21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Васiль Сакадынец. Вёска Боркi Кiраўскага раёна: «Ад брацiка застаўся толькi попел... Я не вытрымаў,

25.08.2009 21:35 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нашчадкi «вогненных вёсак»: сумесная акцыя газеты «Звязда» и мемарыяльнага комплексу «Хатынь»

Напачатку было невялiкае пiсьмо ў рэдакцыю ад Валянцiны Пятроўны Герасiмавай, настаўнiцы Жылiнскай сярэдняй школы Кiраўскага раёна Магiлёўскай вобласцi. Яна расказала аб акцыi «Год загiнуўшых вёсак», якая праводзiлася ў 2003-м. Адзначыла работу пра спаленыя вёскi, якую падрыхтавала вучанiца Настасся Грышчанка. «У ходзе напiсання работы мы з Насцяй наведалi Сакадынца Васiля Кiрэевiча. Ён жыў у вёсцы Боркi, якую фашысты спалiлi разам з жыхарамi... Ён чалавек вельмi цiкавага лёсу, удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны... Чаму на зварот адгукнулася я? Не думаю, што вам напiша Васiль Кiрэевiч, а гэты чалавек варты таго, каб пра яго расказалi. Шчыра кажучы, ад сустрэчы з асобай больш высокага становiшча, чым вясковы настаўнiк, яму павагi i карысцi будзе больш. Дзякую вам за ўвагу да простых людзей, за беларускую мову вашай газеты...».

Спрадвеку жыццё на вёсцы трымалася (дый зараз трымаецца!) на настаўнiках. А яны, людзi ў пераважнай большасцi надзвычай сцiплыя, годна i нягучна робяць сваю справу — не толькi навучання, але i выхавання, любовi да гiсторыi i лепшых традыцый нашага народа... Я напiсала лiст Валянцiне Пятроўне з просьбай яшчэ раз сустрэцца са сваiм земляком i больш падрабязна пра ўсё расказаць.

Днямi рэдакцыя атрымала вось гэты аповяд...

Таццяна ПАДАЛЯК.

Не хопiць i тысячы гадоў, каб расказаць аб мiнулай вайне, нагадаць пра канкрэтныя лёсы канкрэтных людзей.

Толькi ў Кiраўскiм раёне разам з жыхарамi было спалена 5 населеных пунктаў, якiя не адноўлены; разам з часткай насельнiцтва спалены 3 населеныя пункты, якiя не адноўлены; разам з жыхарамi спалена 16 населеных пунктаў, якiя адноўлены пасля вайны; 24 населеныя пункты спалены разам з часткай насельнiцтва i адноўлены пасля вайны. Адна з самых буйных карных аперацый, праведзеных фашыстамi, — карная аперацыя ў вёсцы Боркi. 15 чэрвеня 1942 г. тут спалена 1800 чалавек.

Сакадынец Васiль Кiрэевiч, якому пашчасцiла застацца жывым, аб гэтай жудаснай трагедыi расказвае так:

— У панядзелак, 15 чэрвеня, бацька адправiў мяне пасвiць кароў. Гадзiны ў чатыры ранiцы я заняў статак на пашу. Уганяючы кароў у лес, заўважыў, што з боку шашы ў вёску рухаецца калона немцаў, палiцаяў. Праз нейкi час пачулiся аўтаматныя стрэлы. Я гэтаму не надаў нiякай асаблiвай увагi. Бачыць ворага i чуць стралянiну даводзiлася i раней.

Як толькi надышоў абедзенны час, пагнаў кароў дадому. Але каровы не хацелi выходзiць з лесу, як я iх нi выганяў. Яны адчувалi штосьцi нядобрае. Нiчога не засталавася рабiць, як кiнуць iх i iсцi ў вёску. I толькi потым даведаўся, што iнстынкт жывёлы падказваў небяспеку.

Мяне вельмi насцярожыла, што на вулiцы не было нiводнага мясцовага жыхара. Толькi немцы i палiцэйскiя мiтусiлiся каля школы.

Я хуценька пабег у сваю хату. Калi адчынiў дзверы, — анямеў. У адным пакоi ляжала мёртвая мацi з маленькiм грудным братам. Iх перасекла аўтаматная чарга ў той момант, калi мацi кармiла дзiця. У другiм пакоi ўбачыў забiтых бацьку i старэйшага брата.

Я выскачыў з хаты, не ведаючы, што рабiць. Паколькi наша хата добра праглядалася з боку школы, мяне заўважылi немцы i пачалi страляць. Пабег у бок лесу. Кулi свiсталi побач, а калi першыя кусты паказалiся зусiм блiзка, мяне паранiла ў нагу. I хаця рана была лёгкай, бегчы далей здавалася рызыкоўным. Я ўпаў на зямлю. Праляжаў, пакуль стрэлы не зацiхлi. Крыху пера-дыхнуўшы, папоўз. Хаця наперадзе перад лесам было балота, у гарачцы я не адчуваў яго. У галаве стаяла адна думка: «Хутчэй бы ў лес!».

Дабраўся да лесу, потым — да хутара, што ў двух кiламетрах ад Борак. Тут жыў Цiт Клiмкоў. Пакуль расказваў яму аб тым, што здарылася, з боку вёскi пачуўся трэск гарэўшых пабудоў, павалiў дым i пацягнула гарэлым. Лютыя ворагi па-зверску распраўлялiся з людзьмi.

Увечары на хутар зайшоў пажылы чалавек. Гэта быў пастух Iван Канстанцiнавiч. Ён таксама застаўся ў жывых толькi з-за таго, што пасвiў жывёлу ў лесе.

Назаўтра ранiцай мы з iм накiравалiся ў Боркi, але калi выйшлi на ўскраiну лесу, заўважылi нямецкую калону. Ад вялiкай вёскi засталося ўсяго каля сарака хат i калгасны двор. Мы залеглi i пачалi назiраць за ворагам. Хутка загарэлiся i астатнiя пабудовы. Вёска была спалена дашчэнту.

Толькi на трэцi дзень мы з Iванам Канстанцiнавiчам прыйшлi на папялiшча, каб пахаваць тое, што засталося ад родных. Астанкi бацькi i старэйшага брата мы паклалi ў ямку, якую выкапалi прама на агародзе. А калi глянуў на мацi з маленькiм брацiкам, то сэрца не вытрымала. Ад брацiка, якi ляжаў у мацi на грудзях, застаўся толькi попел. Я страцiў прытомнасць...

Iван Канстанцiнавiч данёс мяне да возера, расчапiў лыжкай рот i даў вады. Я апрытомнеў.

У гэты ж дзень мы пайшлi ў пасёлак Дзяржынскi. Тут сустрэлi яшчэ восем жыхароў нашай спаленай вёскi, якiя выпадкова засталiся жывымi. Усе мы далi клятву помсцiць лютаму ворагу за здзекi i крывавую расправу над мiрным насельнiцтвам.

Мне было няпоўных шаснаццаць. З усёй вялiкай раднi застаўся адзiн. З абутку i вопраткi — толькi тое, што на мне. Наша вёска раскiнулася сярод лесу. Да вайны над вёскай урачыста праплывалi ў небе велiчныя птушкi — журавы. Здавалася нам, дзецям, што яны неслi на сваiх крылах спакой, радасць, надзеi i добрыя здзяйсненнi. I раптам усё знiкла: вялiкая дружная сям’я, сябры, хата, радасць, надзеi, школа, велiчныя птушкi з магутнымi крыламi. Немагчыма было нават вады напiцца з калодзежаў, бо туды фашысты кiдалi жывымi маленькiх дзяцей. Нават неба здавалася чорным.

Але свет не без добрых людзей, яны дапамаглi ў той страшны час, калi здавалася, што жыць немагчыма, няма сэнсу. Напэўна, зямля, лес, людзi, усё наваколле далi запас трываласцi.

...Васiль Сакадынец выстаяў. Зусiм юным ён становiцца партызанам атрада № 100 Кiраўскай брыгады «Юнацтва», не ведае страху, праяўляе мужнасць, адвагу, знаходлiвасць. Летам 1944 года каля вёскi Паплавы Клiчаўскага раёна партызанская брыгада злучаецца з войскамi 2-га Беларускага фронту i паспяхова змагаецца за вызваленне роднай Беларусi. Васiль Сакадынец у хуткiм часе атрымлiвае медаль «За баявыя заслугi», а потым i ордэн Айчыннай вайны першай ступенi.

I раптам — варожы снарад, асколкамi якога ў адным з баёў пад Беластокам Васiль Кiрэевiч быў цяжка паранены ў галаву i руку. Шпiтальныя буднi працягвалiся да 1945 г. Васiль Кiрэевiч вярнуўся на радзiму iнвалiдам 2-й групы, але ён прынёс у сваiх параненых далонях Перамогу.

Вярнуўся салдат з вайны, пастаяў на месцы папялiшча, пакланiўся памяцi родных, блiзкiх, усiх аднавяскоўцаў i пачаў працаваць. Жыццё працягваецца, пасляваенны час быў поўны энтузiязму, веры, клопату адзiн аб адным. Выпрабаваннi надалi сiлы i мужнасцi Васiлю Кiрэевiчу, вочы яго да цяперашняга часу захавалi дабрыню, спагаду, святло. Стаў працаваць у Бераснёўскай МТС. Пазнаёмiўся з мясцовай дзяўчынай, ажанiўся. Са сваёй любiмай Марыяй Пятроўнай жыве ў Бераснёўцы больш за 50 гадоў.

Васiль Кiрэевiч у 1950 г. пачаў працаваць у Кiраўскiм лесапункце Бабруйскага леспрамгаса майстрам лесанарыхтовак. Ён быў добрым арганiзатарам, умеў працаваць з людзьмi. Работа на лесанарыхтоўках вельмi цяжкая, яна звязана з пераездамi, камандзiроўкамi, заўсёды пад адкрытым небам i ў любое надвор’е. Васiль Сакадынец стаў заслужаным майстрам лесанарыхтовак, атрымаў Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а потым i ордэн Ленiна. Будучы на пенсii, яшчэ 11 гадоў працаваў iнжынерам.

...Вёска Боркi Кiраўскага раёна Магiлёўскай вобласцi адрадзiлася пасля вайны. Кожны год Васiль Кiрэевiч, Марыя Пятроўна, чацвёра iх дзяцей, 8 унукаў, 4 праўнукi наведваюць брацкую магiлу i ўстаноўленыя тут шэсць камянёў — па колькасцi спаленых навакольных населеных пунктаў: Доўгае Поле, Чырвоны Араты, Хватаўка, Дзяржынскi, Пралетарскi, Закрынiчча (нi адзiн з названых населеных пунктаў не адноўлены). На месцы трагедыi пастаўлены помнiк, узведзена каплiца ў гонар iконы Божай Мацi «Взыскание погибших». Болем сцiскае сэрцы...

Валянцiна ГЕРАСIМАВА,

настаўнiца Жылiнскай сярэдняй школы Кiраўскага раёна Магiлёўскай вобласцi.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашчадкi «вогненных вёсак»: сумесная акцыя газеты «Звязда» и мемарыяльнага комплексу «Хатынь»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика