Мiхаiл Орда, першы сакратар ЦК БРСМ: Усе нашы праграмы — ад жыцця
Алена ВАЙЦЯХОВIЧ
Шостага верасня споўнiўся год з дня ўтварэння Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi (дзве маладзёжныя арганiзацыi — БСМ i БПСМ злiлiся ў адну). I сёння БРСМ — буйнейшае i самае ўплывовае аб’яднанне ў нашай краiне. На першы дзень нараджэння ў сталiцу з’ехалiся лiдары з усiх рэгiёнаў рэспублiкi (а гэта каля 200 чалавек), i, як заўважыў першы сакратар ЦК БРСМ Мiхаiл Орда, яны маюць памкненне i гатовы працаваць на карысць моладзi, дзяржавы. Якiм жа чынам маладзёжная арганiзацыя будзе дапамагаць хлопцам i дзяўчатам? З такiм пытаннем мы звярнулiся да Мiхаiла Сяргеевiча.
— Арганiзацыя павiнна быць цiкавай i карыснай моладзi. Пад сваiм дахам яна збiрае хлопцаў i дзяўчат, дае iм магчымасць знаёмiцца, сустракацца, гутарыць. I, зразумела, яна вырашае праблемы моладзi. Напрыклад, мы ўзнiмаем пытанне аб першым працоўным месцы. З прафсаюзамi мы дамовiлiся аб тым, што ў блiжэйшы час гэта абмяркуем, праверым, як кiраўнiкi прадпрыемстваў забяспечваюць працай маладых спецыялiстаў. Усё ж, калi сёння дзяржава нясе расходы на падрыхтоўку кадраў, гэтыя кадры павiнны быць запатрабаванымi. Акрамя таго незапатрабаваныя маладыя людзi знаходзяць сабе сумнiўныя формы заробку. Трэба зазначыць, што сёння БРСМ мае выдатную структуру. Мы даходзiм да вёсак, заводаў, навучальных устаноў. Зараз у нас толькi сакратароў пярвiчных арганiзацый 5 тысяч, створаны 182 тэрытарыяльныя камiтэты. Гэта дастаткова моцная сур’ёзная арганiзацыя, якая мае 105 тысяч членаў, i яна працягвае расцi. I названыя 105 тысяч — гэта зафiксаваныя людзi, яны запоўнiлi ўлiковыя карткi, атрымалi членскiя бiлеты, плацяць узносы. Тут нiхто не прыпiсаны. I я лiчу, што гэта найлепшая форма ўлiку членаў арганiзацыi. — Якiм чынам вы адбiраеце праграмы? — Моладзь да нас iдзе з задавальненнем, бо ўсе нашы праграмы, як кажуць, «ад жыцця». Мы iмкнёмся рабiць тое, у чым моладзь мае неабходнасць. I, канешне, мы высвятляем, чаго яна хоча — праводзiм розныя дыскусii, фокус-групы, высвятляем, як будзе ўспрымацца пэўны праект, цi будзе ён папулярным. Напрыклад, у нас працуе iнфармацыйная лiнiя. Патэлефанаваўшы па нумары 222-37-37, хлопцы i дзяўчаты могуць даведацца, пра тое, дзе набыць пэўную лiтаратуру, дзе здаецца ў наём жыллё. Хутка запусцiм праграмы «занятасць» i «вольны час». I база будзе пашырацца, iнфармацыя будзе сцякацца з усiх раёнаў. У хуткiм часе вы зможаце патэлефанаваць на iнфалiнiю i даведацца ледзь не нумар хатняга тэлефона асобы, якая жыве ў пэўным рэгiёне. — I якiм чынам вы будзеце здабываць такiя звесткi? — У кожным раёне ёсць тэлефонныя даведнiкi: інфармацыю мы абагульняем у электронным выглядзе, звесткi аб наяўнасцi пэўнай лiтаратуры атрымлiваем ад «Белкнiгi», супрацоўнiчаем з распаўсюджвальнiкамi кнiг. Так, пэўную iнфармацыю вы можаце атрымаць i зараз, толькi вам прыйдзецца набiраць некалькi тэлефонных нумароў, каб атрымаць усё, што трэба. Проста зараз яна разрозненая, а куды зручней атрымлiваць яе ў адным месцы. I гэта iнфалiнiя даступная абсалютна для ўсёй моладзi. Мяркуем дзесьцi ў кастрычнiку запусцiць яшчэ адзiн пiлотны праект — лiнiю дапамогi, яна разлiчана толькi на членаў Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi. Калi вы некуды паехалi, i з вамi нешта здарылася (можа, вы адсталi ад групы, вас абакралi, машына зламалася i гэтак далей), можаце патэлефанаваць на iнфалiнiю, назваць нумар свайго членскага бiлета, прозвiшча, месца i сваю праблему. Тут жа аператар iнфалiнii, праверыць, цi ёсць такая асоба ў камп’ютарнай базе даных, а пасля звяжацца з сакратаром раёна, у якiм вы пацярпелi. I першы, і другі сакратары раёна абавязаны аказаць вам дапамогу — гэта ў нас нават у палажэннi прапiсана. Ён не павiнен шукаць грошы, але даць парады, забранiраваць нумар у гасцiнiцы, расказаць, дзе адрамантаваць машыну, у рэшце рэшт, напаiць гарбатай ён можа. А яшчэ членскi бiлет дае права на скiдкi. Ужо дзейнiчае сiстэма дысконтных скiдак амаль у кожным раёне. — А хто ўступае ў рады БРСМ? — 45 працэнтаў нашых членаў — школьнiкi, 27 — студэнты i навучэнская моладзь, 18 — працоўная моладзь, i каля 6—7 — вясковая. Мы бачым, што пакуль не ўдзяляем асаблiвай увагi апошнiм. А, пагадзiцеся, нам прыемна адчуваць, што нас паважаюць за тое, што мы беларусы, за нашу адкрытасць, гасцiннасць, любоў да працы. А ўсе гэтыя якасцi выхоўвае вёска. Мне здаецца, беларускасцi не можа быць без вёскi. Гэта нацыянальная праблема, i за яе трэба брацца ўсiм. Прэзiдэнт на нарадзе кiруючых работнiкаў у Нясвiжы заўважыў, што трэба асаблiвую ўвагу ўдзяляць адраджэнню вёскi. А гэта будзе немагчыма зрабiць без моладзi. Хлопцы i дзяўчаты з’язджаюць адтуль, бо нiчога, акрамя працы, там не бачаць. Саюз моладзi можа тут дапамагчы. Пярвiчкi сёння ствараюцца амаль ва ўсiх гаспадарках. Будуць праводзiцца мiжкалгасныя спаборнiцтвы. Моладзь зможа далучыцца да шматлiкiх праграм БРСМ. Мы запусцiм праграму «Вазьмi сваю вышыню» (гэта як ранейшыя спаборнiцтвы ГПА «Гатоў да працы i абароны»), i плануецца, што ўдзельнiчаць у ёй будуць усе школы раёнаў. — Цi не збiраецеся аднаўляць на вёсцы дамы культуры, клубы? Гэта ўвогуле магчыма? — Так, мы будзем праводзiць сумесныя праграмы з Мiнкультуры. Супрацоўнiчаем з кiраўнiкамi гаспадарак. Калi на вёсцы моладзь аб’ядноўваецца, можна зрабiць усё: адрамантаваць тыя ж клубы, тут ужо ёсць сэнс звярнуцца да кiраўнiкоў гаспадаркi i папрасiць набыць апаратуру. — Добра, арганiзавалi моладзь у вольны час, але гэта праблемы з вымiраннем вёскi не вырашае... — Тут пытанне ў тым, што не вядзецца тлумачальная работа сярод моладых людзей аб тым, што чакае iх у горадзе. Горад сёння мяняецца, прадпрыемствы праводзяць рэарганiзацыю, становяцца больш навукаёмiстымi, у вынiку чаго скарачаюцца працоўныя месцы... Замацавацца ў горадзе змогуць толькi самыя прабiўныя, самыя лепшыя. Гэта трэба растлумачваць. I калi чалавек вырас у вёсцы, умее i любiць працаваць на зямлi, а ў горад едзе толькi таму, што спадзяецца знайсцi высокааплатную працу i камфортныя ўмовы жыцця, цi ёсць яму сэнс зрывацца са свайго месца? Многiя такiя сем’i жывуць па 20—25 гадоў у iнтэрнатах, у маленькiх пакойчыках, i прасвету няма, бо жыллё ў горадзе ўсё даражэе. На вёсцы дзяржава дапамагае, выдае крэдыт на будаўнiцтва жылля. Магчыма, такiя крэдыты павiнны атрымлiваць яшчэ студэнты, так, каб да заканчэння унiверсiтэтаў яны прыязджалi працаваць у вёску, дзе пабудаваны iх дом. I каб гэта была не халупка, а сапраўдны камфартабельны катэджык з санвузлом, газам. Трэба мяняць адносiны да быту на вёсцы. — БСМ i БПСМ сярод сваiх недахопаў заўважалi той, што ў iх шарэнгах мала працоўнай моладзi. У БРСМ такiх хлопцаў i дзяўчат — 18 працэнтаў. Як вы гэтага дасягнулi? — Мы з многiмi прадпрыемствамi дамовiлiся, што пярвiчную ячэйку яны ўключаць у калектыўны дагавор i будуць выдзяляць для арганiзацыi грошы на паходы, турыстычныя паездкi, спаборнiцтвы. Акрамя таго, сакратары пярвiчак уваходзяць у кiруючыя саветы арганiзацый, а значыць, абараняюць iнтарэсы моладзi. У нас напрацоўваюцца i цiкавыя мiжнародныя праграмы. Напрыклад, будзем праводзiць «летнiя унiверсiтэты», калi з хлопцамi i дзяўчатамi будуць займацца прафесары, акадэмiкi. Падтрымлiваем таленавiтую моладзь — працуе спецыяльны цэнтр, створаны секцыi, кiруючы савет, у якi ўвайшлi прадстаўнiкi творчых саюзаў, знакамiтыя кампазiтары, журналiсты. Таленавiтых асоб трэба «раскручваць», i мы будзем праводзiць выставы, пленэры, прэзентацыi, паказы, гастролi. Наогул, пра нашы праграмы можна расказваць доўга, мы практычна пакрываем усе патрэбы моладзi. Проста мы нiчога не робiм за моладзь — толькi яе арганiзоўваем, крыху падштурхоўваем. У адзiночку наўрад цi малады чалавек зможа задаць свае пытаннi прадстаўнiкам кiруючых органаў, мiнiстрам. Але арганiзацыя будзе пачута. Мы праводзiм кансультацыi, «круглыя сталы», куды запрашаем мiнiстраў, iх намеснiкаў, дэпутатаў. — Якую ролю арганiзацыя павiнна адыгрываць у выхаваннi моладзi? Прынамсi ў патрыятычным? — Трэба разумець, што калi ў дзяржавы няма iдэалогii — няма i самой дзяржавы. А iдэалогiя якраз i заснавана на патрыятызме. Трэба мяняць адносiны да сцяга i герба. Глядзiце, у Фiнляндыi сям’я, як прачынаецца зранку, падымае флаг на флагштоку, якi стаiць побач з домам, а ўвечары спускае. Дык што такое патрыятызм? Гэта любоў да сваёй радзiмы, гатоўнасць усё ёй аддаць. Ёсць людзi, якiя здзейснiлi подзвiгi ў мiрны час, напрыклад, у пачатку 90-х, а пра iх амаль нiхто не ведае. I мы рыхтуем серыю плакатаў, каб расказаць пра такiх асоб. Мы павiнны ганарыцца i нашымi спартсменамi — пераможцамi мiжнародных спаборнiцтваў. Выхаванне гордасцi за сваю краiну — гэта вельмi важна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шостага верасня споўнiўся год з дня ўтварэння Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi (дзве маладзёжныя арганiзацыi — БСМ i БПСМ злiлiся ў адну). |
|