Чаму «прарваўся» азонавы парасон?
Надзея НIКАЛАЕВА
Кліматычны экстрым У чалавецтва засталося дзесяць гадоў для таго, каб прадпрыняць рашучыя дзеяннi супраць глабальнага пацяплення i папярэдзiць клiматычную катастрофу. Такой думкi прытрымлiваецца адзiн з вядучых амерыканскiх даследчыкаў клiмату Джэймс Хансен, якi ўзначальвае навукова-даследчы iнстытут пры Нацыянальным упраўленнi па аэранаўтыцы i даследаванню касмiчнай прасторы (НАСА).I калi ўрады краiн будуць i далей замоўчваць гэту праблему, то сярэдняя тэмпература на планеце можа павысiцца на 2—3 градусы па Цэльсiю i мы атрымаем ужо зусiм iншую планету. Перыяды засухi i спёкi будуць станавiцца ўсё больш працяглымi. З’явяцца новыя ачагi магутных ураганаў i пад пагрозай знiкнення акажуцца каля паловы iснуючых зараз бiялагiчных вiдаў. Начальнiк спецiнспекцыi дзяржкантролю за аховай атмасфернага паветра, азонавага слоя i клiмату Мiнпрыроды Сяргей ЗАЎЯЛАЎ лiчыць, што ўжо ў недалёкай будучынi ў Беларусi можа сфармiравацца клiмат, якi адпавядае геаграфiчнай шыраце Кiева. Беларускiя клiматолагi прызнаюць, што за апошнiя сорак гадоў у нашым клiмаце адбылiся iстотныя змяненнi: колькасць замаразкаў на працягу года практычна зраўнялася на поўначы i на поўднi краiны, плюс адбылося пераразмеркаванне па тэрыторыi краiны ападкаў. У паўднёвых рэгiёнах Беларусi з’явiлiся раслiны, характэрныя для поўдня Украiны. I хоць апошняя кропка ў навуковых спрэчках наконт праблемы глабальнага пацяплення яшчэ не пастаўлена, беларусы ўжо прыступiлi да стварэння клiматычнай праграмы, у якой будуць закранацца пытаннi адаптацыi сельскай гаспадаркi i будаўнiцтва да магчымых клiматычных змяненняў. Дарэчы, у нашай краiне за апошнiя 40 гадоў захворваемасць на меланому (самую смяротную разнавiднасць раку скуры) вырасла амаль у 10 разоў: з 55 да 500 выпадкаў у год. А ў ЗША рызыкуе атрымаць рак скуры на працягу жыцця кожны пяты жыхар гэтай краiны. Навукоўцы мяркуюць, што атака раку скуры на чалавека выклiкана змяншэннем у атмасферы планеты колькасцi азону i, адпаведна, сучаснай модай на загар. Справа ў тым, што азон стварае ахоўны бар’ер для пранiкнення разбуральнага ўльтрафiялетавага выпраменьвання. За апошнiя 35 гадоў у вынiку пранiкнення ў верхнiя слаi стратасферы азонаразбуральных рэчываў колькасць азону ў атмасферы зменшылася прыкладна на 10 працэнтаў. Паводле слоў намеснiка дырэктара Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра манiторынгу азонасферы БДУ Мiхаiла ЦВIРКО, над Беларуссю азонавы слой вытанчаецца з хуткасцю 0,5 працэнта ў год, хоць наша краiна размешчана на шыраце, дзе сiтуацыю з разбурэннем азонавага слоя пакуль што нельга назваць крытычнай. Праўда, наша шырата з’яўляецца зонай найбольшай зменлiвасцi азонавага слоя i з’яўленне над Беларуссю азонавых мiнi-дзiрак стала ўжо амаль што звычайнай з’явай. Кожны год (пераважна восенню i вясной) над намi ўтвараецца да 10 азонавых мiнi-дзiрак са змяншэннем у iх утрымання азону на 10—20 працэнтаў ад клiматычнай нормы. Для навукоўцаў азонавыя дзiркi ўяўляюць асаблiвы iнтарэс, паколькi з’яўляюцца маркерам клiматычных змяненняў. Больш таго, азону належыць ключавая роля ў фармiраваннi надвор’я. Супрацоўнiкi Навукова-даследчага цэнтра манiторынгу азонасферы, абапiраючыся на iнфармацыю аб стане азонавага слоя над тэрыторыяй Беларусi, нават спрабуюць скласцi свае прагнозы на будучую зiму. Даныя, накопленыя больш чым за два дзесяцiгоддзi, даказваюць «вiну» ў разбурэннi азонавага слоя шэрагу хiмiчных рэчываў, што выкарыстоўваюцца ў маразiльным абсталяваннi, кандыцыянерах i сродках для пажаратушэння. У сувязi з тым, што ў Беларусi азонаразбуральныя рэчывы не вырабляюцца, асноўныя намаганнi ў нашай краiне скiраваныя на змяншэнне, а таксама спыненне iх выкарыстання. У прыватнасцi, вядзецца распрацоўка Рэспублiканскай праграмы па спыненню выкарыстання азонаразбуральных рэчываў да 2030 года. Плануецца, што пасля рэалiзацыi першага яе этапу, выкарыстанне азонаразбуральных рэчываў знiзiцца на 20 працэнтаў да 2010 года. Дарэчы, менавiта 2010 год павiнен стаць пераломным i ў маштабах усёй планеты — чакаецца, што пасля 2010 года можа распачацца аднаўленне азонавага слоя. Праўда, толькi ў тым выпадку, калi будуць выконвацца ўсе захады, прадугледжаныя Венскай канвенцыяй па ахове азонавага слоя. А поўнасцю аднавiць ахоўны азонавы бар’ер можна будзе не раней 2050 года...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У чалавецтва засталося дзесяць гадоў для таго, каб прадпрыняць рашучыя дзеяннi супраць глабальнага пацяплення i папярэдзiць клiматычную катастрофу
|
|