Пачуй сваё сэрцаПРАМАЯ ЛIНIЯ На пытаннi нашых чытачоў адказвае загадчык кафедры кардыялогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi, член-карэспандэнт НАН Рэспублiкi Беларусь прафесар Аляксандр МРОЧАК(Працяг. Пачатак у нумарах за 13—23 красавiка.) — Тэлефануе Яўгенiя Станiславаўна з Бярэзiнскага раёна, 74 гады. Дыягназ мой — атэрасклероз аорты i гiпакiнез мiякарда левага жалудачка, блакада пярэдняй веткi ЛНП Гiса i прыметы гiпертрафii левага жалудачка. Часта збiваецца рытм сэрца... Скажыце, калi ласка, цi можна пры гэтым дыягназе прымаць лякарства ад павышанага цiску эналапрыл (вытворчасцi Славенii), калi ў яго iнструкцыi напiсана: пры гiпертрафii цi дысфункцыi левага жалудачка прымаць не рэкамендуецца. — Пры вашым дыягназе эналапрыл з’яўляецца прэпаратам выбару, iнакш кажучы, прэпаратам, якi прызначаецца ў першую чаргу! У падобных выпадках урач адштурхоўваецца ад таго, што эналапрыл прынясе вам больш карысцi, чым шкоды. — А цi не шкодна пры маiм дыягназе прымаць прэпараты, якiя знiжаюць цiск? — Не шкодна па адной простай прычыне — прэпараты, якiя знiжаюць цiск, палягчаюць i работу сэрца. Сэрцу лепш працуецца пры нiзкiм цiску, чым пры высокiм. Тым больш калi ўлiчыць, што ў вас ужо ёсць гiпертрафiя левага жалудачка. — А яшчэ ў мяне 5 гадоў ужо шумiць у галаве. Прымала пiрацэтам, але паляпшэння няма. — Для пачатку вам неабходна абследавацца ў ЛОР-урача, каб выключыць такое захворванне, як неўрыт слыхавога нерва. А пасля ўжо трэба звяртацца да неўрапатолага за ўдакладненнем лячэння. — Тэлефануе Мiхаiл Казiмiравiч са Стаўбцоўскага раёна, 60 гадоў. У 84-м годзе я перанёс iнсульт (выдалiлi гематому), а ў 98-м — буйнаачаговы iнфаркт мiякарда. Потым быў i другi iнфаркт, i трэцi. Цяпер з’явiлася вельмi моцная задышка. Прымаю монасан i энарэнал, але ўсё роўна задыхаюся. Што вы параiце мне прымаць? I дзе можна падлячыцца? Лячэнне ў раённай бальнiцы мала што дае. — Кожны iнфаркт — гэта, груба кажучы, страта сэрца. Знiжаецца яго здольнасць скарачацца, узнiкае сардэчная недастатковасць — сэрца з цяжкасцю адпампоўвае з лёгкiх кроў. Адсюль — задышка. Вам на дадзеным выпадку неабходна падтрымлiваць сваё здароўе хоць бы на цяперашнiм узроўнi — павольна, вельмi карэктна, пацiху весцi лячэнне сардэчнай недастатковасцi. Тут нельга перастарацца. Канешне, у стацыянары гэта робяць лепш. Калi ў вас узмацнiлiся ўсе прыметы сардэчнай недастатковасцi, паспрабуйце ўсё ж узяць накiраванне ў вашага лечачага ўрача ў абласную бальнiцу, у Бараўляны. — Валянцiна Бранiславаўна тэлефануе з горада Паставы, 49 гадоў. Непакоiць мяне парушэнне рытму — кардыялгiя. Дыягназ — iшэмiчная хвароба сэрца, вазаспастычная форма стэнакардыi, мiякардыядыстрафiя... Прымаю аспiрын, дылтыязем, нiтраты пралангiраванага дзеяння. Але хвароба прагрэсiруе. Як трапiць да вас на прыём для ўдакладнення дыягназу? — Звяртайцеся ў Кардыялагiчны цэнтр 1-й клiнiчнай бальнiцы ў Мiнску (праспект Скарыны, 64), 6-ы паверх. Можаце пад’ехаць у любы дзень (акрамя чацвярга), лепш — з 11 да 13 гадзiн. Спашлiцеся на нашу «прамую лiнiю». Вазьмiце толькi з сабой усе вынiкi абследаванняў, якiя вам рабiлi. — Мая Купрыянаўна з Нясвiжа, 70 гадоў. Мой дыягназ — гiпертанiя. Але ў апошнiя тры гады, пасля смерцi мужа, у мяне кожную ноч узнiкаюць прыступы параксiзмальнай тахiкардыi. Адразу прымаю анапрылiн, карвалол. Але праз 2 гадзiны прыступ паўтараецца. I так кожную ноч. Ужо замучылася зусiм. — Параксiзмальная тахiкардыя можа правакавацца нервовым уздзеяннем, стрэсам. Але асноўная прычына — у сэрцы. Iснуе шэсць разнавiднасцяў параксiзмальнай тахiкардыi, i ў залежнасцi ад разнавiднасцi прызначаецца лячэнне. Жалудачкавая — самы небяспечны варыянт, трэба сур’ёзна ёю займацца разам з урачамi, прадсердная — можна i самому купiраваць прыступ, вузлавая тахiкардыя — увогуле лёгка купiруецца. Вы павiнны былi ведаць акрамя агульнага дыягназу яшчэ i ваш вiд параксiзмальнай тахiкардыi. Для гэтага трэба зрабiць кардыяграму — абавязкова падчас надыходу прыступаў, падчас дрэннага самаадчування. (Кардыяграма, зробленая вамi ў спакойным, нармальным стане, нiчога не дасць.) Так што ўдакладнiце дыягназ у свайго кардыёлага. — Тэлефануе Леанiд Францавiч з Чэрвеня. Жонцы маёй 82 гады, яна iнвалiд I групы. Ёй ставяць дыягназ кардыясклероз, мiгальная арытмiя... У лютым жонка захварэла на грып, яе забралi ў бальнiцу. Пасля чаго з’явiлася хвароба — дысцыркуляторная iатэрасклератычная энцэфалапатыя II ступенi. Раней яна хадзiла сама, цяпер увогуле не ходзiць, страчвае раўнавагу. Што ёй лепш прымаць, каб палепшыць работу сасудаў галавы? Прымаем фезам, кавентон, пiрацэтам. — Лячэнне вам прызначана правiльнае, працягвайце яго ў дозах, рэкамендаваных урачом. Дарэчы, грып не мае нiякага дачынення да ўзнiкнення ў вашай жонкi энцэфалапатыi. Хутчэй за ўсё, прычынай ускладнення магла стаць мiгальная арытмiя. — Аляксандр Аляксандравiч з Уздзенскага раёна непакоiць. У мяне стэнакардыя напружання, пасляiнфарктны кардыясклероз, анеўрызма вярхушачнай вобласцi левага жалудачка, iшэмiчная кардыяпатыя. Лячуся рэнiтэкам, верашпiронам, эзiлокам, iзалонгам. Але адчуваю сябе дрэнна. Магчыма, патрэбны iншыя лекi? — Справа тут не ў леках — яны дастаткова эфектыўныя. Але калi лячэнне не прыносiць поспеху, нядрэнна было б ацанiць стан каранарнага рэчышча (значыць, зрабiць каранараграфiю) i прыняць рашэнне наконт больш радыкальнага метаду лячэння гэтага захворвання. Звярнiцеся з такiм пытаннем да вашага лечачага ўрача — ён павiнен даць накiраванне на каранараграфiю. — Таццяна Мiхайлаўна, горад Жодзiна, 44 гады. Адчуваю боль у вобласцi сэрца, прычым ён не праходзiць суткамi. Цiсне за грудзiнай. Дыягназ пасля кардыяграмы — НЦД. Урач сказаў, што прычына болю — адкладанне соляў, што мая праблема — пазваночнiк, а не сэрца. Але ж i кардыяграма ў мяне не вельмi добрая, i сэрца балiць. Чым можна зняць гэты боль? Прымаю эгiлок (ад яго круцiцца галава), магнiй i мiлдранат. — Калi з’яўляюцца болi ў грудной клетцы, гэта называецца кардыялгiяй. Прычыны кардыялгii часцей за ўсё зусiм не звязаны з праблемамi сэрца. Гэта могуць быць i спазмы стрававода, i грыжа страваводнага аддзела дыяфрагмы, i мноства iншых прычын. Але адной з найбольш распаўсюджаных з’яўляецца астэахандроз шыйна-груднога аддзела пазваночнiка — менавiта ён можа даваць стойкiя болi за грудзiнай, якiя не купiруюцца нiякiмi сардэчнымi прэпаратамi. Ваша праблема датычыцца не аднаго спецыялiста, а двух — кардыёлага i неўрапатолага. Кардыёлаг павiнен выключыць (або пацвердзiць) iшэмiчную хваробу сэрца, а неўрапатолаг — прызначыць лячэнне для шыйна-груднога аддзела пазваночнiка. — Тамара Iванаўна, горад Мазыр, 48 гадоў. Пастаянна адчуваю перабоi ў рабоце сэрца. Яно быццам бы ўздрыгвае, i я моцна палохаюся. Што гэта такое? I цi дапамагаюць пры гэтым аспаркам i анапрылiн, якiя мне прызначылi? Урач сказаў, што кардыяграма добрая. — Мяркуючы па вашых сiмптомах, размова iдзе аб экстрасiсталii — адзiнкавых перабоях у рабоце сэрца. Прычына iх можа быць звязана або з захворваннем сэрца, або з вегетатыўнымi парушэннямi. Мяркуючы па прызначаных вам прэпаратах, у вас менавiта вегетатыўныя парушэннi. Яны, на шчасце, не патрабуюць iстотнай карэкцыi ўзнiкшай экстрасiсталii. Так што працягвайце прымаць прызначаныя вам прэпараты i пастарайцеся, па магчымасцi, не звяртаць увагi на перабоi. — Вам тэлефануе Аляксей Аляксандравiч з Барысава. Скажыце, якi ўзровень халестэрыну ў крывi можна лiчыць нармальным? — Нармальны ўзровень агульнага халестэрыну складае менш за 5 ммоль/л, цi 190 мг/дл, халестэрыну лiпапратэiдаў нiзкай шчыльнасцi — менш за 3 ммоль/л, цi 115 мг/дл. — I яшчэ пытанне. У мяне павышаны цiск — недзе 160/100. Цi можна мне ўжываць пiўныя дрожджы з калiем? — Можна. Вам увогуле рэкамендавана ўжываць у ежу як мага больш калiю. Гэта можа быць i названы вамi прэпарат, i тая ж курага з чарнаслiвам, i звычайны бульбяны адвар — па дзве шклянкi ў дзень. — Алена Аляксандраўна з Мiнска турбуе... У мяне да вас такое пытанне, Аляксандр Генадзьевiч. Высокi цiск — ён жа не адразу з’яўляецца. Ёсць так званы «пераходны перыяд», калi цiск павышаецца не моцна, а, скажам, да 130/80 цi 140/90. Вось на гэтым этапе чым яго лепш стрымлiваць, каб не даць «вырасцi» далей? — На першапачатковым этапе, калi павышаны цi высокi цiск узнiкае толькi перыядычна, часам — як рэакцыя на неспрыяльнае надвор’е, лепш прымаць бэтаблакiратары, напрыклад, тыя ж атэналол цi канкор. — Дзякуй за параду. «Прамую лiнiю» вялi Алена АЎЧЫННІКАВА i Наталля КАРПЕНКА. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi нашых чытачоў адказвае загадчык кафедры кардыялогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi, член-карэспандэнт НАН Рэспублi
|
|