«Сёння ў Беларусi каля 1 тысячы IT-кампанiй»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
17 мая — Сусветны дзень інфармацыйнага грамадства Як выглядае беларускi рынак iнфармацыйна-камунiкацыйных тэхналогiй (IT-тэхналогiй) у параўнаннi з рынкамi краiн-суседзяў? Якiя памеры мае сёння «ўцечка» спецыялiстаў з IT-сферы за мяжу? Пра гэта карэспандэнт «Звязды» гутарыць са старшынёй праўлення Навукова-тэхналагiчнай асацыяцыi «Iнфапарк» (створана ў 2001 годзе па iнiцыятыве прэзiдэнта Беларусi i аб’ядноўвае некалькi дзесяткаў IT-кампанiй рознай формы ўласнасцi) Уладзiмiрам БАСЬКО.— Колькi налiчваецца сёння ў Беларусi IT-кампанiй? — Кола кампанiй, якiя адносяць да сферы iнфармацыйна-камунiкацыйных тэхналогiй, пастаянна пашыраецца, усё новыя вiды эканамiчнай дзейнасцi пачынаюць адносiць да гэтай сферы. Так, Еўрасаюз сюды ўжо дадае i кампанii, якiя займаюцца вытворчасцю бытавой электронiкi, бо многiя прадукты тут (напрыклад, тэлевiзары) становяцца iнтэрактыўнымi. I сёння ў Беларусi налiчваецца каля 1 тыс. IT-кампанiй. — Колькi сярод iх кампанiй, што займаюцца распрацоўкай праграмнага забеспячэння? — Больш за 300 прадпрыемстваў пазначылi адпаведны вiд эканамiчнай дзейнасцi ў статутных дакументах. — Наколькi сёння ў Беларусi распаўсюджана нелегалiзаваная праца ў IT-сферы (перш за ўсё ў праграмаваннi)? — Па-першае, доля нелегальнай працы зараз скарачаецца. Па-другое, на мой погляд, не трэба глядзець на працу невялiкiх незарэгiстраваных груп як на тое, што перашкаджае нармальнаму развiццю беларускай эканомiкi, беларускага грамадства. Бо гэта, па сутнасцi, рамесная дзейнасць. А на рамесную дзейнасць заўсёды глядзелi «скрозь пальцы», давалi ёй льготы. Я лiчу, што такая рамесная форма дзейнасцi — гэта перыяд iнкубацыйнага працэсу для тых, хто бярэ на сябе iнiцыятыву нешта ствараць. Калi ў гэтых людзей будзе ўсё нармальна атрымлiвацца, iх нелегалiзаваны бiзнэс пачынае расцi, то яны рана цi позна зробяць яго легальным. Бо сам рынак гаворыць неаформленай камандзе распрацоўшчыкаў: калi вы хочаце развiвацца далей, хочаце, каб заходнiя i ўнутраныя заказчыкi звярталiся з сур’ёзнымi заказамi, то вы павiнны быць дакладна аформлены. Павiнна быць прававое афармленне, павiнны быць зразумелымi тэхналогii i г.д. — Параўнайце беларускi IT-рынак з рынкамi нашых суседзяў, якiя калiсьцi ўваходзiлi ў склад Савецкага Саюза. — Беларускi рынак традыцыйна характарызуецца перавышэннем прапаноў паслуг i рашэнняў над патрэбамi ўнутранага рынку. Аднак апошнiм часам беларускi рынак пачынае адчуваць пэўны дэфiцыт магчымасцяў нацыянальнай IT-iндустрыi па прадастаўленню пэўных рашэнняў, работ i паслуг. Гэта ў першую чаргу звязана з тым, што блiжэйшыя рынкi iстотна прыцягваюць унутраны патэнцыял нацыянальнай IT-iндустрыi. Многiя беларускiя кампанii працуюць на рынках Заходняй Еўропы, Расii, краiн Балтыi. IT-рынак Расii сёння развiваецца хутка. Ён плацежаздольны. I для расiйскiх IT-кампанiй расiйскi рынак стаў больш цiкавым, чым рынак знешнi. Пры гэтым, на мой погляд, Расiя сёння адчувае дэфiцыт рэсурсаў уласнай IT-iндустрыi. Перш за ўсё кадравы. Адпаведна, у краiн-суседзяў з’яўляецца магчымасць працаваць на гэтым рынку. Асаблiвасцю Украiны з’яўляецца тое, што там доля кампанiй, якiя працуюць на экспарт, значна меншая, чым у Беларусi. Таксама ва Украiне адсутнiчаюць партнёрскiя адносiны памiж бiзнэсам i дзяржавай. Удзел дзяржавы ў развiццi IT-iндустрыi, у развiццi IT-рынка там iстотна меншы, чым у Расii i ў Беларусi. Аб гэтым гавораць лiдары сярод прадпрыемстваў IT-iндустрыi Украiны i яны лiчаць гэта слабым месцам украiнскай IT-iндустрыi... Дарэчы, цiкавым з’яўляецца рынак Эстонii. З пункту погляду яе прасунутасцi ў пабудове iнфармацыйнага грамадства. З усiх краiн былога Савецкага Саюза i былога Варшаўскага блока Эстонiя сёння мае самае развiтае iнфармацыйнае грамадства. — Як вы можаце ацанiць сённяшнi ўзровень «уцечкi мазгоў» з беларускай IT-iндустрыi за мяжу (у тую ж Расiю, дзе, паводле вашых слоў, назiраецца пэўны кадравы дэфiцыт)? — Фiзiчная эмiграцыя зараз спадае. Яна знаходзiцца на прымальным узроўнi. Аднак iснуе вiртуальная эмiграцыя. Што гэта такое? Гэта сiтуацыя, калi беларускiя спецыялiсты не задзейнiчаны ў рабоце на ўнутраным рынку i працуюць у кампанiях, што не з’яўляюцца рэзiдэнтамi Беларусi i працуюць на патрэбы небеларускiх рынкаў. Такiм чынам, спецыялiсты знаходзяцца тут, але Беларусь не атрымлiвае iх рашэнняў. Усё, што атрымлiвае Беларусь — заробак праграмiста або iншага IT-спецыялiста, якi працуе ў такой кампанii. Добра гэта цi дрэнна? Можа быць гэта i нармальна, калi людзi знаходзяцца ў краiне як своеасаблiвыя турысты, якiя, атрымлiваючы добры заробак, будуюць тут дамы, ходзяць у магазiны, замест таго, каб з’ехаць з краiны назаўсёды. Зараз вiртуальная эмiграцыя ў Беларусi крыху расце. Але колькасць занятых тут вылiчаецца сотнямi, а не тысячамi. Як будзе развiвацца працэс далей — цяжка сказаць... — «Iнфапарк» быў зарэгiстраваны ў 2001 годзе. Якiя дасягненнi мае арганiзацыя за прайшоўшы час? — Асацыяцыя стварае спецыяльныя эканамiчныя ўмовы дзейнасцi для прадпрыемстваў — члены асацыяцыi маюць права карыстацца па-датковымi льготамi. Льготы павышаюць канкурэнтаздольнасць нашых членаў, перш за ўсё на знешнiм рынку. Таксама льготы знiжаюць кошт прадукцыi i паслуг на ўнутраным рынку, што дазваляе будаваць iнфармацыйнае грамадства ў Беларусi хутчэй i эфектыўней. Вялiкiм нашым дасягненнем з’яўляецца тое, што IT-прадпрыемствы, якiя ўваходзяць у асацыяцыю, пачалi працаваць кансалiдавана. Яны пачалi разумець, што трэба разам каардынаваць сваю дзейнасць, сумесна прадстаўляць i абараняць свае iнтарэсы. Бо пасля таго, як перастаў iснаваць Савецкi Саюз, у нашым грамадстве не было разумення, што такое бiзнэс-асацыяцыi. У савецкiя часы прадпрыемствы не вырашалi свае пытаннi кансалiдавана — не было патрэбы. I калi адпаведная магчымасць з’явiлася, менталiтэт беларускага кiраўнiка аказаўся не зусiм гатовы да таго, каб працаваць кансалiдавана... Таксама зараз мы знаходзiмся ў вельмi актыўным узаемадзеяннi з сiстэмай адукацыi. Мы шукаем шляхi, як дапамагчы сiстэме адукацыi трансфармiравацца, каб адказваць на патрэбы IT-рынку, якiя хутка змяняюцца. Мы развiваем узаемадзеянне з Белдзяржунiверсiтэтам, Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэтам iнфарматыкi i радыёэлектронiкi. Асацыяцыя спрабуе шукаць механiзмы фiнансавай падтрымкi навучальных устаноў, удакладнення навучальных праграм i г.д.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як выглядае беларускi рынак iнфармацыйна-камунiкацыйных тэхналогiй (IT-тэхналогiй) у параўнаннi з рынкамi краiн-суседзяў? Якiя памеры мае сёння «ўцечк
|
|