«Нялiшнiя» рукi. Для сельсавета
Сяргей ГРЫБ
МЯСЦОВЫ ЧАС Вёску Радамля, што знаходзiцца за два з паловай дзесяткi кiламетраў на поўнач ад Чавусаў, можна лiчыць адметнай адразу па некалькiх прычынах. I нават не з-за даволi вялiкай (больш за 330 чалавек) колькасцi жыхароў. Дастаткова сказаць, што, паводле паданняў, менавiта Радамля стала своеасаблiвай «сталiцай» старажытнага племенi радзiмiчаў.Аднак як бы там нi было на справе, цяперашняя вёска вылучалася не толькi гэтым. На працягу некалькiх стагоддзяў яна па чарзе з’яўлялася цэнтрам староства, мястэчкам, цэнтрам воласцi, пасёлкам. Змены статуса працягваюцца i па сёння. Так, напрыканцы 2003 года было прынята рашэнне аб пераводзе ў Радамлю цэнтра Жалiўскага сельсавета. А менш чым праз месяц яна стане аграгарадком. Сёння тут заканчваюцца апошнiя прыгатаваннi. Пры гэтым значную частку работ тут удалося выканаць шмат у чым дзякуючы... службе занятасцi насельнiцтва. Рамонт вузлоў паштовай i электрычнай сувязi, фiлiяла банка, ФАПа, школы, аднаўленне «бытоўкi», пачатак асфальтавання пад’язной дарогi i стварэння пункта сацыяльнага абслугоўвання — вось некаторыя вынiкi гэтага года. Зразумела, што ў асноўным работы фiнансавалiся з бюджэту. Але не толькi. Сёлета да добраўпарадкавання будучага аграгарадка ў Радамлi мелi дачыненне 15 беспрацоўных. Прычым на гэтыя мэты са сродкаў фонду садзейнiчання занятасцi насельнiцтва было выдаткавана 30 мiльёнаў рублёў. — Атрымаць магчымасць карыстацца паслугамi беспрацоўных не так i проста, трэба быць загадзя гатовым да вялiкай колькасцi так званых «папяровых спраў», — кажа старшыня Жалiўскага сельскага Савета Мiхаiл Шаршнёў. — Тым не менш, паколькi ў сельсавеце няма сваёй «штатнай» брыгады рабочых, для нас гэта цi не адзiнае выйсце. Прынамсi, толькi сёлета людзi, што былi накiраваныя службай занятасцi ў рамках грамадскiх работ, займалiся ачысткай Радамлi ад хмызняку i старых аварыйных дрэў, добраўпарадкаваннем могiлак, а таксама ўстаноўкай i фарбаваннем 1,5 тыс. метраў новай драўлянай агароджы. I, да слова, нiякiх прэтэнзiй да якасцi асабiста ў мяне тут няма. Кадравы дэфiцыт — праблема актуальная для большасцi сельскагаспадарчых рэгiёнаў. I гаворка не проста аб сельсаветах. З пачатку года мясцовы цэнтр занятасцi насельнiцтва заключыў дагаворы на правядзенне грамадскiх работ з 24 арганiзацыямi i ўстановамi раёна. Беспрацоўныя (а таксама пенсiянеры, школьнiкi, студэнты) дапамагалi ў пагрузцы збожжа, перапрацоўцы бульбы, ачыстцы жывёлагадоўчых фермаў, доглядзе жывёлы, уборцы лёну, добраўпарадкаваннi. У падобных выпадках служба занятасцi можа ўзяць на сябе ўсе транспартныя выдаткi на дастаўку да месца работы i назад. А калi неабходна — нават выдаткi па часоваму пражыванню. Аднак прыцягнуць «дадатковую» працоўную сiлу магчыма i па больш выгаднаму варыянту. Калi грамадскiя работы прызнаюцца сацыяльна значнымi, тая ж служба занятасцi можа кампенсаваць таксама выплату заробкаў, набыццё пэўных матэрыялаў, спецадзення, iнвентару i iнструменту, аплату медыцынскiх аглядаў. Праўда, па-першае, у дадзеным выпадку трэба мець на ўвазе, што падобная падтрымка прадугледжваецца толькi для наймальнiкаў, якiя не вядуць камерцыйную дзейнасць — да прыкладу, маюцца на ўвазе ўстановы адукацыi, аховы здароўя, культуры, сацыяльнага абслугоўвання цi сельскiя Саветы. Другая абавязковая ўмова — удзел у сацыяльна значных работах прымаюць выключна афiцыйна зарэгiстраваныя беспрацоўныя. I плюс да таго — канкрэтныя вiды i аб’ёмы такiх работ павiнны прайсцi зацвярджэнне райвыканкама. — Мы падаём i абгрунтоўваем заяўкi на правядзенне сацыяльна значных работ вось ужо некалькi гадоў запар, — адзначае Мiхаiл Шаршнёў. — Пры гэтым па сутнасцi ўсе прапановы атрымалi падтрымку — у горшым выпадку крыху пераносiлiся толькi тэрмiны выдзялення сродкаў з фонду садзейнiчання занятасцi. Такiм чынам, на тэрыторыi сельсавета ўдалося вырашыць некалькi няпростых пытанняў, да прыкладу, з агароджваннем могiлак, а таксама з будаўнiцтвам мастоў i пешаходных пераходаў цераз раку Радучанка ў вёсках Барышаўка, Скварск, Чыжы, Сялец, Калясянка. Мiж тым, iснуюць свае правiлы i непасрэдна для ўдзельнiкаў грамадскiх работ. Заканадаўства вызначае, што кожны, хто стаў на ўлiк у службе занятасцi, павiнен адпрацаваць пэўную норму. Да прыкладу, у лiпенi—вераснi ў Чавускiм раёне яна складае 10 дзён у месяц. Невыкананне гэтага патрабавання можа прывесцi да часовага пазбаўлення права на дапамогу па беспрацоўю. Дзеля справядлiвасцi варта ўсё ж заўважыць, што тут ёсць пэўныя выключэннi — адпрацоўкi, у прыватнасцi, не датычацца адзiнокiх i шматдзетных сем’яў, моладзi ва ўзросце да 18 гадоў, iнвалiдаў, грамадзян, што перасялiлiся з «чарнобыльскай» зоны, асоб перадпенсiйнага ўзросту, жанчын, якiя маюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. Апроч таго, права на дапамогу па беспрацоўю будзе захавана за грамадзянамi, што маюць медыцынскiя процiпаказаннi або хварэлi цi праходзiлi вайсковыя зборы. Хоць грамадскiя работы — справа не толькi дапамогi. Асаблiва калi ўлiчыць, што зараз яе сярэднi памер па раёну не такi вялiкi — ён складае прыкладна 33,4 тыс. рублёў у месяц. Больш важна, што грамадскiя работы даюць магчымасць атрымаць агульны i бесперапынны працоўны стаж. Аднак цi не галоўнае — магчымасць зарабiць нiколi не лiшнiя грошы. — Мы прапануем паўдзельнiчаць у грамадскiх работах усiм жадаючым, але ў першую чаргу — самiм жыхарам Радамлi, якiя былi звольнены па скарачэнню штатаў, не здолелi нiкуды паступiць пасля заканчэння школы або вярнулiся з армii, — зазначае Мiхаiл Шаршнёў. — У вынiку тая ж моладзь можа атрымаць свае першыя працоўныя навыкi. I да таго ж, у яе з’яўляецца шанц мець часовы «дадатковы» даход у час пошуку пастаяннага месца. Чавускi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёску Радамля, што знаходзiцца за два з паловай дзесяткi кiламетраў на поўнач ад Чавусаў, можна лiчыць адметнай адразу па некалькiх прычынах
|
|