Як я ў Кiтаi «гарбацiлася»
Маргарыта АЛЯШКЕВIЧ
Сябра медытацыi, што агортвае сэрца глыбокiм спакоем, крылы натхнення, што ўздымаюць чалавека над марнасцю свету... Такiя вызначэннi гарбаты заўсёды падавалiся мне недарэчнымi. I нават апынуўшыся ў Кiтаi, на радзiме «чайнай цырымонii», я выкiдала скарыстаны пакецiк чаю з расчараваннем i крыўдай на тых, хто прыпiсаў гэтаму напою чароўныя ўласцiвасцi.
Ноч, праведзеная без сну пасля аднаго кубачка сапраўднай кiтайскай гарбаты, прымусiла мяне больш пiльна ўчытацца ў рэкламныя слоганы — i рушыць да iх вытокаў. Адшукаць чайную краму ў краiне, дзе гарбату п’юць на працягу чатырох-пяцi тысяч гадоў, вельмi проста — яны, гэтыя крамы, на кожным рагу кожнай вулачкi. Унутры — бясконцая разнастайнасць бляшанак, пакункаў i пакуначкаў з гарбатай. У Кiтаi ведаюць шэсць галоўных тыпаў чаю, унутры аднаго тыпу чай рознiцца па тэрыторыi, на якой яго збiраюць, па сезону i часу збору, па метадах захавання... «Людзi кажуць, што зялёны чай, просты i лёгкi, прадстаўляе педантычнасць паўднёвага Кiтаю, — распавядае Лао Лаi Йiў (Lao Lai Yiu), спецыялiст па Кiтайскiм сартаваным знакамiтым чайным лiсцi i iмбрыках Йiксiн. — Чорны чай, мяккi i стрыманы, нагадвае лэдзi; чай улонг, цёплы i настойлiвы, перадае ўпартасць старажытных сафiстаў. Цёмны чай, смак якога захоўваецца доўга пасля таго, як вы асушылi кубак, сiмвалiзуе мудрасць пажылых людзей; асобныя гiсторыi ў жоўтага i белага чаю...» Падчас нашай гутаркi ў чайнай краме Йiў няспынна падлiвае кiпеню ў малюсенькi iмбрычак (своеасаблiвы мiнi-заварнiк), i яе словы дапаўняюцца дзiвоснымi пахамi i смакам. Частуюць патэнцыяльных клiентаў гарбатай, дарэчы, не толькi ў чайных крамах, дзе такiм чынам паказваюць тавар, але амаль паўсюль: правiльна пададзены i выпiты разам чай звязвае людзей, выклiкае ў iх прыязнасць адно да аднаго. Чай у Кiтаi паўсюль, ён упiсаны ў культуру, у светаадчуванне людзей. Паводле кiтайскай прымаўкi, першыя сем рэчаў у днi — гэта дровы, рыс, алей, соль, кетчуп, воцат i гарбата. Iероглiф, якi абазначае гарбату, складаецца з трох частак. Нiжняя абазначае лес, дрэва, другая, верхняя — траву, сярэдняя — людзей. Адзiны сiмвал утрымлiвае iдэю гармонii памiж чалавечай iстотай i прыродай, i ўвасабляе гэтую iдэю чай. У той жа час, чай i сам прадукт гармонii ў прыродзе: узгоркi, туман, ясны месяц i прахалодны ветрык прыўносяць спецыфiчныя адценнi ў смак лiсця, узбагачаюць якасць напою. Цэны на розныя гатункi i тыпы чаю, зразумела, розныя. Можна набыць паўкiло чаю за некалькi дзесяткаў юаняў (1 долар=8 юань) i быць цалкам задаволеным эфектам прасвятлення розуму i ачышчэння цела. Калi пры аклiматызацыi ў мяне пачалася алергiя, у аптэцы прапанавалi чай, што выцягвае вiльгаць з цела — за 6 юаняў пакецiк. У пакецiку змяшчалася чорная вадкасць, на смак неверагодна брыдкая, але за тры днi ад алергii пазбавiла. Для добрай скуры кiтайскiя сябры параiлi набыць у той жа аптэцы 12 пакецiкаў за 14 юаняў, i што самае дзiўнае — эфект быў дасягнуты! Чай, якi пратрымаў мяне бадзёрай далёка за поўнач, каштаваў прыблiзна 5 долараў за 100 г. А хтосьцi прыдбаў на аўкцыёне ў 2005 годзе сто грамаў лiсця за 145.600 юаняў (каля 18.000 долараў, што значна даражэй за золата), i таксама, мабыць, задаволены, бо такi чай збiраюць усяго з 18 дрэваў у свеце. Шматлiкiя кнiгi, прысвечаныя чаю, утрымлiваюць замацаваныя тысячагоддзямi правiлы i прыёмы прыгатавання i ўжывання напою. Так, напрыклад, найстаражытнейшая з кнiг на гэту тэму «Кнiга чаю», напiсаная Лу Ю ў VIII ст., кажа, што чай добра пiць вольным часам. Калi ты заняты i не маеш часу ацанiць, што п’еш, — ты проста марнуеш добры чай. Кожны кiтаец ведае, што добра атрымлiваць асалоду ад водараў чаю пад няяркiм сонейкам цi ў дождж, на лодках i мастах, у лесе цi сярод высокага прамога бамбуку, у зацененых павiльёнах, абкружаных лотасам, на маленькiм дворыку, напоўненым духмянасцямi, у той час як вiльготны пакой, кухня, вулiцы, месцы, дзе многа дзяцей гуляе цi плача, для гэтага не падыходзяць. Кнiга «Аналiз чаю» раiць гатаваць чай ноччу далёка ў гарах, слухаць, як мармытанне вады змешваецца з шэптамi хвояў, у пакоi, па якiм расплываецца лёгкi пах чаю, — унутраны свет чалавечага сэрца i знешнi свет прыроды аб’яднаюцца i знiкнуць у поўнай гармонii. У паўсядзённым кiтайскiм жыццi ўжыванне чаю не выглядае такiм узвышаным i глыбока духоўным заняткам, як тое распiсана ў старых кнiгах. Ва ўсякім разе — на першы погляд. Непасрэднасць, што мяжуе з неахайнасцю, уражвае вандроўнiкаў у Кiтаi на кожным кроку. Да запляваных вулiц i бязладдзя на дарогах, да дзетак, што спраўляюць свае патрэбы, дзе хочуць, i нават маюць спецыяльныя дзiркi ў штанах на цiкавых месцах, — да ўсяго гэтага хутка прызвычайваешся, ужо не кажучы пра такiя адметнасцi этыкету, як чвяканне за ежаю цi тыцканне пальцам з нагоды «белых малпаў». Як жа выглядае «чайная цырымонiя»? Кiпень выцякае з-пад крышкi iмбрыка, бо яго залiлi замнога, налiваюць гарбату ў кубачкi так хутка, што палова апынаецца на стале... «Кожная дэталь падачы чаю рэгламентавана традыцыяй, — тлумачыць Йiў. — У чайных хатках, прызначаных для таго, каб людзi маглi цешыцца адначасова найлепшымi гатункамi чаю, вытанчанымi тэхнiкамi прыгатавання i грамадскiмi зносiнамi, выкарыстоўваюць веды пра «чайную цырымонiю», захаваныя ў нашых шматлiкiх кнiгах пра чай. З iншага боку, пiць чай гэтак жа натуральна, як птушцы лётаць, а птушцы нiхто не кажа, як ёй махаць крыламi. Таму «чайная цырымонiя» — гэта банальнасць i ўзвышанасць, святочнасць i непасрэднасць разам». Паглядзiм на цырымонiю яшчэ раз. Замiлаванне выклiкаюць iмбрыкi, якiя змяшчаюцца ў далонь, кубачкi з напарстак, маленькiя драўляныя лыжачкi. Чайны прыбор зроблены маленькiм незнарок: калi чай завараны, яго трэба неўзабаве выпiць, у iншым выпадку свежы смак губляецца. Першы чай Йiў вылiвае — кiпень змывае пыл з лiсця, награвае посуд, дадаткова яго ачышчае. Другi раз жанчына перапаўняе iмбрык i аблiвае яго кiпнем звонку — пазбаўляецца пены, павышае тэмпературу iмбрыка, што вызваляе з лiсця водар i смак. Праз хвiлiну састаўляе ўсе кубкi разам, iмбрык праносiць над iмi хутка i без перапынку — у кожным чай павiнен быць аднолькавай тэмпературы i смаку. Так усiм сваiм гасцям Йiў выказвае аднолькавую павагу. Мы збiраемся пiць адразу, але гаспадыня крамы папярэджвае: напачатку трэба ацанiць колер i пах, пасля затрымаць напой у роце, варушачы языком, каб цалкам адчуць глыбiню смаку, i толькi тады праглынуць... На Беларусi свае традыцыi чаяпiцця, свае пакункi i пакуначкi з травяной i кветкавай гарбатай. Але паводле капрызу сусветнай моды, не нашы чабор, лiпавы цвет ды рамонкi з васiлькамi вандруюць у Кiтай, а кiтайскiя раслiны знаходзяць шлях да нас, набываючы прыцягальнасць экзотыкi i кошт iмпартнага тавару. Чайных крамаў у нас пакуль адзiнкi, i тут вас яшчэ не пацешаць «чайнай цырымонiяй». Сто грамаў чаю розных гатункаў тут можна набыць за 7—8 тысяч. Прадэгуставаць напой, склад якога вас зацiкавiў, прапануюць за 3—6 тысяч кубачак. Гарбата добрая, хоць нават прыблiзна не нагадвае тую, што бясплатна падае сваiм «гасцям» Йiў. Аднак мода на ўсходняе спакваля апаноўвае ўвесь свет, у Маскве апошнiм часам пачаўся буйны росквiт чайных хатак — нядоўга чакаць, пакуль i нас з вамi кiтайцы «агарбацяць».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сябра медытацыi, што агортвае сэрца глыбокiм спакоем, крылы натхнення, што ўздымаюць чалавека над марнасцю свету... Такiя вызначэннi гарбаты заўсёды п |
|