21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Блакiтная нiва» Харужыка i Боцiна

25.08.2009 22:03 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хажоўскiя фермеры разводзяць карпаў, адкормлiваюць бычкоў i плануюць заняцца агратурызмам

Заробак з... балота

Аграпрамысловы комплекс — прывабная галiна для ўкладання прыватнага капiталу. У людзей ёсць жаданне працаваць на зямлi i зарабляць такiм чынам грошы. Пацвярджэннем таму з’яўляецца тое, што кожны год узнiкаюць новыя фермерскiя гаспадаркi. Напрыклад, летась у Мiнскай вобласцi iх было створана 27. Накiрункi дзейнасцi «навiчкоў» самыя разнастайныя.




— Фермерскiя гаспадаркi займаюць тую нiшу, якая не запатрабавана сельскагаспадарчымi прадпрыемствамi грамадскага сектара, — адзначае начальнiк аддзела па развiццю прыватных падсобных i сялянскiх (фермерскiх) гаспадарак грамадзян i рабоце па закупках прадукцыi ў насельнiцтва Камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаванню Мiнскага аблвыканкама Леанiд Салаўёў. — Гэта i авечкагадоўля, вытворчасць казiнага малака, вырошчванне нетрадыцыйных агароднiнных культур (напрыклад, такiх, як кiнза, хрэн, часнок i г.д.).

Колькасць фермерскiх гаспадарак у тым цi iншым раёне Мiншчыны напрамую залежыць ад яго геаграфiчнага размяшчэння. Самыя «прывабныя» месцы — паблiзу ад сталiцы. Таму больш за ўсiх фермераў працуе ў Мiнскiм раёне — 65. На другiм месцы Маладзечанскi раён, дзе налiчваецца 42 такiя гаспадаркi, прычым 3 з iх былi створаны ўжо сёлета.

Кожны з прыватнiкаў тут актыўна шукае сваю нiшу ў рынкавай прасторы. Фермерская гаспадарка «Квецень» займаецца развядзеннем рыбы. Гэтую справу «раскруцiлi» два сябры — Iгар Боцiн i Сяргей Харужык. Яны выраслi ў адным двары i па жыццi пастаянна сувязь падтрымлiвалi. Хоць i шляхi ў iх розныя былi. Iгар праходзiў тэрмiновую службу ў Афганiстане. У яго ёсць узнагароды — ордэн Чырвонай Зоркi i медаль «За баявыя заслугi».

— Бачылi фiльм «9 рота»? — пытаецца Боцiн. — Гэта пра наш 345 полк. Мы ў Баграме стаялi, а дзевятая рота на вышынi «3234». У лiстападзе 1987 года я звольнiўся. Кожны год 11 лютага ў Маскве збiраемся i адзначаем вывад 345 палка з Афганiстана. Зараз мае былыя саслужыўцы хто чым займаецца (многiя ў Пiцеры параходамi нават гандлююць), а вось такога бiзнэсу, як у мяне, нi ў кога няма.

Сяргей тэрмiновую службу праходзiў у больш спакойнай «кропцы». Пасля войска хлопцы паступiлi ў ВНУ: Боцiн — на юрфак у БДУ, а Харужык — на фiнансава-эканамiчны ў наргас. Сяргей працаваў у падатковай iнспекцыi, а Iгар спрабаваў сваю справу арганiзаваць. Пасля сябры за мяжу падалiся — вырашылi свет паглядзець. Шэсць гадоў жылi i працавалi ў Германii, але вярнулiся на радзiму.

— З’явiлася жаданне нешта рабiць самастойна, — тлумачыць Харужык, — каб быў бачны вынiк. Захацелася рэальнай справы.

Адразу гандлявалi рыбай. З’ездзiлi ў Мiнск, набылi шкло i зрабiлi акварыум. Рыбу закуплялi ў рыбгасе навукова-даследчага iнстытута рыбнай гаспадаркi Акадэмii навук. Пэўны час таму прадпрымальнiкi даведалiся, што непадалёку ад вёскi Хажова ёсць закiнутае калгаснае возера.

— Гэта было месца браканьерства i распiцця спiртных напояў, — кажа Харужык. — Возера было запушчанае, зарослае — сапраўднае балота. Аднак мы тут убачылi перспектыву i вырашылi дзейнiчаць. Сустрэлiся са старшынёй Маладзечанскага райвыканкама, расказалi аб сваiх планах i ён нас падтрымаў. Зямлю выдзелiлi ў 2003 годзе, а фермерская гаспадарка «Квецень» была зарэгiстравана ў кастрычнiку 2004-га.

Вiно з карпа

Зараз у фермераў 12 гектараў зямлi, 7 га займае «блакiтная нiва» — возера. Прыватнiкi аформiлi водакарыстанне пад iнтэнсiўнае рыбаразвядзенне, дазвол на гэта выдалi спецыялiсты Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. Прыйшлося шмат вучыцца — i лiтаратуры рознай перачытаць, i са спецыялiстамi сустракацца. Харужык i Боцiн заключылi дагавор аб супрацоўнiцтве з НДI рыбнай гаспадаркi. Каб весцi справы на навуковай аснове. Пагадзiцеся, такi грунтоўны падыход заслугоўвае павагi. Каб пачаць новую справу, спатрэбiлiся вялiкiя грошы. Iх неабходна было тэрмiнова сабраць. Яны прадалi многае з маёмасцi (машыны, кватэры, дачы) i ўклалi сродкi ў тое, каб падняць сваю фермерскую гаспадарку. Закупiлi малька карпа, а таксама набылi i пэўную колькасць белага амура — каб ён выеў траву ў возеры. Навялi парадак на тэрыторыi — адсюль вывезлi чатыры вялiкiя прыцэпы смецця. Для таго, каб пачысцiць возера, спецыяльна вадалазаў запрашалi.

Напрыканцы красавiка 2003 года прадпрымальнiкi ўстанавiлi на беразе возера свой вагончык. Каб усе зразумелi — з’явiлiся гаспадары. Спачатку, успамiнаюць, было вялiкае процiстаянне з браканьерамi (людзьмi, якiя практычна жылi з возера — ставiлi тут сеткi, электравудачкi): тыя прыязджалi ноччу, свяцiлi фарамi машын, нават пагражалi. Цяжкi быў час, затое зараз усе прывыклi да таго, што ў возера ёсць гаспадары, i з гэтым трэба лiчыцца.

Тут i асвятленне з’явiлася — дапамаглi абласныя ўлады.

— У адпаведнасцi з заканадаўствам, фермерскiм гаспадаркам, якiя ствараюцца, i тым, што атрымлiваюць ад вытворчасцi сельскагаспадарчай прадукцыi не менш чым 50 працэнтаў агульнай выручкi за папярэднi фiнансавы год, аказваецца дзяржаўная падтрымка на развiццё матэрыяльна-тэхнiчнай базы. I на абуладкаванне — электрыфiкацыю, тэлефанiзацыю, забеспячэнне вадой i будаўнiцтва дарог, — заўважае Леанiд Салаўёў. — Па хадайнiцтву райвыканкамаў фермерскiя гаспадаркi прадастаўляюць на разгляд у аблсельгасхарч свае бiзнэс-планы. Калi мы бачым, што яны рэальныя, маюць перспектыву, то прыватнiкам аказваецца падтрымка. Грошы «проста так» не выдзяляюцца, гэта жорстка адсочваецца.

Два гады таму фермеры запусцiлi ў возера малька. Карпа бяруць вагой па 100—200 грамаў i вырошчваюць да «таварнага выгляду» — каб быў цяжэй за паўкiло. Усяго фермерская гаспадарка «Квецень» летась рэалiзавала больш чым 4 тоны карпаў. Сёлета з фонду падтрымкi сялянскiх (фермерскiх) гаспадарак Камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаванню Мiнаблвыканкама ўзялi беспрацэнтную пазыку на развядзенне рыбы — 12 мiльёнаў рублёў. Карп расце хутка i гэта выгадна. Таму пазыку даволi хутка можна будзе аддаць.

— Карп карыстаецца папулярнасцю ў пакупнiкоў, паколькi гэта вельмi смачная рыба, — тлумачыць Харужык. — Калi яго разводзяць у добрым вадаёме з праточнай, чыстай вадой, то зусiм няма спецыфiчнага паху. Карп надзвычай пажыўны, прасцей кажучы, iм наядаешся. Па сваiх спажывецкiх якасцях гэтая рыба блiжэй да ялавiчыны (а па цане значна менш — зараз карпаў прадаюць па 5—5,5 тыс. рублёў за кiлаграм). Нездарма развядзеннем карпаў актыўна займаюцца ў Кiтаi. Яны сваю эканомiку шмат у чым уздымалi праз развiццё гэтай справы. Я чуў, што ў Кiтаi нават белае вiно з карпа робяць.

Як зрабiць дах з чароту?

Квецень — гэта невялiкая рачулка, якая цячэ непадалёк. Адсюль i назва фермерскай гаспадаркi. Боцiн i Харужык распрацавалi нават сваю ўласную эмблему: зверху бусел ляцiць, а ўнiзе — рыба. «Сваiх» карпаў яны старанна даглядаюць — па паўтоны «ежы» штодня разыходзiцца. Выдаткi растуць — калi раней корм набывалi па 400 тысяч рублёў за тону, то зараз неабходна выкласцi 600 тыс. Рацыён складаюць па спецыяльнай рэцэптуры (каб усё па тэхналогii было) i што ў спецыяльную кармушку, а што «дарожкай» (там дзе дно роўнае) рассыпаюць. Таму рыба расце добра i да восенi лёгка набiрае патрэбны «таварны выгляд». I смак. Вадаём, дзе фермеры карпаў разво- дзяць, штучны, праз каналы пастаянна вада цыркулюе. Таму i рыбы рознай хапае — ёсць шчупак, лiнь, амур, карась, плотка, налiм, нават судак. «Нядаўна i ёрш з’явiўся, — кажа Боцiн. — Для юшкi самая патрэбная рыба».

Разнастайнасць вiдаў (па-навуковаму полiкультуру) фермеры стараюцца падтрымлiваць. I ўжо добра ведаюць «карту» свайго возера — дзе якую рыбу можна знайсцi. Тэрыторыя каля вадаёма — зусiм не «закрытая зона». Сюды можна прыехаць на рыбалку. Каштуе гэта 20 тысяч рублёў за дзень. Абмежаванне толькi па вазе, паколькi, як казалi прадпрымальнiкi, асобныя спецыялiсты ўмудралiся на вудачку па 20—30 кiлаграмаў вылаўлiваць, адзiн нават 70 кг «падняў». Пра «Квецень» ужо многiя ведаюць, таму наведвальнiкаў заўсёды хапае. Асаблiва шмат людзей было ўлетку — як падлiчыў Боцiн, здаралася, што адначасова каля возера адпачывала па 200 чалавек, а за дзень i да тысячы гасцей «пракручвалася». На рыбалку многа мiнчан прыязджае.

— У нас клёў вельмi добры, — тлумачыць Харужык. — Усё лета выдатна рыба бралася. Гэтая iнфармацыя сярод аматараў клёву хутка распаўсюдзiлася. Для рыбака гэта першая ўмова, чалавек змагаецца з рыбай (у нас буйныя экзэмпляры трапляюцца), атрымлiвае адрэналiн. Такому актыўнаму адпачынку аддаюць перавагу ўсё больш людзей. Зараз у асобных гараджан не засталося родных на вёсцы i няма куды выехаць на адпачынак, у тыя ж выхадныя. А людзям хочацца пабыць на свежым паветры, паспытаць простай вясковай ежы.

Тым больш, што Хажова знаходзiцца лiтаральна побач з Маладзечнам — да горада адсюль восем кiламетраў. У стотысячнiку амаль няма месцаў для адпачынку людзей на прыродзе. У «Квеценi» мяркуюць стварыць такую магчымасць. На беразе возера зараз актыўна вядзецца будоўля (на гэта iдуць грошы ад рэалiзацыi рыбы) — узводзяцца домiкi (каб госцi маглi застацца на ноч), лазнi, альтанкi. Нават гушканку для дзяцей зрабiлi. Тут ёсць катамараны i лодкi. А таксама свой пост таварыства выратавання на вадзе (на ўсялякi выпадак). Прадпрымальнiкi плануюць адкрыць летняе кафэ i прапанаваць смачныя стравы беларускай кухнi. Каб можна было тую ж рыбу падаць на стол, юшкi зварыць. Таксама неабходна сокi, ваду, пiва, марожанае прадаваць. Гэтага не хапае. Трэба стварыць гасцям усе ўмовы для адпачынку.

Усё тут робiцца з густам, у старадаўнiх традыцыях. Дах у домiках плануюць зрабiць з чароту. Толькi, як аказалася, гэта не так i проста. Па-першае, чарот павiнен быць нейкi асаблiвы, ледзь не «марскi». I вельмi складана адшукаць патрэбнага спецыялiста, якi б выканаў работу. Напрыклад, для таго, каб зрабiць добрыя зрубы, майстра прывезлi з Вiцебскай вобласцi. У блiжэйшай вёсцы гэтым ужо нiхто не займаецца. Ды што там зрубы, печнiка не знойдзеш.

Аднак усе цяжкасцi Боцiн i Харужык пераадолеюць. Я чамусьцi ў гэтым упэўнены. I зробяць цудоўнае месца для адпачынку. Там, дзе раней было голае поле i «балота».

— Нядаўна былi ў Лiтве на мiжнароднай выставе «Аграбалт», — кажа Харужык. — Там вопыт пераймалi. Аказваецца, Лiтву штогод наведваюць каля 4 мiльёнаў турыстаў. Едуць на аграсядзiбы, дзе iм падаюць тыя ж дранiкi, мачанку, калдуны. Усё вельмi смачнае i, галоўнае, прадукты натуральныя. На Захадзе людзi мараць аб сапраўднай смятане i масле. Гэта вельмi дарагое задавальненне. Курыца, якая была адкормлена зернем, каштуе ўтрая больш за тую, што вырасла на гармонах. У нас вельмi шмат зямлi i можна атрымлiваць натуральную, свежую i карысную прадукцыю. Не павышаць цэны на яе, а проста эфектыўна выкарыстоўваць свае палеткi. У зямлi павiнны быць гаспадары, гэтага не трэба баяцца.

Агратурызм — з’ява ў большасцi сезонная («пiк» адпачынкаў — лета). Гэта адна з частак сельскагаспадарчага бiзнэсу. Так лiчаць хажоўскiя фермеры. Турыстаў трэба прымаць, пакуль рыба расце i няма другiх грашовых паступленняў. Дарэчы, карпам яны гандлююць i ўзiмку. Пабудавалi спецыяльныя жалезныя садкi, куды ў кастрычнiку запускаюць па 1,5—2 тоны рыбы. Так яны знайшлi сваю нiшу на рынку. Справа ў тым, што рыбгасы ў большасцi сваёй да зiмы прадукцыю паспяваюць рэалiзаваць. А попыт на рыбу застаецца. Вось тут у справу i ўступаюць хажоўскiя фермеры. Рашэннем мясцовай гаспадаркi iм ужо выдзелена дадатковая тэрыторыя — 10 гектараў закiнутай пашы. Там Боцiн i Харужык плануюць пры магчымасцi выкапаць сажалку — каб свайго малька разводзiць, а не набываць яго ў рыбгасе.

Ды i для выгану палеткi патрэбныя, паколькi ў «Квеценi» i адкормам бычкоў займаюцца. Летась узялi дваiх — проста паспрабаваць, паколькi i Iгар, i Сяргей людзi гарадскiя, за свойскай жывёлай нiколi не даглядалi. Першы вопыт аказаўся даволi паспяховым. Сёлета ў гаспадарцы ўжо 30 бычкоў, а налета плануюць статак яшчэ павялiчыць.

Iгару зараз 39 гадоў, а Сяргею — 40. Так што планаў хапае i сiлы для iх рэалiзацыi ёсць. «Калi ехалi на выставу «Аграбалт», то, калi лiтоўскiя мытнiкi даведалiся аб мэце нашага вiзiту, то кажуць: «А, «сельскагаспадарнiкi», — з усмешкай успамiнае Боцiн. — А мы не пакрыўдзiлiся, бо ганарымся, што такой справай займаемся».

— Людзi баяцца ехаць на вёску i жыць, умоўна кажучы, у вагончыку, — заўважае Харужык. — Аднак сельская гаспадарка — гэта выгадна. Гэта базавая галiна эканомiкi, адсюль усё пачынаецца...

Мiкалай ЛIТВIНАЎ.

Маладзечанскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хажоўскiя фермеры разводзяць карпаў, адкормлiваюць бычкоў i плануюць заняцца агратурызмам
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика