Як нас абслугоўваюць?
Валянцiна ДОЎНАР
«Якасць. Даступнасць. Надзейнасць» — гэта для нас не проста словы
Традыцыйным для Рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства «Белпошта» стала правядзенне акцый «Уваходзячае пiсьмо». Мэта iх — праз сродкi масавай iнфармацыi паказаць, як працуе паштовая служба краiны, з якiмi праблемамi сутыкаецца. Iх, як адзначыла на пачатку сустрэчы намеснiк генеральнага дырэктара прадпрыемства Iрына Саксонава, дзве. Першая — недаравальна вялiкiя тэрмiны праходжання мiжнароднай карэспандэнцыi i, так бы мовiць, стан, у якiм яна даходзiць да атрымальнiка. У абодвух выпадках прэтэнзii адра-суюцца беларускай пошце. Наколькi справядлiва? — «Белпошта», — патлумачыла Iрына Iгнацьеўна, — з’яўляецца членам Сусветнага паштовага саюза i кiруецца ў сваёй рабоце тымi ж правiламi, што i большасць краiн свету. Да прыкладу... Блiзка, здавалася б, ад Смаленскай вобласцi да Магiлёўскай? А пiсьмо туды дастаўляецца спачатку ў Мiнск, у месца мiжнароднага абмену, з яго — у Маскву (у такое ж месца мiжнароднага абмену), i толькi потым — адрасату на Смаленшчыне. А за гэтым — час... Час для жыхароў Беларусi i непрывычны, i непрымальны, бо ў межах нашай краiны лiсты даходзяць максiмум за тры-чатыры днi. Па Маскве ж — пiсьмо можа блукаць i тры, i чатыры тыднi. Гэта, зразумела ж, не можа задавальняць нашых клiентаў, але захады, якiя мы рабiлi да «Пошты Расii», плёну пакуль не далi. На- дзеi — на пастаянны кантроль якасцi, якi праводзiць Мiжнароднае бюро Сусветнага паштовага саюза. Дарэчы, вызначаны тэрмiны, у якiя ад адпраўнiкоў нашай краiны карэспандэнцыя дастаўляецца ў iншыя. Наземныя, скажам так, лiсты ва Украiну iдуць 6—7 дзён, у Лiтву i Польшчу — 4—5, у Арменiю — 6, у Германiю, Iзраiль, Казахстан — 7—8... Усё залежыць ад работы транспарту. Але, у якасцi альтэрнатывы, «Белпошта» можа прапанаваць новы элiтны вiд паслуг — мiжнародная паскораная пошта. Ёю ў любы куток свету (i краiны таксама...) можна адправiць i звычайны лiст, i груз вагою да 30 кiлаграмаў. Мала таго, што ў лiчаныя днi па досыць прымальных тарыфах яны будуць дастаўлены да атрымальнiкаў (iм, дарэчы, не прыйдзецца забiраць iх на пошце), адпраўшчык па Iнтэрнэту на любым этапе можа прасачыць iх перамяшчэннi. Такi ж, да слова, «клiенцкi кантроль» плануецца ўкаранiць у межах краiны за любым зарэгiстраваным адпраўленнем. Ну, напрыклад, на вясковай пошце адпраўшчык пакiне заказное пiсьмо. Праз нейкi час па Iнтэрнэту ён пры жаданнi зможа праверыць, у колькi гадзiн яно «рушыла» ў бок раённага цэнтра, прыбыло — у абласны, калi ўручана атрымальнiку. Аднак сёння таго ж клiента хвалюе не толькi час, але i захаванасць. Праз цэх пiсьмовай карэспандэнцыi «Белпошты» кожныя суткi праходзiць каля 4000 адпраўленняў (напрамую з 38 краiн далёкага замежжа, 12 краiн СНД, транзітам — з усяго свету). Скрынкi, пакеты, мяхi з iмi падчас акцыi «Уваходзячае пiсьмо» ўскрываюцца ў прысутнасцi журналiстаў i... скаржнiкаў (так-так, на мерапрыемства заўсёды запрашаюцца клiенты, якiя ў свой час звярталiся з прэтэнзiямi да пошты). Далей у апрацоўшчыкаў яе — прывычная работа: агледзець кожны канверт, кожную бандэроль i пасылку. — У людзей цяпер цвёрдае перакананне, што ўсе краiны побач, — патлумачыў намеснiк начальнiка вытворчасцi «Мiнская пошта» Мiкалай Жакаў — iм не хочацца думаць, якi шлях праходзiць пiсьмо з той жа Амерыкi, колькi разоў яно пагружаецца, разгружаецца, чым дастаўляецца. А вельмi ж часта гэтага шляху i ўсiх гэтых «аперацый» не вытрымлiвае ўпакоўка пасылак i бандэроляў, рвуцца канверты. Нашы работнiкi ў такiх выпадках пазначаюць, што адпраўленне паступiла ў краiну ў пашкоджаным выглядзе i, зразумела ж, нешта падклейваюць, дадаткова запакоўваюць... Што хаваць, не заўсёды атрымальнiкi схiльны верыць у тое, што пашкоджанне адбылося за межамi Беларусi, але факты, як кажуць, рэч упартая. «Белпоштай» за мiнулы год разгледжана 2475 заяў ад нашых грамадзян, прадпрыемстваў i арганiзацый i 3773 рэкламацыi ад замежных паштовых адмiнiстрацый аб вышуку мiжнародных паштовых адпраўленняў. Больш чым 230 з iх згублена ў ЗША, 50 — у Вялiкабрытанii, больш чым па 30 — у Германii i Расii, каля 20 — у Iталii... У Беларусi згублена адно заказное пiсьмо. — Гэта гаворыць аб тым, што «Якасць. Даступнасць. Надзейнасць» для нас не проста словы дэвiза. Мы апраўдваем давер клiентаў, — зазначыла Iрына САКСОНАВА (на здымку). I расказала, што ў блiжэйшых планах прадпрыемства — сертыфiкацыя ўпраўлення якасцю мiжнароднай паштовай службы Сусветнага паштовага саюза, укараненне новых тэхналогiй i паслуг, лiквiдацыя чэргаў, пераход на работу без абедзенных перапынкаў i г.д. Бо спынiцца, гэта значыць адстаць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Якасць. Даступнасць. Надзейнасць» — гэта для нас не проста словы
|
|