Паслугi. З павышаным попытам
Сяргей ГРЫБ
Адзiн раён — адзiн тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Здаецца, што падобная «формула» ўжо стала звыклай. I разам з тым сама тэма дзяржаўнай дапамогi застаецца па-ранейшаму актуальнай. Такiм чынам, якiя новыя сацыяльныя «прапановы» з’явiлiся за апошнi час i якiм будзе попыт на iх надалей? Аб гэтым — наша гутарка з дырэктарам Навукова-даследчага iнстытута працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Святланай ШАЎЧЭНКА.
— Як вядома, дзяржаўны стандарт сацыяльнага абслугоўвання быў выкананы яшчэ ў 2004 годзе. I ўсё ж, наколькi аказалася «запатрабаванай» работа тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання? — Варта адразу адзначыць, што ўсе сумненнi наконт перспектыў тэрытарыяльных цэнтраў аказалiся дарэмнымi. Дастаткова сказаць, што толькi на працягу мiнулага года па дапамогу ў iх звярнулася 1,3 млн грамадзян Беларусi, i, як правiла, гэта былi адзiнокiя i адзiнока пражываючыя асобы пажылога ўзросту (586,4 тыс. чалавек), адзiнокiя i адзiнока пражываючыя iнвалiды I i II групы (53 тыс.), няпоўныя, шматдзетныя, так званыя «неўладкаваныя» сем’i, а таксама сем’i, якiя выхоўваюць дзяцей-iнвалiдаў ва ўзросце да 18 гадоў. Пры гэтым ужо зараз можна сцвярджаць, што цэнтры будуць запатрабаваныя i надалей. Хоць агульная колькасць жыхароў краiны працягвае пакрысе змяншацца, але адначасова з’яўляецца ўсё больш людзей, якiм неабходна тая цi iншая сацыяльная падтрымка. Па-першае, гаворка iдзе аб грамадзянах, узрост якiх перавысiў працаздольны. На пачатак 2006 года ў Беларусi налiчвалася 2,07 млн пенсiянераў, i фактычна кожны трэцi з iх не меў увогуле цi пражываў асобна ад працаздольных сваякоў. У той жа час не сакрэт: у сувязi з дасягненнем пенсiйнага ўзросту «дзецьмi» пасляваеннага «бэбi-буму» канца 1940—пачатку 1950-х гадоў хутка мы станем сведкамi росту колькасцi пажылога насельнiцтва. I ў тым лiку — адзiнокiх i адзiнока пражываючых старых. Бо, з аднаго боку, «самастойнае пражыванне» аказваецца прамым вынiкам распаду многiх сваяцкiх адносiнаў пасля знiкнення СССР. З другога — масавай мiграцыi моладзi ў гарады. А з трэцяга — наступствамi распаўсюджанай, i перш-наперш у сталiцы, практыкi пераездаў («каб пакiнуць сваё гарадское жыллё дзецям») пенсiянераў на сталае месца жыхарства ў вёскi. Другой значнай катэгорыяй насельнiцтва, якая будзе мець патрэбу ў сацыяльным абслугоўваннi, застануцца iнвалiды. На жаль, iх колькасць таксама ўзрастае. I, у прыватнасцi, калi ў 2001 годзе «на групе» знаходзiлася 409,3 тыс. грамадзян краiны, то зараз — ужо 504,4 тысячы. Пры гэтым варта заўважыць, што сёння фактычна кожны дзесяты iнвалiд зноў-такi пражывае самастойна. I асобная гаворка аб няпоўных сем’ях. У 1990 годзе па-за шлюбам у Беларусi з’явiлася толькi 9 працэнтаў дзяцей, у 2000 годзе — 19, а летась — ужо каля 24 працэнтаў. Тлумачэннi тут розныя. I, скажам, калi жанчыны ва ўзросце да 20 гадоў часцяком сутыкаюцца з так званай «непажаданай цяжарнасцю», то значная частка жанчын ва ўзросце больш за 35 гадоў прымаюць ужо свядомае рашэнне — не выходзiць замуж, а проста нарадзiць «для сябе». Аднак пры гэтым зразумела, што незалежна ад прычын, вырашыць усе праблемы выключна сваiмi сiламi адзiнокай мацi цяжка. А значыць, iснуе варагоднасць таго, што iх значная частка будзе звяртацца па дапамогу ў тэрытарыяльныя цэнтры. — Калi ўзяць пад увагу не толькi высокую долю адзiнокiх пажылых грамадзян, але i колькасць шматдзетных цi тых жа няпоўных сем’яў, урэшце, узровень заробкаў, то можна зрабiць выснову — найбольш «праблемнай» з’яўляецца вёска. Цi ўдалося стварыць тут iнфраструктуру сацыяльнай дапамогi? — Сетка ўстаноў сацыяльнай падтрымкi ў сельскай мясцовасцi — пытанне складанае. Дастаткова ўзгадаць, што ў краiне налiчваецца 23,4 тысячы вёсак, з якiх 9,4 тысячы (цi адразу 40 працэнтаў) маюць статус аддаленых. Тым не менш выпадае казаць, што паступова дапамога пачынае «наблiжацца» да вяскоўцаў. Адным са шляхоў тут стала рашэнне аб адкрыццi фiлiялаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва ў буйных вёсках i аграгарадках — у прыватнасцi, зараз працуюць ужо звыш 60 такiх фiлiялаў. Другi варыянт — аказанне паслуг комплекснымi мабiльнымi брыгадамi i камунальнымi прадпрыемствамi пры сельвыканкамах i сельгасарганiзацыях. I, апроч таго, у аддаленых населеных пунктах нярэдка выкарыстоўваецца так званая «суседская дапамога». Iнакш кажучы, робiцца афармленне на работу ў рэжыме няпоўнага дня або ў якасцi сумяшчальнiкаў фiзiчна больш моцных жыхароў асобных вёсак, якiя здольныя аказваць неабходную дапамогу тым адзiнокiм цi адзiнока пражываючым суседзям, якiя маюць цяжкасцi з самаабслугоўваннем. — Цi выпадае казаць, што сацыяльная дапамога на даму — паслуга найбольш папулярная? — Летась на надомным абслугоўваннi знаходзiлася 72 тысячы непрацаздольных грамадзян Беларусi, прычым апошнiм часам iх колькасць становiцца ўсё большай. Аднак сцвярджаць, што сёння развiваецца толькi гэты вiд паслуг, усё ж не выпадае. Да прыкладу, летась 5,9 тысячы чалавек, што апынулiся ў складанай сiтуацыi, атрымлiвалi талоны на харчаванне, 172,6 тысячы — гуманiтарную дапамогу, 2,2 тысячы — паслугi сядзелак, 5,4 тысячы — дапамогу гаспадарчых брыгад, 1,2 тысячы чалавек скарысталiся «сацыяльным таксi», 104 тысячы — кансультацыямi, 20,7 тысячы — «тэлефонам даверу», 2,4 тысячы адзiнокiх i адзiнока пражываючых пенсiянераў i iнвалiдаў змаглi пажыць у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, а 5,8 тысячы дзяцей-iнвалiдаў — прайсцi рэабiлiтацыю ў спецыялiзаваных аддзяленнях дзённага знаходжання. I такi спiс — далёка не поўны. Тэрытарыяльныя цэнтры шукаюць усё новыя формы падтрымкi. Пры гэтым цiкава, што па сутнасцi кожны рэгiён робiць стаўку на «свой» напрамак — у залежнасцi ад патрэбы, якая тут iснуе. — Адно з няпростых пытанняў — аплата. Вядома, што частка паслуг прадастаўляецца за грошы. Наколькi прымальным аказаўся такi варыянт? — Увядзенне аплаты за тое ж абслугоўванне на даму першым часам прывяло да змяншэння колькасцi грамадзян, якiх наведвалi сацыяльныя работнiкi. Аднак паступова, з улiкам развiцця сеткi ўстаноў, пашырэння пералiку паслуг, росту ўзроўню жыцця, а таксама захавання прымальных тарыфаў (у залежнасцi ад рэгiёна i ступенi рухомай актыўнасцi чалавека цяперашнi кошт вагаецца ад 9,7 тыс. да 43,9 тыс. рублёў) паказчыкi сталi павялiчвацца i ўжо дасягнулi адзнакi 80 працэнтаў ад узроўню цалкам «бясплатнага» 2001 года. Пры гэтым даводзiцца канстатаваць, што летась да многiх пенсiянераў i iнвалiдаў сацыяльныя работнiкi прыходзiлi менавiта за грошы: да 68 працэнтаў грамадзян — на ўмовах частковай, а да 4 працэнтаў — на ўмовах поўнай аплаты. Дарэчы, адметны факт. Як паказвае аналiз, у 2005 годзе толькi чацвёртая частка грошай, што паступiлi ад прадастаўлення паслуг, пайшла на заробкi сацыяльных работнiкаў. I ў той жа час 56 працэнтаў сродкаў — на паляпшэнне матэрыяльнай базы тэрытарыяльных цэнтраў. Цi iншымi словамi — на вырашэнне праблемы недастатковага бюджэтнага фiнансавання сiстэмы сацыяльнага абслугоўвання. — Мiж тым, давайце паспрабуем спрагназаваць — якi лёс, у сувязi з развiццём сацыяльных паслуг, чакае «традыцыйныя» дамы-iнтэрнаты? — Зараз у Беларусi налiчваецца 61 стацыянарны дом-iнтэрнат для састарэлых i iнвалiдаў, i ў тым лiку — 23 агульнага тыпу, i 38 — для асоб з псiханеўралагiчнымi захворваннямi. Апроч таго, у краiне працуе 6 iнтэрнатаў малой умяшчальнасцi, 2 iнтэрнаты для дзяцей з асаблiвасцямi фiзiчнага, а таксама 7 iнтэрнатаў — для дзяцей з асаблiвасцямi псiхiчнага развiцця. I, трэба прызнаць, цалкам адмовiцца ад такiх устаноў проста немагчыма — асаблiва ў выпадках, калi чалавеку патрэбны штодзённы догляд i медыцынскае забеспячэнне. Разам з тым, на наш погляд, у сiстэме сацыяльнай абароны асноўнай павiнна стаць менавiта «дапамога па месцы жыхарства». Прынамсi, у параўнаннi з пераездам у iнтэрнат, яна нашмат лепш успрымаецца самiмi састарэлымi i iнвалiдамi. I да таго гэта — шлях да значнай эканомii далёка «не лiшнiх» бюджэтных сродкаў. Так, падлiкi паказваюць, што пражыванне аднаго чалавека ў стацыянарным доме-iнтэрнаце абыходзiцца прыкладна ў 530 тысяч, тады як знаходжанне ў аддзяленнi сацыяльнага абслугоўвання на даму — у 44 тысячы, а ў аддзяленнi кругласутачнага знаходжання — у 28 тысяч рублёў у месяц.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такiм чынам, якiя новыя сацыяльныя «прапановы» з’явiлiся за апошнi час i якiм будзе попыт на iх надалей? Аб гэтым — наша гутарка з дырэктарам Навукова
|
|