Няма работы? Можна пашукаць у... сталiцы
Сяргей ГРЫБ
Па стану на пачатак чэрвеня на ўлiку ў цэнтрах занятасцi Мiншчыны знаходзiлася 9,9 тыс. чалавек, што адпавядала 1,5 працэнта ад усяго эканамiчна актыўнага насельнiцтва рэгiёна. Пры гэтым, паводле слоў намеснiка начальнiка ўпраўлення службы занятасцi насельнiцтва аблвыканкама Вольгi Кiм, сёлета выпадае казаць аб паступовым змяншэннi паказчыкаў беспрацоўя. Хоць на рынку працы па-ранейшаму застаецца шэраг праблем. I цi не галоўная з iх — напружаная сiтуацыя ў невялiкiх населеных пунктах.
Калi за студзень—май летась па дапамогу ў працаўладкаваннi ў службы занятасцi насельнiцтва звярнулiся каля 17 тыс., то за такi ж перыяд сёлета — ужо 19 тыс. жыхароў вобласцi. Тым не менш «скачка» беспрацоўя не адбылося. Як адзначыла Вольга Кiм, найперш гэта сталася вынiкам актыўнай палiтыкi на рынку працы — прафесiйнаму навучанню i перанавучанню, субсiдзiраванню грамадзян, якiя вырашылi заняцца прадпрымальнiцкай дзейнасцю, дзяржаўнай падтрымцы па перасяленню на iншае месца жыхарства. Апроч таго, з пачатку года праз цэнтры занятасцi вобласцi ўдалося ўладкаваць на сталую работу звыш 10 тыс. чалавек. На сёння служба занятасцi Мiншчыны мае звесткi аб наяўнасцi 5,7 тыс. вакансiй — у асноўным па будаўнiчых i сельскагаспадарчых спецыяльнасцях. Аднак якраз тут i ўзнiкае першая праблема. Як заўважыла Вольга Кiм, да 80 працэнтаў свабодных рабочых месцаў, аб якiх паведамiлi наймальнiкi, разлiчаны на выкарыстанне «мужчынскай» працы. Тады як большая частка беспрацоўных рэгiёна — наадварот, жанчыны. Другая «балючая кропка» — моладзь. Паводле даных статыстыкi, 52 працэнты ад агульнай колькасцi беспрацоўных Мiншчыны знаходзяцца ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў. А ў сваю чаргу больш чым палова з iх з’яўляюцца непаўналетнiмi, якiя не маюць нiякай прафесii i, такiм чынам, вялiкiх шанцаў на атрыманне больш-менш «вартага» месца. Аднак цi не самае вострае пытанне — рэгiёны. Да прыкладу, зараз па Капыльскаму, Валожынскаму, Старадарожскаму, Мiнскаму, Смалявiцкаму раёнах у сярэднiм на адну вакансiю прыпадае прыкладна па аднаму беспрацоўнаму. I ў той жа час па Салiгорску, Слуцку, Маладзечанскаму раёну на кожную прапанову наймальнiкаў фактычна знаходзiцца па 5—7 прэтэндэнтаў. Сапраўды, падобнае становiчша ўзнiкла не на роўным месцы — найперш яно сталася вынiкам рэарганiзацыi вайсковых частак, рэфармавання прамысловасцi i сельгасвытворчасцi, «безадраснага» прафесiйнага навучання. Тым не менш, адзначае Вольга Кiм, галоўнае сёння — змянiць сiтуацыю. I перш-наперш па невялiкiх населеных пунктах, дзе пры наяўнасцi беспрацоўя фактычна няма нiводнай вакансii. Гаворка, у прыватнасцi, iдзе аб пасёлках Раёўка Маладзечанскага, Урэчча Любанскага i Свiслач Пухавiцкага раёнаў. — Праблему занятасцi ў Раёўцы плануецца вырашыць да 2010 года, прычым ужо налета тут мяркуецца вывучыць варыянты па адкрыццю дадатковых вытворчасцяў, — кажа Вольга Кiм. — Ва Урэччы стаўка будзе рабiцца на развiццё надомнай працы, i, у сувязi са стварэннем аграгарадка, — на сферу гандлю i паслуг. Нарэшце, перспектыўнымi напрамкамi для Свiслачы стануць падтрымка прадпрымальнiцтва, а таксама працаўладкаванне ў iншых населеных пунктах. I ў тым лiку ў сталiцы — чакаецца, што ўжо ў гэтым годзе вакансii ў Мiнску змогуць дадаткова атрымаць каля 40—50 жыхароў пасёлка. Мiж тым, заўважае намеснiк дырэктара гарадскога цэнтра занятасцi Соф’я Свярдлова, адной з тэндэнцый апошняга часу ў Мiнску сталася прыкметнае павышэнне попыту на працоўную сiлу. Сёлета паказчык занятасцi ў эканомiцы горада можа дасягнуць рэкорднай адзнакi ў 1 млн чалавек. I ў той жа час даводзiцца казаць, што сталiчны рынак працы адчувае пэўны «дэфiцыт». На 7,5 тыс. беспрацоўных тут прыпадае не менш за 14 тыс. вакансiй. А ў чэрвенi, з улiкам традыцыных сезонных ваганняў, колькасць заявак наймальнiкаў узрасла да 17 тысяч. — На рынку працы горада захоўваецца высокi попыт на рабочых — слесараў, вадзiцеляў аўтамабiляў, электраманцёраў, гандляроў, зваршчыкаў, каменшчыкаў, маляроў, тынкоўшчыкаў, — зазначае Cоф’я Свярдлова. — Сярод служачых i спецыялiстаў асаблiвай папулярнасцю карыстаюцца ўрачы, медсёстры i iнжынеры асобных квалiфiкацый. Iснуе патрэба ў кiраўнiках сярэдняга звяна — загадчыках структурных падраздзяленняў, майстрах, прарабах. Нарэшце, адчуваецца востры недахоп так званых «неквалiфiкаваных» рабочых — грузчыкаў, дворнiкаў, прыбiральшчыкаў i г.д. Безумоўна, далёка не ўсе заяўкi «падмацаваны» высокай аплатай. Аднак у якасцi канстатацыi: сярэднi ўзровень заробкаў па ўсiх вакансiях у сталiцы па стану на 1 чэрвеня складаў 467 тыс. рублёў. Пры ўладкаваннi ў арганiзацыi Мiнска для жыхароў iншых рэгiёнаў працягвае дзейнiчаць ранейшае правiла. Спецыяльны дазвол гарвыканкама патрабуецца толькi грамадзянам, якiя пражываюць на значнай адлегласцi ад горада i не маюць магчымасцяў штодня дабiрацца да месца работы i вяртацца назад. Што да асоб з населеных пунктаў, якiя маюць добрыя i да таго ж рэгулярныя транспартныя зносiны са сталiцай, то тут нiякiх «дадатковых санкцый» не патрабуецца. Адпаведна, падкрэслiла Соф’я Свярдлова, у такiм выпадку наяўнасць мiнскай прапiскi — умова зусiм неабавязковая. Дарэчы, цiкавы факт. Паводле слоў Соф’i Свярдловай, памiж Мiнскам i Мiнскай вобласцю наладжаны абмен iнфармацыяй аб вакансiях. Адпаведна, поўныя звесткi аб магчымасцях працаўладкавання ў сталiцы можна атрымаць, у прыватнасцi, у цэнтрах занятасцi насельнiцтва навакольных раёнаў. Другi шлях пошуку свабоднага месца ў буйнейшым горадзе краiны — Iнтэрнэт. Пры гэтым «працоўны» сайт Мiнгарвыканкама www.minsk.gov.by/rabota наведалi ўжо больш за 611 тыс. чалавек — як непасрэдна мiнчан, так i жыхароў iншых рэгiёнаў Беларусi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па стану на пачатак чэрвеня на ўлiку ў цэнтрах занятасцi Мiншчыны знаходзiлася 9,9 тыс. чалавек, што адпавядала 1,5 працэнта ад усяго эканамiчна актыў
|
|