У Новы год «зоркi» абяцаюць... наведаць экраны вашых тэлевiзараў, а БТ — выставiць на продаж клюш
Хочаце — верце, хочаце — не, але адным з галоўных дзеючых персанажаў пад Новы год робiцца хатнi любiмец — тэлевiзар. Без пятнаццацi апоўнач сям’я рассаджваецца за сталом, гучаць традыцыйныя вiншаваннi i бой курантаў, а потым...
А вось што «потым», расказаў карэспандэнту «Звязды» генеральны дырэктар Дырэкцыi вяшчання Першага нацыянальнага тэлеканала Уладзiмiр Максiмкоў. — Уладзiмiр Яўгенавiч, што рыхтуе для гледачоў БТ пад Новы год? — Па-першае, з нашай дапамогай пераможца конкурсу «Мiс Беларусь 2002» накiроўваецца на конкурс «Мiс Еўропа». У нас эксклюзiўныя правы на трансляцыю, i 28 снежня гледачы ўбачаць гэту падзею у эфiры Першага нацыянальнага. Так што «хварэем» i перажываем за нашу прыгажуню, тым больш, што i падобная паездка, i трансляцыя адбываюцца ўпершыню. Па-другое, не застануцца без увагi Каляды: пакажам унутрыбеларускую каталiцкую службу i мiжнародную праваслаўную. У апошнiм выпадку адбудзецца складаны тэлемост: адначасовая трансляцыя служб у Мiнску, у Полацку i ў Iерусалiме. На наш погляд, такi праект вельмi важны i знакавы для яднання праваслаўных вернiкаў: галоўная святыня Беларусi — мошчы Ефрасiннi Полацкай, а яна, як вядома, здзейснiла паломнiцтва ў Iерусалiм... Далей, у лiк перадсвяточных праектаў уваходзiць «Алiмпiйскi баль»: узнагароджанне лепшых спартсменаў па розных намiнацыях, а таксама дабрачынны аўкцыён некаторых рэчаў знакамiтасцяў (напрыклад, на продаж будзе выстаўлена клюшка Руслана Салея). Натуральна, падводзiць вынiкi года мiжнародны фестываль «На скрыжаваннях Еўропы» (гледачы ўбачаць запiс канцэрту якраз 31 снежня), якi «раздасць сланоў» тым з пачынаючых артыстаў, хто сапраўды iх заслужыў. I, нарэшце, «Навагодняя ноч» — сёлета гэта незвычайны, эксперыментальны праект. Мы адмовiлiся ад традыцыйнай формы канцэртаў i «Агеньчыкаў». Выходзiць, на маю думку, вельмi цiкава. Мы хацелi, каб атрымалася мiжнароднае шоу, своеасаблiвы тэлесерыял, у якiм спалучалiся б сусветныя i айчынныя артысты, бо Беларусь — роўная сярод роўных, i многiя нашы «зоркi» нiколькi не прайграюць замежным. — Калi не сакрэт, хто са знакамiтасцяў ужо пагадзiўся «асвятлiць» экран? Можа, мы ўбачым новыя твары? — Пакуль давайце не будзем раскрываць карты, каб не парушаць iнтрыгу. Адно скажу: як высветлiлася, Беларусь уяўляе нават вельмi вялiкую цiкавасць для многiх пакрысе згасаючых, але ўсё яшчэ вядомых «зорак». Некаторыя так навязвалiся, што давялося нават адмаўляцца. — У Расii народная пастаноўка «Старыя песнi пра галоўнае» перажыла ажно тры, калi не чатыры рэмiксы. А нам цi варта чакаць чаго-небудзь накшталт «Цягнiка № 2»? — Не, дакладна. «Цягнiк № 1» быў добрым эксперыментам, аднак мы не хочам паўтарацца. «Старыя песнi пра галоўнае» народ, што называецца, «зачапiлi», з гэтай прычыны i з’явiлiся рэмiксы. А мы пакуль не знайшлi тую форму, якая патрабавала б раскруткi i працягласцi. Тым больш, мы не хочам сваiм гледачам нагнаць аскому. — Любое добрае пачынанне, асаблiва маштабнае, патрабуе фiнансавых улiванняў. У Белтэлерадыёкампанii не было праблем з грашыма? — Фiнансавае пытанне заўсёды «стаiць», i заўсёды востра. Мы, канешне, не бяздонны цэбар — ёсць бюджэтнае фiнансаванне, за рамкi якога не скочыш. Таму са стосу цiкавых iдэй мы адбiралi самыя-самыя, на якiя ўжо грошай не шкадавалi. Да таго ж, канешне, трэба выказаць удзячнасць усiм супрацоўнiкам тэлерадыёкампанii за энтузiязм, бо праца пякельная, а заробкi не вельмi вялiкiя. Урэшце, звычайна фiнансавыя пытаннi вырашае рэкламна-камерцыйная дырэкцыя, якая выдзяляе сродкi пад канкрэтны творчы праект. — Як вы лiчыце, цi не будзе ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня жорсткай канкурэнцыi памiж уласнабеларускiмi каналамi — АНТ, БТ, СТБ? — Я не ведаю, шчыра кажучы, што рыхтуюць калегi. Аднак, мяркую, канкурэнцыi не будзе, бо розныя каналы распрацоўваюць розныя праграмы, а глядач ужо сам вырашае, што яму больш цiкава. — Уладзiмiр Яўгенавiч, а вы самi якiя каналы глядзiце ў Новы год? — Як правiла, увогуле не гляджу тэлевiзар спецыяльна, шчоўкаю па каналах. Мне здаецца, так Новы год адзначаюць многiя: «блакiтны экран» служыць толькi фонам для свята. Наўрад цi не хта здольны прагледзець цалкам адну, няхай нават цiкавую, праграму ад пачатку да канца, хутчэй, тэлевiзар пераключаюць «пад настрой», ствараючы яскравую мазаiчную карцiнку. Гэта ўсё адно, як складаць хiт-парад памiж шампанскiм, гарэлкай, пiвам i марцiнi: якi напой будзе самым запатрабаваным? Кожны ж падбярэ на ўласны густ. Так i з тэлебачаннем. Добра, калi нехта трошкi больш затрымаецца на нашым канале, гэта будзе прыемна мне як дырэктару вяшчання. Але галоўнае — каб быў выбар, каб чалавек мог глядзець тое, што яму спадабаецца. — Калi казаць пра блiжэйшую будучыню, дык напачатку 2003 года цi будуць запушчаны нейкiя новыя тэлепраекты? — Яны не прывязаны канкрэтна да пачатку наступнага года. Ужо напярэдаднi каталiцкiх Каляд у нас пройдзе тыдзень Мiжнароднага французскага канала: рэдкiя фiльмы, канцэртныя i шоу-праграмы. У лютым на экранах з’явяцца некаторыя навiнкi. Дарэчы, Белтэлерадыёкампанiя абсалютна адкрытая для супрацоўнiцтва, любыя шалёныя iдэi прымаюцца i разглядаюцца з вялiкiм задавальненнем. Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хочаце — верце, хочаце — не, але адным з галоўных дзеючых персанажаў пад Новы год робiцца хатнi любiмец — тэлевiзар |
|