Вялiкая Прачыстая
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Духоўная традыцыя У панядзелак, 28 жнiўня, — Успленне, Багародзiца, Першая Прачыстая, Вялiкая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялiкая Спажа — так называюць беларусы гэта вялiкае двунадзесятае непераходзячае свята Праваслаўнай царквы, i ва ўсiх гэтых словах адчуваецца, наколькi яно любiмае.Адыходзiць лета, i падчас гэтага сумнага i светлага развiтання мы ўзгадваем, як адышла ад нас да свайго Сына Тая, якая ўмясцiла ў сабе Бога. Усё, што звязана з Багародзiцай, не паддаецца нiякiм навуковым даследаванням, нiякiм лагiчным тлумачэнням. Гэта датычыцца i яе ўспення («засынання») — так кажуць пра Яе адыход, бо яна памерла цiха, нiбы заснула, ды i цела яе ў труне знаходзiлася толькi тры днi, пасля чаго Яна была ўваскрэшана i ўзнята на неба. Пасля крыжовай смерцi Госпада Iсуса Хрыста Прачыстая Мацi яго каля 15 гадоў жыла ў Iерусалiме, у доме Iаана Багаслова, якому Гасподзь даручыў пра Яе клапацiцца. Прасвятая Божая Мацi стала для ўсiх вучняў Хрыстовых агульнай Мацi. Аднойчы, калi Прасвятая Марыя малiлася на гары Елеонскай, з’явiўся ёй архангел Гаўрыiл i паведамiў, што праз тры днi Гасподзь возьме яе да сябе. Прасвятая Мацi ўзрадавалася i стала рыхтавацца да Свайго скону. Гасподзь дзiўным чынам сабраў да Яе ўсiх апосталаў, акрамя Фамы. Горка iм было пачуць, што Мацi iх агульная пакiдае iх. Божая Мацi суцяшала iх i абяцала не пакiдаць iх i ўсiх хрысцiян пасля Сваёй смерцi. У гадзiну скону незвычайнае святло ахiнула пакой, дзе ляжала Божая Мацi, — Сам Гасподзь Iсус Хрыстос, абкружаны анёламi, з’явiўся i прыняў Яе прачыстую душу. Так Успенне паказана i на абразах: Яе цела ляжыць на ложы, вакол апосталы, а побач стаiць Хрыстос i трымае ў руках Яе душу, нiбы спавiтае дзiцятка. Апосталы пахавалi прачыстае цела Божай Мацi па Яе жаданню ў садзе Гефсiманскiм, у пячоры, дзе спачывалi Яе бацькi. Пры пахаваннi адбывалася шмат цудаў. Ад дотыку да Яе ложа сляпыя пачыналi бачыць, хворыя рабiлiся здаровымi. Шмат народу iшло за Яе прачыстым целам. Свяшчэннiкi i начальнiкi iмкнулiся разагнаць шэсце, але Гасподзь нябачна ахоўваў яго. Адзiн свяшчэннiк Афонiй падбег i схапiўся за ложа, на якiм неслi цела Божай Мацi, каб перакуліць яго. Але нябачны анёл адсек яму абедзьве рукi. Афонiй, уражаны такiм страшным цудам, адразу пакаяўся, i апостал Пётр вылечыў яго. На абразах Успення заўсёды адлюстроўваецца i гэтая сцэна. Праз тры днi пасля пахавання Божай Мацi прыбыў у Iерусалiм i апостал Фама. Ён быў вельмi засмучаны тым, што не развiтаўся з Божай Мацi i ўсёй душой жадаў пакланiцца Яе прачыстаму целу. Апосталы вырашылi адсунуць камень ад пячоры-труны i даць магчымасць яму развiтацца з целам Божай Мацi. Але калi яны адкрылi пячору, то не знайшлi ў ёй прасвятога Яе цела, а толькi адны пахавальныя пялёны. Здзiўленыя апосталы вярнулiся ў дом i малiлiся, каб Гасподзь адкрыў iм, што стала з целам Божай Мацi. Пасля трапезы яны пачулi анёльскiя спевы i ўбачылi ў паветры Божую Мацi, абкружаную анёламi i ў ззяннi нябеснай славы. Мацi сказала апосталам: «Радуйцеся! Я з вамi ва ўсе днi; i заўсёды буду вашай малiтоўнiцай перад Богам». Апосталы ў радасцi ўсклiкнулi: «Прасвятая Багародзiца, памагай нам!» I да гэтага часу мы заўсёды спадзяёмся на Яе заступнiцтва. Мо таму i свята гэтае сумнае i светлае, як абяцанне пры развiтаннi. I здаецца, што светлы яго сум i надзея разлiты ў празрыстым халаднаватым паветры надыходзячай восенi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У панядзелак, 28 жнiўня, — Успленне, Багародзiца, Першая Прачыстая, Вялiкая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялiкая Спажа — так называюць беларусы |
|