Рэванш...
Iрына ПРЫМАК
Футбол Юбiлейны, соты, матч нацыянальная зборная адсвяткавала перамогай на родным полiПа дарозе на стадыён выпадкова стала сведкай спрэчкi двух балельшчыкаў. Адзiн даказваў, што нашы хлопцы без праблем парвуць гэтую мiнiяцюрную Андору, дзе пражывае толькi 65 тысяч чалавек, а другi, наадварот, сумняваўся ў зыходзе сустрэчы на нашу карысць i ў якасцi аргумента прывёў паражэнне беларусаў у «карлiкавай» краiне шэсць гадоў таму з лiкам 0:2 i нагадаў, што для андорцаў гэта была першая перамога наогул. «Ну, парадавалi маленькую краiну, — не ўнiмаўся першы, — а сёння пакажам, як умеем гуляць. Усё ж рэйтынг у свеце ў нас вышэйшы: 69-е, а не 132-е месца».
Адчувалася, што беларусы хацелi забiць хуткi гол, бо мiтусiлiся ў чужой варатарскай i неаднойчы рабілі замах на «браму». Сапернiкi ж, наадварот, не стварылi ва ўладаннях Васiля Хамутоўскага нiводнага небяспечнага моманту. «Андора мяне расчаравала, — сказаў пасля матча галкiпер. — Мы былi як мiнiмум у два разы мацнейшымi. Толькi сёння даведаўся, што нашы iм калiсьцi ўступiлi. Не разумею, як так выйшла». У «матчы ў адказ» на 35-й хвiлiне лiк адкрыў Аляксандр Глеб, на 76-й вызначыўся Вiталь Булыга, а кропку на 84-й хвiлiне паядынку паставiў Сяргей Карнiленка. Рэванш узяты — 3:0. «Для нас было галоўным не выйграць з вялiкiм лiкам, а правесцi рэпетыцыю перад афiцыйнымi матчамi, — адзначыў Юрый Пунтус. — Я зноў збяру каманду толькi 29 жнiўня. Хацелася б, каб усе заставалiся ў добрай форме i не ўзнiкла нiякiх траўмаў, пакуль жа нiякiх праблем не бачу». У матчы, на тое ён i таварыскi, Юрый Iосiфавiч праверыў усiх iгракоў, акрамя Кутузава i Штанюка. На жаль, работы Хамутоўскаму i Жаўнову андорцы падкiнулi няшмат. ЮБIЛЯРУ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА: Калi я пацiкавiлася, цi будзе каманда неяк святкаваць сто матчаў за плячыма, большасць iгракоў адказала аднолькава: «Мы не надта сочым за футбольнай статыстыкай. Пасля завяршэння гульнi хутка трэба вярнуцца ў свае клубы i думаць аб гульнях за iх». У пацвярджэнне гэтых слоў Аляксандр Глеб адразу адправiўся ў аэрапорт (у суботу яго «Арсенал» гуляе з «Астан Вiлай»). Аднак усё ж такi ёсць сэнс узгадаць самыя цiкавыя факты папярэднiх 99 сустрэч. За час выступлення наша нацыяналка памералася сiламi з 40 зборнымi. Часцей (6 разоў) — з нарвежцамi, лiтоўцамi i латышамi. У рамках адборачных матчаў чэмпiянату свету было праведзена 30 гульняў, да кантынентальных першынстваў — 26, адбылося 34 таварыскiя сустрэчы i 9 мiжнародных на розных турнiрах. Самая буйная перамога зафiксавана 7 чэрвеня 1998 года ў Мiнску над зборнай Лiтвы — 5:0, а самае вялiкае паражэнне беларусы пацярпелi ад Аўстрыi 11 чэрвеня 2003 года ў Iнсбруку (0:5). За «нацыяналку» выступалi 133 iгракi (14 галкiпераў). «Ветэранам» па колькасцi праведзеных сустрэч з’яўляецца Сяргей Гурэнка (78 матчаў). У вароты сапернiкаў было забiта 111 мячоў (без улiку апошняй гульнi з Андорай). Лепшы бамбардзiр — Максiм Рамашчанка, на рахунку якога 13 галоў. З 1992 года зборную ўзначальвалi пяць трэнераў: двойчы Сяргей Бароўскi i Мiхаiл Вяргеенка, Эдуард Малафееў, Анатоль Байдачны, толькi адной гульнёй кiраваў Валерый Стральцоў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юбiлейны, соты, матч нацыянальная зборная адсвяткавала перамогай на родным полi
|
|