На кандытарскiм рынку абвастраецца канкурэнцыя...
Надзея НIКАЛАЕВА
З абсалютна новай прадукцыяй — дробсамi, фiгурным шакаладам i цукеркамi з натуральных сухiх малочных прадуктаў — выйшла на беларускi рынак ТАА «Белга».
Да апошняга часу ТАА «Белга» спецыялiзавалася на вытворчасцi шырокага асартыменту глазураў для марожанага, тварожных сыркоў, зефiру, цукерак, мучных кандытарскiх вырабаў, шакаладных мас для вытворчасцi шакаладу. «Белга», дарэчы, стала першым у Беларусi вытворцам шакаладнай глазуры на продаж («Камунарка» i «Спартак» выраблялi яе толькi для ўласных патрэб). За шэсць гадоў магутнасцi прадпрыемства выраслi да 500 тон прадукцыi ў месяц. «Калi ў нас пытаюцца, як прадпрыемству ўдаецца так iнтэнсiўна развiвацца, — расказвае дырэктар ТАА «Белга» Аляксандр Гулевiч, — мы прапануем усiм бiзнесменам свой «рэцэпт»: зашыйце кiшэнi. Усе свабодныя сродкi ў нас укладваюцца ў развiццё. Зараз на прадпрыемстве працуе абсталяванне вядучых еўрапейскiх фiрмаў, якое дазваляе значна палепшыць якасныя характарыстыкi прадукцыi, скарацiць час яе вытворчасцi i знiзiць выдаткi, што ў вынiку спрыяе знiжэнню сабекошту прадукцыi. Тэхналагiчная схема арганiзавана такiм чынам, што прадпрыемства мае магчымасць адначасова выпускаць некалькi вiдаў прадукцыi па розных рэцэптурах (да 5 рэцэптур), а гэта выключае страты ў якасцi, працоўным часе i сыравiне, непазбежныя пры пераходзе з аднаго асартыменту на другi». Малавядомы, але цiкавы факт: Беларуская кафейная кампанiя, якой належыць гандлёвая марка «Iдэал», закупляе шакаладную масу ў ТАА «Белга». I ўсё ж такi канкурыраваць на кандытарскiм рынку з «Iдэалам», «Спартаком» цi «Камунаркай» «Белга» не збiраецца. Для таго каб заваяваць сабе «месца пад сонцам», неабходна прапанаваць пакупнiку арыгiнальны тавар. Так, у работнiкаў прадпрыемства з’явiлася iдэя наладзiць вытворчасць дробсаў, якiя ўяўляюць сабой рознакаляровыя застылыя кроплi глазуры i вырабляюцца на аснове натуральных раслiнных алеяў, сухiх малочных прадуктаў i какава-парашку. Гэты ласунак цудоўна падыходзiць для ўпрыгажэння тартоў, пiрожных, марожанага як у вытворчых, так i ў хатнiх умовах. Фiгурны шакалад таксама пакуль нiхто ў Беларусi не вырабляў. Як i цукеркi з натуральных малочных прадуктаў у выглядзе белых i расфарбаваных натуральнымi фарбавальнiкамi фiгурак. Асвоена на прадпрыемстве i вытворчасць цукровай пудры. Усе какава-прадукты закупляюцца «Белгай» у Галандыi, цукар выкарыстоўваецца беларускi, а кандытарскi тлушч прыходзiцца набываць у Маскве. Сёння «Белга» рэалiзуе сваю прадукцыю не толькi ў Беларусi, але i ў Расii, краiнах Балтыi. Праўда, канкурэнцыя не заўсёды бывае сумленнай. У ТАА «Белга» лiчаць, што настаў час навесцi на шакаладным рынку парадак. Нярэдка пад выглядам натуральнага шакаладу цi натуральных шакаладных глазураў прапануюцца розныя iх заменнiкi. Натуральны шакалад заўсёды гатуецца з какававых зярнят, якiя перапрацоўваюцца ў цёртую какаву i какава-алей. Акрамя гэтых двух асноўных кампанентаў натуральны шакалад можа ўключаць таксама цукар, сухое малако, вяршкi i ванiлiн. Перш чым ператварыцца ў звыклую для нас плiтку, будучы шакалад змешваецца i здрабняецца некалькi разоў, i чым драбнейшай будзе шакаладная стружка, тым вышэйшай акажацца i якасць шакаладу. Натуральны шакалад ва ўсiм свеце лiчыцца дарагiм прадуктам. Таму нядзiўна, што для таго, каб зменшыць затраты на яго вытворчасць, многiя прадпрыемствы фальсiфiкуюць кампаненты шакаладу, замяняючы натуральныя какава-прадукты таннымi гiдрагенiзаванымi тлушчамi, соевымi прадуктамi i лупiнай какававых зярнят. Танны прадукт заўсёды прыцягвае ўвагу. Напрыклад, беларускiя хлебазаводы закупляюць шакаладныя глазуры для кандытарскiх вырабаў ў расiян, хаця гэты прадукт i не мае права называцца натуральным. Дарэчы, заўважана, што попыт на салодкую прадукцыю мае дакладна выражаную сезонную залежнасць: вясной i летам пачынаюць расцi аб’ёмы продажаў марожанага, а шакалад i шакаладныя цукеркi «пыляцца» на магазiнных палiцах, затое восенню-зiмой гандаль шакаладнымi вырабамi прыкметна ажыўляецца. Група французскiх дыетолагаў i нарколагаў устанавiла прамую залежнасць памiж шакаладам i настроем чалавека. Высветлiлася, што ў састаў какававых зярнят уваходзiць рэчыва, якое, хутка ўсмоктваючыся ў кроў, аказвае моцнае ўздзеянне на цэнтр задавальнення галаўнога мозга. Пастаяннае ўмеранае спажыванне шакаладу, сцвярджаюць навукоўцы, павышае працаздольнасць арганiзма i здольна павялiчыць працягласць жыцця. А так званы шакаладны водар можа нават абаранiць арганiзм чалавека ад грыпу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З абсалютна новай прадукцыяй — дробсамi, фiгурным шакаладам i цукеркамi з натуральных сухiх малочных прадуктаў — выйшла на беларускi рынак ТАА «Белга»
|
|