Сацыяльная сфера павiнна стаць больш рацыянальнай
Сяргей ПРОТАС
Падчас семiнара кiраўнiкоў рэспублiканскiх i мясцовых органаў улады прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка засяродзiў увагу на эфектыўнасцi выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў у важнейшых галiнах сацыяльнай сферы. На папярэднiм семiнары ў Магiлёве кiраўнiк дзяржавы даручыў Камiтэту дзяржкантролю правесцi адпаведныя праверкi i прааналiзаваць сiтуацыю. Вынiкi, пра якiя расказаў у сваёй справаздачы старшыня камiтэта Анатоль Тозiк, Аляксандра Лукашэнку насцярожылi.
Праверка выявiла шматлiкiя факты неэфектыўнага выкарыстання матэрыяльных сродкаў, часта яны проста раскрадалiся цi «разбазарвалiся». З iншага боку, ёсць падставы гаварыць i пра сур’ёзныя рэзервы. Паводле слоў Анатоля Тозiка, недапушчальна марнатраўна выкарыстоўваюцца матэрыяльныя сродкi пры будаўнiцтве аб’ектаў сацыяльнай сферы, асаблiва ў галiне аховы здароўя. Вось некаторыя прыклады. Шмат гадоў стаяў недабудаваным Гомельскi дыспансер радыяцыйнай медыцыны. Каб завяршыць будаўнiцтва згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, неабходна было знайсцi яшчэ 80 мiльярдаў рублёў. Прэзiдэнт Беларусi даручыў Камiтэту дзяржкантролю з прыцягненнем спецыялiстаў забяспечыць знiжэнне кошту будаўнiцтва не менш як на 25 працэнтаў. На працягу месяца з дапамогай Мiнiстэрства аховы здароўя, Мiнбудархiтэктуры, Гомельскага аблвыканкама былi знойдзены тэхнiчныя рашэннi, якiя дазволiлi знiзiць выдаткi на 41 працэнт, цi амаль на 33 мiльярды рублёў! Нi функцыянальна, нi па якасцi аб’ект нiчога не страцiў. Папярэднiя разлiкi паказваюць, што i на аснашчэннi дыспансера можна зэканомiць 16 мiльёнаў долараў. Падобны вынiк, толькi з меншымi лiчбамi, атрымаўся i падчас праведзенай па даручэнню кiраўнiка дзяржавы рэвiзii сродкаў, неабходных для завяршэння будаўнiцтва i аснашчэння Цэнтральнай раённай бальнiцы ў Касцюковiчах i трэцяй чаргi анкалагiчнага дыспансера ў Бабруйску (расходы ўдалося скарацiць на 14 i на 3 мiльярды рублёў адпаведна). Прычым у Касцюковiчах бальнiца будавалася з такiм размахам, што ў яе карпусах магла размясцiцца любая рэспублiканская клiнiка. Многiя аб’екты будавалiся i працягваюць будавацца без элементарных разлiкаў iх патрэбнасцi. Асаблiва вялiкiя неапраўданыя ў сучасных умовах выдаткi бюджэтных сродкаў выяўлены менавiта ў медыцыне. Чаго толькi вартае ўтрыманне велiзарнага ложкавага фонду, якi ў паўтара раза больш у разлiку на 10 тысяч насельнiцтва, чым у Еўропе: там 81 ложак на 10 тысяч насельнiцтва, у нас — 126, а ў Магiлёўскай вобласцi нават 138! Не танна абыходзiцца бюджэту i харчаванне хворых. Прычым значная частка прадуктаў часта пераводзiцца ў адходы цi проста раскрадаецца. Напрыклад, падчас праверкi Першай гарадской клiнiчнай бальнiцы сталiцы выяўлена, што штодзень на харчблоку застаецца 12—15 50-лiтровых бакаў харчовых адходаў — гэта 650—700 кiлаграмаў штодня! На жаль, ахова здароўя па нерацыянальнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў далёка не выключэнне. Сёлета Камiтэт дзяржкантролю праверыў 108 прадпрыемстваў харчавання ў сацыяльнай сферы (бальнiцы, школы i iнш.) — абсалютна ва ўсiх выяўлены крадзяжы. Не заўсёды як след лiчаць дзяржаўныя грошы i ў некаторых iншых мiнiстэрствах i ведамствах. Так, зусiм нядаўна Мiнiстэрства адукацыi прадставiла каштарыс на правядзенне з’ездаў БСМ, БПСМ i аб’яднаўчага з’езда гэтых маладзёжных арганiзацый — 150 мiльёнаў рублёў. Пасля адпаведнай праверкi па даручэнню прэзiдэнта суму ўдалася скарацiць ... на 105 мiльёнаў рублёў. З’езд прайшоў без анiякiх праблем. Пэўны час таму Камiтэт дзяржкантролю завяршыў комплексную праверку прадпрыемстваў жыллёва-камунальнага комплексу. Паводле слоў Анатоля Тозiка, гэта яшчэ адна галiна, дзе бюджэтныя сродкi трацяцца без падлiку i без меры. Выяўлены велiзарныя страты вады ў сiстэмах водазабеспячэння, цяпла, электраэнергii, бескантрольны расход сродкаў i спiсанне матэрыяльных рэсурсаў падчас правядзення бягучага i капiтальнага рамонту жыллёвага фонду, «раздутыя» штаты кiраўнiцкага апарату арганiзацый жыллёва-камунальнай гаспадаркi i iх нiякай логiкай не вытлумачальная заработная плата. У 2001 годзе толькi страты вады па краiне ў водаправодных сетках склалi 125 мiльёнаў кубаметраў цi 14 працэнтаў ад аб’ёмаў вады, пададзенай у сеткi. Дарэчы, падача гэтага аб’ёму вады абышлася ў 15 мiльярдаў рублёў. Кампанiя па ўстаноўцы iндывiдуальных лiчыльнiкаў вады практычна спынiлася. I першыя, хто гэтаму спрыяе, — жыллёва-камунальныя службы. Бо, калi будзе лiчыльнiк, за вышэй прыведзеныя страты прыйдзецца адказваць. А зараз можна «па-цiхаму» падзялiць перарасход на ўсiх спажыўцоў i выставiць рахунак дзяржаве на пакрыццё страт. Вось i атрымлiваецца, што беларусы — «самая мурзатая нацыя ў свеце», бо спажываюць 300 лiтраў вады на чалавека кожныя суткi (для параўнання: у Германii — 125, у Вялiкабрытанii — 136 лiтраў). Камiтэт дзяржкантролю звярнуў увагу i на заробкi кiраўнiкоў арганiзацый жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Анатоль Тозiк прывёў сумы зарплат некаторых кiраўнiкоў за сакавiк гэтага года: ад 1 100 000 рублёў да 2 161 000 рублёў! Прычым нават зарплаты галоўных бухгалтараў, намеснiкаў кiраўнiкоў, галоўных iнжынераў значна перавышалi заробкi губернатараў абласцей. Сапраўды, як у такiм выпадку можна сцвярджаць, што людзi мала плацяць за камунальнае абслугоўванне i нашы грошы не пакрываюць расходы? Такiя «расходы», пагадзiцеся, пакрыць даволi складана. Сёння вельмi абвастрылася праблема льготнага забеспячэння насельнiцтва лекамi. Летась на гэтыя мэты было выдаткавана 37 мiльярдаў рублёў, сёлета — больш як 43 мiльярды. Чым больш дарагiмi становяцца лекi, тым больш злоўжыванняў выяўляецца ў гэтай галiне. Сёння ўжо многiя з тых, каму гэтыя лекi сапраўды неабходныя, не могуць iх набыць. Анатоль Тозiк расказаў удзельнiкам семiнара, як у адной з палескiх вёсак людзi завялi яго на сметнiк i паказалi кучу лекаў, якiя iх сусед, што карыстаецца льготамi, набiрае ў запас, а потым выкiдвае, бо заканчваецца тэрмiн захоўвання. У чыгуначнай бальнiцы Магiлёва льготныя рэцэпты выпiсвалiся на памёршых людзей. Урач-эндакрынолаг праз два з паловай гады пасля смерцi чалавека зрабiла запiс у яго амбулаторнай картцы, што «нябожчык» быў на прыёме, яму вымяраўся цiск, быў пастаўлены дыягназ i выпiсаны льготныя рэцэпты на атрыманне медыкаментаў. Анатоль Тозiк падкрэслiў, што прыводзiць у прыклад не «смажаныя» факты, а тыповыя, спiс якiх можна прадоўжыць. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выправiць усе названыя хiбы ў самыя сцiслыя тэрмiны, жорстка пакараць вiнаватых i кампенсаваць нанесены дзяржаве ўрон. Кiраўнiка Беларусi абурыў той факт, што пра ўсе названыя негатыўныя моманты ён даведаўся ад старшынi Камiтэта дзяржкантролю, а не ад кiраўнiкоў адказных мiнiстэрстваў i ведамстваў. Iм было даручана да 1 студзеня навесцi парадак у падначаленых галiнах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падчас семiнара кiраўнiкоў рэспублiканскiх i мясцовых органаў улады прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка засяродзiў увагу на эфектыўнасцi выкарыстан
|
|