Скандал па-iтальянску
Ларыса ЦIМОШЫК
Беларусь прыпынiла выезд дзяцей на аздараўленне ў Iталiю. Гэтае рашэнне было прынята пасля таго, як на радзiму не вярнулася 10-гадовая Вiка Мароз.
8 верасня яе чакалi ў аэрапорце, дзе яна павiнна была далучыцца да групы iншых дзяцей. Але калi стала зразумела, што дзяўчынкi не будзе, яе аб’явiлi ў вышук. Разгарнуўся сапраўдны мiжнародны скандал. Беларуская дзяўчынка гасцявала ў iтальянскай сям’i сёмы раз за апошнiя тры гады i заўсёды вярталася пасля адпачынку. Але на гэты раз Марыя Барначын i Алясандра Джуста звярнулiся ў суд Генуi з просьбай падоўжыць знаходжанне дзяўчынкi ў Iталii, матывуючы гэта неабходнасцю яе лячэння. Дзяўчынка-сiрата выхоўвалася ў Вiлейскай школе-iнтэрнаце з цяжкiмi парушэннямi маўлення, але iтальянская сям’я, якая яе прыняла, занепакоiлася тым, што Вiка ў iнтэрнаце пакутуе не толькi маральна, калi да яе не прыходзiць мама, як да iншых. Нiбыта яна церпiць там фiзiчна. Але суд горада Генуi пастанавiў вярнуць дзяўчынку на радзiму. Марыя Барначын, сама адвакат, вырашыла, што можна паступiць iнакш — дзеля таго, каб «уратаваць» дзяўчынку, якой у Iталii, у сям’i, вiдавочна, вельмi падабалася. Напэўна, не толькi Вiка да iх прывязалася, але i яны таксама. Дзяўчынку не вярнулi. Потым былi перамовы па вяртанню Вiкi. Беларускi бок прадаставiў усе гарантыi таго, што дзяўчынцы нiчога не пагражае, прапанаваў прыехаць сюды i ўпэўнiцца ў гэтым яе iтальянскiм дабрадзеям. Калi трэба лячэнне — будзе любое, рэабiлiтацыя — самая сучасная. Да таго ж ёсць прававыя iнструменты, каб узаконiць свае адносiны з дзяўчынкай. Напэўна, пра гэта гаварыла людзям намеснiк мiнiстра юстыцыi Iталii Данiэла Мелькiорэ. Але яны адстойвалi толькi сваю пазiцыю i вырашылi трымацца разам з Вiкай у Iталii да канца. Беларускi бок назваў усё, што адбылося, «крадзяжом дзiцяцi». Вiка — грамадзянка Беларусi. Яна сiрата, знаходзiцца на забеспячэннi дзяржавы. I толькi Беларуская дзяржава можа кiраваць яе лёсам, вырашаючы, што для дзяўчынкi лепш. Акрамя таго, Беларусь так i не атрымала пацвярджэння, што з дзяўчынкай усё ў парадку. У сувязi з незаконным утрыманнем беларускай дзяўчынкi iтальянскай сям’ёй, мiнiстэрствам замежных спраў Беларусi была ўручана нота пратэста паслу Iталii ў Мiнску Гульерма Ардiццонэ. Гэты мiжнародны скандал даў падставу i для эмоцый як у Iталii, так i ў Беларусi. У Iталii жыхары горада Кагалета, у якiм гасцявала баларуска, выходзяць на дэманстрацыi, каб падтрымаць дзяўчынку i яе iтальянскую сям’ю, якая вырашыла па-свойму паклапацiцца пра шчасце Вiкi Мароз. А ў Вiлейцы ў iнтэрнаце пачаўся вучэбны год, Вiка павiнна працягваць сваю адукацыю i спецыяльнае лячэнне. Цяпер ёй, вiдаць, зусiм не да гэтага... Штогод каля 60 тысяч беларускiх дзяцей выязджаюць на аздараўленне за мяжу. 25 тысяч з iх едуць у Iталiю. Акрамя таго, Iталiя — краiна, якая мае з Беларуссю мiждзяржаўныя пагадненнi аб усынаўленнi. Беларусь упарадкавала працэдуру ўсынаўлення замежнымi грамадзянамi. Па афiцыйных даных, у 2004 годзе замежнiкамi было ўсыноўлена 596 беларускiх дзяцей, у той час як беларускiя сем’i ўзялi толькi 365. Апошняе замежнае ўсынаўленне 2004 года адбылося 6 лiстапада пасля асабiстага хадайнiцтва губернатара Калiфорнii Арнольда Шварцэнегера. У наступным, 2005-м, годзе замежнiкi ўсынавiлi толькi двух беларускiх дзяцей, а беларускiя сем’i прынялi 368 сiрот. Са студзеня 2005 года ў нашай краiне дзейнiчае новая працэдура замежнага ўсынаўлення. Як i раней, рашэнне аб усынаўленнi прымае толькi беларускi суд. Аднак сама дарога да яго для замежнiкаў стала даўжэйшай. Яны павiнны прадаставiць дакументаў у некалькi разоў больш, чым грамадзяне Беларусi. Да мiнiстра адукацыi дакументы трапляюць толькi пасля таго, як атрыманы дазвол у чатырох iнстанцыях — у дзяржаўнага апекуна (дырэктара дзіцячага дома), раённага аддзела адукацыi, абласнога аддзела адукацыi i Мiжведамаснага Савета па мiжнароднаму ўсынаўленню Беларусi, якi быў створаны ў студзенi 2005 года. Кожнае дзiця, якое трапляе да замежнiкаў, павiнна быць зарэгiстравана ў беларускiм банку даных не менш за год i атрымаць ад 5 да 10 адмоў нашых суайчыннiкаў. Беларусы ў асноўным хочуць усынаўляць здаровых дзяцей да трох гадоў. У той час толькі 7 працэнтаў дзяцей, якiх усынавiлi грамадзяне iншых краiн, былi здаровыя. Добра тое, што лепш для дзiцяцi. Калi дзiця знаходзiць новую сям’ю — гэта добра. Напэўна, так было б добра i для Вiкi, якая стала закладнiцай дзiўнай гульнi. Яна, напэўна, яшчэ не разумее, што такая гульня можа быць вельмi небяспечнай i для яе самой, i для тых людзей, якiя пра яе так клапоцяцца. Таму што ў любой, нават дзiцячай гульнi, ёсць свае правiлы, а ў дарослай яны заўсёды больш жорсткiя. Калi iмi грэбаваць, можа пацярпець хтосьцi iншы. 37 iтальянскiх сем’яў сёння чакаюць рашэння беларускага суда аб усынаўленнi. Напэўна, яны чакаюць дзяцей, якiя вартыя шчаслiвага дзяцiнства. Яно цяпер залежыць ад таго, як усё-такi вырашыцца гiсторыя дзяўчынкi Вiкi.
— Ад мяне толькi што пайшоў дырэктар Вiлейскай школы-iнтэрната Мiкалай Валчкоў з пакетам дакументаў, неабходных для запуску працэдуры па вяртанню дзiцяцi, прадугледжанай «Канвенцыяй аб грамадзянскiх аспектах між-народнага выкрадання дзяцей». Яе Рэспублiка Беларусь ратыфiкавала ў 1998 годзе. Мы атрымалi неабходную кансультацыю ў Мiнiстэрстве юстыцыi, нас заверылi, што гэты прававы механiзм працуе. Канвенцыя мае на ўвазе, што мы павiнны падаць у мiнiстэрства юстыцыi Iталii пэўныя дакументы: пасведчанне аб нараджэннi дзяўчынкi, iнфармацыю аб бiялагiчных бацьках, аб апекуне — у даным выпадку гэта дырэктар школы-iнтэрната, i яго паўнамоцтвах... Усе гэтыя дакументы мы пераклалi на iтальянскую мову. — Раскажыце пра вынiкi праверкi наконт «здзекаў над дзяўчынкай» у школе-iнтэрнаце. — Праверку праводзiла група спецыялiстаў, якiя маюць мiжнародныя сертыфiкаты адпаведнасцi — дыпламаваныя спецыялiсты. Нацыянальны цэнтр усынаўлення ўдзельнiчаў у гэтай праверцы — выязджала намеснiк дырэктара Вольга Дзмiтрыева, юрыст з вялiкiм вопытам работы, якая ведае рэгламент знаходжання дзяцей у iнтэрнаце. Пры праверцы выкарыстоўвалiся розныя мiжнародныя стандартныя методыкi для выяўлення дэфармацыi мiкраклiмату. Гэта вядомыя ва ўсiм свеце методыкi: анкетаванне дзяцей, iнтэрв’юiраванне, выкарыстоўвалiся малюначныя тэсты... Асабiста я ведаю гэтую школу 20 апошнiх гадоў i столькi ж ведаю яе дырэктара. Гэта прыстойны педагагiчны калектыў, адказныя шчырыя людзi. Да таго ж гэта школа — «бацькоўская», там не толькi дзецi-сiроты. Гэта школа — спецыяльная. Не ў кожнай краiне свету дзяржава можа сабе дазволiць утрымлiваць такую ўнiкальную ўстанову. Дзiця, якое мае цяжкiя маўленчыя парушэннi, атрымлiвае там карэкцыйную падтрымку на працягу 24 гадзiн у суткi. Такiх школ у нас у рэспублiцы ўсяго тры, яны цалкам укамплектаваныя, маюць ўсе магчымасцi. Дзецi, з якiмi гутарылі правяраючыя, не пацвердзiлi нiчога з таго адмоўнага, на што скардзiлася Вiка. Разам з тым на Вiку нiхто не трымае крыўды, i я, i педагогi школы разумеюць, што калi дзiця жадае застацца ў сям’i, яно можа выкарыстоўваць любыя сродкi. — Скажыце, наколькi скандал вакол Вiкi паўплываў на працэдуру ўсынаўлення iтальянцамi беларускiх дзяцей? — Учора адбыўся суд, якi дазволiў усынавiць iтальянскай сям’i беларускае дзiця. Тыя людзi, якiя выконваюць патрабаваннi беларускага заканадаўства, маюць такую магчымасць. А вось паводзiны сям’i Джуста-Барначын мне зусiм незразумелыя. Як адвакат магла такое зрабiць? Па-першае, не яны адны аздараўлялi беларускiх дзяцей. Па-другое, яны нiколi не звярталiся ў Нацыянальны цэнтр усынаўлення Беларусi аб удачарэннi Вiкi. Уявiце гэтую сiтуацыю з дакладнасцю да наадварот. Беларускiя грамадзяне, якiя жадаюць усынавiць дзiця (у нас ёсць гасцявая форма знаходжання малога ў сям’i), раптам, нiчога не гаворачы, не вяртаюць дзiця ў iнтэрнат цi дзiцячы дом. Скажыце, якi суд iм пасля гэтага дазволiць усынавiць? Вось таму i падымаецца пытанне аб наяўнасцi свядомасцi ў мужа i жонкi Джуста-Барначын. Эмоцыi эмоцыямi, але закон трэба выконваць усiм. Зразумейце яшчэ адну рэч. Каб у Iталii атрымаць Дэкрэт прыгоднасцi да ўсынаўлення, людзi збiраюць дакументы два гады. Не для беларускага ўсынаўлення, а для Суда па справах непаўналетнiх у Iталii. Чаму так доўга? Таму што сiстэма юстыцыi гэтай краiны павiнна быць дакладна ўпэўненая ў годнасцi i прыстойнасцi кандыдатаў на ўсынаўленне. Якiя цяпер шанцы ў Джута-Барначын? — Што вы можаце сказаць пра перажываннi самой Вiкi ва ўсёй гэтай сiтуацыi? — Наш педыятр аглядаў дзяўчынку 25 жнiўня. Яна была цалкам здаровая i ў добрым настроi. Безумоўна, пазбегнуць псiхалагiчнай траўмы ў гэтай сiтуацыi немагчыма. Мы распрацавалi праграму рэабiлiтацыi Вiкi i прадставiлi iтальянскаму боку. Гэтая праграма прадугледжвае ўдзел сям’i Джуста-Барначын i iтальянскiх спецыялiстаў у падтрымцы дзяўчынкi. Каментарый вядучага спецыялiста Упраўлення прававога забеспячэння знешнiх сувязяў Мiнiстэрства юстыцыi РБ Яраслава БУДНIКА: — Учора да нас, як да цэнтральнага органа па рэалiзацыi Канвенцыi аб грамадзянскiх аспектах мiжнароднага выкрадання дзяцей звярнуўся з заявай i пакетам дакументаў апякун дзяўчынкi дырэктар Вiлейскай спецыяльнай агульна-адукацыйнай школы-iнтэрната для дзяцей з парушэннямi маўлення Мiкалай Валчкоў. Мы прынялi гэтую заяву i складаем пiсьмо-зварот у цэнтральны орган па рэалiзацыi Канвенцыi ў Iтальянскай рэспублiцы — у мiнiстэрства юстыцыi гэтай краiны. У звароце мы просiм садзейнiчання хутчэйшага вяртання дзiцяцi, якое незаконна ўтрымлiваюць. У першую чаргу мы спадзяёмся на садзейнiчанне добраахвотнага вяртання дзяўчынкi iтальянскай сям’ёй. Разам з тым Канвенцыя прадугледжвае любыя меры па вяртанню дзiцяцi. Таксама яна прадугледжвае захаванне права на зносiны з iм сям’i, якая дзiця ўтрымлiвае. Гэты мiжнародны дакумент iмкнецца максiмальна захаваць iнтарэсы ўсiх бакоў канфлiкту, у першую чаргу — iнтарэсы дзiцяцi. — Цi азначае гэта, што людзi, якiя парушылi закон, могуць спадзявацца, усё ж такi дзiця ўсынавiць ? — Такое пытанне пакуль не стаiць на павестцы дня. Задача сёння — Вiку вярнуць. Толькi пасля гэтага будуць весцiся перагаворы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь прыпынiла выезд дзяцей на аздараўленне ў Iталiю. Гэтае рашэнне было прынята пасля таго, як на радзiму не вярнулася 10-гадовая Вiка Мароз
|
|