«... Толькi добрае, толькi шчырае На шчасце пакiнь!»
Анатоль МЯСНIКОЎ
40 дзён назад пайшоў з жыцця вядомы беларускi паэт-песеннiк Аляксандр ЛЯГЧЫЛАЎ
Я доўга i часта, па шмат разоў, буду слухаць гэты дыктафонны запiс. Ён невялiкi, але... Але iншым ён не можа быць, гэты аповяд: аповяд Мамы пра Сына, якi так раптоўна, нечакана, неспадзявана пайшоў з Жыцця, пакiнуўшы яе, Маму, сiратой!? Маму i Жыццё! Трагiчны гэта аповяд! Трагiчны i нi з чым iншым не параўнальны! Не дай Божа Маме хаваць у сырую зямельку, адпраўляць у iншы свет Сына! Я себя не корю И ни в чем не виню, Может, дерзким я стал И упрямым... Но когда тяжело, Я, как Бога, молю, — Помоги, помоги мне, Любимая мама... Саша Лягчылаў, 59-гадовы сын сваёй Мамы Вольгi Паўлаўны, якая, дарэчы, яшчэ ў 1937-м працавала ў «Звяздзе», памiраў на яе руках. Яму было цяжка, неверагодна цяжка, i Ён (я асабiста ў гэтым не сумняваюся!) малiў Бога i Маму за сваё жыццё... Ды не падуладныя нам i нашым малiтвам гэтыя просьбы! Згарэў Аляксандр Кузьмiч Лягчылаў неверагодна хутка: за некалькi месяцаў! Ён — весялун, жартаўнiк, жыццялюб — пайшоў у iншы свет, пакiнуўшы нам i нашым нашчадкам свае — без перабольшання! — вялiкiя i неўмiручыя творы... Мы не помним уже войны, Но солдатам все снятся сны О кровавых боях, О погибших друзьях В недозревших хлебах. А погибшим нельзя узнать, Как невеста ждала и мать. Как во все голоса Снова пела весна, Горько стыла слеза... Ты прости меня, мой отец, Между нами так много лет! Но не все мы могли сберечь, Отстоять навсегда... Только память всегда жива, Память сердца, но не слова, И хранить ее будем мы, Сыновья, сыновья... Словы гэтай песнi, якая абавязкова стане ў свой час народнай, тут прыведзены амаль поўнасцю зусiм не выпадкова. Яна — з апошняга па часе напiсання цыкла песень паэта Аляксандра Лягчылава на музыку кампазiтара Валерыя Iванова, прысвечанага 60-годдзю Перамогi савецкага народа ў Вялiкай Айчыннай вайне. Шэсць песень напiсалi два творцы, а пачуць, парадавацца iх насамрэч усенароднаму гучанню i прызнанню Аляксандр Кузьмiч, на вялiкi жаль, ужо не паспеў... ... Мы зблiзiлiся, моцна пасябравалi зусiм нядаўна — крыху больш як дзесяць гадоў назад. У адной з навучальных устаноў звёў нас лёс: яго, слыннага ўжо тады паэта-песеннiка Аляксандра Лягчылава, якi займаў там высокую пасаду прарэктара, i мяне — выкладчыка-сумяшчальнiка... Так склалiся абставiны, што з той установай мы абодва неўзабаве развiталiся, а вось дружба — мужчынская, шчырая i праўдалюбiвая — вяла нас па жыццi яшчэ не адзiн год... Як часта згадвалiся мне тады словы з ягонай паэтычнай творчасцi: За аблокамi белакрылымi Адкрываецца неба сiнь. Толькi добрае, толькi шчырае На шчасце пакiнь! Бо гэта — сапраўдны «Востраў юнацтва», створаны паэтам Аляксандрам Лягчылавым i кампазiтарам Уладзiмiрам Буднiкам! Той востраў, якi павiнен iмкнуцца пакiнуць на грэшнай Матухне-Зямлi кожны прыстойны яе насельнiк... Гэтыя — з аднаго боку звычайныя, а з другога — неверагодна таленавiтыя радкi — магла стварыць (i стварыла!) толькi таленавiтая i неардынарная душа! ... У свой час, па сутнасцi тады ж, гадоў дзесяць назад, адзiн са слынных беларускiх паэтаў «усур’ёз» папракнуў Лягчылава: маўляў, няма ў яго «асобна выдадзеных паэтычных зборнiкаў...». Памятаю i ведаю, як той папрок моцна паранiў душу Сашы... Насамрэч, хiба ў зборнiках справа: у асобных графаманаў iх нават па дзесятку i болей! А ў Аляксандра Лягчылава ўжо тады было больш як паўтары сотнi (!) тэкстаў песень, якiя спявала — i гэта было на справе! — уся Беларусь! I не толькi Беларусь: Унесенные ветром в туман и дожди, На прощанье любимым кричали: «Не жди!» Только эхо в ответ затеряется где-то: «Унесенные ветром, унесенные ветром...» Iгар Мiхайлавiч Лучанок — цi не самы слынны беларускi кампазiтар-песеннiк мiнулага ўжо ХХ стагоддзя — надзвычай даражыць гэтай песняй, напiсанай сумесна з Аляксандрам Кузьмiчом Лягчылавым. Ну а паэту-зайздроснiку, якi кiнуў аднойчы Сашу Лягчылаву папрок «у адсутнасцi асобна выдадзеных зборнiкаў», Кузьмiч адказаў адразу ж i ўпэўнена: на працягу некалькiх наступных гадоў ён апублiкаваў шэсць кнiг песень. А бласлаўлялi iх у вялiкае жыццё такiя ж, як i сам паэт-песеннiк, таленавiтыя людзi... Паэт Леанiд Дранько-Майсюк: — Талент Аляксандра — талент песенны, эстрадны. Тэксты Лягчылава не патрабуюць расшыфроўкi, яны меладычныя i запамiнальныя... Народны артыст Беларусi кампазiтар Леанiд Захлеўны: — Ён умее цанiць дружбу, сяброўскiя адносiны. Магчыма, дабрыня, добразычлiвасць, глыбокае веданне жыцця i праяўляюцца ў жанравай шматхарактарнасцi i разнастайнасцi, каляровасцi песенных вобразаў... Народны артыст Рэспублiкi Беларусь кампазiтар Эдуард Зарыцкi: — Паэт-песеннiк упэўнена i арганiчна ўвайшоў у кагорту прафесiяналаў эстрады, на якiх у выканаўцаў павышанае запатрабаванне i чыя творчасць запатрабавана шырокай аўдыторыяй слухачоў... Так, тут нi кропелькi перабольшання: на творы Аляксандра Лягчылава сярод выканаўцаў было, ёсць i будзе павышанае запатрабаванне. Мяркуйце самi: яго песнi з аднолькавым поспехам выконвалi, выконваюць i будуць выконваць Вiктар Вуячыч i Iосiф Кабзон, Тамара Раеўская i Леў Лешчанка, Ядвiга Паплаўская i Аляксандр Цiхановiч, Валерый Кучынскi i Iна Афанасьева, Якаў Навуменка i Iрына Дарафеева, славутыя ансамблi: расiйскi — песнi iмя Аляксандрава, нашы — «Песняры», «Сябры», «Бяседа», «Чараўнiцы»... ... I зноў не магу абысцiся без успамiнаў, згадак. Я i сёння здзiўляюся: як мог пiсаць такiя любiмыя тысячамi слухачоў i гледачоў песнi такi сцiплы, разважлiвы, памяркоўны, нарэшце — стрыманы чалавек?! Вельмi сцiплы — проста сарамлiвы! Гэтыя якасцi Аляксандра Кузьмiча — i я тое ведаю больш чым дакладна! — скарыстоўвалi многiя, а часцей за ўсё — проста бяздарныя i пазбаўленыя элементарнага паэтычнага слыху прыстасаванцы... Толькi цi трэба гаварыць сёння пра iх?.. ... У Вольгi Паўлаўны Лягчылавай, Мамы, забiтай горам ад страты любага Сына, я ўсё ж адважыўся спытаць: «Адкуль у творах Сашы — карэннага мiнчанiна — такое глыбокае веданне душы, характару, памкненняў беларуса, выкладзеныя i так сцiсла-выразна пададзеныя ў ягоных больш чым трохстах творах-песнях? Веданне жыцця, роднай беларускай i рускай моў?..». I вось што яна адказала: — Пасляваеннае дзяцiнства Сашы было, вядома ж, цяжкiм. Ён вельмi рана спазнаў дарослае жыццё, дапамагаючы нам, бацькам, ва ўсiм i ўсюды. А талент да творчасцi яму, на маю думку, перадаўся ад дзеда, майго таты Паўла Русановiча. Ён быў адораны Богам чалавек: мужны i здольны — прайшоў пакуты грамадзянскай вайны, iграў на многiх музычных iнструментах. Адтуль, з радавых каранёў, i iдзе народнасць, лiрычнасць, грамадзянская мужнасць Сашыных твораў... Так, моцна i надзейна, на ўсё жыццё трэба мець сувязь з радавымi каранямi, каб стварыць, выпакутаваць Творы, даўно прызнаныя народнымi: «Чарка на пасашок», «Бульба», «Гора — не бяда», «Шчаслiвы вальсок», «Горыч-ягада», «Сонца нiзенька», «Дзева Марыя», «Белы бусел», «Мелодыя кахання», «Сцежачка»... У вершы «Дзецi вайны» са свайго апошняга цыкла песень, прысвечаных 60-годдзю Вялiкай Перамогi, Саша Лягчылаў напiсаў: Не по годам взрослели вы Среди беды, среди войны, И каждый там с собой пронес Тяжелый крест тревог и слез... Я думаю, гэта ён напiсаў перш за ўсё пра сябе... Найвялiкшым шчасцем для Аляксандра Кузьмiча былi днi i гадзiны, праведзеныя з бацькамi. Дзе б ён нi быў, далёка цi блiзка ад дому, ён спяшаўся да iх — Вольгi Паўлаўны i Кузьмы Васiльевiча. I многiя з твораў ён прысвячаў iм — Маме i Тату. Здравствуй, моя мама, не грусти, не надо, Моему приезду, знаю, ты так рада. Я живу тобою, без тебя страдаю, Ты моя молитва, вечная, святая... А на зборнiку песень «Зорны баль», выдадзеным у Мiнску ў 1996 годзе, Саша напiсаў — па-сыноўску проста, шчыра i непадроблена: «Дорогим маме и папе! Здоровья, счастья, долгих лет! Что я без вас!? С любовью ваш сын!» ...Ён быў i будзе дастойны Сын: i сваiх бацькоў, i нашай любай Мацi-Беларусi!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
40 дзён назад пайшоў з жыцця вядомы беларускi паэт-песеннiк Аляксандр ЛЯГЧЫЛАЎ |
|