Жыццё як гульня
Веранiка Русаковiч
Магчымасць дакрануцца да чароўнага свету дзяцей падарылi дарослым заснавальнiкi V Мiжнароднага фестывалю дзiцячых i юнацкiх тэатраў «Крок у неба». Вiдовiшча атрымалася яркае, цiкавае i па-сапраўднаму незвычайнае. Адбор матэрыялу не быў выпадковым. Удзельнiчалi толькi лепшыя дзiцячыя i юнацкiя тэатры. За тры днi на пляцоўцы Студэнцкага тэатра Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў выступiлi 7 тэатральных арганiзацый з Беларусi, Расii i Лiтвы.
Мунiцыпальны дзiцяча-юнацкi тэатр «Сустрэчы» з Расii паказаў спектакль «Жураўлiныя пёры». Тэатральная дзея была складзена з дзвюх частак. У японскай казцы «Жураўлiныя пёры» героi пастаўлены перад складаным «дарослым» выбарам: або грошы, або каханне. Зразумела, перамагае каханне. У другой частцы акцёры-дзецi расказвалi пра разумнага Братку Труса, якi заўсёды абхiтруе зазнайку i няўдачнiка Братку Лiса (амерыканская казка «Братка Лiс, Братка Трус i iншыя»). Тэатр створаны ў 1996 годзе i ставiць перад сабой мэты зняць псiхафiзiчную зацiснутасць дзяцей, развiваць iх фантазiю i творчае самаадчуванне. Госцi з Вiльнюса тэатр-студыя «Элементорус» выступiлi са спектаклем «Гiсторыя халадзiльнiка». Для 8—15-гадовых дзяцей была расказана гiсторыя пра таемнае жыццё, якое схавана за дзверцамi звычайнага халадзiльнiка. А калi раптам выключаецца электрычнасць, можна нават «зазiрнуць» у цудоўны свет яго жыхароў (драматург Ю. Чэкатаўскайтэ). Тэатру-студыi «Элементорус» споўнiлася ажно сорак гадоў. За гэты час калектыў паставiў 12 спектакляў. У тэатры сёння 40 маладых акцёраў ва ўзросце 8—15 гадоў. На фестывалi былi таксама прадстаўлены работы шэрагу тэатральных аб’яднанняў з розных куткоў Беларусi. Сярод iх быў Дзiцячы тэатральны цэнтр «Летуценнiкi» (кiраўнiк А. Каткавец, г. Любань). Створаны ў 1987 годзе, сёння з маленькага вясковага тэатральнага гуртка ён ператварыўся ў вядомы самабытны тэатр з ганарлiвым званнем «узорны». У спектаклi «Навошта мурашцы крылы» па п’есе З. Дудзюк расказвалася пра дзiўную маленькую мурашку па iменi Ная. Гэта была незвычайная мурашка, якая вельмi любiла марыць аб тым, што калi-небудзь яна навучыцца лятаць. У яе не было крылаў, але калi чаго-небудзь вельмi моцна захацець, гэта абавязкова адбудзецца. I ў маленькай Наi таксама ўсё атрымалася. Узорная тэатральная студыя «Трыяда» (заснаваная ў 1990 годзе) прыехала да нас з горада Лепеля. Кiраўнiк студыi О. Маханенка вялiкую ўвагу ўдзяляе вывучэнню i прапагандзе беларускай драматургii, народных традыцый i фальклору. Веданне асаблiвасцяў роднай культуры дапамагае дзецям разумець свой унутраны свет, любiць i шанаваць беларускую мову. На фестывалi «Крок у неба» гледачы ўбачылi спектакль паводле п’есы Мiкалая Чарота «Мiкiтаў лапаць» — аб цудоўных прыгодах хлопчыка Мiкiты. Сталiчны Узорны тэатр-студыя «Клас-А» (кiраўнiк Т. Шылава) прадставiў спектакль «Усе хлопчыкi — дурнi» паводле п’есы К. Драгунскай. Гэта сучасная казка аб жыццi хлопчыкаў i дзяўчынак. У пастаноўцы ролi дарослых выконваюць дарослыя, а дзяцей iграюць дзецi. На сцэне адбываюцца чароўныя пераўтварэннi, нават жудасная бойка. Усе гэтыя прыгоды аб’ядноўваюць галоўных герояў, i памiж iмi ўзнiкае сапраўднае першае каханне. Тэатр створаны ў 1990 годзе ў гiмназii № 74, за 15 гадоў iснавання было пастаўлена больш за 30 спектакляў. Спектакль «Пэпi» паводле казкi А. Лiндгрэн «Пэпi Доўгаяпанчоха» паказалi на фестывалi прадстаўнiкi Узорнага тэатра-студыi «Натхненне» (кiраўнiк Г. Собалева, г. Мiнск). Гэта ўсiм вядомая гiсторыя пра вясёлую i гарэзлiвую дзяўчынку Пэпi, яе сяброў i цiкавых прыгодах. Тэатр-студыя працуе ў гiмназii № 15. У «Натхненнi» кожны год займаецца каля 30 чалавек, яны працуюць разам са сваiмi асвятляльнiкамi, касцюмерамi, сцэнарыстамi i iншымi «дарослымi» стваральнiкамi пастановак. Дзiцячы тэатр «Рондстудыя» — арганiзатар фестывалю «Крок у неба». Гледачам быў паказаны спектакль «Людаед з iмем Чайкоўскi» паводле п’есы Н. Дзiнава. Цiкавыя падзеi з жыцця людаеда Чайкоўскага ўвасобiлi на сцэне маладыя акцёры. Кiраўнiк тэатра I. Маркава вялiкую ўвагу ўдзяляе развiццю пластычнасцi ў дзяцей. «Рондстудыя», як i ўсе iншыя, — гэта маленькi, але вельмi сур’ёзны тэатр, у якiм усе ролi выконваюць дзецi. Безумоўна, V Мiжнародны фестываль дзiцячых i юнацкiх тэатраў «Крок у неба» падвёў вынiкi творчага спаборнiцтва. Першае месца заняў расiйскi Мунiцыпальны дзiцяча-юнацкi тэатр «Сустрэчы», другое — лiтоўскi Тэатр-студыя «Элементорус», трэцяе — беларускi Узорны тэатр-студыя «Клас-А». Спецыяльным прызёрам Гран-пры стаў Дзiцячы тэатральны цэнтр «Летуценнiкi».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магчымасць дакрануцца да чароўнага свету дзяцей падарылi дарослым заснавальнiкi V Мiжнароднага фестывалю дзiцячых i юнацкiх тэатраў «Крок у неба»
|
|