Непатапляльны «даведнiк Паталоцкага», альбо пра асаблiвасцi нацыянальных бiржавых таргоў
Наша краiна багатая на таленавiтых i працалюбiвых людзей, якiя могуць прапанаваць добрую, якасную прадукцыю. Але iншым разам колькасць спажыўцоў, заказчыкаў на асобныя яе вiды не заўсёды дазваляе прадпрыемству развiвацца эфектыўна. Тады адзiны выхад — экспарт. Беларускiя вытворцы не «спяць у шапку» i актыўна асвойваюць замежныя рынкi. Доля экспарту ў нашай краiне пастаянна расце. Радуе, што да гэтага мае прамыя адносiны i наш калектыў з дастаткова «раскручанай» гандлёвай маркай «Паставы гарадок».
Аднак 2006 год прынёс вытворцам такога унiкальнага экспартнага прадукту, як казеiн кiслотны тэхнiчны (далей — казеiн. — Рэд.), велiзарнае расчараванне. Усе напрацоўкi, наладжаныя сувязi, пабудаваныя з такiмi цяжкасцямi тавараправодзячыя сеткi былi абвалены. Iмiдж беларускiх прадпрыемстваў — вытворцаў казеiну — апушчаны «нiжэй плiнтуса». Iх эканамiчны стан няўмольна пагаршаецца. Прыйшоў час мяняць профiль вытворчасцi i адмаўляцца ад безумоўна выгаднага экспартнага прадукту, што АБАВЯЗКОВА пацягне за сабой шлейф негатыўных наступстваў для прадпрыемстваў, занятых перапрацоўкай малака, i АБАВЯЗКОВА — для цесна звязанай з iмi жывёлагадоўлi краiны. Еўропа гандлюе казеiнам. Суседка Украiна гандлюе казеiнам. Беларусь жа «стварае стратэгiчны запас». Што ж паслужыла прычынай амаль трохмесячнай эканамiчнай iзаляцыi экспарцёраў? Не, не стыхiйнае бедства, не палiтычныя рашэннi краiн-iмпарцёраў. Прычына — у дзеяннях чыноўнiкаў. У 2006 годзе прынята рашэнне прадаваць казеiн i сухое малако, як найбольш прывабныя экспартныя тавары, праз Беларускую унiверсальную таварную бiржу. I пры гэтым устаноўлена мiнiмальная дапушчальная цана на казеiн вышэйшага гатунку 4,9 долара ЗША за кiлаграм (на сённяшнi дзень). Што ж, ва ўсiм цывiлiзаваным свеце бiржы фармiруюць цану на тавары, курсы валют i каштоўных папер. А ў чым сэнс бiржавых таргоў, калi гранiчныя цэны ўстаноўлены дырэктыўна? (У вынiку чаго вось ужо тры месяцы не прададзена нi кiлаграма казеiну, выпушчанага нашым прадпрыемствам.) Можа, нашы чыноўнiкi маюць дакладную iнфармацыю, што чакаецца рост цэн на гэты тавар? Цi ўсё ж праз месяц каля тысячы тон казеiну будзе прададзена менавiта па дэмпiнгавых, стратных цэнах (бо па iншых нiхто ўжо не купiць)? I эканомiка прадпрыемстваў наблiзiцца да той мяжы, за якой у перыяд «вялiкага малака» можа наступiць i банкруцтва. Усе гэтыя пытаннi мучаць зараз калектывы прадпрыемстваў, якiя нечакана для сябе апынулiся ў такой вось «пастцы». На нарадзе, якую кiраўнiк дзяржавы правёў па пытаннях удасканалення структуры органаў дзяржкiравання, падкрэслiвалася важнасць пераходу ад адмiнiстрацыйна-камандных метадаў кiравання да ЭКАНАМIЧНЫХ. Паводле слоў прэзiдэнта, у Беларусi будуць устаноўлены «дакладныя i стабiльныя правiлы гульнi ў дзелавой сферы», якiя НЕ ПАГОРШАЦЬ становiшча суб’ектаў гаспадарання, нi прыватных, нi дзяржаўных. А «таргi» на нашай, з дазволу сказаць, «бiржы» iдуць. 15 сакавiка казеiн не быў прададзены па цане нiжэй мiнiмальна дапушчальнай — 4,57 $/кг. Тым не менш 22 i 29 сакавiка тавар быў выстаўлены на таргi з мiнiмальна дапушчальнай цаной 5,0-4,9 $/кг. Такi маркетынгавы ход даваў станоўчы вынiк толькi ў краiнах, дзе прынята лiчыць, што чым даражэйшы тавар, тым ён лепшы. Вынiк жа айчынных «таргоў» аказаўся нязменным: не прададзена нi кi-ла-гра-ма. Украiна прапануе гэты тавар па 4,6 долара за кiлаграм (гл. сайт у Iнтэрнэце www.uame.com.ua). Партнёры з Германii пакуль былi гатовы падпiсаць прамы кантракт i пачаць перавод грошай за казеiн па цане 4,68 $/кг. Лiтоўскiя i польскiя заказчыкi прапаноўвалi цану 4,57 $/кг. Гэта рэальныя здзелкi, якiя могуць быць рэалiзаванымi неадкладна, заўтра ж, пры ўмове прамога продажу. Грунтуючыся на ЯКIМ «аналiзе», галiновае мiнiстэрства ўстанавiла цану менавiта 4,9 $/кг, i нi цэнтам нiжэй? У якiм годзе гэты аналiз праводзiўся? Мо ён быў зроблены па стану на канец сакавiка 2006 года? Тады дзе можна пазнаёмiцца з яго вынiкамi? Цi цана, як звычайна, узята з «даведнiка Паталоцкага»? Альбо з прапаноў абласных падраздзяленняў, якiя чамусьцi мяркуюць, што мiнiмальная цана павiнна быць падобнай на папярэднюю? Варта зазначыць: да ўвядзення продажу казеiну праз бiржу цэны на гэты тавар удавалася трымаць. Дзесяткi кiраўнiкоў прадпрыемстваў, дзесяткi менеджэраў розных узроўняў падтрымлiвалi кантакты з замежнымi партнёрамi, праводзiлi манiторынг, збiралi iнфармацыю, таргавалiся. Памiж iмпарцёрамi разгаралася сапраўдная барацьба за высакаякасны беларускi казеiн. Культура i аператыўнасць работы, надзейнасць беларускiх партнёраў прыцягвалi заказчыкаў з-за мяжы. Расiя, Германiя, Польшча, Лiтва былi пастаяннымi пакупнiкамi. Паўторныя кантракты мелi месца практычна заўсёды. Кантракт заключаўся фактычна на працягу адных сутак. Наша прадпрыемства праводзiла загрузку i мытнае афармленне ў дзень падачы транспарту пад загрузку. Усё гэта ў мiнулым. «Бiржа» нiчога не рабiла, не робiць i НЕ ЗБIРАЕЦЦА РАБIЦЬ для таго, каб Беларусь зноў стала прывабным экспарцёрам казеiну. Нiхто не займаецца клiенцкай базай. Не займаецца прасоўваннем тавару па маркетынгавых каналах. На таргi выстаўляюцца безымянныя (!) лоты. Зараз многа гавораць аб прынцыпе «аднаго акна». Аб тым, што чыноўнiкi павiнны паварочвацца тварам да людзей, тым больш — калектываў людзей, i рэагаваць на iх праблемы. Магчыма, недзе нешта пакрысе робiцца. Толькi не на «бiржы». Сотнi даведак, безлiч часу патрэбны зараз для продажу i пакупкi казеiну. Зайдзiце на сайт Беларускай унiверсальнай таварнай бiржы i пазнаёмцеся з пералiкам неабходных для рэгiстрацыi дакументаў i ўмоў. Калi ўсё раздрукаваць на паперы нават дробным шрыфтам, то гэтай кiпай пакалечыць можна. Пакуль пакупнiк i прадавец не будуць рэгiстравацца бiржай шляхам запаўнення прасцейшай Iнтэрнэт-формы цi бланка-заяўкi, да таго часу прадпрыемствы будуць несцi шматмiльённыя страты ад упушчанай выгады. Апошнiм часам на таргi выстаўляецца больш за 20 лотаў, а рэгiструюцца... 2—3 пакупнiкi, якiя хутчэй наглядаюць за бiржавым цудам, чым прымаюць актыўны ўдзел у таргах. Высновы напрошваюцца самi сабой: у асобе «бiржы» прадпрыемствы, якiя перапрацоўваюць малако, атрымалi сапраўды НЕПАТРЭБНАГА пасрэднiка. Паважаныя спадары-чыноўнiкi, ёсць прапанова. Паспрабуйце на ўласным прыкладзе ажыццявiць тую мадэль, якую вы распрацавалi для нас. Купiце айчынны казеiн па ўстаноўленай МIНIМАЛЬНАЙ ЦАНЕ — 4,9 долара ЗША за кiлаграм. Прычым са стопрацэнтнай перадаплатай i адгрузкай па факту паступлення грошай на разлiковыя рахункi прадпрыемстваў. Паспрабуйце, i гэта здыме ўсе пытаннi з вашага боку. Буйнейшы еўрапейскi перапрацоўшчык — «Казеiна польска» — усё яшчэ спадзяецца на пастаўкi беларускага казеiну ад сваiх пастаянных партнёраў i нават стрымлiвае аб’ёмы вытворчасцi, хоць ужо i пачаў закупкi ўкраiнскага тавару. Рынак, аднак. У павазе стабiльныя партнёрскiя адносiны. А не прыснапамятны «даведнiк Паталоцкага». Рашэнне па гэтай праблеме павiнна быць прынята ў самыя блiжэйшыя днi. Iнакш штучна створаныя для рэальнага сектара праблемы вельмi хутка i вельмi балюча ўдараць па бюджэту дзяржавы i адначасова — па лёсах соцень i соцень канкрэтных людзей. Iван ЮХНО, дырэктар малочнага завода, дэлегат З-га Усебеларускага народнага сходу. г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша краiна багатая на таленавiтых i працалюбiвых людзей, якiя могуць прапанаваць добрую, якасную прадукцыю. Але iншым разам колькасць спажыўцоў, зака
|
|