Брак праз «рэкламку»
Барыс ПРАКОПЧЫК
Нiхто не зможа вам дапамагчы, калi вы нават самi не ведаеце, у каго купiлi тавар i дзе знаходзiцца прадавец
Iльвiная доля зваротаў у Гродзенскую гарадскую арганiзацыю грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» звязана з пакупкамi тавараў (халадзiльнiкi, тэлевiзары, камп’ютары, мабiльныя тэлефоны i г.д.), а таксама з аказаннем паслуг па рэкламных аб’явах. Пры гэтым, як правiла, прадаўцамi або выканаўцамi паслуг з’яўляюцца не юрыдычныя асобы, а звычайныя грамадзяне без дакументаў на тое, што яны iндывiдуальныя прадпрымальнiкi цi прадстаўнiкi нейкай фiрмы. — Здараецца i яўны падман, — папярэджвае чытачоў «Звязды» старшыня Гродзенскай гарадской арганiзацыi грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» Вiктар Кашлюноў. — Нядаўна да нас звярнулася жанчына, якая мела няшчасце даверыць рамонт сваёй кватэры бракаробу. У «рэкламцы» ён адрэкамендаваўся iндывiдуальным прадпрымальнiкам, аднак так i не прадставiў заказчыку дакумент, якi пацвярджае факт аказання паслуг. Толькi ў судзе высветлiлася, што гэты гора-спецыялiст не зарэгiстраваны iндывiдуальным прадпрымальнiкам i з самага пачатку ўвёў спажыўца ў зман. Чым жа рызыкуюць у такiх сiтуацыях пакупнiкi тавараў i заказчыкi паслуг? На думку Вiктара Кашлюнова, рызыка вельмi сур’ёзная. Мяркуйце самi. У рэкламных выданнях прысутнiчаюць два тыпы прадаўцоў i выканаўцаў паслуг. Першы — гэта iндывiдуальныя прадпрымальнiкi (у аб’яве абавязкова павiнна быць указана лiцэнзiя — хто выдаў, калi i тэрмiн дзеяння), розныя фiрмы i арганiзацыi. I другi тып — гэта грамадзяне, якiя па нейкай прычыне прадаюць ужываны або новы тавар. Набываючы тавар або заказваючы паслугi ў грамадзян, якiя не маюць права юрыдычнай асобы, вы павiнны ведаць, што на гэты дагавор не распаўсюджваецца прававое поле Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў». Пры наўнасцi браку ў тавары або няякаснага выканання паслугi вы, канешне, можаце, патрабаваць вяртання грошай у адпаведнасцi з Грамадзянскiм кодэксам Беларусi, але трэба будзе панесцi ўсе першапачатковыя судовыя расходы. На думку Вiктара Кашлюнова, было б правiльна неяк размежаваць рэкламныя аб’явы, скажам, у адной частцы газеты змяшчаць iнфармацыю iндывiдуальных прадпрымальнiкаў i фiрмаў, якiя працуюць па пасведчаннях i лiцэнзiях, а ў другой — прыватных асоб. У выпадку ж гандлёвай здзелкi з апошнiмi мэтазгодна мець на руках распiску аб тым, у каго, калi i па якой цане набыты той цi iншы тавар. Калi вы купляеце ў фiзiчнай асобы, дапусцiм, тэлевiзар цi халадзiльнiк, то абавязкова патрабуйце пашпарт на тавар, паколькi ён яшчэ можа мець гарантыйны тэрмiн i пры неабходнасцi можна будзе звярнуцца ў сэрвiснае прадпрыемства для бясплатнага рамонту. Калi ж гэта тавар iмпартнай вытворчасцi, то з пашпартам павiнны быць iнструкцыя па эксплуатацыi i гарантыйны талон. Трэба таксама адзначыць, што ў адпаведнасцi з законам iнфармацыя аб таварах даводзiцца да ведама спажыўца на беларускай цi рускай мове. Iнфармацыя на замежнай мове лiчыцца непрадастаўленай, за выключэннем выпадкаў, калi яна паведамлена на гэтай мове па жаданню спажыўца. За непрадастаўленне неабходнай i дакладнай iнфармацыi прадавец нясе грамадзянска-прававую адказнасць згодна з Законам «Аб абароне правоў спажыўцоў». У пашпарце на тавар варта звярнуць увагу на наяўнасць адзнакi аб продажы i на раздзел гарантыйных абавязацельстваў. Калi ў апошнiм не ўтрымлiваецца ўказанне на тое, што гарантыя дзейнiчае ў выпадку наяўнасцi адзнакi гандлюючай арганiзацыi (а яна адсутнiчае), то з пакупкай лепш не рызыкаваць. У адведнасцi з Законам «Аб абароне правоў спажыўцоў», гарантыйны тэрмiн тавару пачынаецца з моманту яго перадачы пакупнiку, калi iншае не прадугледжана дагаворам. Калi ж момант перадачы тавару ўстанавiць немагчыма, гэты тэрмiн вызначаецца з дня яго вырабу. Забаронена прадугледжваць у дагаворы ўмовы, якiя пагаршаюць i ўшчамляюць правы спажыўца ў параўнан-нi з устаноўленым заканадаўствам. Аднак пры гарантыйным тавары магчыма будзе ажыццяўляць толькi права на бясплатны рамонт у вытворцы або на сэрвiсным прадпрыемстве, з якiм у вытворцы заключаны дагавор. У выпадку продажу тавару неадпаведнай якасцi, калi яго недахопы не былi агавораны прадаўцом, заканадаўца даў спажыўцу права па свайму выбару патрабаваць: ад лiквiдацыi недахопаў да скасавання дагавору куплi — продажу. На жаль, канстатуе Вiктар Кашлюноў, даводзiцца прызнаць, што адсутнасць адзнакi аб даце продажу i прадаўцу можа пазбавiць вас магчымасцi ажыццявiць абарону сваiх iнтарэсаў пры выяўленнi браку, паколькi прыватная асоба, у якой вы купiлi тавар, магла прывезцi яго з-за мяжы самастойна. — Што датычыцца другога тыпу прадаўцоў (фiрмы, iндывiдуальныя прадпрымальнiкi), то i тут трэба быць асцярожным, — раiць Вiктар Кашлюноў. — У рэкламе можа быць дадзены нумар тэлефона пабочнай асобы, якая за адпаведную плату прымае заяўкi ад жадаючых набыць тавар, запiсвае iх каардынаты. Пры гэтым тэлефонны дыспетчар нават не заўсёды ведае, на каго ён працуе. Перадача тавару i атрыманых за яго грошай можа ажыццяўляцца недзе на вулiцы, на якiм-небудзь складзе або трэцiмi асобамi пры дастаўцы на дом. Трэба атрымаць ад такога дыспетчара як мага больш iнфармацыi: што за фiрма або iндывiдуальны прадпрымальнiк, дзе знаходзiцца i куды звяртацца ў выпадку прэтэнзiй па якасцi тавару. Вы зможаце праверыць у мясцовых органах улады (адмiнiстрацыi горада, раёна), цi зарэгiстраваны такая фiрма цi iндывiдуальны прадпрымальнiк. Калi ж прадавец не прадаставiць вышэйзгаданыя звесткi, то лепш ад пакупкi адмовiцца. Акрамя таго, на любую пакупку абавязкова патрабуйце дакумент, якi пацвярджае факт набыцця вамi тавару, а калi гэта складаны тэхнiчны тавар — пашпарт (iнструкцыю па эксплуатацыi), дзе павiнна быць зроблена адзнака аб даце продажу i прадаўцу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нiхто не зможа вам дапамагчы, калi вы нават самi не ведаеце, у каго купiлi тавар i дзе знаходзiцца прадавец
|
|