21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Размежаваныя лёсы

25.08.2009 21:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Галiна РАМАНЧУК

На нейкi момант у аўтобусе, якi вёз нашу дэлегацыю ў суседнюю Польшчу, усталявалася цiшыня. Усе, як па камандзе, утаропiлi позiрк унiз, на тысячы ярка-жоўтых дзьмухаўцоў, ад якiх ва ўсе бакi струменiла мiрнае, жыццёвае святло.

Такой была мая першая сустрэча з гранiцай.

Па той i гэты бок

Край гэты, як хлеб, палiты потам i крывёю. Чые толькi ногi яго не тапталi! У якiя толькi рукi не траплялi адкроеныя, бы з круглага бохана, лусты зямлi. Для адных яны былi з маслам, для другiх — з густа замешанай лебядою.

Як сведчаць гiстарычныя факты, тэрыторыя Нязбодзiцкага сельсавета, што на Свiслаччыне, у ХIII стагоддзi належала Свiслацкаму княству, потым Вялiкаму княству Лiтоўскаму. Гэту зямлю польскiя каралi перадавалi магнатам-феадалам за iх заслугi. У ХIII стагоддзi зямельнымi абшарамi валодалi гаспадары Крышпiн-Кiртэнштэйн i вядомыя магнаты Хадкевiчы. У наступным — графы Тышкевiчы. Адзiн з iх, Вiнцэнт, заснаваў тут фальварак, цэнтрам якога сталi Нязбодзiчы, адкрыў папяровую фабрыку. Тое месца i па сёння захавала назву Паперня...

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай тагачасныя землi адышлi да Расii. А калi ў 1801-м утварылася Гродзенская губерня, адбыўся новы тэрытарыяльны падзел. Узнiклi паветы i воласцi. Нязбодзiчы ўвайшлi ў Гродзенскую губерню Ваўкавыскага павета Дабравольскай воласцi.

З 1921-га, згодна з Рыжскiм мiрным дагаворам, у Заходняй Беларусi ўсталявалася ўлада Польшчы. Адбыўся новы падзел — ваяводствы, паветы, гмiны. Нязбодзiчы ўвайшлi ў Ялоўскую гмiну Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства. Так працягвалася да верасня 1939-га, да ўз’яднання Заходняй Беларусi з БССР. 4 снежня 1939-га замест Беластоцкага ваяводства ўтварылася аднайменная вобласць, а 15 студзеня 1940-га — раёны, у тым лiку i Свiслацкi, якi налiчваў 16 сельсаветаў. Адзiн з iх — Нязбодзiцкi.

Вялiкая Айчынная таксама «падкарэкцiравала» тэрыторыю сельсавета. Пасля яе завяршэння большая частка Беластоцкай вобласцi адышла да Польскай Народнай Рэспублiкi.

Залешаны таксама ўваходзiлi ў Нязбодзiцкi сельсавет. Але паколькi ў вёсцы жыла большасць палякаў, якiя выказвалi жаданне жыць у Польшчы, то ў вынiку дэмаркацыi мяжы ў 1948 годзе вёска адышла да Польшчы.

Яшчэ некалькi гадоў родзiчы, якiх падзялiла мяжа, не маглi прызвычаiцца да новых абставiнаў. Мацi iшла праз мяжу ў госцi да сына, брат — да сястры.

Зямля не здрадзiць

Мая спадарожнiца, старшыня Нязбодзiцкага сельскага Савета Марыя Качко, адклаўшы ў той дзень свае справы, ахвотна пагадзiлася на сустрэчу з вяскоўцамi. I мы накiравалiся да сям’i Вялiчкаў. Мiхаiл Iванавiч з тых самых Залешан, што за некалькi кiламетраў ад Нязбодзiч, па той бок мяжы. I ў 1948-м яго i iншых землякоў-беларусаў «перакiнулi» на гэты, савецкi бок. Амаль падманам i амаль у чыстае поле.

Але трэба было жыць. Сям’ю Мiхаiла Iванавiча лёс спачатку паматаў па Свiслаччыне, потым завярнуў назад, у памежжа. У Нязбодзiчах купiлi хату, прасторную, на два канцы. Праўда, усё жыццё працавалi на яе, перасыпалi падрубы, перакладалi на свой лад печы, перараблялi дзверы, столь i каморы.

Сёння Мiхаiл Iванавiч з Надзеяй Рыгораўнай засталiся адны ў прасторнай — хоць танцуй — хаце. Жыццё амаль пражыта, перад людзьмi за яго не сорамна, падсумоўвае гаспадар — ветэран вайны, iнвалiд II групы. Невысокага росту, хударлявы, ён не скардзiцца на лёс, якi распалавiнiла мяжа, на хваробы, адна з якiх адняла нагу, а другая заўчасна забрала сына. Хто ведае, як склалася б за тым лясным небакраем, бо многа людзей пацярпела ад бандаў у тых жа Залешанах.

...Юльян Мiхайлавiч Леанард — з Зарэчан. Зусiм недалёка адсюль, у памежнай Ялоўцы, на праваслаўных могiлках пахаваны яго бацька — старшыня даваеннага сельсавета. 22 лiпеня 1941-га яго i Лявонцiя Свейку, Андрэя Лаўрашука, Уладзiмiра Цалюка расстралялi фашысты. Загiнуўшыя знайшлi апошнi прытулак на агародзе, i толькi праз год iх перазахавалi ў Ялоўцы.

Несалодка прыйшлося Юльяну, падлетку ваеннай пары, без бацькi. У 12 гадкоў хадзiў за конным плугам, а потым трактар асвоiў. Не расставаўся з iм да пенсii. Зямля — яна адна, лiчыць Юльян Мiхайлавiч, ля мяжы цi за мяжой — яна просiць сонца, цяпла, догляду. Ён лiчыўся лепшым аратым у прыгранiчным калгасе. Садзiў, абрабляў, капаў бульбу. I якую бульбу! Ордэны i медалi за яе абы-каму не давалi...

...На сасновым ускрайку — каталiцкi крыж. Як абярэг невялiкага, у тры хаты хутара. Вусцiшна тут. Хутаранцы прызвычаiлiся да цiшынi, здаецца, так i трэба для душы, якая прагне спакою. Нездарма ў далёкiм 37-м малады Казiмiр Басалай задумаў тут будавацца. Як спраўнаму лясному рабочаму, яму выдзелiлi неблагую дзялянку. Усялiўся ў прасторны смалiсты дом «пры Польшчы». Але сям’ю не завёў — прызвалi ў войска. Удзельнiчаў у абарончай вайне Польшчы супраць Германii, будаваў ваенны аэрадром у Бельску Падляскiм, жыў у акупацыi, ваяваў у Савецкай армii. На свае вочы пабачыў Майданак. Радавы 4-га пяхотнага палка, старшы кулямётчык аднойчы трапiў у такi жорсткi бой, жывым з якога выйшла трэцяя частка байцоў... У свой час яму прапаноўвалi на выбар неблагiя месцы на тэрыторыi Польшчы, давалi зямлю, можна было атрымаць нават гарадскую прафесiю, але лёс скiраваў на гэты непрыкметны ўзлесак...

— Хiба на тым баку лепей? Зямля адна, шануй — i пракормiць. Не здрадзiць.

Такой думкi прытрымлiваецца i Яўген Фёдаравiч Дуднiк. Больш як 20 гадоў ён узначальваў прыгранiчны калгас iмя Мiчурына. Кожны пагорачак да драбнiц вядомы. Сказаць аб той пары, што працавалi з пад’ёмам — не сказаць нiчога. Бо гаспадарка не сыходзiла з раённай Дошкi гонару, замацоўваючы першыя месцы ў раённым спаборнiцтве прызавымi ў абласным i рэспублiканскiм. Першымi ў раёне мiчурынцы мелi за 200 цэнтнераў бульбы з гектара, каля 40 — збожжавых.

Мiчурынцы не толькi песцiлi хлебную нiву, а i стаялi на яе варце разам з воiнамi-пагранiчнiкамi. «Гэта была адна пагранiчная сям’я», — успамiнае былы старшыня.

Там, за мяжой, у яго браты, сястра, родзiчы, як шмат у каго з жыхароў памежжа. Не раз наведваў iх, гасцяваў. Расказвае пра тыя сустрэчы, пра тамтэйшы лад жыцця з ахвотай. Але нашу старану на тую не памяняў бы.

Мясцiны тут прыгожыя...

Як тлумачыць заслужаны работнiк культуры, свiслацкi краязнаўца Аляксандр Палубiнскi, вёска Дрэчаны раней называлася Дарэчаны (да рэчкi, значыць, стаяла), а Зарэчаны былi за рэчкай. Качкi пайшла ад прозвiшча Качко, якое, як i Турак, з’явiлася тут пасля перавозу графам Тышкевiчам iх продкаў з Украiны. А яшчэ ёсць Стокi з маляўнiчым возерам, Масюкоўшчына, Тарасаўка, Рыбалы... Залешаны на тым баку мяжы выраслi на полi за алешынамi. Як усё, аказваецца, лагiчна i трапна.

Марыя Качко, старшыня сельскага Савета, паказвае пашпарт вёскi, якi склалi ў сельсавеце разам са школьнiкамi i краязнаўцамi. У iм — паходжанне вёскi, iмёны яе ветэранаў, актыў, шмат што iншае. Бо з гадамi маленькiя куточкi памiраюць зусiм як людзi, а памяць павiнна жыць.

Старэйшыя жыхары адыходзяць — i застаюцца асiрацелыя сядзiбы. Сельсавет правёў вялiкую работу па ўстанаўленню асоб нашчадкаў апусцелых дамоў. Вядзецца iх улiк i нават пазначаюцца памеры прысядзiбных участкаў, на якiх буяе трава цi расце суседскi агарод.

Марыю Фёдараўну лiчаць тут сваёй, i яна добра ведае кожную сям’ю ў сельсавеце. Па дарозе яна цярплiва выслухоўвала просьбы самага рознага кшталту: спiлаваць вялiзнае дрэва ля хаты, дапамагчы навесцi парадак, бо дзецi далёка, параiць, як трапiць за мяжу на магiлы родзiчаў, бо спрошчаны пераход цяпер закрылi...

Па добрай традыцыi памежнага жыцця тут па-ранейшаму шануюць сваю гранiцу, трымаюць сувязь з заставамi. I вядома ж, вырошчваюць хлеб, здаюць дзяржаве малако з уласных падворкаў, гадуюць дзяцей...

Марыя Фёдараўна называе прозвiшчы многiх вяскоўцаў, чые лёсы распалавiнiла мяжа. Яны не наракалi на долю, не шукалi лёгкага хлеба. Проста заставалiся ўсё жыццё вернымi гэтай спакутаванай i такой роднай зямлi.

Свiслацкi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На нейкi момант у аўтобусе, якi вёз нашу дэлегацыю ў суседнюю Польшчу, усталявалася цiшыня. Усе, як па камандзе, утаропiлi позiрк унiз, на тысячы ярка
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика