«Трэба гаварыць ўсёй грамадой...»
Леанiд ЛЫЧ, доктар гiстарычных навук, прафесар
Погляд Сёння рэальны стан беларускай мовы непакоiць кожнага грамадзянiна краiны, якi жадае бачыць свой народ з высокаразвiтой самабытнай нацыянальнай культурай. Пра гэта сведчаць даволi частыя выступленнi руплiўцаў на старонках друку...У краiнах, што, як i Беларусь, утварылiся ў вынiку развалу СССР, праведзена ўжо некалькi канферэнцый, сiмпозiўмаў, круглых сталоў па выкарыстанню моў у розных сферах дзейнасцi чалавека. У iх працы бралi ўдзел не толькi мовазнаўцы, але i прадстаўнiкi самых шырокiх пластоў грамадства i абавязкова палiтыкi, бо часта ад iх у найбольшай ступенi залежыць лёс той цi iншай мовы. У прыватнасцi, улады, грамадскасць Украiны ў кастрычнiку мiнулага года ладзiлi мiжнародны кангрэс на тэму: «Украiнская мова ўчора, сёння i заўтра ва Украiне i свеце». На яго прыехалi прадстаўнiкi 22 краiн, 26 абласцей Украiны. З дакладамi i паведамленнямi на пленарных пасяджэннях i секцыях выступiла каля 500 чалавек. З вуснаў асноўнага дакладчыка акадэмiка Украiнскай Акадэмii навук, прэзiдэнта Мiжнароднай Асацыяцыi «Украiна i сусветнае ўкраiнства» П. Кананенкi, удзельнiкi гэтага форуму пачулi словы: «Захаваем мову — захаваем сябе як нацыю. Мова павiнна аб’ядноўваць нас, таму што яна ёсць падмурак нацыi». Пра такi наш найдаражэйшы, нацыянальна-духоўны скарб, як беларуская мова, трэба гаварыць усёй грамадой, разам з палiтыкамi, якiя, як нiхто iншы, нясуць адказнасць перад народам за лёс яго роднага i да таго ж яшчэ дзяржаўнага слова. Дарэчы, у нас ёсць вопыт публiчнага, сур’ёзнага абмеркавання моўнага пытання. Перш за ўсё гэта праведзеная 14—21 лiстапада 1926 года ў Мiнску Акадэмiчная канферэнцыя па рэформе беларускага правапiсу. Абвешчаная дзяржавай у лiпенi 1924 года беларусiзацыя паспрыяла вельмi хуткаму пранiкненню беларускай мовы ва ўсе вiды службовага справаводства, ва ўсе тыпы навучальных устаноў, у тым лiку i вышэйшыя, у рэдакцыi газеты i часопiсаў, выдавецтвы. Яна загучала ў час правядзення з’ездаў, сесiй i iншага роду форумаў савецкiх i партыйных органаў рэспублiканскага маштабу. Чыноўнiкi ўсiх рангаў начэй не дасыпалi, каб вывучыць дзяржаўную беларускую мову. I гэта сталася iм падуладным: калi ў 1925 годзе толькi 22 працэнты супрацоўнiкаў цэнтральных (рэспублiканскiх) устаноў валодала беларускай мовай i 36 працэнтаў — акруговых i раённых устаноў, дык у 1927 годзе — адпаведна 80 i 70 працэнтаў. Каб паспяхова спраўляцца з абслугоўваннем грамадскага жыцця, беларускай мове патрэбны быў належным чынам унармаваны, дасканалы правапiс. А яго якраз i не мелася, што паслужыла падставай склiкаць не абы-якую, а акадэмiчную моўную канферэнцыю з запрашэннем на яе i замежных спецыялiстаў. У Мiнск прыехалi рэктар Лiтоўскага дзяржаўнага унiверсiтэта прафесар Бiржышка, латышскi паэт Ян Райнiс, прафесар Фасмер (Берлiнскi унiверсiтэт), Галомбек (Варшаўскi унiверсiтэт), Гарчынскi (Ленiнградскi унiверсiтэт), Растаргуеў (Маскоўскi унiверсiтэт), дацэнты Блесе (Латвiйскi унiверсiтэт), Нiмчынаў (Харкаўскi унiверсiтэт), што надало канферэнцыi па беларускай мове мiжнародны характар. Усё гэта стала магчымым дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, добраму разуменню не толькi вучонымi-фiлолагамi, але i ўладнымi структурамi яе выключнай ролi ў лёсе народа. Сёлета спаўняецца 80 гадоў з часу правядзення той без перабольшвання гiстарычнай Акадэмiчнай канферэнцыi. Лепшай нагоды для правядзення ў гэтым годзе новай нам не знайсцi. Толькi на абмеркаванне трэба выносiць не правапiс, а праблему павышэння ролi беларускай мовы ў абслугоўваннi грамадскага жыцця. Так ужо склалася ў сусветнай практыцы: мова, якая не абслугоўвае ўладу, гiне. У такой сiтуацыi яе не ў стане выратаваць нiякiя высокамастацкiя лiтаратурныя творы, нiякiя заклiнаннi шанаваць, любiць роднае слова. Мова ўзнiкла як сродак абслугоўвання людзей у розных сферах iх дзейнасцi, пераважна грамадскай, таму i памiрае, як толькi перастае быць такiм сродкам. На канферэнцыю варта запрасiць прадстаўнiкоў усiх краiн СНД, бо ў iх ажыццёўлена шмат дзейсных мерапрыемстваў па гарманiзацыi суадносiнаў выкарыстання нацыянальнай i рускай моў у сферы грамадскага жыцця. Iх пазiтыўны вопыт дапаможа i нам наблiзiцца да справядлiвага развязвання гэтай найскладанай праблемы. Выпрацаваны на канферэнцыi калектыўны погляд на сучасны стан беларускай мовы i перспектывы яе пераўтварэння ў сапраўды дзяржаўную будзе непараўнальна больш правiльны, чым прыватныя i iндывiдуальныя выказваннi паасобных аўтараў. Да такога калектыўнага погляду, несумненна, больш прыслухоўваюцца i грамадства i, галоўнае, сама дзяржава, ад якой у найбольшай ступенi залежыць будучыня беларускай мовы. Упэўнены, што выпрацаваная на канферэнцыi калектыўная думка дасць добры плён, дапаможа беларускаму народу захавацца i развiвацца ў сваёй спрадвечнай роднай мове. Нам, беларусам, у сваiм моўным развiццi няварта выдзяляцца сярод усiх астатнiх еўрапейскiх народаў, для якiх родная мова гэта само жыццё.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дарэчы, у нас ёсць вопыт публiчнага, сур’ёзнага абмеркавання моўнага пытання. Перш за ўсё гэта праведзеная 14—21 лiстапада 1926 года ў Мiнску Акадэмiч
|
|