Самая хуткая спяшаецца на дапамогу
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Тэлефон «03» - Калiласка, прышлiце доктара. Маёй жонцы дрэнна, — голас мужчыны ў тэлефоннай трубцы ўсхвалявана дрыжыць...Дыспетчар-медсястра аддзялення хуткай медыцынскай дапамогi Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальнiцы Нiна Чырыч удакладнiла прозвiшча хворай, месца яе пражывання i тут жа дала каманду дзяжурнай брыгадзе выехаць па ўказанаму адрасу. I вось мы (карэспандэнт напрасiўся на паездку) iмчым на вулiцу Камунальную, 10. У брыгадзе — вадзiцель Анатоль Каплюк, анестэзiёлаг-рэанiматолаг Аляксандр Козел i фельчар Сяргей Каленiк. Вадзiцель беспамылкова спынiў аўтамабiль насупраць патрэбнага дома. Растлумачыў пры гэтым, што на машыне хуткай медыцынскай дапамогi працуе з 1982 года i ведае горад i яго жыхароў як свае пяць пальцаў. Тое ж самае i з дзесяткамi навакольных вёсак. Заходзiм у хату, дзе жывуць муж i жонка якiм ужо за восемдзесят гадоў. Соф’я Якаўлеўна — у ложку, за якiм стаяць мылiцы. У студзенi жанчына зламала шыйку бядра, доўгi час не можа хадзiць. Толькi скаргi ў яе на гэты раз не столькi на пералом, колькi на агульную слабасць i моцны галаўны боль. Выслухаўшы жанчыну, Аляксандр Мiкалаевiч бярэцца за справу, i праз лiчаныя хвiлiны прыходзiць да высновы, што ў жанчыны ў дадзены момант абвастрылася хранiчная сардэчная паталогiя. Фельчар тут жа ўводзiць ёй неабходныя лекавыя прэпараты. Трэба пачакаць 20—30 хвiлiн, каб паназiраць за пераменамi ў стане здароўя хворай. Соф’я Якаўлеўна адзначае, што ёй стала лягчэй... Па дарозе назад я даведваюся, што Аляксандр Козел у 1999 годзе закончыў Гомельскi медыцынскi iнстытут i вярнуўся ў свой родны палескi горад, дзе i ажанiўся з урачом-эндаскапiстам Iрынай. Сяргей Каленiк закончыў Мазырскае медвучылiшча i быў накiраваны ў Петрыкаў на работу. Галоўны ўрач тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання Мiхаiл Пасвянчук ахарактарызаваў iх самымi лепшымi словамi: старанныя, уважлiвыя да пацыентаў, высокаквалiфiкаваныя, надзейныя. Калi мы вярнулiся ў бальнiцу, туды пасля выклiку ўжо прыбыла другая брыгада хуткай медыцынскай дапамогi, а трэцяя знаходзiлася на лiнii i вяла перамовы з дыспетчарам-медсястрой Нiнай Чырыч. Аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогi Петрыкаўскай ЦРБ мае тры пасты. Цэнтральны знаходзiцца ў Петрыкаве, а тры яго брыгады працуюць у кругласутачным рэжыме, абслугоўваючы жыхароў райцэнтра i навакольных вёсак у радыусе 50 кiламетраў. Другi пост базiруецца ў гарадскiм пасёлку Капаткевiчы — адна брыгада таксама ўдзень i ўначы абслугоўвае населеныя пункты ў радыусе 15 кiламетраў. А вось пост у Навасёлках працуе толькi ў начны час. I такая вось дэталь. Вядома, што Петрыкаўскi раён разразае рака Прыпяць, i здараецца, што калi iдзе ледаход цi стаiць тонкi лёд, у зарэчную зону брыгадам хуткай медыцынскай дапамогi не дабрацца. На гэты выпадак дзейнiчае адпаведны загад упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, што зарэчныя вёскi Петрыкаўшчыны абслугоўваюць (i не толькi па пытаннях экстранай дапамогi) медыцынскiя ўстановы Мазырскага раёна. Такiм чынам нiводзiн населены пункт Петрыкаўшчыны не застаецца па-за ўвагай медыкаў. Кожны дзень на брыгады хуткай медыцынскай дапамогi прыходзiцца 23—25 выклiкаў. У распараджэннi аддзялення — дзевяць санiтарных аўтамабiляў, з якiх два зусiм новыя. Для выязных брыгад хуткай дапамогi закуплены дыхальны апарат, яны забяспечаны ўсiмi неабходнымi iнструментамi. Вельмi дапамагае ў рабоце набытая летась аўтаматызаваная сiстэма кiравання «дыспетчар хуткай медыцынскай дапамогi», што значна спрасцiла работу дзяжурных дыспетчараў. Пры неабходнасцi дзякуючы ёй можна праслухаць запiс тэлефонных перамоў дзяжурнага дыспетчара з пацыентам, калi памiж iмi можа ўзнiкнуць нейкае непаразуменне цi нават канфлiктная сiтуацыя пры паступленнi выклiкаў. Немалаважна, што ўказаная сiстэма дапамагае выявiць i тых, хто арганiзоўвае лжывыя выклiкi брыгад хуткай медыцынскай дапамогi (на жаль, такiя выпадкi ёсць, i ўжо некалькi чалавек за гэта пакараны ў адмiнiстрацыйным парадку). На жаль, не змяншаецца працэнт выклiкаў на дом да хворых з хранiчнай паталогiяй — з-за таго, што апошнiя нярэдка не выконваюць належным чынам тое лячэнне, якое прызначаюць iм урачы палiклiнiк. ...«03" слухае. «03» прымае выклiк. «03» спяшаецца дапамагчы людзям... Петрыкаўскі раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
- Калiласка, прышлiце доктара. Маёй жонцы дрэнна, — голас мужчыны ў тэлефоннай трубцы ўсхвалявана дрыжыць...
|
|