21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аляксандр РАДЗЬКОЎ: «Аксiёма педагагiчнай працы — не толькi вучыць, але i вучыцца...»

25.08.2009 22:04 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

1 кастрычнiка прафесiйнае свята педагогаў — Дзень настаўнiка

Прайшло ўжо некалькi тыдняў, як сотнi тысяч беларускiх школьнiкаў зноў селi за школьныя парты. Праўда, з кожным навучальным годам школ у Беларусi застаецца менш. Сёлета мы страцiлi яшчэ 42 пачатковыя, 60 базавых i 5 сярэднiх школ... Закрыццё ў вёсках малакамплектных школ праходзiць надзвычай хваравiта, прычым як для самiх дзяцей, так i для школьных педагогаў. Адзiн з галоўных аргументаў на карысць закрыцця малакамплектных школ — павышэнне даступнасцi для сельскiх школьнiкаў якаснай адукацыi, але хто адсочвае вынiкi гэтага маштабнага працэсу? I цi заўсёды на новым месцы вучобы адбываецца, так бы мовiць, «якасны прарыў»? З гэтымi пытаннямi мы звярнулiся да мiнiстра адукацыi нашай краiны Аляксандра РАДЗЬКОВА...




— Ведаеце, пра «якасны прарыў» гаварыць тут не даводзiцца, бо закрыццё малакамплектных школ — справа вымушаная i тлумачыцца той дэмаграфiчнай сiтуацыяй, у якую мы патрапiлi. Праўда, апошнiя статыстычныя даныя даюць падставы меркаваць, што гэты працэс павiнен нарэшце спынiцца. Ужо сёння мы маем лiчбы, якiя сведчаць пра павелiчэнне нараджальнасцi i яе перавагу над смяротнасцю. Праблема, якую вы закранулi, вырашаецца комплексна. У першую чаргу мы iмкнёмся да захавання той якасцi адукацыi, якую можна атрымаць у добра абсталяванай, сучаснай i мабiльнай школе. Пагадзiцеся, гэтага цяжка дамагчыся, калi ў адным класе сабраны вучнi розных класаў: нестае належнай увагi i настаўнiка, i аднакласнiкаў, бо настаўнiк, так бы мовiць, працуе на два фронты, ды i вучням не хапае часу выказацца, памеркаваць, пагадзiцца з думкай свайго аднакласнiка або аспрэчыць яе. Працэс рэструктурызацыi адукацыйных устаноў не iдзе сам па сабе, i па той прычыне, што заўсёды вымагае прадуманых, узважаных рашэнняў, ён праходзiць пад неаслабнай увагай i кантролем з боку органаў кiравання адукацыяй. Нават калi прымаецца такое рашэнне, то яно павiнна грунтавацца на вельмi значных, неабвержных падставах, якiя сведчаць пра немагчымасць далейшага iснавання малакамплектнай школы. Тут уступаюць у сiлу i эканамiчныя, i сацыяльныя прычыны. Паўтаруся, гэта вырашаецца ўзважана i выверана, з разуменнем таго, што школа, асаблiва сельская, — гэта адукацыйны i культурны цэнтр жыцця вяскоўцаў.

— А якiя захады прадпрымае Мiнiстэрства адукацыi ў рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння i развiцця вёскi?

— Па-першае, для атрымання якаснай адукацыi вялiкае значэнне мае «якасны старт», таму яшчэ на этапе паступлення ў школу мы iмкнёмся стварыць аднолькавыя стартавыя ўмовы як для маленькiх гараджан, так i для дзяцей дашкольнага ўзросту, якiя пражываюць у сельскай мясцовасцi. На сёння дашкольнай адукацыяй ахоплены ўжо 80,6 працэнта беларускiх дзяцей. Аднак калi ў горадзе дашкольныя ўстановы наведваюць 91,5 працэнта дзяцей, то на вёсцы — толькi крыху больш за палову. На агульным фоне лепш за iншыя рэгiёны выглядае Мiнская вобласць, дзе дашкольнай адукацыяй ахоплена 74 працэнты вясковых дзяцей. Да 2010 года мы ставiм задачу павялiчыць гэтую лiчбу да 85 працэнтаў. Для гэтага мы не проста захоўваем у сельскай мясцовасцi сетку дашкольных устаноў, але i ўкараняем там новыя формы дашкольнай адукацыi: сямейныя дзiцячыя садкi, сезонныя i гульнявыя пляцоўкi, групы кароткачасовага наведвання. Працягвае пашырацца i сетка вучэбна-педагагiчных комплексаў «Дзiцячы сад-школа». У гэтым навучальным годзе ў 249 аграгарадках будуць дзейнiчаць 164 дашкольныя ўстановы i 71 дзiцячы садок-школа.

Па-другое, сёння робiцца стаўка на далейшае пашырэнне ў сельскай мясцовасцi сеткi навучальных устаноў новага тыпу. Летась iх было адкрыта 30, у гэтым навучальным годзе — яшчэ 8, у тым лiку 3 гiмназii, 3 лiцэi i 2 прафесiйныя лiцэi. А ўсяго да 2010 года плануецца адкрыць 46 гiмназiй, 10 лiцэяў i 31 прафесiйны лiцэй. Для вывучэння сучаснай тэхнiкi i тэхналогii сельскагаспадарчай вытворчасцi ў кожным рэгiёне запланавана стварэнне спецыялiзаваных устаноў вытворчага навучання. Для падвозу дзяцей да месца вучобы толькi за апошнiя два гады было закуплена 248 аўтобусаў, а ўсяго, пачынаючы з 2001 года, закуплена ўжо 639 аўтобусаў.

Па-трэцяе, у межах галiновай праграмы адраджэння i развiцця вёскi ў гэтым годзе ўводзiцца 11 аб’ектаў адукацыi, у тым лiку 8 сярэднiх школ на 1052 вучнёўскiя месцы, 2 дзiцячыя садкi i прыбудова спартзалы з медыцынскiм блокам да Панемуньскага дзiцячага дома ў Гродзенскай вобласцi.

Узгаданая вамi праграма выконваецца, i трэба адзначыць, што ў ёй закладзена шмат мерапрыемстваў для паляпшэння якасцi адукацыi ў вёсцы.

— У Законе «Аб агульнай сярэдняй адукацыi» ўводзяцца абмежаваннi па напаўняльнасцi школьных класаў: да 20 вучняў у пачатковай i да 25 вучняў — у базавай школе. Хацелася б даведацца: як гэтыя нормы будуць укараняцца ў жыццё i цi будуць фармiравацца новыя класы? Якiя яшчэ прынцыповыя змены ўтрымлiвае закон, якiм будзе кiравацца ў сваёй дзейнасцi беларуская школа?

— Не стану ўтойваць, што мы вельмi чакалi прыняцця Закона «Аб агульнай сярэдняй адукацыi», якi пазней стане неад’емнай часткай Кодэкса аб адукацыi, праца над якiм яшчэ працягваецца. Па-першае, закон вызначае дзяржаўную палiтыку i задачы ў сферы агульнай сярэдняй адукацыi, замацоўвае яе структуру, сiстэматызуе тыпы агульнаадукацыйных устаноў i адлюстроўвае асаблiвасцi iх дзейнасцi. Па-другое, у гэтым дакуменце замацаваны ўзроўнi вывучэння агульнаадукацыйных прадметаў i ўвядзенне профiльнага навучання. Вызначаны таксама формы атрымання агульнай сярэдняй адукацыi i парадак атэстацыi вучняў. Вельмi важна, што ў законе раскрываюцца новыя напрамкi ў арганiзацыi i змесце адукацыi, якiя павiнны забяспечыць развiццё асобы кожнага вучня i стаць гарантам канкурэнтаздольнасцi маладых людзей на рынку працы. Мы з вамi жывём у ХХI стагоддзi, якое прад’яўляе вельмi жорсткiя патрабаваннi да маладых людзей. Iнфармацыйныя нагрузкi пастаянна павялiчваюцца, таму важную ролю адыгрывае здольнасць школьнiкаў прымяняць атрыманыя веды ва ўмовах асяроддзя, якое пастаянна змяняецца. Невыпадкова пры рабоце над праектам закона ўлiчвалiся сусветныя тэндэнцыi ў развiццi сярэдняй адукацыi.

Па-трэцяе, закон вызначае прыярытэты ў выхаваннi вучняў. У аснову выхавання асобы школьнiка пакладзена фармiраванне духоўна сталай, творчай асобы на аснове нацыянальных i агульначалавечых каштоўнасцяў. Прычым выхаваўчую работу будуць праводзiць не толькi класныя кiраўнiкi, але i ўсе педагогi.

Закон «Аб агульнай сярэдняй адукацыi» рэгулюе таксама нормы фiнансавага i матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння агульнаадукацыйных устаноў. Акрамя дзяржаўнага фiнансавання прадугледжваецца выкарыстанне добраахвотных ахвяраванняў ад юрыдычных i фiзiчных асоб, а таксама прыцягненне даходаў ад аказання дадатковых паслуг, якiя не могуць выкарыстоўвацца ўзамен цi ў рамках адукацыйнай дзейнасцi за кошт бюджэту. Хачу падкрэслiць, што катэгарычна забараняецца ўстанаўлiваць для агульнаадукацыйных устаноў планы па аказанню платных паслуг. Акрамя таго, як вы правiльна заўважылi, законам уводзiцца панiжаная напаўняльнасць класаў. Мы спадзяёмся, што знiжэнне напаўняльнасцi класаў прывядзе да павышэння якасцi ведаў вучняў i адначасова прыпынiць i паверне назад працэс скарачэння са школ настаўнiкаў. Аднак паколькi закон ўступае ў сiлу толькi праз шэсць месяцаў пасля яго афiцыйнага апублiкавання, то i новыя нормы пачнуць паступова ўкараняцца ў жыццё з наступнага 2007/2008 навучальнага года.

— Аляксандр Мiхайлавiч, доўгi час галоўным аб’ектам крытыкi ў рэфармуемай школе заставалiся школьныя падручнiкi. Цi змянiлася штосьцi за апошнi час?

— Сёння мы выкарыстоўваем у навучальным працэсе абноўленыя праграмы i падручнiкi, да працы над якiмi прыцягвалiся не толькi вучоныя i метадысты, але i настаўнiкi-практыкi. Чаму так атрымалася, што навучэнцы аказалiся перагружанымi? Ды таму, што каласальна ўзрос аб’ём iнфармацыi. Значыць, i падручнiк павiнен улiчваць гэтыя абставiны. Аднак як бы мы нi старалiся, але сёння падручнiку цяжка паспець за жыццём i асвятлiць усе бакi адукацыйнага працэсу. Наша задача — не проста ўзброiць ведамi школьнкаў, але i сфармiраваць у iх уменне вучыцца самастойна, самастойна шукаць i знаходзiць патрэбную iм iнфармацыю. Асаблiвасцю новага пакалення вучэбнай лiтаратуры для 12-гадовай школы з’яўляецца тое, што яна выдаецца вучэбна-метадычнымi комплексамi. У поўным аб’ёме забяспечаны вучэбна-метадычнымi комплексамi ўжо ўсе прадметы вучэбнага плана для першых i другiх класаў. Створаны такiя комплексы для 5—9-х класаў базавай школы па беларускай i рускай мове i лiтаратуры, геаграфii, матэматыцы, фiзiцы, прыродазнаўству, хiмii, гiсторыi, а таксама для паглыбленага вывучэння матэматыкi, англiйскай мовы. Акрамя таго, вядзецца праца над стварэннем электронных версiй падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў — першай ластаўкай можна лiчыць вучэбны дапаможнiк на электронных носьбiтах, прызначаны для вывучэння на павышаным узроўнi iнфарматыкi ў 9-м класе, а таксама электронны дапаможнiк для настаўнiкаў iнфарматыкi для 6-га класа.

Хачу заўважыць, што ўсе вучэбныя планы, праграмы, вучэбна-метадычныя комплексы, новыя тэхналогii навучання i выхавання для 12-гадовай школы да ўкаранення iх у масавую практыку праходзяць апрабацыю на базе эксперыментальных школ, а таксама шматбаковую навукова-педагагiчную экспертызу, у тым лiку i псiхалагiчную. Праца над удасканаленнем падручнiкаў вядзецца пастаянна. I ўсе лiсты з прапановамi i заўвагамi да выдадзеных кнiг заўсёды вельмi ўважлiва вывучаюцца.

— Ёсць яшчэ адна праблема, на якую пастаянна звяртаюць увагу бацькi — гэта хранiчная стомленасць дзяцей i пагаршэнне iх здароўя. Што, на вашу думку, у гэтым выпадку залежыць непасрэдна ад школы? Цi дасягнуў сваёй галоўнай мэты пераход школы на пяцiдзённы вучэбны тыдзень?

— За некалькi апошнiх гадоў у нас назапасiўся ўжо даволi вялiкi вопыт па арганiзацыi суботнiх дзён, якiя ва ўстановах адукацыi сталi фактычна днямi развiцця дзiцяцi. Упор робiцца на выяўленне творчых здольнасцяў у навучэнцаў, умацаванне iх фiзiчнага i псiхiчнага здароўя, фармiраванне ў дзяцей устойлiвай цiкаўнасцi да пазнавальнай дзейнасцi. З пераходам на пяцiдзённы вучэбны тыдзень у школьнiкаў з’явiлася больш вольнага часу. Мы заўважылi, што вялiкай папулярнасцю карыстаюцца спартыўныя, фiзкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, турыстычныя паходы, экскурсii, велапрабегi, краязнаўчая i эколага-натуралiстычная праца. Суботнi дзень стаў арганiчнай часткай выхаваўчай сiстэмы, але сёння неабходна яшчэ шырэй прыцягваць да яго арганiзацыi бацькоў, больш старанна праводзiць з iмi iнфармацыйна-асветнiцкую працу. Педагогi не павiнны забываць, што задача школы — не вызвалiць сям’ю ад клопату па выхаванню дзяцей, а, наадварот, наблiзiць бацькоў да школьнага жыцця, да iх уласных дзяцей.

— У мiнулым навучальным годзе выпускнiкам упершыню была дадзена магчымасць здаваць экзамен за курс сярэдняй школы па фiзiчнай культуры. Цiкава, цi многiя ёю скарысталiся?

— Нельга сказаць, каб жадаючых было шмат, але гэта цалкам зразумела, бо на такi экзамен былi нацэлены ў першую чаргу тыя маладыя людзi, якiм давялося дэманстраваць добрую фiзiчную форму пры паступленнi ў ВНУ. Да таго ж не варта скiдваць з рахунку i эфект навiзны. Што сабой можа ўяўляць экзамен па фiзiчнай культуры, выпускнiкi ведалi мала. Кагосьцi магла насцярожыць тэарэтычная частка экзамену. Тым не менш здаваць фiзiчную культуру ў якасцi выпускнога экзамену вырашылi па краiне 3103 чалавекi, што складае 3,3 працэнта ад агульнай колькасцi выпускнiкоў. Большасць з iх (68,7 працэнта) пацвердзiлi на экзамене свае вынiкi, а некаторыя (21,2 працэнта) — нават палепшылi. Найбольшую цiкаўнасць да экзамену праявiлi выпускнiкi навучальных устаноў Гомельскай i Брэсцкай абласцей: 707 i 648 чалавек адпаведна. Мяркую, што немалую ролю ў гэтым адыгралi педагогi i кiраўнiкi навучальных устаноў, якiя павiнны былi забяспечыць належныя ўмовы i тэхнiку бяспекi пры правядзеннi экзамену.

— Напрыканцы мiнулага навучальнага года хадзiлi чуткi аб намеры ўвесцi ў беларускiх школах новы вучэбны курс па вывучэнню гiсторыi праваслаўнай царквы. Цi ёсць у гэтых чутак падставы?

— ...Гэта, адназначна, перабольшанне. Хоць бы таму, што артыкул першы закона Рэспублiкi Беларусь «Аб адукацыi» вызначае ў якасцi аднаго з галоўных прынцыпаў свецкi характар адукацыi. Прававую аснову ўзаемаадносiнаў дзяржаўных вучэбна-выхаваўчых устаноў i рэлiгiйных канфесiй вызначаюць таксама адпаведныя артыкулы законаў Рэспублiкi Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў i рэлiгiйных арганiзацыях» i «Аб правах дзiцяцi». Паводле ацэнак экспертаў, беларускае заканадаўства цалкам адпавядае агульнапрынятым стандартам i асноўным палажэнням мiжнародных прававых актаў, якiя рэгламентуюць правы чалавека i дзiцяцi ў сучасным свеце. I Мiнiстэрства адукацыi нi ў якiм разе не мае намеру навязваць дзецям вывучэнне курса па гiсторыi праваслаўнай царквы. Але аддаленыя падставы ў такiх чутак ёсць, праўда, вельмi аддаленыя. Справа ў тым, што Нацыянальным iнстытутам адукацыi былi распрацаваны праграмы заняткаў па iнтарэсах, факультатываў i курсаў па выбару для вучняў 1—12-х класаў агульнаадукацыйных устаноў «Асновы праваслаўнай культуры». Спецыялiсты iнстытута працавалi ў рамках заключанай памiж Мiнiстэрствам адукацыi i Беларускай Праваслаўнай Царквой праграмы супрацоўнiцтва на 2004—2006 гады. «Асновы праваслаўнай культуры» не проста знаёмяць школьнiкаў з гiсторыяй праваслаўя, але i вызначаюць ролю царквы ў фармiраваннi духоўнай культуры беларускага народа. Вялiкi духоўны патэнцыял хрысцiянскiх каштоўнасцяў, на нашу думку, можна было б вельмi эфектыўна выкарыстоўваць у маральна-духоўным выхаваннi падрастаючага пакалення. Тым не менш падкрэслю, што вывучэнне курса будзе праходзiць у пазашкольны час i толькi на добраахвотнай аснове.

— Аляксандр Мiхайлавiч, адзiным сацыяльным стандартам у галiне адукацыi, з выкананнем якога ўзнiкалi пэўныя цяжкасцi, быў стандарт па забяспечанасцi навучэнцаў камп’ютарнай тэхнiкай. Якая камп’ютарная тэхнiка выкарыстоўваецца сёння ў школах? I наколькi шырока прымяняюцца настаўнiкамi сучасныя аўдыёвiзуальныя i электронныя сродкi навучання?

— Зараз на адзiн персанальны камп’ютар у беларускiх школах прыпадае 28 вучняў. А на адно працоўнае месца, абсталяванае сучасным персанальным камп’ютарам, — 31 навучэнец. Абсталяванне базавых школ камп’ютарнай тэхнiкай складае 89 працэнтаў, сярэднiх (уключаючы лiцэi, гiмназii, вучэбныя комплексы — 99 працэнтаў). Аднак сiтуацыя пакуль яшчэ далёкая ад той, да якой мы iмкнёмся. На жаль, у нас яшчэ ёсць каля 60 школ, дзе для правядзення заняткаў па iнфарматыцы вымушаны выкарыстоўваць базу iншых устаноў. Прыкладна 8 працэнтаў кабiнетаў (а гэта каля 300 школ) абсталяваны толькi 1—2 сучаснымi камп’ютарамi. Пераважна такая сiтуацыя назiраецца ў вясковых базавых школах. Недахоп сучаснай камп’ютарнай тэхнiкi ва ўстановах адукацыi, асаблiва там, дзе шмат навучэнцаў, прыводзiць да таго, што пры максiмальнай загрузцы камп’ютарны клас забяспечвае выкладанне толькi вучэбнага прадмета «Iнфарматыка».

Мультымедыйныя праектары маюць толькi 9,2 працэнта ўстаноў (прычым пераважна па аднаму), а ў сельскай мясцовасцi — увогуле толькi 1 працэнт школ. Праграмнымi сродкамi для падтрымкi выкладання агульнаадукацыйных дысцыплiн забяспечаны крыху больш за палову ўстаноў адукацыi.

Ёсць праблемы i з гатоўнасцю настаўнiкаў працаваць з сучаснымi сродкамi навучання. Згодна з праведзеным апытаннем, толькi каля 36 працэнтаў настаўнiкаў-прадметнiкаў (без улiку настаўнiкаў iнфарматыкi i настаўнiкаў пачатковых класаў), якiя працуюць у абсталяваных школах, карыстаюцца цi пацвярджаюць сваю гатоўнасць выкарыстоўваць камп’ютарныя iнфармацыйныя тэхналогii ў вучэбна-выхаваўчым працэсе. Да таго ж i айчыннага праграмнага прадукту, адаптаванага да нашых вучэбных планаў i праграм, у Беларусi практычна няма — i гэта таксама сур’ёзная перашкода. У асобных рэгiёнах практыкуецца матэрыяльнае стымуляванне кiраўнiкоў i педагогаў, якiя ўкараняюць у навучальны працэс iнфармацыйныя тэхналогii. Сёння на парадку дня стаiць пытанне падключэння ўсiх агульнаадукацыйных устаноў да сеткi Iнтэрнэт. На пачатак навучальнага года доступ у сусветную павуцiну мелi 42 працэнты агульнаадукацыйных навучальных устаноў (63 працэнты гарадскiх i 32 працэнты сельскiх). Магчыма, калi-небудзь мы папоўнiм мiнiмальныя сацыяльныя стандарты яшчэ i доступам у Iнтэрнэт з дакладна прапiсаным нарматывам часу.

— А як вы ацэньваеце забяспечанасць школ вучэбна-нагляднымi сродкамi навучання i спартыўным рыштункам?

— У рамках рэалiзацыi Закона «Аб агульнай сярэдняй адукацыi» ў мiнiстэрстве зараз вядзецца праца над праектам Дзяржаўнай праграмы развiцця агульнай сярэдняй адукацыi на 2006—2016 гады. У абавязковым парадку ў праграме знойдзе адлюстраванне пытанне забеспячэння школ вучэбным абсталяваннем i сродкамi навучання. Сёння агульнаадукацыйным установам не хапае тэхнiчных сродкаў навучання, спартыўнага i дэманстрацыйнага абсталявання. Па асобных вiдах узровень яго забяспечанасцi не перавышае 15 працэнтаў. Выдаткi на набыццё вучэбна-наглядных дапаможнiкаў на кожнага вучня складаюць усяго 216 рублёў, а на спартыўнае абсталяванне — 84 рублi. Зразумела, што гэтага зусiм недастаткова... Увогуле на блiжэйшую будучыню нам трэба мець сваю вытворчасць вучэбнага абсталявання i сродкаў навучання, якая б абапiралася на сучасныя высокатэхналагiчныя распрацоўкi.

— У 2006 годзе завяршаецца рэалiзацыя канцэпцыi развiцця педагагiчнай адукацыi, якая зацвярджалася чатыры гады таму. Як вы, Аляксандр Мiхайлавiч, ацэньваеце пераўтварэннi, праведзеныя ў галiне падрыхтоўкi педагагiчных кадраў? Цi адпавядае ўзровень падрыхтоўкi маладых настаўнiкаў патрабаванням сучаснай школы?

— Меркаваць аб падрыхтаванасцi выпускнiкоў педагагiчных ВНУ да працы ў школе толькi па iх адзнаках у дыпломах — не зусiм правiльна. Сапраўдны экзамен — гэта практычная работа. У маi гэтага года мы праводзiлi шырокае, з удзелам некалькiх соцень кiраўнiкоў школ i маладых настаўнiкаў, даследаванне. Адразу зазначу, што ўзровень педагагiчнай падрыхтоўкi маладых спецыялiстаў ацэньваецца вельмi высока, асаблiва гэта датычыцца ведання тэарэтычных асноў педагогiкi, прадметнай падрыхтоўкi i псiхалогii. А вось з прафесiйнымi навыкамi агульная карцiна выглядае менш аптымiстычна. Далёка не кожны выпускнiк гатовы працаваць ва ўмовах профiльнай школы. Выразна прасочваецца неабходнасць узмацнення ўвагi ВНУ да навучання будучых настаўнiкаў новым педагагiчным тэхналогiям, метадам i прыёмам, а таксама методыкам стварэння здароўезберагальнага асяроддзя. Больш увагi трэба надаваць развiццю навыкаў дыферэнцыраванага падыходу да вучняў.

Але педагагiчнай адукацыяй, якую студэнты атрымлiваюць у вышэйшых навучальных установах, не можа абмяжоўвацца падрыхтоўка настаўнiка. Аксiёма педагагiчнай працы — «не толькi вучыць, але i вучыцца». Вялiкую ролю адыгрывае самаадукацыя настаўнiка, праўда, трэць педагогаў не лiчаць гэту форму самай эфектыўнай. Навучанне ўчарашнiх выпускнiкоў у пачатковы перыяд iх працы ў школе ажыццяўляюць метадычныя аб’яднаннi маладых педагогаў, якiя дзейнiчаюць на месцах. Вельмi эфектыўна працуюць таксама школы маладога педагога. А калi маладыя педагогi пачынаюць добра ўсведамляць праблемы сваёй падрыхтоўкi, то iм на дапамогу прыходзiць сiстэма паслядыпломнай адукацыi, якая прапаноўвае самыя разнастайныя формы павышэння квалiфiкацыi — ад традыцыйных лекцый да дзелавых гульняў. Але матывам павышэння квалiфiкацыi педагогаў не можа быць «указ зверху». На першы план тут выходзiць патрэба i iмкненне настаўнiка пастаянна павышаць свой прафесiяналiзм.

— Наша размова адбываецца напярэдаднi прафесiйнага свята настаўнiкаў. З якiмi словамi вы хацелi б звярнуцца да сваiх калег?

— Вiтаючы ўсiх педагогаў Беларусi, хачу выказаць шчырую прыязнасць i ўдзячнасць за iх карпатлiвую i вельмi нялёгкую працу. Са шчырымi пажаданнямi далейшых поспехаў звяртаюся да ўсiх, хто уносiць свой уклад у развiццё беларускай адукацыi: настаўнiкаў i выхавальнiкаў, выкладчыкаў i навуковых работнiкаў, кiраўнiкоў педагагiчных калектываў i супрацоўнiкаў сiстэмы кiравання адукацыяй.

Мы бачым, што ў сучасным свеце месца i роля адукацыi кардынальна памянялiся. Яны ўсё ў большай ступенi становяцца асновай сацыяльнага прагрэсу, развiцця чалавечага патэнцыялу. Ад узроўню адукацыi ў краiне залежыць i якасць жыцця, i эканамiчныя перспектывы.

Прэзiдэнт нашай краiны неаднаразова падкрэслiваў значнасць настаўнiцкай працы i важнасць педагагiчнай дзейнасцi для грамадства. Сучасны педагог — гэта чалавек, якi знаходзiцца ў пастаянным пошуку, iдзе ў нагу з часам, хутка рэагуе на змены ў грамадскiм жыццi i навуковай сферы. Гэтага патрабуе яго прызначэнне — вучыць i выхоўваць, фармiраваць асобу.

Няхай i надалей, дарагiя калегi, вашы справы, учынкi i намеры будуць асветлены мудрасцю i запальваюць сэрцы маладых незгасальным агнём пазнання, клiчуць новыя пакаленнi ў цудоўную краiну ведаў. Моцнага вам здароўя, душэўнай згоды, асабiстага шчасця i сямейнага цяпла!

— Дазвольце да Вашых цёплых i пранiкнёных слоў далучыць i нашы вiншаваннi. I шчырае дзякуй за размову!

Гутарку вяла Надзея НIКАЛАЕВА.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
1 кастрычнiка прафесiйнае свята педагогаў — Дзень настаўнiка
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика