Службовы раман?
Наталля УЛАДЗIМIРАВА
Асноўны iнстынкт НЕ ТРЭБА IЛЮЗIЙ...Аднойчы за вячэрай, прабягаючы вачыма прэсу, натык-нулася на маленькую iнфармацыю пра тое, што ў Злуча-ных Штатах жанчына мае права падаць заяву ў суд на свайго «боса», калi той выкарыстоўвае службовае становiшча ў неслужбовых мэтах, iнакш кажучы, чапляецца да жанчыны з «цiкавымi» прапановамi. Прычым ёй зусiм не абавязкова шукаць для гэтага сведкаў, якiм пашчасцiла назiраць шэфавы заляцаннi. Суд схiляецца да думкi, што ў такой далiкатнай справе жанчына не можа схлусiць, таму што ў першую чаргу рызыкуе «падмачыць» уласную рэпутацыю. У нас службовых раманаў заводзiцца, упэўнена, не менш, чым у далёкай Амерыцы. I часта — зусiм без узаемнага жадання з боку прыгожага полу. I не таму, што ў жанчыны поўнасцю адсутнiчаюць гонар i павага да сябе, а па прычынах iншых, больш празаiчных (але пра гэта — крыху пазней). I што? А нiчога. Каб упэўнiцца ў гэтым, дастаткова было патэлефанаваць у некалькi раённых (на выбар) i гарадскiх судоў. Адарваўшы вельмi важных асоб ад сур’ёзнай працы i запытаўшыся пра колькасць судовых спраў цi заяў, звязаных са схiленнем да iнтымных сувязяў падначаленых жанчын вышэйстаячымi асобамi мужчынскага полу, натыкнулася спачатку на разгубленасць, а потым — на адназначна адмоўны адказ. Нiчога iншага, прызнацца, не чакала. Мы што (маю на ўвазе жанчын) — самагубцы? Якая дурнiца пабяжыць сёння ў суд з падобнай заявай? А доказы? А сведкi? Хто бачыў, як ён зачынiў за вамi дзверы кабiнета i за гэтымi дзвярыма пачаў вытвараць непрыстойнасцi? Нiхто? Ну што ж вы так... Паклiкалi б на дапамогу супрацоўнiкаў. Грамадства таксама настроена ў асноўным асуджальна: навошта, маўляў, было апранаць на работу празрыстыя кофтачкi i спаднiцы «ў абцяжку»? Вывад напрошваецца адзiн: не вылузвацца, а пастарацца атрымаць ад сiтуацыi як мага больш карыснага для сябе. Дарэчы, сумны вопыт — рэч таксама карысная. Не верыце? Спытайце ў любой знаёмай вам прывабнай жанчыны. Я аднойчы спытала. I патрапiла, што называецца, у самую кропку. У Iрыны — iнтэлiгентная прафесiя з творчым ухiлам. Са сваiм «шэфам» яны сядзяць у розных кабiнетах i нават на розных паверхах. Але гэта не перашкаджае яму час ад часу заходзiць у iх «жаночы» пакой з дробнымi даручэннямi цi пытаннямi накшталт «ну што тут у вас новенькага?». Тое ж самае, безумоўна, можна было б зрабiць i па тэлефоне, але Вiктар Вiктаравiч у працы карыстаецца адным залатым правiлам: будзь прасцей, i жанчыны да цябе пацягнуцца. Гэтак жа проста, па-сяброўску ён аднойчы запрасiў Iрыну, якая затрымалася ў кабiнеце, да сябе на кубак кавы. Да сябе — безумоўна ж, не дадому. Дома Вiктар Вiктаравiч быў, што называецца, абкладзены з усiх чатырох бакоў. Справа i злева — дачка i сын, наперадзе — жонка, ззаду — цешча... Некалькi хвiлiн Iрына спрачалася сама з сабой. Адна «палова» раiла ёй цвяроза ўсё ацанiць, узважыць i адмовiцца ад двухсэнсоўнага запрашэння. Другая... прымусiла Iрыну заплюшчыць вочы i ўявiць сабе ўсё, што можа «вынiкаць» з гэтай шклянкi кавы. «Шэф» быў прыгожым мужчынам. Прыгожым i далёка не бедным. А ад таго — недасягальным i жаданым. А гары ты гарам, нiкому не патрэбны жаночы гонар... Усё, што адбылося далей, Iрачка не можа ўспамiнаць без з’едлiвай усмешкi: «А кавы ў яго нават i не было. Гэта проста «пароль», прынада для кемлiвых жанчын. Для прыстойнасцi ён сказаў некалькi слоў, сэнсу якiх я ўжо не памятаю... Потым скiнуў пiнжак, гальштук... Усё адбылося прама на стале, сярод нейкiх квiтанцый i справаздач. (Я потым не магла без смеху глядзець на гэты стол.) За дзвярыма ўвесь час нехта хадзiў, тузалi за ручку, званiў тэлефон... Калi ўсё скончылася, Вiктар Вiктаравiч надзеў свой пiнжак, акуратна расклаў паперы на стале, расчынiў акно, пырснуў у паветра дэзадарантам i прапанаваў мне (калi хачу) пачакаць яго з паўгадзiны на аўтобусным прыпынку за квартал ад нашай работы. Потым цiха падышоў да дзвярэй, прыслухаўся, пацягнуў мяне за руку i лiтаральна выпхнуў у калiдор». Усё гэта было б вельмi смешным, калi б не было сумным. Так цi iнакш, а Iрынiна жыццё змянiлася. Дадому Вiктар Вiктаравiч пачаў падвозiць яе на машыне, дзеля гэтага Iрачка разыгрывала цэлы спектакль: стаяла ў вызначаным месцы i старанна «галасавала»... Па дарозе заязджалi ў розныя магазiны — Вiктар Вiктаравiч не шкадаваў грошай на пакупкi, але... з машыны стараўся не выходзiць. Калi ж выпадала ўсё ж паказацца разам на людзях — паднесцi што-небудзь цяжкае, напрыклад — увесь час азiраўся па баках i круцiў галавой, вышукваючы ў натоўпе знаёмых, каб папярэдзiць «пазнанне» i своечасова даць заднi ход. Яе гэта спачатку весялiла, потым надакучыла, пачало раздражняць. На рабоце ён перыядычна выклiкаў яе ў кабiнет. Сакратарку папярэджваў, што з паўгадзiны будзе вельмi заняты, прасiў нiкога не пускаць. Тэлефонную трубку здымаў i клаў на стол... Потым, быццам нiчога не здарылася, садзiўся насупраць i пачынаў задаваць ёй пытаннi, звязаныя з работай. Асабiстыя адносiны нiякiм чынам не ўплывалi на службовыя. Па ўстанове папаўзлi плёткi, i В.В. у мэтах «рэабiлiтацыi» аб’явiў Iрачцы вымову за спазненне на работу, хоць яна i адпрасiлася напярэдаднi. Iрына, у сваю чаргу, аб’явiла байкот i пачала iгнараваць выклiкi ў кабiнет. Шэф пазванiў па тэлефоне i паведамiў, што яе праца не адпавядае патрабаванням кiраўнiцтва i ўзроўню ўстановы. Iрына здалася... У той вечар ён быў вельмi ласкавы, гаварыў розныя пяшчотныя словы. Прасiў прабачэння за ўсе непрыемнасцi, абяцаў нават павысiць зарплату i ўвогуле — павысiць. Ёй было так агiдна, што хацелася плакаць. Падумаць толькi, ледзь не закахалася... Iх адносiны працягвалiся гады два. Iрына, звязаная па руках i нагах (мацi-пенсiянерка, адсутнасць мужа, наяўнасць дачкi), наведвала абрыдлы кабiнет ужо хутчэй па iнерцыi, запiсаўшы гэта сабе ў працоўны абавязак. В.В. з аднолькавым запалам прызнаваўся ёй у каханнi i аб’яўляў вымовы... Скончылiся адносiны дзякуючы з’яўленню ва ўстанове новай супрацоўнiцы — яркай брунеткi з пышнымi формамi. Iрына ж цiха працуе на ранейшым месцы, атрымлiвае ранейшы аклад i разам з калегамi перамывае «косцi» новай пасii шэфа падчас «перакураў» у туалеце. Магчыма, калi-небудзь хто-небудзь, класiфiкуючы вiды чалавечых пачуццяў, вылучыць як асобную з’яву тое, што «каранаваныя асобы» мужчынскага полу часта блытаюць з бескарыслiвым i светлым пачуццем. Шкада iх, бедных. Можа, яны i мараць па начах, прыгрэўшыся ля мажнага жончынага боку, пра нешта ўзнёслае i рамантычнае. Але... Каханне, як бы трывiяльна гэта нi гучала, патрабуе ахвяр. Тым большых, чым вышэй узбiраецца мужчына па службовай лесвiцы. Вельмi лёгка сказаць: «я аддам табе ўсё», калi нiчога не маеш. I вельмi цяжка, калi маеш, сапраўды аддаць. Тут пытанне стаiць канкрэтна: або — або. Або кар’ера, або каханне. Кожны разумны мужчына гэта ведае. Ледзь захопiшся больш чым трэба адным — адразу пазбаўляешся другога. I наадварот. Вельмi нямногiя мужчыны згадзiлiся б ахвяраваць высокай службовай планкай дзеля сапраўднага пачуцця. I хочацца, як кажуць, i... страшнавата. Таму многiя, iмкнучыся ўседзець адразу на двух крэслах, iдуць на паўмеры, вылучаючы даму сэрца сярод сваiх падначаленых. А што? Вельмi разумна. Заўсёды — пад рукой, заўсёды знойдзецца падстава выклiкаць да сябе, i ўвогуле зручна — здымае стрэс пасля розных пасяджэнняў. Але цi ведаеце вы, мiлыя мужчыны, якiмi эпiтэтамi ўзнагароджваюць вас вашы абраннiцы пасля свайго вiзiту? Як бязлiтасна яны кпяць з вас, распавядаючы лепшым сяброўкам пра ваш знешнi выгляд — пры гальштуку i без штаноў? Яны смяюцца з вашай баязлiвасцi, з вашай невыкараняльнай звычкi тузацца ў бок тэлефона, калi ён звонiць «у самы разгар». Iх абражае ваш любiмы «ментарскi» тон у iнтымнай размове i ваша паспешлiвасць там, дзе не трэба. Iм нiколi не зразумець вашага iмкнення быць добрым палюбоўнiкам i пры гэтым усё ж заставацца начальнiкам... Яны пагарджаюць вамi за ваша жаданне помсцiць шляхам вымоў i звальненняў. Нават тут вы здольныя змяшаць «у кучу» асабiстыя i службовыя iнтарэсы... I разам з тым яны, здараецца, кахаюць вас менавiта за ўсе вышэйпералiчаныя слабасцi i недахопы (цi насуперак iм?), што зусiм не здымае з вас адказнасцi за свае далёка не мужчынскiя паводзiны. Не, заставайцеся ўжо лепей «шэфам», «босам», дырэктарам... А калi вам i спадабаецца якая-небудзь жанчына, то проста скажыце ёй камплiмент. Ранiцай у панядзелак. I яна цэлы тыдзень будзе ўспамiнаць вас з удзячнасцю.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аднойчы за вячэрай, прабягаючы вачыма прэсу, натык-нулася на маленькую iнфармацыю пра тое, што ў Злуча-ных Штатах жанчына мае права падаць заяву ў суд
|
|