Калi ўсё — па навуцы
Іван БАРАНОЎСКІ. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.
Сучаснай жывёлагадоўлi — сучасныя тэхналогii корманарыхтоўкi Расказваем пра закрытае акцыянернае таварыства «1 Мая» з Нясвiжскага раёна Вядома, кiраўнiкi-аграрнiкi прыехалi сюды не дзеля таго, каб проста палюбавацца пышна-зялёнымi краявiдамi гаспадаркi (хоць варта i гэтыя краявiды асобна вылучыць: так сказаць, маюць месца, а значыць — мае месца i багаты зялёна-кармавы канвеер) — аграрныя спецыялiсты i прыехалi ў гаспадарку «1 Мая» менавiта з тым, каб пазнаёмiцца, як у ёй iдзе нарыхтоўка травянiстых кармоў. Iх вiзiт сюды стаў адным з пунктаў адпаведнай праграмы абласнога семiнара-нарады. Зразумела, сама гаспадарка «1 Мая» для гэтага вiзiту была выбрана не выпадкова: тут сапраўды было з чым пазнаёмiцца. Увогуле падчас кожнага прыезду ў гэту гаспадарку тут заўсёды можна даведацца пра нешта новае, цiкавае, хоць, здавалася б, што яшчэ новага можна прыдумаць у такой традыцыйнай сялянскай справе... БАДы цiкавыя не толькi для людзей Пра БАДы, або бiялагiчна актыўныя дабаўкi, ведаюць цяпер многiя. I не проста ведаюць, але i з карысцю прымяняюць iх... У гаспадарцы «1 Мая», па сутнасцi, прызначылi гэтыя БАДы i свайму шматлiкаму статку буйной рагатай жывёлы. — Упершыню сталi закладваць зялёныя кармы на стойлавы перыяд з бiялагiчным кансервантам, — расказалi ў «1 Мая». — Што ўяўляе сабой гэты кансервант? Гэта бiялагiчны раствор са спецыяльнымi дабаўкамi ў iм, якi, адпаведна, абагачае корм, садзейнiчае яго лепшаму захоўванню i нават паляпшае яго смакавыя якасцi. Адпаведна, i пажыўнасць такога корму намнога лепшая, i жывёла выкарыстоўвае яго выключна ўвесь строга па прызначэнню. Пад ногi не трапляе нiколькi... Раствор бiялагiчнага кансерванта ўносiцца ў зялёную масу перад закладваннем яе ў сiласныя ямы, прычым выконваецца сама аперацыя яшчэ падчас падбору гэтай масы на полi i яе здрабненнi. У прыватнасцi, на кормаўборачных камбайнах гаспадаркi ўстаноўлены спецыяльныя ёмiстасцi з указаным растворам, а таксама помпы-дазатары, якiя падчас работы камбайнаў i падаюць гэты раствор на нажы. Дарэчы, схема падачы кансерванта ў зялёную масу першапачаткова была зусiм iншай i не забяспечвала найлепшага насычэння iм той жа зялёнай масы — у гаспадарцы пусцiлi кансервант па iншай, ужо абазначанай, больш эфектыўнай схеме. «Купiлi гэтага кансерванта на 8 тысяч тон сенажу, а якраз не менш як 7 тысяч тон апошняга мы i павiнны атрымаць з першага ўкосу», — зазначылi ў гаспадарцы. У гаспадарцы паставiлi задачу: да 25 чэрвеня першы ўкос павiнен быць зняты (наша ж паездка сюды была якраз напярэдаднi). А тут, як правiла, калi паставiлi ўжо якую задачу, прызначылi тэрмiн, — выканаюць i ўкладуцца. Укладуцца нават у тых выпадках, калi абсалютна не спрыяе надвор’е, што, напрыклад (зробiм тут невялiкае адступленне), было падчас уборкi цукровых буракоў надзвычай дажджлiвай восенню 2004 года, калi шмат дзе на раскiслыя цукровыя палi не магла выйсцi тэхнiка. У «1 Мая» — выходзiла. I днём, i (падцiскала тое ж надвор’е) ноччу. Аднак вернемся да сёлетняй нарыхтоўкi кармоў. Як даведалiся мы пазней, у «1 Мая» атрымалi з першага ўкосу 7622 тоны сенажу. Словам, не менш, чым было намечана. I нават з запасам... Расказваючы пра цяперашнi клопат першамайцаў па нарыхтоўцы кармоў для жывёлы, пра iх клопат адносна высокiх пажыўных уласцiвасцяў гэтых кармоў, звернем асаблiвую ўвагу: тут гэты клопат — менавiта двухадзiны. Тут дакладна зыходзяць з наступнага: жывёла павiнна атрымаць менавiта паўнацэнны, высакаякасны корм, а не ўмоўныя кармавыя адзiнкi; толькi ў такiм выпадку можна чакаць i адпаведнай аддачы. У прыватнасцi, у гаспадарцы робiцца ўсё магчымае, каб тая ж зялёная маса не перастаяла на полi, а своечасова была скошана, падвялена i закладзена ў сянажныя траншэi; якасць закладзеных кармоў абавязкова правяраюць спецыялiсты раённай лабараторыi; у гаспадарцы робiцца ўсё магчымае, каб як мага хутчэй закрыць распачатую сянажную траншэю... Зялёны канвеер дзейнiчае практычна (зрэшты, цяпер будзе правiльней сказаць: дзейнiчаў) кругласутачна, i гэта быў менавiта найдакладны, безадмоўны канвеер. На яго бездакорнасць выдатна працуе спецыяльная сiстэма матэрыяльнага заахвочвання. Гэта даплаты i за тэрмiны, i за добрае захоўванне агратэхнiчных прыёмаў, i за перавыкананне дзённых заданняў, i за высокую якасць кармоў, i г.д. Да 1,5 мiльёна рублёў на ўборцы кармоў у гаспадарцы зарабляюць. — Сёлета выдалiся не зусiм спрыяльныя пагодныя ўмовы для росту траў. Вясна была халоднай, i добры травастой спазнiўся. Гэта таксама запатрабавала больш сцiслых тэрмiнаў пры нарыхтоўцы зялёных кармоў. Трэба было ўсё зрабiць менавiта як мага хутчэй, каб потым падкармiць сенажацi i г.д. Наперадзе ж яшчэ два ўкосы... Нарыхтаваць добрыя кармы — гэта вельмi важна iменна для гаспадарак Нясвiжскага раёна, у якiх шчыльнасць жывёлы на 100 га сельгасугоддзяў — адна з самых высокiх у рэспублiцы: практычна 130 галоў. I практычна такую ж шчыльнасць мае i наша гаспадарка, прычым колькасць жывёлы ў нас няспынна расце. Словам, iсцiна тут для кожнага, хто працуе на зямлi, простая i вельмi зразумелая: будуць добрыя кармы — будзе i добрае мяса з малаком, — падкрэслiвае кiраўнiк гаспадаркi Iгар Макар. Пра галегу ўсходнюю, лiтоўскiя пашы i г.д. Вельмi добрыя надзеi ўскладаюць у «1 Мая» на гэту культуру. Тут, у прыватнасцi, пералiчваюць наступныя плюсы: гэта культура — з высокiм утрыманнем бялку, а мець у кармах паболей бялку — стратэгiчная задача першамайцаў; у галегi нават сцябло пажыўнае, мяккае; яна дае за адзiн укос 150—180 цэнтнераў зялёнай масы (зразумела, з гектара); прычым за сезон можна зрабiць чатыры ўкосы; яна, пасля таго, як адаптавалася, амаль не патрабуе нiякага агратэхнiчнага догляду (у прыватнасцi, сама ж забяспечвае сябе азотам) i можа расцi на адным месцы да 20 гадоў... Толькi здымай тыя ж бялкi... Праўда, разам з тым у гаспадарцы зазначаюць: гэтая культура павiнна спачатку добра адаптавацца, патрабуе немалога клопату на працягу першых двух гадоў. Але затое потым гэты клопат, як зразумела ўжо, цалкам апраўдваецца. I цяпер у «1 Мая» берагуць сваю галегу (яе завялi тут некалькi гадоў таму) для насення — з тым, каб у наступным годзе пашырыць яе пасевы ў некалькi разоў. А побач з гэтым цяперашнiм, хутчэй эксперыментальным, полем у гаспадарцы пачалi ўзводзiць новую малочнатаварную ферму на 600 галоў з разлiкам на бязвыпаснае ўтрыманне жывёлы. Словам, каб усё было побач: тут вам добрыя кармы, тут i жывёла. Не зусiм звычайны на другую палову чэрвеня факт: у гаспадарцы ўжо аралi. А гэта з усё той жа мэтай — каб узяць як мага большую колькасць кармоў; i з добрым утрыманнем у iх бялку. Адпаведна, пераворваюцца сенакосы i пашы, на якiх раслi малапрадуктыўныя травы, i засяваюцца аўсяна-гарохавай сумессю, лубiнам. «I кармы добрыя возьмем адсюль, i будзем мець найлепшых папярэднiкаў для наступнага пасеву на гэтых участках азiмай пшанiцы. Словам, усё — па навуцы», — падкрэслiвае кiраўнiк гаспадаркi Iгар Макар. Словам, i тут — усё па навуцы. Для больш поўнага раскрыцця гэтай тэмы, напэўна, варта яшчэ сказаць пра тое, што ў гаспадарцы ў некалькi разоў, або амаль да 750 гектараў, павялiчылi сёлета плошчы пад кукурузу, а апошняя вымахвае тут да 2 метраў. Але, вiдаць, не варта поўнасцю паўтараць тут тэматыку таго ж семiнара. Звернем увагу на наступны факт. Як вядома, вясковыя жыхары нярэдка скардзяцца на тое, што iх пакiдаюць сам-насам з iх праблемамi з сенам, якое патрэбна для ўласнай жывёлы. У «1 Мая» спецыяльна нарыхтоўваюць яго для сваiх працаўнiкоў. Так сказаць, у агульным патоку разам з нарыхтоўкай сена для грамадскага статку. I абавязкова, як падкрэслiваў галоўны аграном Мiкалай Ленкавец, — нарыхтоўваюць з першага ж укосу. Словам, каб не хвалявалiся першамайцы пра асабiсты падворак падчас знаходжання на рабоце i думалi выключна пра работу. Была зарплата... I нiякiх адхiленняў... Любая справа — гэта, вядома ж, справа рук чалавечых. — Каб усё добра атрымалася, да ўсяго трэба рукi прыкласцi, — зазначае галоўны аграном. — Возьмем тую ж галегу. Каб мець добрае насенне, якое мы плануем узяць, трэба яе i ў добрую пагоду скасiць, i падвялiць, як належыць, i механiзмы камбайна як след адрэгуляваць... Карацей кажучы, за ўсiм трэба сачыць, i нават самому тыя ж рукi прыкласцi. А калi толькi за камбайнам на «бобiку» ездзiць, дык i вынiк будзе адпаведны... Мы ўжо раней пiсалi пра настойлiвасць, iнiцыятыўнасць кiраўнiка гаспадаркi, пра яго ўменне наперад бачыць выгаду ад той цi iншай аперацыi, яго ўменне наперад добра ўсё падлiчыць. Гэта тыя якасцi, якiя найперш за ўсё i павiнен мець сучасны кiраўнiк. А галоўная апора любога кiраўнiка — гэта, вядома, такiя ж нераўнадушныя, цалкам «пад кiраўнiка», людзi... У «1 Мая» — той жа галоўны аграном, якi па-добраму любiць зямлю, намеснiк кiраўнiка Анатоль Рудзяк, на якога не баiцца пакiнуць гаспадарку Iгар Макар, i многiя iншыя. Сёлета ў гаспадарцы паставiлi задачу дасягнуць штодзённых прываг сваiх бычкоў, якiя знаходзяцца на адкорме, да 900 грамаў. Гэта амаль што максiмум, што можна мець. Як падкрэслiвае кiраўнiк гаспадаркi, пры звычайным, традыцыйным кармленнi гэтага не дасягнеш. Патрэбны ўжо iншыя падыходы. А на гэта ёсць тая ж навука. Ёсць таксама надзейная служба галоўнага заатэхнiка гаспадаркi Веры Парфiмовiч. Карацей кажучы, у «1 Мая» кормяць сваю жывёлу таксама строга па навуцы, па распрацаваных галоўным заатэхнiкам рацыёнах, рэцэптах. Прычым для кожнай узроставай групы, кожнай катэгорыi — выключна свой рэцэпт. У гаспадарцы купiлi спецыяльнае абсталяванне — 5 кормараздатчыкаў тыпу «Хозяин» i «Мармiкс» з дазатарамi для прыгатавання кармоў. Строга ў адпаведнасцi з тымi ж рэцэптамi ў рацыён закладваецца неабходная колькасць сенажу, камбiкорму, патакi, якая з’яўляецца абавязковым салодкiм кампанентам... Добрыя кармы — гэта, вядома, добра, але яшчэ i не ўсё. У прыватнасцi, так мяркуе адна з лепшых даярак гаспадаркi Аляксандра Садоўская, якая надаiла летась ад кожнай каровы ў сваёй групе па 7600 кiлаграмаў малака, i за 5 месяцаў гэтага года мела па 4 тысячы, прычым плануе па вынiках года перавысiць мяжу ў 8 тысяч... Вось такi адказ. А, мiж iншым, варта ведаць: вельмi нялёгкая, напружаная праца ў даярак, калi, напрыклад, улiчваць, што ў гэты летнi час яны ўжо ў чатыры гадзiны ранiцы павiнны быць на ферме... — Цяпер вось, непасрэдна на тэрыторыi жывёлагадоўчага комплексу, дадаткова летнi лагер для жывёлы ўзводзiм, — расказвае Зiгмунд Каласоўскi. — 600 галоў можна будзе яшчэ паставiць. А за летнi час — гэта 70 тон лiшняга мяса... У цэлым, як падкрэслiвае кiраўнiк гаспадаркi Iгар Макар, значна падцягнулiся людзi за апошнiя гады, сталi больш адказнымi. «Ну вось была нядаўна заработная плата, — прыводзiць ён даволi пераканаўчы аргумент. — Назаўтра для механiзатараў — абавязковы медыцынскi агляд. I нi ў кога нiякiх, так сказаць, адхiленняў. А хiба было б такое магчыма яшчэ гадоў пяць таму. Словам, хто хоча — той працуе. I зарабляе». А сярэдняя заработная плата складае цяпер у гаспадарцы каля 550 тысяч рублёў. Паводле слоў кiраўнiка, гаспадарка стала прывабнай для людзей, за апошнiя два гады 60 сем’яў прыехалi сюды з iншых месцаў... Апошнiм часам тут зрабiлi немалыя ўкладаннi ў свой сацкультбыт. Тут абсталявалi на фермах i ў майстэрнях утульныя бытавыя памяшканнi, узвялi лазнева-пральнае аддзяленне; у гаспадарцы з асаблiвым гонарам паказваюць свой па-сучаснаму аформлены, «пад еўра», з мяккiмi куткамi i iншай атрыбутыкай, дом жывёлавода. Добраўпарадкаванне не ў меншай ступенi закранула саму тэрыторыю гаспадаркi, вёскi, якiя размешчаны на гэтай тэрыторыi. Амаль паўсюдна на дарогах з’явiўся асфальт, уздоўж вулiц — акуратныя агароджы... На ўсё гэта абнаўленне i добраўпарадкаванне каля 5 мiльярдаў рублёў выдаткавалi ў мiнулым годзе... «Па сутнасцi, iдзе няспыннае будаўнiцтва», — падкрэслiваюць тут, пералiчваючы свае ўзведзеныя i плануемыя аб’екты. Выдатны разгон набралi першамайцы. — Самых добрых i цёплых слоў заслугоўваюць працаўнiкi гэтай гаспадаркi, — гаворыць першы намеснiк старшынi Мiнс-кага аблсельгасхарчу, удзельнiк ужо зазначанага абласнога семiнара-нарады па нарыхтоўцы травянiстых кармоў Аляксандр Лiннiк. — I ў першую чаргу гэтыя словы трэба сказаць у адрас кiраўнiка гаспадаркi Iгара Мiкалаевiча Макара, ад мэтанакiраванай, творчай работы, энергiчнасцi якога многае i зыходзiць. Усё, што маецца ў сельскагаспадарчых тэхналогiях перадавога, — абавязкова прымяняецца на землях гэтай гаспадаркi, усё тут сапраўды пастаўлена па навуцы. Было б пабольш такiх кiраўнiкоў. ЗАТ «1 Мая» ў 2005 годзе: ЛIЧБЫ I ФАКТЫ Гаспадарка «1 Мая» з’яўляецца закрытым акцыянерным таварыствам. Гэта — шматгалiновае аграрнае прадпрыемства, асноўныя накiрункi дзейнасцi — вырошчванне i адкорм буйной рагатай жывёлы i вытворчасць малака; гаспадарка спецыялiзуецца таксама на вытворчасцi збожжавых i цукровых буракоў. У мiнулым годзе ЗАТ «1 Мая» стала таксама насенняводчай гаспадаркай. Выручка ад рэалiзацыi сельскагаспадарчай прадукцыi склала ў ЗАТ «1 Мая» ў 2005 годзе 9050 мiльёнаў рублёў; пры гэтым атрымана 2167 мiльёнаў рублёў прыбытку (у раслiнаводстве — 268 мiльёнаў i ў жывёлагадоўлi — 1381 мiльён); рэнтабельнасць вытворчасцi прадукцыi склала 30,8 працэнта. ЗАТ «1 Мая» налiчвае адзiн з самых буйных у раёне i вобласцi статкаў: на пачатак чэрвеня тут мелася 7164 галавы буйной рагатай жывёлы, у тым лiку 730 кароў. Сярэднi ўдой на карову склаў за год каля 6300 кiлаграмаў (на 737 кiлаграмаў больш, чым у папярэднiм годзе). ЗАТ «1 Мая» рэалiзавала за год 1735 тон мяса. Валавы збор збожжа (разам з кукурузай) склаў 11 430 тон; ураджайнасць — 65,8 цэнтнера з гектара (на 15,5 цэнтнера больш, чым у папярэднiм годзе). У 2006 годзе ў ЗАТ «1 Мая» плануецца атрымаць па 72 цэнтнеры з гектара збожжавых, надаiць ад кожнай каровы па 6700 кiлаграмаў малака, рэалiзаваць каля 1800 тон мяса пры штосутачных прывагах буйной рагатай жывёлы на адкорме — 900 грамаў. Ужо за 5 месяцаў тут рэалiзавалi 8102 цэнтнеры ялавiчыны. У гаспадарцы штодня надойваюць ад каровы на 1,5 кiлаграма больш, чым у мiнулым годзе; за 6 месяцаў тут надаiлi ў сярэднiм ад кожнай каровы па 3431 кiлаграму. Па надоях малака ЗАТ «1 Мая» займае другое месца ў раёне пасля вядомага агракамбiната «Сноў». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расказваем пра закрытае акцыянернае таварыства «1 Мая» з Нясвiжскага раёна
|
|