Галео запрашае «пахварэць», цi Футбол, нібы прагноз надвор’яЧэмпiянат свету-2006 Беларусы, на жаль, яшчэ толькi мараць пра ўдзел у першынстве свету, аднак заплюшчваць вочы на галоўны футбольны турнiр чатырохгоддзя, што стартуе 9-га чэрвеня ў Германii, мы, вядома, не станем.УДЗЕЛЬНIКI Самая вялiкая колькасць каманд (трыццаць дзве) прымае ўдзел у апошнiх трох першынствах, улiчваючы сёлетняе. Менш за ўсё ўдзельнiкаў, усяго па трынаццаць дружын, было ў 1930-м i 1950 гадах. Сярод зборных, якiя выйшлi ў фiнальную частку турнiру-2006, шэсць навiчкоў: Тога, Кот-Д’Iвуар, Ангола, Гана, Трынiдад i Табага i Украiна. Праўда, апошнюю краiну можна аднесцi да дэбютантаў, толькi калi не ўзгадваць, што ўкраiнцы калiсьцi ўдзельнiчалi ў футбольных чэмпiянатах свету ў складзе зборнай СССР. ФАВАРЫТЫ Хоць сярод сёлетнiх удзельнiкаў ёсць некалькi пераможцаў мiнулых чэмпiянатаў: англiчане (1966), французы (1998), аргенцiнцы (1978, 1986), немцы (1954, 1974, 1990), iтальянцы (1934, 1938, 1982), але яўнымi фаварытамi з’яўляюцца бразiльцы: яны, у адрозненне ад астатнiх, не прапусцiлi нiводнага першынства, i пяць разоў станавiлiся мацнейшымi (1958, 1962, 1970, 1994, 2002). Хутчэй за ўсё, дома сёлета немцы будуць iмкнуцца, як мага лепей выкарыстаць фактар родных сцен i перамагчы. ПРАГНОЗЫ Напярэдаднi турнiру нямецкi часопiс «Wettermagazin» супаставiў 90 матчаў, дзе ўдзельнiчалi лiдары — Бразiлiя, Аргенцiна, Англiя, Германiя, Францыя i Iталiя — з умовамi надвор’я. Высветлiлася, што найлепшыя «спецыялiсты» па спякоце — iтальянцы, а па холаду — бразiльцы. Для французаў лепшая тэмпература 19,6 градуса цяпла, бразiльцаў — 19,8, аргенцiнцаў — 21, англiчан — 22,3, немцаў i iтальянцаў — 23,3 градуса. А вось якi прагноз на чэмпiянат далi апытаныя намi беларусы: Леанiд ГАРАЙ, заслужаны трэнер Беларусi i аглядальнiк «Спартыўнай панарамы»: — 1. Бразiлiя. 2. Германiя. 3. Галандыя. Вельмi хацеў бы, каб парадавалi ўкраiнцы. Мяркую, што яны, як i Сербiя i Чарнагорыя могуць прыпаднесцi сюрпрыз. Вадзiм ЖУК, суддзя мiжнароднай катэгорыi: — 1. Бразiлiя. 2. Германiя. 3. Аргенцiна (цi Iталiя). Уладзiмiр НАВIЦКI, спартыўны тэлекаментатар: — Я, напэўна, не буду арыгiнальным i назаву самых яўных лiдараў — Аргенцiна, Германiя, Iспанiя, (Бразiлiя). Юрый КУРБЫКА, намеснiк старшынi Асацыяцыi «БФФ»: — Калi мяне просяць зрабiць прагноз, адразу кажу: «Аб надвор’i на заўтра я даведаюся паслязаўтра». Згодна з рэйтынгам зборных, за высокiя месцы будуць змагацца, канешне ж, Бразiлiя, Германiя, Галандыя, Чэхiя, Аргенцiна, Iталiя, Iспанiя. Можа, «стрэлiць» i Афрыка. Галоўнае — прыгожы футбол. Аляксей КУЛЬБАКОЎ, рэферы ФIФА: — 1. Бразiлiя. 2. Iталiя. 3. Аргенцiна. Юрый ПУНТУС, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай i сталiчнага «МТЗ-РIПА»: — Прагнозы рабiць — справа няўдзячная, таму адзначу толькi, што галоўныя прэтэндэнты на чэмпiёнства бразiльцы. Юрый ВЯРГЕЙЧЫК, трэнер дзеючага чэмпiёна краiны, салiгорскага «Шахцёра»: — Футбол нельга прадказаць, як надвор’е. Добра, калi з групы здолеюць выйсцi ўкраiнцы. Лiчу, што асноўныя лiдары — у Паўднёвай Амерыцы — Аргенцiна i Бразiлiя, а ў Еўропе — Галандыя i Iталiя. Вiталь НАДЗIЕЎСКI, паўабаронца футбольнага клуба «Гомель»: — Сярод фаварытаў — Бразiлiя, Англiя, Аргенцiна i Iталiя. Асабiста «хварэю» за апошнюю краiну. Меркаванне «Звязды»: сярод трох супрацоўнiкаў нашага выдання, якiя з’яўляюцца вялiкiмi аматарамi футбола, адзiнага саставу тройкi прызёраў вызначана не было, таму прапануем вашай увазе ўсе варыянты: 1. Бразiлiя. 2. Галандыя. 3. Iталiя; 1. Бразiлiя. 2. Англiя. 3. Германiя; 1. Iталiя. 2. Бразiлiя. 3. Германiя. Жадаем балельшчыкам цудоўнага настрою i прыгожага футбола! АДРОЗНЕННI Мiнулы турнiр прымалi дзве краiны — Японiя i Карэя. У сёлетняга чэмпiянату толькi адзiн гаспадар — Германiя. У адрозненне ад мiнулых турнiраў дзеючы чэмпiён не выйшаў у фiнал аўтаматычна: бразiльцы, хоць i з’яўляюцца пяцiразовымi чэмпiёнамi планеты, але вымушаны былi пераадолець квалiфiкацыйны бар’ер. Нямецкi мундзiяль разбурае яшчэ адну традыцыю: у матчы адкрыцця будзе гуляць не дзеючы пераможца, а гаспадар першынства. Дарэчы, iдэя — давяраць адкрыццё турнiру менавiта чэмпiёну — з’явiлася якраз на першынстве свету ў Германii (яно праводзiлася ўжо ў гэтай краiне ў 1974-м). Праўда, тады гэта была не аб’яднаная краiна, а толькi яе заходняя частка. ТАЛIСМАН У якасцi футбольных сiмвалаў на мундзiялях часцей былі чалавечкi. Для турнiру ў Германii выбраны леў. Завуць яго Галео. Ён апрануты ў белую майку з лiчбамi 06, што, зразумела, значыць год правядзення чэмпiянату. Неабходным атрыбутам iльвяня стане мяч «Пiле». Дарэчы, першым талісманам чэмпіянату свету быў менавіта цар звяроў. Сёлетнім персанажам адводзiцца большая роля, чым сiмвалам папярэднiх першынстваў: яны не проста спадарожнiкi мундзiяля i гандлёвыя маркi, а iстоты з бiяграфiямi i аматары футбола. Напэўна, каб пазбегнуць на турнiры расiзму (у iм жа ўдзельнiчаюць пяць зборных з чорнага кантынента), месцам жыхарства льва выбрана Афрыка. Дата з’яўлення на свет — 5 чэрвеня 1985 года. Улiчваючы, што сiмвалам стаў кароль звяроў, да яго iмя далучылi рымскiя лiчбы — Галео VI... За гады жыцця ў Германii Галео «пасябраваў» з футболам i нават паехаў «хварэць» за немцаў на кантынентальнае першынство ў Партугалiю (праўда, без бiлета). Менавiта там ён i пазнаёмiўся з дзiўным мячыкам Пiле (ён накачаны чароўным газам). Той з’явiўся на свет 22 жнiўня 2003 года i адразу вызначыўся сярод астатнiх снарадаў: можа размаўляць i рухацца ў любым накiрунку i, што не менш важна, у патрэбныя моманты здольны быць звычайным. Апошняя якасць вельмi дапамагла на матчы 1/4 фiналу Англiя — Партугалiя. Пiле не надта падабаўся Дэвiд Бэкхэм, таму, калi той бiў рашаючы пенальцi, мяч вырашыў паляцець на верхнюю трыбуну, дзе i сядзеў Галео. Ён злавiў Пiле, i з таго часу яны заўжды разам. Хоць арганiзатары сапраўды здзiвiлi такiмi бiяграфiямi талiсманаў, адносiны жыхароў Германii да iх не надта цёплыя. Справа ў тым, што леў — адзiн з сiмвалаў Англii, а спадары мундзiяля больш паважаюць арлоў. Нямецкая фiрма, якая падпiсала кантракт на выпуск Галео ў якасцi сувенiраў, аб’явiла аб сваёй неплацежаздольнасцi. Цацка коштам 19,95 еўра асаблiвай папулярнасцю ў пакупнiкоў не карыстаецца. АБ МЯЧАХ Афiцыйная цырымонiя прадстаўлення мяча чэмпiянату свету-2006 адбылася ў Лейпцыгу. У перакладзе з нямецкай мовы навiнку ад «Адзiдас» (гэта фiрма з’яўляецца афiцыйным пастаўшчыком на турнiры УЕФА i ФIФА з 1970 года) можна назваць, як «Камандны дух». Снарад мае чорна-белы дызайн. На мячы ёсць лагатып мундзiяля i залатая паласа, якая нагадвае аб вышэйшай узнагародзе для пераможцы. Хоць вытворцы лiчаць свой тавар — сапраўдным футбольным цудам, галкiперу зборнай Германii Йенсу Леману мяч зусiм не спадабаўся: «Гэты мяч прадназначаны для iгракоў, якiя стаяць за межамi поля цi для гледачоў, але не для галкiпераў. Калi iдзе дождж, ён нязручны, слiзгае i акрамя ўсяго шмат верцiцца ў паветры». У час чэмпiянату ў гамбургскiм музеi будзе выстаўлены самы старадаўнi футбольны мяч (яго ўзрост 450 гадоў). Спартыўны снарад быў уласнасцю Марыi Сцюарт. Праўда, цi гуляла каралева Шатландыi ў футбол, доказаў няма. «Ветэран» прадстаўляе сабой свiнны мачавы пузыр, абшыты тоўстай скурай. Мяч не пакiне экспазiцыю да сярэдзiны верасня. Потым яго адправяць у музей Смiта ў Стэрлiнге (Вялiкабрытанiя), дзе снарад i захоўваўся дагэтуль. Напярэдаднi чэмпiянату Пакiстан, якi з’яўляецца лiдарам у вытворчасцi футбольных мячоў, экспартаваў 55,8 мiльёна адзiнак спартыўнай прадукцыi. Дарэчы, звыш 85 працэнтаў мячоў выпускаецца ў горадзе Сiалкот. У iх стварэннi бяруць удзел каля 60 тысяч чалавек. Хоць iншыя сусветныя кампанii здолелi наладзiць аўтаматызаваную вытворчасць спортiнвентара, пацяснiць лiдара iм не ўдалося. Гэта пры тым, што пакiстанскiя мячы зроблены ўручную. У японскай сетцы унiверсальных магазiнаў Takashimaya Co можна набыць дакладную копiю футбольнага мяча, якiм будуць гуляць удзельнiкi першынства ў Германii. Зроблены ён з чыстага золата, важыць тры кiлаграмы, а каштуе 182 360 долараў. Падрыхтавала Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусы, на жаль, яшчэ толькi мараць пра ўдзел у першынстве свету, аднак заплюшчваць вочы на галоўны футбольны турнiр чатырохгоддзя, што стартуе 9-га
|
|