўваў. Было жаданне вярнуцца ў Харужанцы, зайсці ў музей і запытацца: чаму зімою да Акопаў бездараж? Але гэткі настрой быў нядоўгі. Бо велічны стан лесу ў шэрай намітцы ды абсалютная цішыня рабілі сваю справу — перапаўнялі пачуцці і рухалі наперад. І цяпер я рады, што мая апантанасць была мацнейшай за часовыя і маленькія нязручнасці.

Акопы сёлета добра замецены, нават падмуркаў не бачна. Над белым покрывам снегу цямнеюць толькі зруб-муляж студні ды жэрдкі агароджы колішняга падворка з брамкай. Недзе з паўднёвага кута, з-за пагорка, да студні вядуць заечыя сляды. Яны пятляюць і знікаюць у раўчуку — там, дзе замецена кладачка і дрэмле пад снегам сівы валун. Цікава, здаецца нічога асаблівага ў гэткую пару ўбачыць нельга, а ў Акопах усё-роўна прыходзіць адчуванне, як быццам дакранаешся да нечага велічнага. Асаблівае месца! Таму раю ўсім наведаць яго нават зімой. Але на ўсялякі выпадак неабходна прыхапіць лыжы.

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

Лагойскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Карэспандэнт "Звязды" гэтай зімой стаў, бадай, першым і адзіным наведвальнікам славутай мясціны) Пабываць у Купалаўскіх Акопах мне даводзілася ва ўсе поры...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика