Хопiць бярозавiку i сабе, i iншым
Сяргей РАСОЛЬКА
Днямі ў краiне распачалася нарыхтоўка бярозавiку, прынамсi, у паўднёвых раёнах Брэсцкай i Гомельскай абласцей.
Усяго, як паведамiла карэспандэнту «Звязды» галоўны тэхнолаг упраўлення прамысловасцi Белкаапсаюза Галiна Дзёмiна, сёлета плануецца нарыхтаваць 1650 тон бярозавага соку, што на 12 працэнтаў больш, чым летась (тады было нарыхтавана амаль 1470 тон бярозавiку). Перапрацоўкай будуць займацца 13 прадпрыемстваў сiстэмы Белкаапсаюза. Некаторыя з iх будуць набываць бярозавiк у лесагаспадарчых прадпрыемстваў, некаторыя — нарыхтоўваць самастойна. Напрыклад, буйнейшы перапрацоўшчык — Краснаслабодскi кансервавы камбiнат Салiгорскага раённага спажывецкага таварыства — плануе сёлета перапрацаваць 350 тон гэтага каштоўнага i карыснага прадукту. Камбiнат мае дзве ўласныя брыгады, якiя i будуць займацца нарыхтоўкамi. Вядуцца яны, дарэчы, толькi адзiн месяц. Аднак закансерваваны ў гэты час з аскарбiнавай кiслатой бярозавiк потым можна выкарыстоўваць для вытворчасцi разнастайнай прадукцыi яшчэ доўгi час — да шасцi месяцаў. Напрыклад, для вырабу сокаў з дабаўленнем свежаадцiснутых ягад ураджаю 2006 года. Увогуле, паведамiла Галiна Дзёмiна, папулярнасцю ў пакупнiкоў карыстаецца не толькi чысты бярозавiк, але i вырабленыя на яго аснове купажыраваныя сокi — з дабаўленнем вiшнi, клубнiц, чарнаплоднай рабiны i iнш. Выпускаецца таксама бярозавiк з настоем сухой садавiны i лекавых раслiн, напрыклад, пладоў шыпшыны, кветак рамонкаў i г.д. Гатовая прадукцыя паступiць як у гандлёвую сетку краiны, так i за межы Беларусi — ужо маюцца кантракты на пастаўку шэрагу найменняў яе ў Расiйскую Федэрацыю i Францыю. У апошнюю краiну, дарэчы, летась мы ўпершыню пастаўлялi бярозавiк, разлiты ў шклобутэлькi ёмiстасцю 0,75 лiтра. Прадукцыя беларускiх прадпрыемстваў тамтэйшаму спажыўцу вельмi спадабалася i атрымала высокую ацэнку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямі ў краiне распачалася нарыхтоўка бярозавiку, прынамсi, у паўднёвых раёнах Брэсцкай i Гомельскай абласцей
|
|