Роберт дэ Нiра глядзiць беларускiя фiльмы, як i мiльёны людзей ва ўсiм свеце
Дзмiтрый АЛЬФЕР
Тэлевiзiйную стужку «Сонцам асвячуся» аўтара i рэжысёра АТН Белтэлерадыёкампанii Сяргея Рыбакова з поспехам паказалi днямi на IV Мiжнародным незалежным кiнафестывалi ў Нью-Йорку. Не знакамiты «Оскар», а менавiта гэты фестываль з’яўляецца адным з самых аўтарытэтных на планеце мерапрыемстваў, якое збiрае лепшыя ўзоры кiна- i тэлестужак як узораў мастацтва.
«Сонцам асвячуся» здымаўся на Палессi, у вёсцы Вiдзiбар Столiнскага раёна. Iдэя стварэння фiльма i галоўная роля належыць Iвану Кiрчуку, лiдару вядомага гурта «Троiца», выкладчыку кафедры этнаграфii i этналогii педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя Максiма Танка. У карцiне расказваецца пра падарожжа за старажытным песенным скарбам нашых прашчураў у далёкi куточак Бацькаўшчыны. «Гэта фiльм аб экспедыцыi, якая збiрае музычную спадчыну нашых продкаў, знаёмiцца з беларускiмi абрадамi, паданнямi. Песнi, якiя гучаць у фiльме, унiкальныя па гучанню, глыбiннай фiласофii, мелодыях», — расказаў стваральнiк стужкi. Сяргей Рыбакоў на сённяшнi момант —адзiн з лепшых рэжысёраў на Беларускiм тэлебачаннi. Пераможца «Тэлевяршынi», надоечы атрымаў дыплом расiйскага кiнафоруму «Залаты Вiцязь». Сам Роберт дэ Нiра ўжо запрасiў Сяргея да ўдзелу ва ўласным кiнафестывалi, якi пройдзе ў красавiку гэтага года. А летась беларускi рэжысёр быў у Варшаве, у гасцях у легендарнага кiнематаграфiста Кшыштафа Занусi. Разам з аператарам Васiлём Мазаевым тэлевiзiёншчыкi тады знялi фiльм «Дагнаць Занусi». I вось — новая вышыня... Я размаўляў са спадаром Рыбаковым за паўгадзiны да яго прамой лiнii з Лос-Анджэлесам. Вечарам там павiнны былi паказваць яго «Сонцам асвячуся». Рознiца ў часе памiж дзвюма краiнамi — дзевяць гадзiн. — Што чуваць у Амерыцы? Як праходзiць фестываль? — Праходзiць у два этапы — у Нью-Йорку i Лос-Анджэлесе. З нашым фiльмам гледачы змаглі пазнаёміцца 18 верасня вечарам, у шэсць гадзiн. Кошт квiтка — дванаццаць долараў. Па ўмовах фестывалю, калi глядацкая зала збярэ шмат наведвальнiкаў, то частку грошай ад продажу квiткоў атрымае беларускi бок. Дарэчы, мы таксама намагалiся прыехаць, нас запрашалi арганiзатары. Але пакуль заварушылiся з афармленнем дакументаў, час прайшоў. Фестываль надзвычай аўтарытэтны. Дастаткова сказаць, што на яго збiраюцца буйныя кiнамагнаты — Miramax, Paramount, Sony Classics, Fine lines, Lions Gate. Прымалi ў iм удзел такiя зоркi, як Мэрыл Стрып, Камерон Дзiас, Джордж Клунi, Джэнiфер Анiстан, Дэрыл Хана. — Мерапрыемства асвятляецца вядучымi газетамi i каналамi. Як адчувае сябе сярод монстраў кiно беларуская стужка? — Яны самi запрасiлi нас да ўдзелу. Перамовы цягнулiся каля 5 месяцаў — па тэлефону, праз электронную пошту. Былi пытаннi з тэхнiчным бокам. Справа ў тым, што ў Штатах iншая сiстэма тэлевiзiйных фарматаў i сiгналаў, не такая, як ва ўсiм свеце. А на лiчбавых носьбiтах кшталту DVD-дыскаў фiльм дасылаць было забаронена. Але ж усё нарэшце вырашылася паспяхова. Удзел у фестывалi такога ўзроўню дае магчымасць заявiць пра сябе. Сам разумееш, на iм прысутнiчаюць вядучыя кампанii з усяго свету, якiя шукаюць новыя таленты, iмёны. Гэта як кiрмаш кiнавытворчасцi — можна прапанаваць сваю прадукцыю, а можна набыць i новыя, перспектыўныя прапановы аб супрацоўнiцтве. Напрыклад, ужо маем запрашэнне ад Роберта дэ Нiра. Спадзяюся, што ў наступным годзе ўжо асабiста паедзем на яго фестываль. Дарэчы, на Нью-Йоркскiм форуме амаль не распаўсюджана сiстэма намiнацый, дыпломаў, таму што там не спаборнiчаюць, а абменьваюцца думкамi, iдэямi, паказваюць толькi самае лепшае. Такая вось своеасаблiвая выстава. — А ты задаволены ўласна створаным фiльмам? Правакацыйнае пытанне: беларускай культурнай спадчынай у свеце пакуль цiкавяцца не так шмат людзей, як хацелася б. Якiя меркаваннi на гэты конт? — Задаволены — недакладнае слова. У час здымак мы «выклалiся» на сто працэнтаў. Паехалi на Палессе ў снежнi, на працягу некалькiх дзён падарожнiчалi па вёсцы. Завялi спецыяльны сшытак, у якi запiсвалi ўсе песнi. Спрацавалi на поўную моц, за што я ўсiм вельмi ўдзячны. А што ж датычыцца старажытнай беларускай музыкi... «Сонцам асвячуся» здымаўся ў сялянскiх хатах, песнi выконвалi гурты мясцовых жыхароў. Рабiлi ўсё так, як бачылi, i як ёсць у жыццi — без усялякiх пастановак, рэпетыцый, дамоўленасцi з вяскоўцамi аб сюжэце. I вось калi ў адным з пакояў сялянскай хаты ў працэсе здымак гучаць спевы, якiя па сэнсу, мудрасцi слоў, музыцы няёмка нават i параўноўваць з сучаснымi папулярным песнямi, а ў суседнiм пакоi дзецi глядзяць «Фабрыку зорак», то... канешне, пачуццё своеасаблiвае. Але не ўсё так сумна — пасля здымак фiльма гурт... нават не гурт, а звычайныя старыя жанчыны з вёскi Вiдзiбар былi запрошаны ў Мiнск, дзе выступiлi з вялiкiм поспехам. Яны вельмi хвалявалiся, спрачалiся, не хацелi спяваць у вялiкай зале, маўляў, нiхто слухаць не прыйдзе. А выйшла наадварот. Потым Iван Кiрчук запiсаў яшчэ i новы дыск сваёй групы, якi цалкам складзены з песень Столiншчыны. — Дык якiя адносiны да беларускай старажытнай культуры зараз, на тваё меркаванне? Яе памятаюць, ведаюць? — Тое, што духоўная спадчына, якая засталася ад продкаў, не страчана, сумненняў няма. Але пра яе трэба шмат казаць, нагадваць увесь час. Таму i здымаўся фiльм, каб расказаць пра асаблiвасць i непаўторнасць беларускiх народных песень, абрадаў, нацыянальных строяў. Да сённяшняга моманту памятаю песню, якой стагоддзяў можа... Нават невядома колькi. Такога высокага ўзроўню ў сучаснай музыцы не сустрэнеш. Што гэта была за песня, стала цiкава, таму я патэлефанаваў Iвану КIРЧУКУ. Па сюжэту, яго герой, якi ў фiльме таксама завецца Iванам, з’яўляецца на свет з сiмвалiчнай батлеечнай лялькi. Iван нарадзiўся з глыбiнь стагоддзяў, каб занатаваць беларускiя песнi i пакiнуць iх нашчадкам — нам з вамi. — Iван Iванавiч, чаму менавiта лялька атаясамлiвае галоўнага героя? — Мы меркавалi, што батлеечныя персанажы (у стужцы ўдзельнiчае не адзiн лялечны Iван, а яшчэ некалькi герояў) дапамогуць ускалыхнуць, узгадаць старажытную памяць пра беларусаў, iх культуру. — Песню, якой стагоддзяў можа... — Гэта вясельны спеў у выкананнi мацi нявесты, калi дачка пакiдае родны дом. Напэўна, самыя сумныя i лiрычныя песнi гучалi ў нашых продкаў менавiта ў час вяселля — дачка адрываецца ад сям’i, iдзе з бацькоўскай хаты да мужа. Фiласофскi роздум пра далейшае жыццё, на старабеларускай мове. — Кажуць, што сучасныя музыканты не ў стане перадаць гукi i iнтанацыю, з якой выконвалiся старадаўнiя матывы? — Не, пры дапамозе камп’ютарных тэхналогiй усё магчыма, але слухачу не будзе хапаць патрэбных для гэтай музыкi эмоцый, пачуццяў. Таму, каб не страцiць духоўную спадчыну беларусаў, трэба, каб яна была запатрабаваная. Мэта фiльма «Сонцам асвячуся» — не толькi расказаць пра мiнулае, але, што больш важка, захаваць скарб нашых продкаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэлевiзiйную стужку «Сонцам асвячуся» аўтара i рэжысёра АТН Белтэлерадыёкампанii Сяргея Рыбакова з поспехам паказалi днямi на IV Мiжнародным незалежны
|
|