Ацяпляльны сезон пройдзе ў нармальным рэжыме. Мы будзем з цяплом
Тарыфы на электраэнергiю i абагрэў кватэр да канца года павялiчвацца не будуць. Практычна праз два тыднi падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона павiнна закончыцца, ужо сёння больш за 90 працэнтаў кацельных i цеплавых сетак могуць упэўнена сустрэць зiмовыя маразы. Сёлета, як i ў мiнулыя гады, у кватэрах будзе цёпла, запэўнiваюць работнiкi камунальных службаў. А вось што робiцца, каб спажыўцы i арганiзацыi не плацiлi лiшняе за нявыкарыстанае або страчанае цяпло, i як краiна рыхтуецца да надыходу халадоў, патлумачылi ў час прамога эфiру на Беларускiм радыё прадстаўнiкi Камiтэта па энергаэфектыўнасцi. Разам з вядучым Максiмам Углянiцай пытаннi задаваў журналiст «Звязды». Гасцямi студыi былi намеснiк начальнiка аддзела па энерганагляду i нармiраванню Камiтэта па энергаэфектыўнасцi пры Савеце Мiнiстраў Мiхаiл МАЛАШАНКА i намеснiк начальнiка па энерганагляду Мiнскага абласнога ўпраўлення камiтэта па энергаэфектыўнасцi Вадзiм КОНДРУСЕЎ.
Цёпла будзе ўсiм, але нядбайнасцi быць не павiнна — Традыцыйнае пытанне — наколькi падрыхтавана краiна да пачатку ацяпляльнага сезона? М.М.: — Што датычыцца краiны, то яшчэ па стану на сярэдзiну жнiўня да зiмы цалкам падрыхтаваны каля 60 працэнтаў прадпрыемстваў, арганiзацый i камунальных службаў. Шмат гэта або не вельмi — можна растлумачыць. З пачатку 2006 года прайшло восем з паловай месяцаў, i да ацяпляльнага сезона засталося менш за трыццаць дзён. Таму тэмпы не зусiм задавальняючыя. Асаблiва заклапочаны мы пакуль недастатковымi аб’ёмамi нарыхтоўкi мясцовых вiдаў палiва, а таксама мазуту ў якасцi дадатковага (рэзервовага) палiва для крынiц цяпла, якiя ў асноўным выкарыстоўваюць прыродны газ. Некаторыя прадпрыемствы месяц таму мелi запас мазуту каля 10—20 працэнтаў. Да кiраўнiкоў такiх арганiзацый пакуль скарыстаны адмiнiстрацыйныя санкцыi, але хачу папярэдзiць, што ў выпадку невыканання пунктаў падрыхтоўкi да ацяпляльнага сезона будуць выкарыстаны больш жорсткiя меры. — Як змяняецца сiтуацыя з падрыхтоўкай да асенне-зiмовага сезона. Лепш або горш у параўнаннi з леташнiм перыядам? М.М.: — З года ў год я бачу, што калi раней людзi намагалiся свае недапрацоўкi ўтойваць, спадзеючыся на славянскае «а раптам абмiне», то зараз прыйшло разуменне, што гэтае «наўдалую» не спрацоўвае, цеплатрасы павiнны быць заменены i адрамантаваны ў тэрмiн, рэзервовае палiва нарыхтавана ў дастатковай колькасцi. — Растлумачце пра рэзервовае палiва, цi так яно патрэбна, як падаецца? М.М.: — Вядома, што лiмiты паставак газу ў краiны, у тым лiку i ў Беларусь, абмежаваныя. Пры працяглых адмоўных тэмпературах надвор’я, каб было цёпла ў будынках, трэба больш спалiць «блакiтнага» палiва. Але газу на ўсiх не хопiць: тэхналагiчнае абсталяванне, якое выкарыстоўвае газ як сыравiну, не выведзеш з працы, значыць, каб не нашкодзiць прамысловасцi i насельнiцтву патрэбна перайсцi на iншае палiва, як было ў студзенi мiнулага года. I калi няма запасаў рэзервовага палiва, можна замарозiць не толькi вытворчыя прадпрыемствы i кватэры, але i бальнiцы, радзiльныя дамы, школы, дзiцячыя садкi. У вынiку ад нядбайнасцi могуць пацярпець хворыя, дзецi, старыя. Таму з кожным годам грамадства разумее, што да зiмы трэба рыхтавацца пiльна, i быць у поўным узбраеннi. I вельмi прыемна падчас праверак i iнспекцый наведваць прадпрыемствы, на якiх яшчэ не паспееш задаць пытанне па праблеме, а адразу ж атрымлiваеш здавальняючы адказ. — А як iдзе падрыхтоўка да зiмы на Мiншчыне? В.К.: — Адразу ж пасля заканчэння мiнулага ацяпляльнага сезона была прааналiзавана работа абсталявання i людзей, прыняты рашэннi i складзены планы на будучы сезон. Створаны аператыўныя групы ў раёнах, на прадпрыемствах, у iншых арганiзацыях. Графiкi вытрымлiваюцца ва ўсiх рэгiёнах вобласцi. Канешне, не абмiнаюць нас i праблемы: абсталяванне каштуе нятанна, тэрмiн амартызацыi дасягае дзесяткаў гадоў. Яшчэ з часоў Савецкага Саюза нам у спадчыну засталiся практычна зношаныя кацельныя i цеплавыя сеткi. З кожным годам мадэрнiзацыя патрабуе ўсё больш i больш грашовых выдаткаў. Дадам, што прадпрыемствы i арганiзацыi, работнiкi жыллёва-камунальнай гаспадаркi разумеюць адказнасць. На сённяшнi момант праведзены выпрабаваннi па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона каля 96 працэнтаў кацельняў, 90 працэнтаў цеплавых сетак. Рамонт абсталявання ў кацельных праведзены на 90 працэнтаў, капiтальны рамонт катлоў — на 88. Напалову ад запланаванага мы выканалi пераабсталяванне катлоў на мясцовыя вiды палiва. Дзве трэцi ад агульнай колькасцi iнжынерных сетак ацяплення жылля адрамантаваны. Лiчыльнiкi энергii правераны на 107 працэнтаў. «Лiшак» у сем працэнтаў зроблены на выпадак выхаду са строю асноўнага лiчыльнiка, i, адпаведна, яго замены. Аднак ёсць i моманты, на якiя трэба звярнуць увагу. Напрыклад, у вобласцi пачалася перакладка цеплавых сетак з выкарыстаннем папярэдне iзаляваных труб. На гэтыя мэты аблвыканкам выдаткаваў, я лiчу, вычарпальныя сродкi. Аднак работа на сённяшнi момант зроблена толькi на 19 працэнтаў. Галоўнай прычынай была адсутнасць праектна-сметнай дакументацыi. Аднак i гэта праблема вырашана, i, як запэўнiваюць зараз, уся работа будзе выканана ў тэрмiн. (Працяг будзе.) На прамой лiнii «дзяжурыў» Дзмiтрый АЛЬФЕР.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тарыфы на электраэнергiю i абагрэў кватэр да канца года павялiчвацца не будуць. Практычна праз два тыднi падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона павiнна за |
|