У Беларусi на 100 жыхароў — 35 тэлефонаў
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Згодна з iнфармацыяй Мiнiстэрства сувязi i iнфарматызацыi Беларусi, па стану на 1 студзеня гэтага года на 100 жыхароў краiны прыпадала 35 тэлефонаў стацыянарнай электрасувязi. «Тэмпы развiцця сувязi ў рэспублiцы дазваляюць быць лiдарам сярод краiн СНД па гэтаму асноўнаму галiноваму паказчыку», — адзначылi ў мiнiстэрстве.
Летась прырост асноўных тэлефонных апаратаў у Беларусi склаў 108 тыс. А за апошнiя пяць гадоў iх колькасць павялiчылася на 532 тыс. Пры гэтым за апошнiя пяць гадоў у рэспублiцы было тэлефанiзавана 1133 вясковыя населеныя пункты. У мiнiстэрстве таксама паведамiлi, што пастаянна ўзрастае прапускная здольнасць знешнiх каналаў доступу ў Iнтэрнэт. Таксама развiвалася сiстэма электроннага гандлю РУП «Белпошта». Дзвюма праграмамi эфiрнага тэлевiзiйнага вяшчання ў рэспублiцы сёння ахоплена больш за 97 працэнтаў насельнiцтва, трыма — амаль 87 працэнтаў, чатырма i больш — амаль 75 працэнтаў. Летась пачалося распаўсюджванне праграм «Сталiчнага тэлебачання» з выкарыстаннем спадарожнiка праз спадарожнiкавую станцыю «Тэлепорт» у Смалявiчах, што дазволiла прымаць тэлеканал за межамi Беларусi. Як паведамiў намеснiк начальнiка ўпраўлення тэлебачання i радыёвяшчання мiнiстэрства Сяргей Новiкаў, да 2015 года ў Беларусi павiнен быць ажыццёўлены пераход ад аналагавага тэлевяшчання да лiчбавага. У Мiнску i яго наваколлях ужо з лета 2005 года арганiзавана вяшчанне ў лiчбавым фармаце, якi забяспечвае палепшаную якасць трансляцыi. Сяргей Новiкаў паведамiў таксама, што ў пераходны перыяд тэлевiзары ў нашай краiне будуць вырабляцца ўжо з iнтэграванымi лiчбавымi прыёмнiкамi. Таксама будуць вырабляцца «лiчбавыя прыстаўкi да аналагавых тэлевiзараў, каб знiзiць затраты пры пераходзе на лiчбавы прыём». Сяргей Новiкаў сказаў таксама, што адна з асноўных сённяшнiх праблем тэле- i радыёвяшчання на Мiнск i Мiнскую вобласць — адсутнасць магчымасцi для рэзервовага асноўнага вяшчання. Гэта стала галоўнай прычынай прыняцця рашэння аб будаўнiцтве новай тэлевежы ў сталiцы. Мяркуецца, што ў будучым з яе будзе весцiся асноўнае вяшчанне, а вежа ў Калодзiшчах (адкуль сёння вядзецца асноўнае вяшчанне) стане рэзервовай. «Да таго ж зацiкаўленасць у будаўнiцтве новай вежы выказалi сiлавыя ведамствы краiны. Яны змогуць размясцiць на ёй свае перадаючыя сродкi i пашырыць зоны радыёманiторынгу ў Мiнску i Мiнскай вобласцi». Намеснiк мiнiстра сувязi i iнфарматызацыi Мiкалай Струкаў паведамiў, што адной з умоў уступлення Беларусi ў Сусветную гандлёвую арганiзацыю (СГА) з’яўляецца зняцце манаполii на мiжнародную дзейнасць (у тым лiку на мiжнародную тэлефонную сувязь). «Сёння Мiнсувязi мае манапольнае права на транзiт трафiка праз Беларусь, на ўваходзячую i зыходзячую сувязь. I гэта нам дазваляе зарабляць вялiкiя грошы. Яны накiроўваюцца на будаўнiцтва мясцовых сетак сувязi. Фактычна за кошт мiжнароднай дзейнасцi мы будуем станцыi на вёсцы, у раённых цэнтрах. Да таго ж мясцовыя тарыфы на тэлефонную сувязь датуюцца за кошт мiжнароднай дзейнасцi. Калi зняць манаполiю, то мы не зможам выконваць сур’ёзныя сацыяльныя задачы...», — сказаў Мiкалай Струкаў. У такой сiтуацыi беларускi бок настойвае на «плаўным пераходзе да лiбералiзацыi ў гэтым напрамку». «Зараз дадзенае пытанне абмяркоўваецца, ёсць разуменне нашай пазiцыi. Спадзяюся, у гэтым пытаннi будзе прынята прымальнае для Беларусi рашэнне».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Згодна з iнфармацыяй Мiнiстэрства сувязi i iнфарматызацыi Беларусi, па стану на 1 студзеня гэтага года на 100 жыхароў краiны прыпадала 35 тэлефонаў ст
|
|