Пасланне на Ражджаство Хрыстова Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе«Ражджаство Тваё, Хрысце Божа наш, заззяла свету святлом розуму» Трапар Ражджаству Хрыстоваму Сэрцы нашы зноў лікуюць у перажыванні неспасціжнага цуду Ражджаства Хрыстовага. Кожны год на працягу стагоддзяў хрысціяне розных краін і народаў зноў і зноў дзівуюцца адкравенню Прасвятой Троіцы, якое здзейснілася ў Святой зямлі больш за дзве тысячы гадоў таму. У адрозненне ад сакрэтаў чалавечых, тайны Божыя робяцца тым большымі і шматзначнейшымі, тым дзівоснейшымі і важнейшымі для нас, чым глыбей мы ў іх углядаемся і ўдумваемся. І па меры таго, як Промысл Божы раскрывае яўленую ў Ражджастве Хрыстовым прамудрасць, мы павінны ўсё больш выразна ўсведамляць сваю хрысціянскую адказнасць перад светам, які яшчэ не спазнаў радасці Ражджаства, альбо забыў яе, альбо так і не здолеў убачыць яе сапраўдны сэнс. «Хрыстос нараджаецца, каб уваскрасіць раней паўшы вобраз», — нагадвае ў гэтыя дні Святая Царква ў сваім песнапенні перад Ражджаством (трапар прадсвята, глас 4). І словы гэтыя датычацца не толькі старазапаветнага чалавецтва, але і кожнага з нас, хто жыве цяпер. Бо мітусня жыцейская і спакусы свету гэтага здольныя азмрочыць вобраз любога чалавека; і мы бываем схільныя да падзення і нярэдка падаем пад цяжарам дзён і падзей. Таму штогадовая ўрачыстасць Ражджаства робіцца заклікам да ўсіх згадаць пра сваю годнасць — чалавека, створанага як вянец тварэння Гасподняга, як адлюстраванне вобраза і падабенства Прасвятой Троіцы. У Дзень Нараджэння Госпада Іісуса Хрыста Нованароджаны Сам нагадвае пра тое, што Ён «прыйшоў знайсці і спасці тое, што загінула» (Мф. 18: 11), гэта значыць, падаць кожнаму з нас руку дапамогі, выцягнуць з бездані нашага падзення і ўвесці нас разам з Сабой у Дом Нябеснага Айца. Як і ў тую далёкую ноч, у гэтыя святочныя дні ў нашых храмах Нябёсы злучаюцца са светам зямлі. Давайце ўслухаемся ў тое, пра што пранікнёна гаворыць свяціцель Дзімітрый, мітрапаліт Растоўскі: «Увайшоў Цар Нябесны ў зямны вярцеп, і ўвайшло з Ім ўсё Яго воінства і Яго чын Нябесны; увайшло з Ім Неба з усёй сваёй нябеснай веліччу». Дарагія браты і сёстры! Мы пакліканы быць сведкамі гэтага сыходжання Нябёсаў ва ўсёй іх паўнаце ў свет чалавечы; мы павінны быць сведкамі нябеснай велічы кожнага чалавека, які жыве на зямлі. А для гэтага неабходна навучыцца заўсёды бачыць першатворную бажэственную годнасць у кожнай чалавечай асобе — нават у далёкай і адчужанай, у пыхлівай і ганарлівай, у змрочнай і адчайнай. Часам гучыць недаўменнае пытанне, як можна разважаць пра нябесную годнасць сучаснага чалавека, які ўжо да крайнасці азмрочыў у сабе вобраз і падабенства Божае? Пра якую веліч чалавека можна гаварыць, калі, паводле слоў Апостала Іаана Багаслова, «мы ведаем… што ўвесь свет ляжыць у зле» (1 Ін. 5: 19). Многія ўспрымаюць гэтыя словы любімага вучня Хрыстовага як апостальскае асуджэнне свету і таму не жадаюць мець з цяперашняй чалавечай супольнасцю нічога агульнага, нават аддзяляюць сябе ад родных і блізкіх, ад суседзяў і знаёмых, а часам і ад усяго грамадства ў цэлым. Гэта небяспечны шлях, бо ён вядзе да цеснаты сэрца і да вузкасці розуму. Каб не трапіць на гэты шлях, неабходна ведаць і тыя, што ідуць пасля прыведзенага выкрыцця словы евангеліста Іаана: «Ведаем таксама, — кажа ён, — што Сын Божы прыйшоў і даў нам святло і розум, каб мы спазналі Бога ісціннага і каб былі ў ісцінным Сыне Яго Іісусе Хрысце» (1 Ін. 5: 20). Святло Хрыстова прасвятляе ўсіх, і таму кожны хрысціянін пакліканы быць свяцільнікам, які свеціць усім. Пра тое, як выканаць гэтую запаведзь, нас навучае траістае святочнае славаслоўе: «Хрыстос нараджаецца — праслаўляйце! Хрыстос з Нябёсаў — сустракайце! Хрыстос на зямлі — узносцеся!» Сваім асабістым прыкладам хрысціяне павінны навучаць свет праслаўленню Бога, павінны дапамагаць іншым людзям ісці насустрач Яго Адзінароднаму Сыну, каб душою, духам, а ў свой час і целам узнесціся разам са Спасіцелем у дом нашага агульнага з Ім Нябеснага Айца. У гэтым і ёсць мэта подзвігу хрысціянскага жыцця. У дні нараджэння мы звычайна выказваем удзячнасць сваім бацькам, згадваем родных са старэйшых пакаленняў, расказваем розныя гісторыі са свайго дзяцінства, маладосці і сталасці… І над усім, паводле слова Евангелля, пануе радасць, «таму што чалавек нарадзіўся ў свет» (Ін. 16: 21). Нараджэнне ў свет Хрыста Спасіцеля дало жыццё Царкве Новазапаветнай. Як і яе Бажэственны Заснавальнік, Святая Царква таксама мае гісторыю свайго паходжання, Дзень свайго нараджэння і летапіс свайго быцця. На нашай Беларускай зямлі гістарычны шлях Царквы Хрыстовай быў адзначаны на рубяжы стагоддзяў дзвюма выдатнымі падзеямі. У 1992 годзе мы праводзілі святкаванне 1000-годдзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай Царквы на Белай Русі, а ў адыходзячым 2005 годзе прайшлі ўрачыстасці ў гонар 1000-годдзя епархіі Тураўскай. Перыяд паміж дзвюма гэтымі юбілейнымі датамі стаў часам адраджэння і будавання Беларускай Праваслаўнай Царквы на зямлі нашых бацькоў. Часам мы наракаем на хуткаплынны час і недаўмяваем, як можа год ці дзесяцігоддзе змясціць у сабе столькі падзей, якіх раней хапіла б на цэлае чалавечае жыццё? Адказ просты: Праўда Божая імкнецца ў свет і знаходзіць нават самае маленькае і вузкае рэчышча ў чалавечых душах, каб напаіць жыццядайнай вільгаццю Ісціны сэрцы і розумы чалавечыя. А за гэтыя гады сэрцы людзей шырока адкрыліся перад плынню Божай Праўды і Любові, і яна хлынула ў наша жыццё, імкліва змяняючы яго. Тысячагадовыя юбілеі Святой Царквы на Белай Русі сталі не проста падзеямі царкоўнага календара, а сапраўднай Ражджэственскай урачыстасцю Вечнага Жыцця, якое прыйшло на нашу зямлю ў выглядзе абшчын і епархій, храмаў і манастыроў, святых ікон і мудрых кніг. Мне хацелася б развеяць перасцярогі і страхі тых, хто панура і безнадзейна разважае пра духоўны стан і пра будучае нашага сучаснага грамадства. За гады царкоўнага адраджэння сфармавалася новае пакаленне, якое з ранняга дзяцінства далучана да Святых Хрыстовых Тайн, дзякуючы прасветленаму розуму і хрысціянскай дбайнасці іх бацькоў. Яны яшчэ маленькія, гэтыя дзеці і падлеткі, але колькасць іх узрастае, і Благадаць Божая, успрынятая імі ў дзяцінстве, неўзабаве прынясе свае плады там, дзе яны будуць здзяйсняць свой жыццёвы подзвіг пад засенню Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай і па благаславенню Тураўскага свяціцеля Кірыла, Залатавуста Святой Русі. Узлюбленыя браты і сёстры! У Ражджастве Хрыстовым мы атрымалі скарб, роўнага якому няма ў гісторыі свету. Сёння мы з усіх бакоў чуем разважанні пра каштоўнасці гуманістычныя і матэрыяльныя, агульначалавечыя і нацыянальныя, навуковыя і культурныя. Але толькі хрысціянства валодае найвышэйшай каштоўнасцю, толькі яно адно дае чалавеку сэнс жыцця і вядзе яго ў Вечнасць. Іменна гэтая асэнсаваная і заўсёды жывая ў сэрцы адказнасць павінна быць у цэнтры нашага духоўнага жыцця, нашай асветніцкай місіі і нашага асабістага вызнання веры перад Богам і людзьмі. Асабліва важна для нас навучыцца дарыць жыццесцвярджальную хрысціянскую радасць тым, хто яшчэ не здолеў перажыць яе ў сваім сэрцы. Калі ж мы станем падобнымі да «рупліўцаў не па розуму» — хмурых і бязмерна строгіх у сваіх перасцярогах, — то мы апынемся вельмі далёка ад выканання наказу апостала Паўла, які заклікае нас: «Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і зноў кажу: радуйцеся»! І далей ён падбадзёрвае нас упэўнена: «Гасподзь блізка» (Флп. 4: 4–5). Гасподзь блізка, дарагія мае! Давайце ж будзем падобнымі да прамудрых евангельскіх валхвоў заўжды, калі ў храмах і ў дамах мы пачынаем нашы малітваслоўі вядомай малітвай: Прыйдзіце, паклонімся Цару нашаму Богу, Які ляжыць у каменных яслях Ражджэственскага вярцепа. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Цара нашага і Бога, шлях да Якога нам паказала зорка Віфлеема, а імя адкрылі Ангелы Нябесныя. Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Самога Хрыста, Цара і Бога нашага, Які ёсць пачатак і канец, альфа і амега гісторыі роду чалавечага. Давайце ж дзяліцца Ражджэственскай радасцю з усімі людзьмі, таму што вось ён, цуд: Хрыстос пасярод нас — і ёсць і будзе! Фiларэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ражджаство Хрыстова 2005 / 2006 гг., Мінск Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы! Сэрцы нашы зноў лікуюць у перажыванні неспасціжнага цуду Р
|
|