Гэта — як узнагарода... За вернасць
Валянцiна ДОЎНАР
Газеты, вiдаць, як людзi: адны прыходзяць у нашы дамы i беззваротна сыходзяць, другiя — затрымлiваюцца надоўга, трэцiя — на ўсё жыццё. Прычым не толькi сваё...
У сям’i Шаплыкаў «Звязда» з’явiлася гадоў трыццаць таму i цалкам свядома: гаспадар — партызан, удзельнiк Вялiкай Айчыннай — i сам усё жыццё гаварыў-чытаў на роднай мове i iншых вучыў. А ўжо жонку (яна на 14 гадоў маладзейшая), а потым дачку — абавязкова. — Да таго ж у «Звяздзе» друкавалiся i друкуюцца ўсе законы, усе навiны. У мяне, — успамiнае Вольга Сямёнаўна, — дзякуючы газеце, заўсёды быў самы дакладны прагноз надвор’я. Больш сарака гадоў адпрацавала яна на Мiнскiм электрамеханiчным заводзе. Ветэранам працы быў муж. Памёр, на вялiкi жаль. Пакiнуў «сваiм дзяўчатам» — жонцы з дачкой — кватэру, дачу, цудоўных сяброў-суседзяў i... газету. — Карткi ў рэдакцыю мы ўвесь час дасылалi. Разам яшчэ, — усмiхаецца Вольга Сямёнаўна. — Казалi: «Ну, як парсючкоў выйграем, што будзем рабiць?». На iх, дзякаваць Богу, сям’i не пашанцавала, а вось двухкамерны халадзiльнiк «Атлант» — выйгралi. Казалi — вачам сваiм паверыць не маглi, бо нiколi ж, нiчога... А тут... — Гэта — як прывiтанне нам. Ад бацечкi... А хутчэй, напэўна, як узнагарода. За вернасць. За тое, што захавалi святло i цяпло свайго дома, павагу i любоў да людзей, да зямлi. Дарэчы, Шаплыка малодшая скончыла Беларускi полiтэхнiчны, цудоўна вяжа. А яшчэ — аднойчы яна «пабудавала»... iнкубатар i вырасцiла 16 куранят. Але гэта — ужо iншая, досыць нечаканая i вельмi прыгожая гiсторыя. Са шчаслiвым канцом. I яе, калi ўсё будзе добра, мы раскажам потым. А пакуль — вось яны — шчаслiвыя ўладальнiцы суперпрыза.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Газеты, вiдаць, як людзi: адны прыходзяць у нашы дамы i беззваротна сыходзяць, другiя — затрымлiваюцца надоўга, трэцiя — на ўсё жыццё. Прычым не тольк
|
|