КалёсыПростыя рэчы Як у тым анекдоце, калёсы — шматзначнае слова. Так называюць i колы, звычайныя колы, напрыклад, у аўтамабiля. Але ў пэўнай жа часткi моладзi, на спецыфiчным жаргоне, калёсы — гэта таблеткi, якiя прымаюцца зусiм не ад прастуды. Ды мы сёння пагаворым пра калёсы — звычайны драўляны воз для аднаконнай запрэжкi. Простая рэч. Але ж як пра яе пiсаў народны паэт Аркадзь Куляшоў:«Каня запрагаю ў калёсы, Дугу закладаю ў гужы, Вязу i сярпы я i косы, I граблi ў свой стан на Сажы». Калёсы яшчэ на беларускай лiтаратурнай мове называюцца драбiнамi. Але ў нас, на захадзе Вiцебшчыны, драбiнамi называюць толькi тыя калёсы, у якiя ўстаўляюцца дзве высокiя бакавiны-драбiны з папярочкамi, яшчэ па-вясковаму гэта — тарантас. I выкарыстоўваюцца яны для перавозкi сена, саломы. Калёсы здаўна служаць беларускаму селянiну пры перавозцы грузаў, вывазцы гною, ды на многiх iншых работах. Раней былi яны на жалезным ходзе — на драўлянае кола надзявалася кавалём жалезная шына. Цяпер такое сустрэнеш вельмi рэдка. У асноўным колы для калёс бяруцца са спiсаных сеялак, iншай сельскагаспадарчай тэхнiкi. I мякчэй, i хутчэй, i глебу не так рэжа. Абысцiся i сёння без калёс у сельскай гаспадарцы нельга. Узяць тую ж вывазку гною. Калi i дамовiцца гаспадар з трактарыстам, падгонiць той да хлява прычэп, талакой накiдаюць яго поўны гноем (на прычэп, дарэчы, кiдаць цяжэй, чым у нiзкiя калёсы), выверне ён уздымальнiкам гэты прычэп у полi. А далей? З вялiкай кучы па ўсiм полi яго вiламi не расцягнеш. Трэба зноў жа падганяць калёсы i развозiць гной роўнымi кучкамi па ўсiм полi. Тады i трэсцi яго лягчэй. Ды i пры пасадцы, капаннi бульбы на калёсах прасцей раскiдаць па полi мяхi з насеннем або, наадварот, сабраць ужо выкапанае. Плуг i барану можна завесцi ў поле i ў трактарным прычэпе, але прасцей у калёсах. У iх жа, упарадкаваўшы работу, i вяртаешся дадому. У трактарным прычэпе — забараняюць правiлы дарожнага руху. Ну, а легкавыя аўтамабiлi стаяць у час талакi яшчэ не ля кожнага ўчастка вяскоўца цi местачкоўца. Чамусьцi помнiцца: выкапалi бульбу, вяртаемся дадому з далёкага ўчастка па цiхай лясной дарожцы. Конiк таксама стомлены, як i людзi, тупае пакрысе, сам ведае дарогу, сам чакае аўса ды адпачынку. Ляжыш у калёсах, прыхiлiўшы галаву да вышмальцаванага зямлёю лемеха плуга, глядзiш у начное асенняе неба. Скрозь галiны сосен праблiскваюць яркiя зоркi. Маўчым, за дзень у барознах нiбыта ўсё ўжо i перагаворана. Пацiху рыпяць колы, стукаюць па ўкатанай зямлi капыты. I дадому, да стала з чаркай i скваркай хочацца. Але i ехаць вось так хочацца бясконца. У незаслужана забытага сёння рускага паэта Мiкалая Рубцова (увогуле ўся паэзiя забываецца незаслужана ў наш непаэтычны час) ёсць такiя жартаўлiвыя радкi: «Я забыл, как лошадь запрягают. И хочу ее позапрягать. Хоть они неопытных лягают И до смерти могут залягать». А i сапраўды, запрэгчы, закласцi каня ў калёсы — навука, здавалася б, простая, а на самай справе мае шмат нюансаў, без ведання якiх нi конь у хамуце, нi вы ў калёсах у час паездкi не будзеце адчуваць сябе камфортна. Ёсць у маёй практыцы абыходжання з канём i калёсамi адзiн выпадак, якi цяпер успамiнаю з усмешкай. Ну а тады было не да ўсмешак. Капалi бульбу на ўскрайку Пастаў. Для гэтага папрасiў я каня ў адной з арганiзацый, практычна ў кожнай раённай арганiзацыi ёсць адзiн цi некалькi коней. Далi мне яго ранiцой ужо запрэжанага ў калёсы, прыгнаў на ўчастак, распрог, пачаў адворваць бульбу. Працавалi аж да прыцемку. Старэйшыя пайшлi з поля, а я саманадзейна застаўся ў полi адзiн, не папрасiў дапамогi. Неяк запрог, выехаў на дарогу ў тую арганiзацыю — тут i пачалося. Ледзь конiк тузане — аглобля бразь аб зямлю. Спыняюся, перапрагаю. Праеду крыху — другая бразь аб зямлю, ды так гучна. Добра, што ўжо прыцемак. Не так сорамна. I ўсё-такi не абышоўся я без дапамогi. Ехаў добры чалавек на веласiпедзе, пачуў, як у чарговы раз бразнула аглобля, спынiўся. Паказаў: у чым мая памылка, чаму ў мяне гужы не служаць, як след. Сорамна, але вучыцца трэба, хоць i ўзрост далёка не юначы. Ды толькi маё пакутлiвае падарожжа на гэтым не скончылася. Недаязджаючы лiтаральна пару дзесяткаў метраў да канюшнi, я раптам, нiчога не разумеючы, убачыў, што конь перад маiмi калёсамi знiкае, пайшоў унiз. I вось ужо з зямлi тырчыць толькi дуга i ягоная галава. Я ж у возе ўзвышаюся над iм на цэлы метр. Потым разабралiся. Аказваецца, пакуль мы капалi бульбу, у гэтым месцы экскаватар капаў па нейкай патрэбе глыбокую i шырокую канаву. Пад вечар бульдозер ссунуў у канаву пясок. Нiбыта i засыпана. Але ж восень, вiльгаць, зямля ў канаве як дрыгва. Былi i калочкi з чырвонымi анучкамi. Я iх у прыцемку не заўважыў. А тады, выскачыўшы з калёс, кiдаўся ля канавы ў роспачы. Потым дапяў выпрагчы каня. Палез у дрыгву, выпраг, пачаў выцягваць за аброць. Выбралiся. I конь, i я брудныя па шыю. Адвёў яго да канюшнi, потым упрогся сам у калёсы i зацягнуў iх туды ж. Пачаў было тлумачыць конюху, якi падышоў. А той смяецца, ён з вартаўнiком з-за вугла назiралi за маiмi пакутамi. А зiмой жа калёсы замяняюцца санямi. Праўда, у райцэнтры iх практычна не выкарыстоўваюць. Шмат машын, снег працiраецца да асфальту, пасыпаецца соллю з пяском — якiя тут санi, iх палазы будуць буксаваць. Так што ў горадзе калёсы служаць круглы год. А вось у часы нашага дзяцiнства, калi зрэдзь часу праязджала па вулiцы машына, саней было шмат. На iх i тавары па крамах развозiлi. На санi ставiлiся спецыяльныя развалы, яны ператваралiся ў развалкi. I на гэтыя вялiкiя платформы грузiўся тавар. Нам, дзятве вельмi карцела пабегчы за развалкамi, ускочыць на платформу i крыху праехацца на ёй. Праўда, можна было атрымаць пугай ад возчыка. Тут жа, на платформе, i скрынi з цукеркамi, пячэннем. Спакуса. У перыяд майго досыць працяглага гасцявання ў вёсцы вельмi любiў у зiмовы час вазiць на санях збожжа на калгасны млынок. У гаспадароў было нямала жывёлы, ды i зямлi нямала, таму збожжа хапала. I вось перыядычна загружаў у санi 10—15 мяхоў жыта, пшанiцы цi ячменю i за кiламетраў пяць адпраўляўся малоць. Канешне ж, сучасны млын — гэта не той вадзяны млын або вятрак, што так часта апiсваўся ў класiчнай лiтаратуры. Стаiць досыць невялiкая жалезная машына. Ты зверху засыпаеш збожжа, а мельнiк знiзу прымае ў мяхi муку. Плата ў калгас — сiмвалiчная. Але ў зiмовы час млын на вёсцы яшчэ не страцiў значэння своеасаблiвага клуба. Тут i пагаварыць, i навiны даведацца, i пажартаваць у чарзе прыемна. Змалоў сам, пачакаеш суседа цi суседзяў. I караванам саней адпраўляешся назад. А тут жа i ля крамы праязджаеш. Ды лепш за ўсё — у сене, пад мяхамi з мукой ляжыць яна, захаладнелая, з той жа жытняй мукi робленая, а ў торбачцы яшчэ i колца каўбасы пальцам пханай... I яшчэ адзiн даўнi i вельмi прыемны ўспамiн. Жылi мы тады ў ваенным гарадку, суседзi — спрэс афiцэры-авiятары. Чарговы Новы год так i сустракалi па-суседску, некалькi сем’яў. 1 студзеня прачнулiся пасля навагодняга «шумства» па абедзе. Сабралiся зноў у адной з кватэр. I, ведаеце, неяк не хочацца зноў сядаць за стол на некалькi гадзiн, уключаць тэлевiзар. Успомнiўся верш Сяргея Ясенiна: «Что за сани! А кони, кони! Видно, черт их на землю принес. В залихватском степном раздолье Колокольчик хохочет до слез». I прыйшло ў галаву. Метраў за пяцьсот ад ваеннага гарадка жыве цесць. У яго ёсць конь, не свой, а дзяржаўны, але ж на яго доглядзе. А за хлявом перавернутыя санкi. З дапамогай цесця ўпрэглi конiка ў санкi, кiнулi сена i хутка былi ля пад’езда дома. Той год снегу навалiла — нiякiя машыны не ўтопчуць. Едзь на палазах — куды пажадаеш. Спачатку афiцэршы, якiя прывыклi спаць на крухмаленых прасцiнах, круцiлi насамi: на санкi, у сена... Але пасля першага кiламетра язды на лёгкiм марозцы, па бялюткiм снезе настрой ва ўсiх быў цудоўны. Была i ахаладнелая, праўда, не жытнёвая, была i каўбаса, праўда, салямi. Але галоўнае, было бялюткае наваколле, няспешны бег конiка. Сапраўдны Новы год. I ўсё-такi санкi — для зiмовага роздыху, гульнi. А калёсы — гэта для працы. Звычайная, надзейная i патрэбная яшчэ рэч. Алесь КАСЦЕНЬ. Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як у тым анекдоце, калёсы — шматзначнае слова. Так называюць i колы, звычайныя колы, напрыклад, у аўтамабiля. Але ў пэўнай жа часткi моладзi, на спецы
|
|