«Транзiтныя тэрарысты»
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Канферэнц-зала Беларускiя пагранiчнiкi летась выявiлi на гранiцы больш за 250 iншаземцаў, якiя падазравалiся ў тэрарыстычнай дзейнасцiБеларусы, у адрозненне ад жыхароў многiх iншых краiн свету, не ведаюць жахаў масавых тэрактаў. У нашай талерантнай дзяржаве, як запэўнiлi падчас сустрэчы з журналiстамi кiраўнiк Антытэрарыстычнага цэнтра КДБ Алег Чарнышоў, першы намеснiк начальнiка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганiзаванай злачыннасцю i карупцыяй МУС Алег Астроўскi i начальнiк упраўлення Дзяржкамiтэта пагранiчных войскаў Юрый Шчарбакоў, няма нi сацыяльных, нi палiтычных, нi рэлiгiйных умоў для тэрарызму. Паводле слоў Алега Чарнышова, апошняя крымiнальная справа па артыкулу «тэрарызм» у Беларусi была ўзбуджана ў кастрычнiку 1997 года, калi на лесвiчнай пляцоўцы свайго дома быў забiты старшыня Камiтэта дзяржкантролю па Магiлёўскай вобласцi Яўген Мiкалуцкi. З таго часу праяў тэрарызму праваахоўныя органы не фiксавалi. Хоць Алег Астроўскi паведамiў, што, напрыклад, летась былi выпадкi i захопу заложнiкаў, i грымелi выбухi ў людных месцах, як гэта здарылася восенню ў Вiцебску. Аднак спецыялiсты, дэталёва прааналiзаваўшы гэтыя злачынствы, прыйшлi да высновы, што яны не маюць тэрарыстычнай «глебы» i носяць выключна «крымiнальны характар». Не вельмi сур’ёзна ўспрымаюць супрацоўнiкi антытэрарыстычных падраздзяленняў i так званае Беларускае вызваленчае войска (БВВ), якое брала на сябе адказнасць за серыю «тэрактаў» напрыканцы 90-х гадоў: падрыў будынка суда Савецкага раёна Мiнска i выбух на ўздзенскiм участку газаправода Таржок—Iвацэвiчы. Алег Чарнышоў адзначыў, што БВВ iснуе толькi ў асобе аднаго чалавека, якога ўстанавiлi, але прыцягнуць да адказнасцi за распаўсюджванне пагрозлiвых лiстоў пакуль не ўдалося, бо ён жыве ў Германii. Значна большую занепакоенасць выклiкаюць у праваахоўных органаў нашай краiны так званыя «транзiтныя тэрарысты». Хоць, як падкрэслiў Юрый Шчарбакоў, гэтыя асобы iмкнуцца патрапiць у Беларусь зусiм не для таго, каб здзейснiць тэракт. Iх больш цiкавяць краiны Заходняй Еўропы i Расiя. Тым не менш беларускiя пагранiчнiкi праяўляюць пiльнасць. Летась айчыннымi вартавымi мяжы былi выяўлены больш за 250 iншаземцаў, якiя падазравалiся ў тэрарыстычнай дзейнасцi. Юрый Шчарбакоў падкрэслiў, што не ўсе гэтыя асобы былi, як кажуць, «стопрацэнтнымi» тэрарыстамi. Але ад граху далей многiх проста не пусцiлi ў Беларусь, а некаторых затрымалi i перадалi расiйскаму правасуддзю. Напрыклад, год таму ў Нацыянальным аэрапорце «Мiнск-2» падчас афармлення пасажыраў, якiя прыбылi са Стамбула, пагранiчны нарад затрымаў Нурмагамета Хатуева. Праваахоўныя органы Расii падазраюць, што ў складзе банды Шамiля Басаева ён удзельнiчаў у нападзе на горад Будзёнаўск i ў шэрагу тэрарыстычных актаў у Грозным, а таксама рыхтаваў тэракт у Маскве, у тэатральным цэнтры на Дуброўцы. Пасля правядзення неабходных аператыўна-следчых мерапрыемстваў Хатуеў быў экстрадзiраваны ў Расiю. А пазалетась у Брэсце пры падобных абставiнах пагранiчнiкамi быў затрыманы былы асабiсты ахоўнiк Аслана Масхадава i былы «эмiр» Надцерачнага раёна Аслан Бiтыеў. Ён спрабаваў выехаць у Заходнюю Еўропу па падробленаму пашпарту.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускiя пагранiчнiкi летась выявiлi на гранiцы больш за 250 iншаземцаў, якiя падазравалiся ў тэрарыстычнай дзейнасцi
|
|