Час — грошы
Барыс ПРАКОПЧЫК
«АДНО АКНО» Гэты крылаты выраз, канешне, асаблiва актуальны для працаўнiкоў бiзнэсу, аднак i для iншых катэгорый насельнiцтва — таксама. Бо любая валакiта — гэта ўдар не толькi па нервовай сiстэме чалавека, але i яго затратах на паездкi па розных iнстанцыях, збор неабходных даведак.Разлiкова-даведачныя цэнтры (РДЦ) Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай службы не падмяняюць ЖЭСы, якiя па-ранейшаму займаюцца абслугоўваннем жылля, а аказваюць сваiм клiентам паслугi па выдачы неабходных даведак, прапiсцы i выпiсцы, афармленню безнаяўных жыллёвых субсiдый, юрыдычнаму кансультаванню. Так, тое ж самае рабiлася i ЖЭСамi, аднак рознiца ёсць. Скажам, калi раней чалавеку трэба было падстройвацца пад графiк прыёму да таго ж пашпартыста (адпаведны дзень i пэўныя гадзiны тыдня), то ў РДЦ i пашпартыст, i iншыя спецыялiсты працуюць штодня, акрамя нядзелi, з 8 да 20 гадзiн. Пры гэтым можна патэлефанаваць, заказаць неабходную даведку i дамовiцца аб зручным для грамадзянiна часе, каб прыйсцi па гатовы дакумент. У перспектыве на базе РДЦ мяркуецца арганiзаваць разлiкова-касавыя цэнтры, куды будуць пералiчвацца ўсе грашовыя сродкi за абслугоўванне жылля i затым размяркоўвацца пастаўшчыкам паслуг. Ёсць таксама задумка наладзiць прыём плацяжоў праз сетку Iнтэрнэт, увесцi камп’ютарную сiстэму ўлiку зваротаў грамадзян, каб выкананне ўсiх заявак было на яшчэ больш строгiм кантролi. На прадпрыемстве «Гроднаводаканал» таксама змянiлi графiк прыёму наведвальнiкаў: iх абслугоўваюць з 8.30 да 19, а ў суботу — да 17 гадзiн. Каб пазбегнуць чэргаў, у аддзеле па разлiках з насельнiцтвам абсталяваны новыя рабочыя месцы, цяпер там не тры, а пяць камп’ютараў. Да ўвагi клiентаў — уся неабходная iнфармацыя аб тарыфах на аплату паслуг, льготах асобным катэгорыям грамадзян, узорах запаўнення бланкаў i заяў, заканадаўчых дакументах. Блiжэй да клiентаў iмкнуцца быць i работнiкi натарыята. Асаблiва важна гэта ў адносiнах да вяскоўцаў, якiм трапiць на прыём да натарыуса не так проста, як гараджанiнам. Зрэшты, цяпер ужо не заўсёды трэба ехаць у раённы цi абласны цэнтр. Па ўзгадненню з сельскiмi саветамi натарыусы i адвакаты раз у месяц праводзяць прыём грамадзян ва ўсiх аграгарадках. Юрысты дапамагаюць i ў афармленнi стэндаў прававой iнфармацыi, як гэта зроблена, да прыкладу, у вёсцы Жукоўшчына Дзятлаўскага раёна ў будынку сельвыканкама. З пераходам на прынцып «аднаго акна» некаторыя натарыяльныя канторы арганiзавалi прыём грамадзян нават у нядзелю, а памеры дзяржпошлiны за натарыяльныя дзеяннi i платы за дадатковыя паслугi прававога i тэхнiчнага характару не змянiлiся. «Адно акно» ў натарыяльнай службе эканомiць чалавеку шмат часу, якi раней трэба было трацiць на вiзiты ў розныя арганiзацыi за неабходнымi даведкамi. Цяпер таксама нiхто не забараняе такое хаджэнне па iнстанцыях, аднак, калi сiтуацыя не надта падганяе, то чаму б не скарыстацца дапамогай натарыуса, якi возьме на сябе збор дакументаў, патрэбных для афармлення той цi iншай натарыяльнай аперацыi. Пры гэтым валакiты быць не павiнна, бо для дзяржаўных органаў устаноўлены тэрмiн адказу на запыт натарыуса — на працягу двух тыдняў. Калi ж службовыя асобы той цi iншай арганiзацыi своечасова не адкажуць, то iм аб пунктуальнасцi нагадае ўпраўленне юстыцыi — пратаколам аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi. Строгiя тэрмiны выдачы грамадзянам даведак або iншых дакументаў рашэннем Гродзенскага аблвыканкама ўстаноўлены для гар- райвыканкамаў, сельскiх (пасялковых) выканаўчых камiтэтаў. Зрэшты, новаўвядзеннi бываюць розныя i не заўсёды спажыўцу паслугi ў вынiку становiцца лепш. У чым аўтар гэтых радкоў нядаўна пераканаўся ў Гродне, запраўляючы аўтамабiль звадкаваным газам. Спецыфiка ў тым, што вадзiцель з дакладнасцю не ведае, колькi гэтага палiва ўвойдзе ў балон, каб было «пад завязку». Таму раней пасля запраўкi ён атрымлiваў талон, дзе пазначалася колькасць газу, i iшоў расплачвацца. Цяпер жа трэба нейкую суму ўнесцi перад запраўкай, а пасля зноў iсцi да касы, каб зыходзячы з фактычна запампаванага газу даплацiць або вярнуць грошы. Магчыма, для фiрмы такi парадак i выгадны, але толькi не для клiента, бо атрымлiваецца, што ў «адно акно» трэба звяртацца двойчы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты крылаты выраз, канешне, асаблiва актуальны для працаўнiкоў бiзнэсу, аднак i для iншых катэгорый насельнiцтва — таксама
|
|