Як рэанiмаваць КПП? Аддаць у надзейныя рукi!НОВАЎВЯДЗЕННI На тэрыторыi Маладзечанскага раёна аказаннем бытавых паслуг насельнiцтву займаецца 122 арганiзацыi рознай формы ўласнасцi. 117 з iх месцяцца ў самiм горадзе i належаць у асноўным iндывiдуальным прадпрымальнiкам. Дзяржаўнымi засталiся толькi раённы камбiнат бытавога абслугоўвання i жменька цырульняў, якiя яму належаць. На перыферыю iндывiдуальныя прадпрымальнiкi не спяшаюцца. Вiнавацiць iх цяжка — аказанне бытавых паслуг на сяле сёння застаецца стратнай справай па ўсёй краiне.З дваццацi аднаго комплекснага прыёмнага пункта (КПП) Маладзечанскага раёна толькi адзiн быў выкуплены iндывiдуальным прадпрымальнiкам — у першым у рэгiёне аграгарадку «Аляхновiчы», дзе сёння аказваецца поўны комплекс сацыяльна значных паслуг. Астатнiя сельскiя КПП знаходзяцца на дзяржаўнай датацыi. Яе памер у сельскай мясцовасцi складае 500 рублёў у год на аднаго жыхара. I грошы гэтыя павiнны пайсцi на набыццё сыравiны i матэрыялаў. А з чаго тады плацiць заробак прыёмшчыкам i спецыялiстам? Простае i элегантнае выйсце са складанай сiтуацыi знайшлi ў пасёлку Беразiнскае Гарадзiлаўскага сельсавета. Будынак «бытоўкi» тут iснаваў даўно, але апошнiм часам у большасцi выкарыстоўваўся не па прызначэнню, а як склад тавараў мясцовых гандляроў-камерсантаў, якiя рэалiзоўвалi сваю прадукцыю на пасялковым рэчыўным кiрмашы. Натуральна, памяшканнi патрабавалi сур’ёзнага рамонту, а для гэтага трэба было знайсцi немалыя грошы. I тады раённыя дэпутаты i выканаўчыя ўлады прынялi рашэнне аб перадачы мясцовай «бытоўкi» на баланс самага буйнога прадпрыемства пасёлка — ВРУП «Беразiнскае», якое калiсьцi было торфабрыкетным заводам, а зараз займаецца вытворчасцю камплектуючых для мiнскага «Атланта». Сёння Беразiнскi ведамасны камбiнат бытавога абслугоўвання можна без перабольшвання назваць упрыгожаннем пасёлка. Чыстыя, акуратныя, цёплыя пакойчыкi з еўрарамонтам, ветлiвы персанал далi, нарэшце, пасялкоўцам магчымасць не проста атрымлiваць бытавыя паслугi, але рабiць гэта ў камфортных умовах. Зараз тут можна пастрыгчыся, адрамантаваць абутак i адзенне, набыць рытуальныя прыналежнасцi (труну, вянкi), зрабiць фота (на пашпарт цi сямейнае), скарыстацца мiнi-пральняй, адрамантаваць радыё-, тэлеапаратуру, складаную бытавую тэхнiку, мэблю i гадзiннiкi. «Створаныя камфортныя ўмовы далi магчымасць значна павялiчыць попыт у пасёлку на аказанне ўсiх вiдаў паслуг, — расказваў намеснiк дырэктара ВРУП «Беразiнскае» Мiкалай Грышчук, — у першую чаргу на паслугi цырульнiка. Пры камбiнаце ў розныя змены працуюць два маладыя майстры. У любы дзень, акрамя нядзелi, тут можна прыйсцi i пастрыгчыся, зрабiць укладку. Вельмi запатрабаваным з’яўляецца i рамонт абутку. Гэту паслугу аказвае наш мясцовы прыватны прадпрымальнiк, якому мы здаём у арэнду пакой. Увогуле штатных супрацоўнiкаў на камбiнаце чацвёра — загадчыца (аказвае фотапаслугi, паслугi пральнi, прадае рытуальныя прыналежнасцi i тавары асабiстай гiгiены), два цырульнiкi i швачка. На аказанне iншых паслуг мы заключаем дагаворы з патрэбнымi спецыялiстамi. Усе чацвёра штатных супрацоўнiкаў прыносяць прыбытак, з якога i налiчваецца iм заробак. Пры тым, што цэны ў нас нiжэйшыя, чым у Маладзечне. Мы сёння прадастаўляем сваiм землякам усе 11 вiдаў сацыяльна значных паслуг. Няма ў КБА сваёй хiмчысткi (прынятыя заказы адвозiм у Маладзечна), аднак арганiзоўваць яе на месцы было б нявыгадна». ...Фактычная забяспечанасць комплекснымi прыёмнымi пунктамi ў Маладзечанскiм раёне складае 1830 чалавек на адзiн КПП (пры нарматыве 1800—2000). Акрамя «Беразiнскага», поўны працоўны тыдзень (па 8 гадзiн у дзень) адкрыты КПП у пасёлку Чысць, вёсках Краснае, Аляхновiчы i «Дом быту» ў гарадскiм пасёлку Радашковiчы. У 17 КПП рэгiёна прыёмшчыкi заказаў працуюць на паўстаўкi адпаведна з устаноўленым раскладам. — Паслуга цырульнiка была i застаецца самай запатрабаванай ва ўсiм рэгiёне, — тлумачыць старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Луцыя Арловiч. — Акрамя стацыянарных пунктаў, у нас наладжана выязное абслугоўванне. У сельсаветах, дзе колькасць насельнiцтва невялiкая i дзе кожны дзень майстар прычосак не патрэбны, цырульнiк выязджае па азначанаму графiку. Тое ж датычыцца i рамонту абутку. Папулярныя рытуальныя паслугi (што тлумачыцца аб’ектыўнымi прычынамi — пагаршэннем дэмаграфiчнай сiтуацыi на вёсцы) i рамонт мэблi. Малазапатрабаваным застаецца пашыў адзення. Магчыма, раз у тыдзень цi ў месяц на яго i ўзнiкае попыт, але трымаць на стаўку цi паўстаўкi швачку пры КПП нявыгадна, таму сёння такую паслугу аказвае не кожны прыёмны пункт. Безумоўна, для насельнiцтва было б больш зручна атрымлiваць на месцы, у КПП, усе паслугi (той жа рамонт гадзiннiкаў, бытавой тэхнiкi i iнш.), але гэта вельмi затратна. Аднак, усе сацыяльныя стандарты па бытавому абслугоўванню ў нашым рэгiёне вытрымлiваюцца. Усе КПП маюць тэлефоны, перад адкрыццём мы абавязкова праводзiм рамонтныя работы, ствараем па магчымасцi камфортныя ўмовы для працы прыёмшчыка i абслугоўвання насельнiцтва. Сiламi Маладзечанскага раённага камбiната бытавога абслугоўвання зараз заканчваецца рамонт комплексных прыёмных пунктаў у вёсках Вiдзеўшчына, Хохлава, Селяўцы, Палачаны, Яхiмоўшчына. Аказаннем бытавых паслуг у Маладзечанскiм раёне займаюцца высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты. Гэта даказаў конкурс прафесiйнага майстэрства, якi ў мiнулым годзе ўпершыню праводзiўся з удзелам не толькi гарадскiх, але i сельскiх «бытавiкоў». У намiнацыi «цырульнае майстэрства» «золата» i «серабро» атрымалi цырульнi пасёлкаў Чысць i Беразiнскае адпаведна. Яшчэ адно другое месца КБА «Беразiнскае» атрымаў за рамонт абутку. «Конкурсы мы праводзiм самыя розныя. Зараз, напрыклад, у нас вядзецца падрыхтоўка да чарговага VIII адкрытага рэгiянальнага конкурсу мадэльераў, дызайнераў адзення «Залатыя нажнiцы-2006» i адкрытага конкурсу ювелiрнага майстэрства, — працягвае Луцыя Вiктараўна. — Гэта слушная магчымасць таленавiтым стваральнiкам моды заявiць аб сабе. Запрашаем прыняць удзел усiх жадаючых». Iнга МIНДАЛЁВА. Маладзечанскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi Маладзечанскага раёна аказаннем бытавых паслуг насельнiцтву займаецца 122 арганiзацыi рознай формы ўласнасцi
|
|